- Пайшла б з радасцю, але я ўжо абяцала мiстэру Сейвары паабедаць з iм.
- Мы маглi б пайсцi ў начное кабарэ.
Але ён не збiраўся дазволiць ёй абедаць з мiстэрам Сейвары. Цэлы дзень ён быў заняты справамi i не змог пабыць з ёю. Яму давялося правесцi ў канторы шмат гадзiн, разблытваючы ўсе справы, якiя Экман так адмыслова заблытаў. Дый яшчэ трэба было зрабiць пэўныя вiзiты. А палове чацвёртай, праязджаючы на машыне цераз iпадром, ён убачыў, як акружаны дзецьмi мiстэр Сейвары фатаграфуе, ён рабiў здымкi хутка, паспеў тры разы нацiснуць грушу, пакуль таксi праязджала мiма, i кожны раз дзецi здзекавалiся з яго. Толькi а палове сёмай Майет вярнуўся ў гатэль.
- Мiс Пардаў у сябе, Калебджан?
Калебджан ведаў усё, што адбываецца ў гатэлi. Яго поўная дасведчанасць тлумачылася толькi яго няўрымслiвасцю: ён раптам ныраў кудысьцi з парожняга хола, з шумам насiўся ўверх i ўнiз па лесвiцах, пранiкаў у самыя дальнiя гасцёўнi, а потым вяртаўся да сваёй канторкi i гультайнiчаў, зацiснуўшы рукi памiж каленямi.
- Мiс Пардаў пераапранаецца да абеду, мiстэр Карлтан Майет.
Аднойчы, калi адзiн з членаў урада пасялiўся ў гатэлi, Калебджан здзiвiў пунктуальнага супрацоўнiка брытанскай амбасады, калi той тэлефанаваў: 'Яго правасхадзiцельства ў туалеце. Але ён будзе там не болей трох хвiлiн'. Калебджан трушком бегаў па калiдорах, падслухоўваў каля дзвярэй ванных, потым вяртаўся да сваёй канторкi, дзе знемагаў без справы i займаўся толькi тым, што раскладваў па палiцах у сваёй галаве крохi атрыманых звестак. У гэтым быў сэнс жыцця Калебджана.
Майет пагрукаў у дзверы нумара Джанет Пардаў.
- Хто там?
- Можна зайсцi?
- Заходзьце. Не зачынена.
Джанет Пардаў амаль закончыла апранацца. Яе вячэрняе плацце ляжала ўпоперак ложка, а сама яна сядзела перад люстрам i пудрыла сабе рукi.
- Вы што, на самой справе збiраецеся абедаць з мiстэрам Сейвары?
- Я ж абяцала яму!
- Мы маглi б паабедаць у 'Пера-паласе', а потым пайсцi ў 'Пцi Шан'.
- Вось было б цудоўна! - сказала Джанет Пардаў i пачала фарбаваць вейкi.
- Хто гэта? - Майет паказаў на вялiкую фатаграфiю ў складанай рамцы: жанчына з квадратным тварам. Валасы крута завiтыя, фатограф спрабаваў зарэтушаваць рэзкiя абрысы яе падбародка.
- Гэта Мейбл. Яна ехала са мной у цягнiку да Вены.
- Здаецца, я яе там не бачыў.
- Цяпер у яе кароткая стрыжка. Гэта старая фатаграфiя. Мейбл не любiць здымацца.
- Яна выглядае змрочнай.
- Я паставiла тут яе фота на выпадак, калi буду сябе паводзiць блага. Яна пiша вершы. На другiм баку напiсаны вершы, прысвечаныя мне. Па-мойму, неблагiя. Я нiчога не разумею ў паэзii.
- Можна мне прачытаць?
- Калi ласка. Вас, пэўна, пазабавiць, што нехта прысвячае мне вершы. Джанет Пардаў паглядзелася ў люстра.
Майет перавярнуў фатаграфiю i прачытаў:
Стройная, сцiплая, але, як вада, халодная
I недасягальная, хоць i чароўная,
Русалка, ведаю тваю я бяду:
Iмкнешся ты ў мора, а жывеш у стаўку.
Тут затхлы вiр, ды крышку пацярпi,
Ты хутка будзеш у шырокiм вольным моры.
- Верш нерыфмаваны. Цi з рыфмамi? А ўсё-такi, пра што гэты верш?
- Я думаю, што гэта камплiмент, - адказала Джанет Пардаў, палiруючы пазногцi.
Майет прысеў ускрай ложка i пачаў разглядаць Джанет. 'Што б яна рабiла, калi б я паспрабаваў яе спакусiць?' - падумаў ён. Адказ ён ведаў: яна б засмяялася. Смех - лепшая зброя нявiнных дзяўчат.
- Вы не пойдзеце абедаць з мiстэрам Сейвары? У мяне такiя людзi выклiкаюць агiду. Выскачка з-пад прылаўка.
- Любы, я ж яму паабяцала. I апроч таго, ён генiй.
- Вы зараз спусцiцеся са мной унiз, хутка сядзеце ў таксi, i мы паедзем абедаць у 'Пера-Палас'.
- Бедалага, ён мне нiколi не даруе гэтага. А было б забаўна.
'Вось так яно будзе лепей, - падумаў Майет, папраўляючы чорны гальштук. - Зараз усё так проста, калi я ведаю, што ў яе мацi жыдоўка'. Было так лёгка размаўляць з ёю за абедам i весцi яе пад руку, калi яны iшлi пешкi ад 'Пера-Палас' да 'Пцi Шан' каля ангельскай амбасады. Ноч была цёплая, вецер сцiх. Усе столiкi ў садзе былi занятыя. Субоцiца зрабiлася яшчэ болей нерэальная, калi ён нагадаў, як снег бiў яму ў твар. На сцэне францужанка ў смокiнгу важна хадзiла з ляскай пад пахай i спявала песеньку пра 'маю цётачку' - дзякуючы Спiнелi гэтая песенька зрабiлася папулярная ў Парыжы гадоў пяць таму. Туркi смяялiся i лапаталi, як гарластыя хатнiя птушкi, пацягваючы каву i кiваючы маленькiмi, нiбыта пакрытымi пер'ем галовамi, а iх жонкi, з азызлымi, тупаватымi тварамi, толькi нядаўна вызваленымi ад чадры, сядзелi i моўчкi пазiралi на спявачку. Майет i Джанет Пардаў iшлi ўздоўж саду, шукаючы свабодны столiк, пакуль францужанка пранiзлiва крычала, смяялася i скакала, аднак яе непрыстойныя жарты не знаходзiлi водгуку ў абыякавых i невясёлых гледачоў. Пера крута спускалася ўнiз, каля iх ног агнi рыбацкiх лодак на Залатым Рагу ўспыхвалi, як кiшэнныя лiхтарыкi. Вакол сноўдалiся афiцыянты, разносячы каву.
- Наўрад цi знойдзем столiк. Давядзецца пайсцi ўсярэдзiну тэатра.
Нейкi таўстун памахаў iм рукой i ўсмiхнуўся.
- Вы яго ведаеце?
Майет крыху павагаўся i потым адказаў:
- Здаецца, ведаю... Яго прозвiшча Грунлiх.
Ён ясна бачыў гэтага чалавека толькi двойчы: адзiн раз, калi той садзiўся ў машыну, i другi раз, калi ён вылазiў з яе, каб перасесцi ў цягнiк, што стаяў на станцыi. Яго ўспамiны пра гэтага чалавека былi цьмяныя, здавалася, што некалi ён ведаў яго блiжэй, але гэта было даўно i ў нейкай iншай краiне. Ледзь яны мiнулi яго столiк, Майет адразу ж забыўся пра яго.
- Вунь свабодны столiк.
Пад сталом iх ногi дакранулiся. Францужанка, вiхляючы клубамi, знiкла, а з-за кулiс на сцэну колам пракацiўся мужчына. Ён падняўся на ногi, зняў брыль i сказаў нешта па-турэцку, i ўсе засмяялiся:
- Што ён сказаў?
- Я не пачуў.
Мужчына кiнуў у паветра брыль, злавiў яго, сагнуўшыся амаль удвая, i выкрыкнуў адно толькi слова. Усе туркi зарагаталi, i нават iх жонкi з азызлымi тварамi ўсмiхнулiся.
- Што ён сказаў?
- Гэта, мабыць, на дыялекце. Я не зразумеў.
- Мне зараз хочацца чаго-небудзь кранальнага. Занадта шмат выпiла за абедам i зрабiлася сентыментальнаю.
- Тут добрая ежа, праўда? - з гордасцю сказаў Майет.
- Чаму вы не знялi нумар тут? Кажуць, гэта лепшы гатэль.
- Ну, ведаеце, наш таксама неблагi, i мне падабаецца Калебджан. Ён заўсёды ўздзейнiчае на мяне, як заспакаяльнае.
- Але ж усё-такi тут лепшая публiка...
На сцэне танцавала група дзяўчат у шортах i ў гвардзейскiх шапках. На шыях у iх вiселi свiсткi, аднак туркi за столiкамi не зразумелi сэнсу гэтага вiдовiшча - iм было нязвыкла бачыць гвардзейцаў у шортах.
- Думаю, што гэта ангельскiя дзяўчаты, - сказаў Майет i раптам нахiлiўся наперад.
- Вы знаёмы з кiм-небудзь з iх?
- Я думаў... спадзяваўся... - Але ён, прынамсi, спалохаўся, калi з'явiлiся 'Дзяўчаты Дана'. Корал не гаварыла яму, што збiраецца танцаваць у 'Пцi Шан', аднак хутчэй за ўсё яна яшчэ i сама гэтага не ведала. Ён нагадаў, як яна, набраўшыся храбрасцi, углядалася ў поўную розных гукаў цемру.