Патоцкi змоўк, i адразу ж пачуўся вясёлы, бадзёры, нейкi аж iскрысты голас Алачкi Зелянухi:

- Таварышы!

О Вялiкая Эра Плюралiзму! Ты сапраўды вялiкая. Ты дала магчымасць кожнаму чалавеку быць свабодным у думках, словах i дзеяннях. Звяртаючыся да грамады, можна ўжываць якiя хочаш словы: 'панове', 'спадары', 'джэнтльмены' i гэтак далей. Вось Алачцы Зелянусе падабаецца слова 'таварышы'. Калi ласка, Алачка. Дарэчы, самае-найсамае 'рыначнае' слова. Што такое 'таварышы'? Купцы, гандляры, якiя маюць тавар. Што такое 'таварыш'? Сябра па рынку, па гандлю.)

Радаслаў Буслейка, надта не ўслухоўваючыся ў тое, аб чым шчабеча культмасавiк, на старым абшарпаным лiфце паехаў да Леха Патоцкага, кабiнет у якога быў на самай верхатуры, 'блiжэй да Сонца', як любiў жартаваць дырэктар. На стрэсографе быццам бы не працавалi дзецi або падлеткi, а кабiна лiфта была ўся спiсана i нават зрэзана сцiзорыкамi. Адзiн глыбакадумны надпiс чырвоным фламастэрам здзiвiў Радаслава. 'Эйнштэйн цi я?' - было напiсана якраз на дзвярах лiфта. Мудрагелiстае пытанне. Цяжка наконт яго сказаць нешта пэўнае, асаблiва калi не ведаеш, што за фiгура жадае паспрачацца з генiем. Але ў Буслейкi быў гатовы адказ: 'Эйнштэнн'. Лiфт тым часам калацiўся i скавытаў, як быццам прышчамiў сам сабе палец.

Дзед у сваiм шыкоўным кабiнеце, з вокнамi на ўсю сцяну, пiў пiва. Прапанаваў поўны кубак Радаславу.

- Пакаштуй. Ваша пiва, беларускае. З Лiды.

Пiва было важнецкае - праглынеш язык. 'Павiнна ж быць i ў зайца радасць перад халоднаю зiмой', - успомнiлiся раптам Буслейку словы з верша Караткевiча 'Заяц варыць пiва'.

- Вось што, пане Радаслаў, - па сваёй звычцы пачаў круцiць гузiк на чужой кашулi Патоцкi. - Цi не хочацца табе на дзянькi два або тры злётаць у сваю Беларусь?

- У мяне ж змена, - сказаў Буслейка.

- Змена не жонка. Запомнi гэта. Дык цi не хочацца?

- Хочацца, - шчыра прызнаўся Буслейка. - Але я не разумею, як гэта можна зрабiць.

- Слухай жа, калi хочацца. - Зноў даў яму поўны кубак пiва дырэктар. Сусветны Саюз Стрэсаператараў - ты ж яго член таксама - вырашыў паслаць у раён Менска, туды, дзе лакалiзуюць СЦ, сваю групу, цi свой атрад, як хочаш называй. Трэба нарэшце, каб i стрэсаператары вочы ў вочы, твар у твар сутыкнулiся са Старой Цывiлiзацыяй. А то гiбеем тут каля экранаў i не ведаем, з кiм цi з чым змагаемся. А там бой iдзе, ды яшчэ якi. Чытаў 'Вайну светаў' Уэлса?

- Вядома, чытаў, - радасна азваўся Буслейка.

- Сёння там нешта падобнае адбываецца. Я й падумаў - ты ж з Беларусi, каму, як не табе, ляцець?

- Вельмi правiльна падумалi, - ледзь не расцалаваў дырэктара Буслейка. Патоцкi быў лаканiчны:

- Адлёт - заўтра.

- Пан Лех, - узмалiўся Буслейка: - Адна малюсенькая просьба. Адпусцiце са мной, будзьце ласкавы, i Карла Гакенхольца, майго напарнiка, Я разумею, што на Стрэсографе зараз работы вышэй галавы, але ж...

- Дагаворвай-дагаворвай, - сярдзiта прыжмурыўся Патоцкi. - Паплач у тры ручаi. Прабач, але я думаў, што вы, беларусы, не такiя шустрыя. Што ж, паляцiць разам з табой i Гакенхольц. I не трэба мне дзякаваць. Лiчыце гэты палёт узнагародай. Вы ж з Карлам стрэсаператары экстракласа, можна сказаць, генii. А ведаеш, што сказаў вялiкi Зыгмунд Фрэйд? 'Генiй i паслухмянства дзве несумяшчальныя рэчы'.

V

Перад вылетам усiх стрэсаператараў i тэхнiкаў (Лех Патоцкi дазволiў ляцець дваццацi пяцi чалавекам) сабралi на iнструктаж. Вёў яго прадстаўнiк Сусветнага Саюза Стрэсаператараў, высокi прыгожы негр, валасы ў якога былi ў найдрабнейшых завiтушках.

- Я зайздрошчу вам, - сказаў кучаравы смольнаскуры прадстаўнiк. - Адна справа - сачыць за экранамi i камп'ютэрамi, зусiм iншае - самому сутыкнуцца з СЦ. Усюды i заўсёды прашу памятаць, што вас пасылае наш саюз, можна сказаць, лепшы прафесiйны саюз планеты. Саламон у прытчах навучаў: 'Не адхiляй вуха свайго ад слухання законаў'. I вы будзьце дысцыплiнаванымi, уважлiвымi, падпарадкоўвайцеся загадам вайсковых кiраўнiкоў.

- Маралiст, - скептычна ўсмiхнуўся Карл Гакенхольц, якi сядзеў побач з Буслейкам.

- I збiрайце ўсю даступную вам iнфармацыю аб СЦ, - вёў сваё прадстаўнiк, - не прапускайце нiводнай дробязi. Упершыню пасля Чыкага Вялiкi Жах выступiў такiм шырокiм фронтам. Чаго ён дамагаецца? У чым сэнс яраснай атакi? На жаль, мы пакуль што не можам даць адказ на гэтыя пытаннi. Хацелася б верыць, што з-пад Менска вы пастараецеся прывезцi адказ. Жадаю вам усiм шчаслiвага вяртання. Жывуць Сонца i Кiсларод!

Паляцелi ў дапатопным транспартным самалёце, якi, калi верыць чуткам, мiрна дажываў век у вайсковым музеi i быў падобны на сучасныя рэактыўныя аэробусы, як курыца на арла. Моцна калацiла, падкiдвала на паветраных ямах.

- У нашых продкаў страўнiкi былi здаравейшыя, - сказаў Карл, убачыўшы, як некалькi пазелянелых дэсантнiкаў нахiлiлiся, быццам па камандзе, над гiгiенiчнымi пакетамi. Дый сам ён надта ж кiсла моршчыўся i ўздыхаў. Але як бы там нi было, прызямлiлiся на шурпатай бетонцы Старога Смалявiцкага аэрапорта.

Iх ужо чакаў капiтан рэспублiканскiх гвардзейцаў, якi трымаў над сабой чорны парасон, бо церусiў дожджык.

- Капiтан Хвалiбог, - адрэкамендаваўся ён. - Буду, так сказаць, вашым гiдам.

- Капiтан, што тут у вас робiцца? - на правах земляка адразу ж задаў пытанне Радаслаў.

- У якiм сэнсе? - не зразумеў, ускiнуў тонкае брыво Хвалiбог. Пэўна, яму падалося, што маецца на ўвазе нейкае ягонае асабiстае ўпушчэнне, а ён, мяркуючы па ладнай падцягнутай фiгуры, па ўпэўненасцi рухаў, службiстам быў хвацкiм.

- У сэнсе Старой Цывiлiзацыi, - не дужа ветлiва ўмяшаўся ў размову Карл, бо дождж гусцеў, лупцаваў па бетонцы, а дзвюх машын-амфiбiй, якiя мелiся сустракаць стрэсаператараў у аэрапорце, пакуль што i духу не было.

- Ах, вы пра СЦ, - адразу ж павярнуўся да Карла Хвалiбог i адразу ж далiкатненька запiхнуў яго пад свой вялiзны парасон. - Мая рота гвардзейцаў забяспечвае ахову аэрапорта. У нас, як бачыце, усё спакойна. А там, - ён махнуў рукой у чорнай скураной пальчатцы на захад, - гарыць i грымiць. Вядома, я i мае арлы хацелi б знаходзiцца там, але загад ёсць загад. Хвiлiн дваццаць назад, якраз перад вашым прылётам, прыехалi людзi з сельскагаспадарчых кааператываў i з хутароў. Адзiн нават на трактары прыгрукацеў. Усе ў сажы. Ёсць абпаленыя. I адкуль толькi ўзялася гэта брыдота? Жылi дзяды-прадзеды, нiчога не ведалi, былi гаспадарамi планеты, а мы атрымалi кукiш з макам - аб'явiлася, бачыш ты, нейкая Цывiлiзацыя. Цьфу ты.

Хвалiбог плюнуў.

- За ўсё трэба плацiць, капiтан, - строга i павучальна, як школьнiку, сказаў яму Радаслаў.

- За што плацiць? - не зразумеў Хвалiбог.

- За ўсё. За кiсларод i вадарод, за ссечаныя лясы, за рукатворныя пустынi, адным словам, за жыццё, наша чалавечае жыццё. Бясплатны сыр бывае толькi ў мышалоўцы.

- Пры чым тут мышалоўка? - пакрыўдзiўся капiтан, але ў гэты самы час рэзка завуркаталi маторы - падышлi дзве амфiбii, пафарбаваныя ў балотна-зялёны колер. Стрэсаператары разам з Хвалiбогам i некалькiмi гвардзейцамi апранулi тэрмастойкiя чырвоныя касцюмы, узялi лазерныя карабiны-бластэры, процiвагазы, ракетнiцы, сапёрныя рыдлёўкi, дынамiтныя шашкi, селi ў пасажырскiя адсекi хуткаходных машын. Пабеглi насустрач лугi, пералескi, палявое шматкалоссе. Усё выразней адчуваўся трывожны горкi пах дыму. Пот цёк па шчоках. На беразе Пятровiцкага вадасховiшча спешылiся. За вадасховiшчам, на захадзе, гарэў пасёлак Сокал. Было бачна, як мiтусяцца там людзi, як бегаюць перапалоханыя конi i каровы. Нястрымны вогненны вал кацiўся адтуль. I толькi птушкi, бестурботныя дзецi паветра, весела высвiствалi свае песенькi.

- Што iм трэба? - цiха, як бы ў самога сябе, спытаў Радаслаў Буслейка. Меў ён на ўвазе, вядома, не галасiстых птушак, а шышкагаловых ружоваскурых людзей, пехацiнцаў Старой Цывiлiзацыi, якiя з боку Сокала наблiжалiся да вадасховiшча. Iх было сотнi дзве. Вогненны вал, дыяметрам каля метра, пагрозлiва рухаўся следам за iмi. Гарэлi лугавыя хмызнякi i трава.

- Напалеон неяк сказаў: 'Ва ўсяго ёсць мяжа, нават у нянавiсцi'. Але дзе мяжа тут? I з кiм мы маем гонар скрыжаваць шпагi?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату