- Мне падабаецца 'Пера-Палас'.
- Мне давялося неяк тут жыць, але са мной здарылася адна непрыемнасць, таму я тут не жыву болей.
- Скажыце мне, якая непрыемнасць. Ну, не ламайцеся, раскажыце.
- Дык вось. Слухайце. Са мной была сяброўка. Здавалася, вельмi мiлая iстота.
- З вар'етэ?
'Дзяўчаты Дана' заспявалi:
Сэрца палае, калi малады,
I не баiшся нiякай бяды.
- 'Iдзiце сюды, да нас', - спявалi 'Дзяўчаты Дана'. Некалькi ангельскiх маракоў, якiя сядзелi ў канцы залы, запляскалi ў далонi i закрычалi:
- Пачакайце нас. Мы iдзём.
Адзiн марак i праўда пачаў прабiрацца памiж столiкамi да сцэны:
Як у цябе жыццё?
Скажы ты чэсна.
У гатэлi ты адзiн,
А нумар твой двухмесны.
Марак упаў на спiну, i ўсе засмяялiся: ён быў зусiм п'яны.
- Гэта было жахлiва, - працягваў расказваць Майет. - Яна раптам звар'яцела каля дзвюх гадзiн ночы. Крычала i бiла ўсё наўкол. Начны парцье падняўся наверх, i ўсе пастаяльцы павыходзiлi на калiдор. Яны падумалi: я зрабiў з ёй нешта благое.
- А што вы зрабiлi?
- Нiчога. Я моцна спаў. Гэта выглядала жахлiва. З таго часу я нават на адну ноч не магу заставацца тут.
- 'Iдзiце сюды. Iдзiце сюды'.
- Якая яна была з сябе?
- Я нiчога пра яе не памятаю.
- Вы не ўяўляеце, як мне абрыдла жыць з жанчынай, - цiха сказала Джанет Пардаў.
Iх рукi выпадкова сустрэлiся на стале i так i засталiся побач. Праекцыйныя лiхтарыкi, якiя вiселi ў кустах, адбiвалiся ў яе каралях. У самым канцы саду, за яе плячыма, Майет убачыў Стэйна, якi прабiраўся памiж столiкамi з люлькай у руцэ. Гэта была масiраваная атака. Яму трэба было б толькi нахiлiцца да яе i зрабiць ёй прапанову, i тады будзе ўладкавана не толькi яго сямейнае жыццё, але i нешта большае: ён купiць фiрму Стэйна за прапанаваную iм цану, i той будзе цалкам задаволены, - бо яго пляменнiца будзе членам праўлення. Стэйн падышоў блiжэй i памахаў яму люлькай: яму давялося абысцi п'янiцу, якi валяўся на зямлi, i ў час гэтай перадышкi ў Майета не ўзнiкла нiякай iншай думкi, якая б пярэчыла яго будучаму сямейнаму шчасцю. Ён згадаў Корал i iх нечаканую дзiвосную сустрэчу: тады ён не думаў, што ўсё гэта так звыкла, як дым цыгарэты, але яе твар ён памятаў цьмяна, магчыма, таму што ў цягнiку было амаль цёмна. Яна была бландзiнка, яна была тоненькая, але ён не мог успомнiць рысаў яе твару. 'Я зрабiў для яе ўсё, што змог, - запэўнiваў ён сябе, - i, прынамсi, мы ўсё адно рассталiся б праз некалькi тыдняў. А мне ўжо час заводзiць сям'ю'.
Стэйн iзноў памахаў люлькай, а 'Дзяўчаты Дана' тупнулi ножкамi i засвiсталi ў свiсткi.
Памятаю, на вакзале
Мы нашу цётку сустракалi.
Фью, фью, фью.
- Не вяртайся да яе. Застанься са мной, - сказаў Майет.
Падышоў экспрэс Стамбульскi,
Нам насустрач брылi, блузкi.
Фью, фью, фью.
Яна кiўнула галавой, i рукi iх з'ядналiся. 'Цiкава, кантракт ужо ў кiшэнi ў Стэйна?' - падумаў Манет.