Але шмат чаго трэба абдумаць. Перш за ўсё трэба адчапiцца ад карэспандэнткi. Ён павiнен увiнуцца ад яе ў Вене, тут асаблiвых цяжкасцей ён не бачыў: цягнiк прыходзiць не раней дзевяцi гадзiн, а яна, напэўна, да гэтага позняга для яе часу нап'ецца. Ён перасмыкнуўся ад холаду i ад думкi пра далейшыя размовы з гэтай небяспечнай жанчынай, ад яе хрыплага голасу. 'Ну што ж, у яе джала вырвана, - падумаў ён, беручы ў рукi 'Бедэкер' i не ўтрымаўшы газету, якая склiзганула на падлогу. - Пэўна, яна ненавiдзiць мяне, цiкава - за што? Вiдаць, тут крыецца нейкая незразумелая прафесiйная гордасць. Мне, бадай, трэба вярнуцца ў сваё купэ'. Але, дайшоўшы да купэ, ён працягваў хадзiць па калiдоры, заклаўшы рукi за спiну, з 'Бедэкерам' пад пахай, захоплены думкай пра тое, што гады жыцця, калi панавала здань, скончылiся. 'Я зноў жывы, - думаў ён, - бо я ўсведамляю, разумею, што, хутчэй за ўсё, мяне чакае смерць, амаль напэўна: наўрад цi мне зноў дадуць магчымасць пазбегнуць яе, калi я пачну абараняць сябе i астатнiх хай сабе нават i анёльскiмi прамовамi'. Знаёмыя твары паварочвалiся да яго, калi ён праходзiў мiма, але нiкому не ўдалося спынiць яго роздум. 'Мне страшна, паўтараў ён сабе з радасцю, - мне страшна'.

2

- Вы той самы Куiн Сейвары? - спытала Джанет Пардаў.

- Так, - сказаў мiстэр Сейвары. - Другога я не ведаю.

- 'Развясёлая вiхура'?

- 'Развясёлае жыццё', - рэзка паправiў яе мiстэр Сейвары. - 'Развясёлае жыццё'. - Ён узяў яе пад руку i павёў па калiдоры. - Якраз наспеў час выпiць шэры. Падумаць толькi, вы сваячка той жанчыны, якая брала ў мяне iнтэрв'ю. Дачка? Пляменнiца?

- Ну, не зусiм сваячка, - адказала Джанет Пардаў. - Яе кампаньёнка.

- А вось гэтая роля вам зусiм не пасуе. - Пальцы мiстэра Сейвары моцна пацiснулi ёй руку. - Вам трэба знайсцi iншую працу. Вы надта маладая. Гэта пашкодзiць вашаму здароўю.

- Вы маеце рацыю, - сказала Джанет Пардаў, на хвiлiнку спынiўшыся ў канцы калiдора i кiнуўшы на яго погляд, поўны захаплення.

Мiс Уорэн пiсала пiсьмо, аднак заўважыла, як яны прайшлi мiма. На каленях у яе быў блакнот, аўтаручка скакала па паперы, крэмзаючы яе i пырскаючы чарнiлам.

'Дарагi кузен Кон, - пiсала яна. - Пiшу табе пiсьмо проста таму, што няма чаго рабiць. Пiшу ва Ўсходнiм экспрэсе, але да Канстанцiнопаля я не паеду, выходжу ў Вене. Аднак пра гэта другiм разам. Цi можаш ты купiць мне пяць ярдаў шаўковага аксамiту на парцьеры ружовага колеру? Я зноў збiраюся рабiць рамонт у кватэры, пакуль няма Джанет. Яна едзе ў гэтым самым цягнiку, але мы расстанемся ў Вене. Добры занятак я сабе прыдбала - паляваць на ненавiснага старыкана амаль па ўсёй Эўропе. 'Развясёлае жыццё' ў гэтым цягнiку, але ж ты, вядома, не вялiкi ахвотнiк да кнiг. А яшчэ ёсць даволi мiленькая танцоўшчыца Корал, якую я хацела б мець сваёй кампаньёнкай. Усё нiяк не магу вырашыць, рамантаваць кватэру цi не. Джанет сказала, што едзе ўсяго на тыдзень. Нi ў якiм разе не плацi болей, як па восем адзiнаццаць за ярд. Мне, думаю, прыдасца i блакiтны, але нi ў якiм разе не сiнi, вядома. Чалавек, якога я ўзгадала, - пiсала мiс Уорэн, кiдаючы позiркi на Джанет Пардаў i крэмзаючы пяром, - лiчыць, што ён разумнейшы за мяне, аднак ты ведаеш, Кон, не горш за мяне, што я магу абвесцi вакол пальца любога, хто так думае. Джанет - сцерва. Я збiраюся ўзяць новую кампаньёнку. У гэтым цягнiку едзе маленькая актрыса, яна б мне падышла. Паглядзеў бы ты на яе, Кон, - цудоўная фiгурка, а ножкi зграбныя. Усё-такi я думаю, што трэба прывесцi кватэру да ладу. Вось яшчэ што. Можаш даць за той аксамiт на парцьеры дзесяць-адзiнаццаць, але не болей. Магчыма, я паеду да Белграда, так што пачакай, пакуль я не напiшу табе яшчэ. Джанет, здаецца, заляцаецца да гэтага тыпа Сейвары, але я магу яму зладзiць 'развясёлае жыццё', калi захачу. Да пабачэння, беражы сябе. Перадавай прывiтанне Элiс. Спадзяюся, яна лепей даглядае цябе, чым мяне Джанет. Табе заўсёды болей шанцавала, чым мне, але калi ўбачыш Корал... Богам прашу, не забудзься пра гэты аксамiт на парцьеры. З любоўю да цябе, Мейбл. Р.S. Да цябе ўжо дайшлi весткi, што дзядзька Джон раптоўна памёр амаль каля майго парога?'

Пяро мiс Уорэн скончыла пiсьмо вялiзнай кляксай. Яна абвяла яе тоўстай лiнiяй i напiсала: 'Прашу прабачэння'. Потым выцерла пяро спаднiцай i нацiснула званок, каб выклiкаць афiцыянта. У роце ў яе страшэнна перасохла. Яна пакутавала ад смагi.

Корал Маскер крыху пастаяла на калiдоры, назiраючы за Майетам i разважаючы, наколькi сур'ёзнай была прапанова Мейбл Уорэн. Майет сядзеў, нахiлiўшы галаву над стосам папер, аловак яго бегаў уверх i ўнiз па слупках лiчбаў, увесь час вяртаючыся да адной. Потым ён паклаў аловак i абхапiў галаву рукамi. На iмгненне яна адчула да яго спагаду i адначасова ўдзячнасць. Калi не было вiдно яго пранiклiвага позiрку, ён быў падобны да вучня, якi шчыраваў над хатнiм заданнем, якое нiяк не выходзiла. Яна заўважыла, што ён зняў пальчаткi, каб было зручней трымаць аловак, i яго пальцы ссiнелi ад холаду; нават яго шыкоўнае футра здавалася ёй вартым жалю - ад яго не было нiякай карысцi. Футра не дапамагло яму рашыць задачкi цi сагрэць яго пальцы.

Корал адчынiла дзверы i ўвайшла ў купэ. Ён узняў вочы i ўсмiхнуўся ёй, не спыняючы працы. Ёй карцела адабраць у яго працу, падказаць яму правiльнае рашэнне i папярэдзiць. 'А хто яму дапамог? Мацi? Сястра? Вядома ж, не такая далёкая сваячка, як стрыечная сястра', - разважала яна, прысаджваючыся на лаўку. Натуральнасць яе маўчання сведчыла пра тое, якiя яны блiзкiя адно да аднаго.

Калi ёй надакучыла сачыць праз акно за снегападам, яна загаварыла з iм:

- Вы сказалi, што я магу сюды прыходзiць, калi захачу.

- Вядома.

- Я пачувала сябе проста свiннёй, - раптам пайшла, нават не падзякаваўшы вам. Вы праявiлi да мяне такую дабрыню ўчора ўвечары.

- Я не мог уявiць сабе, што вы застанецеся сам-насам з тым мужчынам, калi вам зрабiлася дрэнна, - сказаў ён, нецярплiва пастукваючы алоўкам. Вам патрэбны быў добры сон.

- Аднак усё-такi чаму вы праяўляеце да мяне такую цiкавасць?

I пачула фатальны няўхiльны адказ:

- Мне здаецца, што я вас вельмi добра ведаю.

Ён адразу ж вярнуўся да працы, калi б не яе маркотнае маўчанне. Яна разумела, што ён заклапочаны, здзiўлены i крышку збянтэжаны. 'Ён падумаў, што я хачу прымусiць яго пераспаць са мной, - падумала яна i адразу ж спыталася ў сябе: - А цi хачу я? Цi хачу сапраўды?' Калi б ён крыху ўзлахмацiў ёй валасы, хутка расшпiлiў сукенку, прыпаў губамi да яе грудзей, дык зрабiўся б ва ўсiм падобны да тых iншых маладых людзей, якiх яна ведала. 'Я ў даўгу перад iм, i мне трэба гэта яму дазволiць', - думала яна, але вопыт iншых жанчын iзноў нагадаў ёй пра тое, што гэтага не хопiць, каб аплацiць доўг цалкам. 'Аднак як жа мне аплацiць гэты доўг, - разважала яна, - калi ён не патрабуе нiякай платы?' Але сама па сабе толькi думка пра тое, каб заняцца гэтай невядомай ёй справай, калi яна не п'яная, як, на яе думку, бываюць п'яныя iншыя жанчыны, не адчуваючы палымянай страсцi, а проста з пачуцця ўдзячнасцi, - кiдала яе ў холад, мацнейшы, чым ад выгляду снегу, што валiў за акном. Яна нават не ведала, як сябе паводзiць, цi застацца з iм на ўсю ноч, цi трэба здымаць з сябе ўсё ў гэтым халодным купэ. Але тут жа пачала суцяшаць сябе, што ён, як усе iншыя яе знаёмыя, задаволiцца малым, ён проста вельмi шчодры.

- Ноччу я вас бачыў у сне, - сказаў Майет.

Сказаўшы гэтыя словы, ён пiльна глянуў на яе. Па яго напружанай позе i па тым, як ён па-свойму вытлумачыў яе маўчанне, яна зразумела: наогул, яны вельмi мала ведаюць адно аднаго. Ён нервова ўсмiхнуўся.

- Мне прыснiлася, нiбыта я заехаў за вамi i запрасiў вас пакатацца на машыне, i тут вы сабралiся... - Потым iзноў пагрузiўся ў роздум, не закончыўшы фразы. - Вы мяне ўсхвалявалi.

Яе агарнуў страх. Здавалася, нiбыта лiхвяр перагнуўся цераз сваю канторку i далiкатна, але няўмольна павёў размову наконт аплаты доўгу.

- Гэта ж вам толькi прыснiлася, - сказала яна. Аднак ён не зважаў на яе словы.

- А потым мiма прайшоў кандуктар i разбудзiў мяне. У сне ўсё было нiбыта наяве. Я быў у такiм захапленнi ад вас, што заплацiў за ваш бiлет.

- Вы маеце на ўвазе, што вы падумалi... нiбыта вы захацелi...

Лiхвяр пацiснуў плячыма, лiхвяр iзноў сеў за сваю канторку, лiхвяр паклiкаў прыслугу i загадаў вывесцi яе на вулiцу, да людзей, на волю, туды, дзе яе нiхто не ведаў.

- Я проста расказаў вам гэта, каб вы не турбавалiся - вы нiчога мне не вiнны. Гэта сон на мяне так падзейнiчаў. А калi купiў бiлет, падумаў, а чаму б вам яго не выкарыстаць. - Потым ён узяў аловак i вярнуўся да сваiх папер, дадаўшы машынальна, не надаючы словам нiякага значэння: - Цешыў сваё самалюбства, падумаўшы, хай сабе за дзесяць фунтаў...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату