Буслейка не быў бы беларусам, каб не расказаў сябру-немцу пра беларускiя, як заўсёды, не вырашаныя да канца праблемы. Беларускiя вернiкi доўгi час варагавалi мiж сабой, бо варункамi лёсу i амбiцыямi ўладаў былi падзелены на праваслаўных, унiятаў i католiкаў. Адзiн народ з трыма целамi i душамi. Хiба натуральная гэта з'ява? I вось апошнiм часам пачаўся шырокi рух за вяртанне да народнай дахрысцiянскай рэлiгii, дзе пакланялiся Агню, Сонцу, Зямлi i Грому. Гэта спроба вярнуцца не ў змрочнае язычнiцтва, не ў паганства, а ў купальства (так называецца новая вера), да купальскiх вянкоў i песень, да чыстай зямлi i светлай ранiшняй расы, да праматчынай душы.

- I ты таксама - як гэта правiльней па-вашаму сказаць - купальнiк? пацiкавiўся тады Карл Гакенхольц.

Буслейка засмяяўся.

- У купальнiках прыгожыя жанчыны ходзяць. Я - хрысцiянiн, але я i купалец. А жонка мая, Нiначка, купалка.

- Купалка, - як рэха, паўтарыў за iм Карл, прыслухоўваючыся да новага слова. - Гучыць няблага.

З таго часу любiў ён гаварыць Радаславу: 'Калi ты адлучаўся ў горы, твая купалка па тэлефоне званiла'.

Буслейка, пiльна сочачы за экранам, з пяшчотай успамiнаў сваю маладую жонку, сваю Шначку. Ужо амаль тры месяцы, як яны не бачылiся. Ён неадрыўна сядзiць тут, на стрэсографе, а Нiначка, русавалосая, тоненькая (ён зваў яе 'Нiнка-трасцiнка'), працуе заолагам у перасоўным летнiм лагеры, якi штогод стварае Лiга барацьбы супраць мутантаў. Нежаночая прафесiя ў жонкi. Былi б яшчэ вавёрачкi, вожыкi, зайчыкi, а то даводзiцца лавiць у лясах i балотах дзiкоў, ласёў, ваўкоў, нават зуброў i лячыць iх. Аднойчы параненая вярнулася з лагеру - уз'юшаны дзiк варсануў iкламi па назе. Усё часцей нараджаюцца мiж звяроў мутанты, у якiх папсаваны генетычны код, - гiганцкiя ваўкi, дзвюхгаловыя сабакi, бязвокiя зайцы. Прырода, атручаная чалавекам, узбунтавалася, сышла, як цягнiк-лакаматыў, з рэек, ляцiць пад адхон i ўсё ломiць на сваёй дарозе. Раней мутантаў адстрэльвалi, усiх без разбору, але Нiначка i яе сябры дамаглiся лячыць iх, вывучаць, каб узяць пакуль што некантралюемую сiтуацыю пад кантроль. 'Нiначка ў мяне настойлiвая, - з патаемнай радасцю думаў Буслейка. - Надумае што зрабiць, абавязкова зробiць'. Ён быў яшчэ на той стадыi ўзнёслага юначага кахання, калi юнак, мужчына, спелячы ў сабе рыцара, добраахвотна, з найвялiкшай асалодай падпарадкоўваецца сваёй абраннiцы (адзiнай на Зямлi!), патурае ўсiм яе слабасцям i капрызам i гатоў памерцi па кiву яе пальчыка. На вялiкую радасць для чалавецтва, такое салодкае ачмурэнне праз нейкi час праходзiць, iначай рэзка скарацiлася б колькасць мужчын.

- Увага, Радаслаў. Бачу канцэнтрацыю, - раптам усхвалявана сказаў Карл Гакенхольц.

На вялiкiм экране, якi амаль увесь займала карта Эўразii i якi ззяў спакойным блакiтнаватым святлом, з'явiлася чорная пульсуючая кропка. Яна нервова трапятала, то павялiчвалася, то змяншалася i здавалася агiднай гнойнай болькай на чыстым здаровым целе.

- Дзе гэта? Давай удакладнiм каардынаты, - наструнiўся, адразу пастражэў Буслейка.

Камп'ютэр iмгненна зрабiў неабходныя разлiкi.

- Што мы маем? Пяцьдзесят тры градусы сорак чатыры хвiлiны паўночнай шырынi, дваццаць сем градусаў пяцьдзесят восем хвiлiн усходняй даўгаты. Здаецца, гэта твае родныя мясцiны.

Карл запытальна паглядзеў на Радаслава.

- Так, - адказаў той. - Гэта цэнтральная Беларусь, на ўсход ад Менска. Выключны па сiле прарыў адмоўнай жывой энергii. Стрэлка стаiць на адзнацы '9'. Вельмi высокая катэгорыя, а значыць, могуць быць чалавечыя ахвяры. Не шанцуе землякам.

Ён казаў усё гэта, казаў, здавалася, роўным бясстрасным голасам, а ў душы кiпела трывога. Але мозг, вочы i рукi рабiлi, амаль аўтаматычна, патрэбную ў такiх выпадках справу. Была прыведзена ў баявую гатоўнасць кальцавая сiстэма электрамагнiтнай аховы ад Берасця да Крычава на ўсход i ад Полацка да ракi Прыпяць на поўдзень. Услед за гэтым неадкладна ўключылi па ўсяму перыметру кальцавой дарогi ахоўны электрамагнiтны пояс горада Менска. Усе мегаполiсы, усе гарады-'мiльёншчыкi' мелi такiя паясы, бо Вялiкi Жах (i гэта паказаў прыклад Чыкага) з найвялiкшай ярасцю i ўпартасцю атакуе менавiта там.

