КАРОЛЬ ДРАЗДАБАРОД
У аднаго караля была дачка, якая праславiлася на ўвесь свет сваёй прыгажосцю. I праўда, красуняй яна была вышэй усякай пахвалы, але затое i ганарыстая, як нiхто. Нiкога з жанiхоў не лiчыла яна вартым сваёй рукi. Хто нi сватаўся да яе, усе атрымлiвалi адмову ды яшчэ якое-небудзь злое слоўца цi насмешлiвую мянушку ў дадатак. Стары кароль усё дараваў сваёй адзiнай дачцэ, але пад канец нават яму надакучылi яе капрызы i дзiвацтвы.
Ён загадаў наладзiць пышнае свята i склiкаць з далёкiх краёў i суседнiх гарадоў усiх маладых людзей, якiя яшчэ не згубiлi надзею спадабацца каралеўне i дабiцца яе прыхiльнасцi.
З'ехалася нямала жанiхоў. Iх паставiлi ў рад, аднаго за другiм, па старшынству роду i велiчынi даходу. Спачатку стаялi каралi i наследныя прынцы, потым - герцагi, потым - князi, графы, бароны i, нарэшце, простыя дваране.
Пасля гэтага каралеўну павялi ўздоўж раду, каб яна магла паглядзець на жанiхоў i выбраць сабе мужам таго, хто больш за ўсiх прыйдзецца па сэрцу.
Але i на гэты раз нiхто не прыглянуўся каралеўне.
Адзiн жанiх здаўся ёй надта тоўстым.
- Пiўная бочка! - сказала яна.
Другi - цыбатым i даўганосым, як журавель на балоце.
- Жураўлiныя доўгiя ногi не знойдуць шляхi-дарогi.
Трэцi ростам не ўдаўся.
- Ад зямлi не вiдаць - баюся растаптаць!
Чацвёртага яна знайшла надта бледным.
- Белы як смерць, худы як жардзiна!
Пятага - надта румяным.
- Чырванаскуры, на рака падобны!..
Шостага - недастаткова стройным.
- Свежае дрэва - за печкай сушанае. Было сырое, стала сухое, было прамое, стала крывое!
Словам, усiм хапiла на арэхi.
Але чамусьцi горш за ўсiх дасталася маладому каралю, якi займаў у шэрагу жанiхоў ледзь не самае ганаровае месца.
Вось у iм, здаецца, не было нiчога смешнага. Любой дзяўчыне прыйшоўся б ён па густу, толькi не нашай каралеўне. Яна, бачыце, угледзела, што бародка ў яго вастрэй, чым трэба, i надта выдаецца ўперад. I гэтага было дастаткова, каб пазабаўляцца над iм, як можна.
- Ах! - усклiкнула яна i засмяялася. - Паглядзiце! Паглядзiце! У яго барада, быццам дзюба ў дразда. Кароль Драздабарод! Кароль Драздабарод!
А калi на свеце нямала ахвотнiкаў пасмяяцца над суседам, то слоўца гэта тут жа падхапiлi, i нiхто з той пары не называў iнакш маладога караля, як кароль Драздабарод.
Але ў кожнай забавы ёсць канец.
Калi стары кароль, бацька чароўнай каралеўны, убачыў, што дачка яго зусiм i не думае выбiраць сабе жанiха, а толькi дарэмна забаўляецца людзьмi, якiя з'явiлiся па яго запрашэннi, ён моцна раззлаваўся i пакляўся сваёй галавой i каронай, што выдасць яе за першага жабрака, якi трапiцца, якi пагрукае ў браму.
Прайшло два днi. I вось пад вокнамi палаца затрымцелi струны, i нейкi вандроўны музыка зацягнуў песеньку. Спеў быў варты музыкi, ды i песня была з тых, якiя спяваюцца не дзеля весялосцi, а толькi для таго, каб расчулiць слухачоў i выпрасiць у iх трохi грошай цi кавалак хлеба.
Але кароль прыслухаўся i паслаў па музыку сваiх слуг.
- Упусцiце яго. Няхай зойдзе сюды! - сказаў ён.
Брудны, абарваны жабрак нясмела ўвайшоў у палац i праспяваў перад каралём i каралеўнай усё, што ведаў i помнiў. А потым нiзка пакланiўся i папрасiў мiласцiва ўзнагародзiць яго не столькi за ўмельства, колькi за старанне. Кароль сказаў:
- Якая праца, такая i плата. Мне так спадабалiся твае спевы, браток, што я вырашыў выдаць за цябе родную дачку.
Пачуўшы гэтыя словы, каралеўна ў жаху кiнулася перад бацькам на каленi, але кароль нават не паглядзеў на яе.
- Нiчога не зробiш! - сказаў ён. - Я пакляўся сваёй галавой i каронай, што аддам цябе за першага жабрака, якi трапiцца, i я стрымаю сваю клятву!
Колькi нi плакала каралеўна, колькi нi малiла - усё было дарэмна. Яе тут жа абвянчалi з жабраком- музыкай.
А пасля вянчання кароль сказаў:
- Не бывае такога, каб жонка жабрака жыла ў каралеўскiм палацы. Можаш адпраўляцца са сваiм мужам на ўсе чатыры бакi.
Жабрак музыка, не кажучы нi слова, узяў за руку маладую жонку i вывеў яе за браму. Першы раз у жыццi каралеўна пешкi выйшла з бацькоўскага палаца.
Апусцiўшы галаву, не азiраючыся па баках, iшла яна следам за сваiм мужам па камянiстай пыльнай дарозе.
Доўга iшлi яны так па раўнiнах i ўзвалках, па дарогах, дарожках i сцяжынках. I нарэшце сцяжынка вывела iх у засень густога лесу.
Яны селi адпачыць пад старым дубам, i каралеўна спытала, мiжволi задзiвiўшыся цянiстымi дрэвамi:
- Чый гэта лес на захад i на ўсход?
- Там гаспадар - кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой
То быў бы твой.
Каралеўна задумалася, а потым уздыхнула i прашаптала:
- Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!
Музыка скоса паглядзеў на яе, але нiчога не сказаў. Яны пайшлi далей.
I вось перад iмi - паўнаводная рака, а ўздоўж берага сцелецца свежы, сакавiты луг.
Каралеўна зноў спытала:
- Чый гэта луг над мостам сiнiх вод?
- Там гаспадар - кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой
То быў бы твой.
- Ах, - сказала каралеўна, глытаючы слёзы.
Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!
Музыка нахмурыўся, пакiваў галавой, але i тут нiчога не сказаў ёй. I яны зноў пайшлi далей.
Калi сонца пачало хавацца за пагоркамi, каралеўна i жабрак-музыка падышлi да сцен вялiкага багатага горада. Над залатой цяжкой брамай узвышалася круглая вежа.
Каралеўна спытала:
- Чый гэта горад з вежай ля варот?..
- Там гаспадар кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой
То быў бы твой!
Тут каралеўна не вытрымала. Яна горка заплакала i ўсклiкнула, заломваючы рукi:
- Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!..
Музыка раззлаваўся:
- Слухай, галубка! - сказаў ён. - Не вельмi мне па густу, што ты на кожным слове згадваеш другога i шкадуеш, што не пайшла за яго. А я, што ж, недастаткова добры для цябе?
Каралеўна прыцiхла. Не абмяняўшыся нiводным словам, яны прайшлi праз увесь горад i спынiлiся на самай ускраiне, каля маленькага, уросшага ў зямлю дамка. Сэрца скаланулася ў грудзях каралеўны. Яна паглядзела на дамок, на мужа i сарамлiва спытала:
- Чый гэта дом пад зрэбнаю страхой?
- Ён мой i твой! - адказаў з гордасцю музыка i адчынiў перакошаныя дзверы. - Тут мы з табой будзем жыць. Заходзь!
Ёй давялося нахiлiцца, каб, пераступаючы парог, не ўдарыцца галавой аб нiзкую прыталаку.
- А дзе ж слугi? - спытала каралеўна, пазiраючы пабаках.