- Па Ўсходняй Эўропе б'е без перадыху, - сказаў Карл Гакенхольц. Чатыры канцэнтрацыi за апошнiя паўгода. Цiкава: выпадковасць гэта або заканамернасць?

Ён дапытлiва паглядзеў на Радаслава.

- Лiчу, што заканамернасць, - адказаў Буслейка, не адводзячы позiрку ад экрана, дзе ўсё бушавала, аж вугальна чарнела няроўная мiгатлiвая пляма. Славяне, як i румыны, як i венгры, у палiтычным i эканамiчным плане пазней стабiлiзавалiся, чым, скажам, германскiя народы. Вобразна кажучы, вулканiчны працэс у нас зацягнуўся. Адпаведна рэзка павялiчылася крытычная маса адмоўных эмоцый. Вось Вялiкi Жах i выкарыстаў гэта. 'Дзе тонка, там i рвецца', як кажа наша прымаўка.

У гэтыя iмгненнi яго востра непакоiла адно: толькi б Шначка не надумала раней часу вярнуцца ў Менск. Няхай бы трапiўся ёй якi-небудзь звер-звярыла, дзiкун з дзiкуноў, мутант з мутантаў, i яна б важдалася з iм у сваiм летнiм лагеры, а праз дзень-два i Вялiкi Жах загналi б, як джына, у бутэльку. Яму ўспамiнаўся дакументальны фiльм аб падзеях у Чыкага: скручаныя трамвайныя рэйкi, патоўчанае на драбнюткi мак аконнае шкло, згрызены (!) гранiт на набярэжнай. Гэта было нялёгка бачыць: сляды ад велiзарных зубоў на ружовым гранiце...

Раптам загадна загучаў селектар унутранай сувязi:

- Увага! Праз хвiлiну слухайце паведамленне асаблiвай важнасцi.

Памаўчаўшы, селектар паўтарыў, строга i трывожна:

- Праз хвiлiну слухайце паведамленне асаблiвай важнасцi.

Стрэсаператары пераглянулiся.

- Дзед, напэўна, будзе гаварыць, - сказаў Буслейка.

'Дзедам' усе звалi дырэктара Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа Леха Патоцкага, сямiдзесяцiгадовага барадача, якi з аднолькавым напорыстым iмпэтам хадзiў па скалах Татраў у альпiнiсцкай звязцы i на вясёлых капуснiках танцаваў мазурку.

- Панове, - пачуўся неўзабаве магутны бас Патоцкага, - як вы ўжо ведаеце, мае месца атака Старой Цывiлiзацыi ў раёнах усходней i паўднёвей Менска. Сiтуацыя кантралюецца, але з вялiкiм напружаннем. Загiнула ў агнi трое вучняў Вышэйшых курсаў лесаводства.

- Чаму ў агнi? - неяк машынальна вымавiў Буслейка.

Дзед, нiбы пачуў ягоныя словы, растлумачыў:

- Чарговая, двухсот сорак трэцяя атака Старой Цывiлiзацыi адрознiваецца ад папярэднiх незвычайнасцю формаў. Ёсць, вядома, i стэрэатыпныя формы: КЛА ў выглядзе шароў, ромбаў i талерак, псеўдалюдзi з лысымi шышкаватымi галовамi i ружовай дзiцячай скурай, але амаль дзевяноста працэнтаў адмоўнай жывой энергii рэалiзуецца ў выглядзе вогненнага вала, якi нястрымна коцiцца па зямлi. Нездарма СЦ абрала Беларусь - там маюцца яшчэ даволi лясiстыя раёны, агню хапае ежы.

Дзед гучна кашлянуў.

- Сiтуацыя, як я ўжо казаў, кантралюецца з вялiкiм напружаннем. Справа абцяжарваецца яшчэ i тым, што да СЦ далучылася каля пяцi тысяч робатаў, якiх намервалiся здаць на пераплаўку. Iхняя падпольная тэрарыстычная арганiзацыя 'Механiчная Рука' канцэнтравалася, як стала вядома, у Доме Пераўтварэнняў доктара Метэора. Сам доктар або забiты, або, па некаторых неправераных чутках, узяты робатамi ў якасцi заложнiка i знаходзiцца, зноў жа па некаторых неправераных чутках, у старой выпрацаванай калiйнай шахце непадалёку ад горада Салiгорска. Там у робатаў, аказваецца, былi склады зброi. Вось такое становiшча, панове. Стрэсограф працуе вахтавым метадам, i вас усiх, ад стрэсаператараў да буфетчыц i вартаўнiкоў, павiнны былi замянiць роўна праз восем дзён.

Пэўна, у гэтым месцы свайго паведамлення дырэктар Патоцкi, каб удакладнiць дату, глянуў на каляндар, бо наступiла паўза, пасля якой ён паўтарыў:

- Роўна праз восем дзён. Але сваёй уладай, так, так, панове, сваёй дырэктарскай уладай, я вымушаны затрымаць вас тут яшчэ дзён на пятнаццаць, не менш. Нiхто не можа гарантаваць, што змена, якая павiнна вас замянiць, прыбудзе своечасова. Мы будзем адпускаць вас порцыямi.

- Як марожанае, - пажартаваў Карл Гакенхольц.

- Вось i ўсё, - скончыў Патоцкi. - Зараз вам нешта, спадзяюся вясёленькае, скажа наш культмасавiк Алачка Зелянуха, а я прашу стрэсографа Радаслава Буслейку з дванаццатай кабiны зайсцi да мяне ў кабiнет. Жывуць Сонца i Кiсларод!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату