заканамернасць. Радаславу падумалася, што плазмоiды, значна старэйшыя за чалавецтва, iнстынктыўна цягнуцца да людзей, як дарослы цягнецца, горнецца да малога дзiцяцi, бо бачыць у iм натуральную прыгажосць i непасрэднасць, бачыць будучыню i свежы розум, якому яшчэ мудрэць i мудрэць. Вера Хрысцiнюк, як i кожная зямная жанчына, заўсёды баялася папаўнець, 'страцiць талiю', i таму лiчыла шар не звышiдэальнай формай iснавання плазмы (а гэта менавiта так), а проста сiмвалам пульхнасцi. Клён жа Дубровiч яшчэ толькi ўваходзiў у спартыўны ўзрост, i круглыя плазмоiды i плазмоiдзiкi мiжволi асацыiравалiся ў яго з футбольнымi i баскетбольнымi мячыкамi. Вось якi раскiд думак меўся ў зямлян, калi яны назiралi, як святкуецца на планеце Вар Дзень Забiтага Брата. Аказалася, што ў яго ёсць яшчэ адна назва - Дзень Ажыўлення, i менавiта дзеля ажыўлення сваiх родных па клане i сабралiся тут усе плазмоiды. Вярнуць iснаванне, жыццё можна толькi тому, хто памёр не сваёй, а гвалтоўнай смерцю. Той жа, каго забрала старэчая нямогласць, ужо не мог аднавiцца на планеце Вар, бо страцiў iнтарэс да жыцця, а навошта жыць, калi гэта табе нецiкава? Як i на Зямлi, адразу ж знайшоўся гiд. Заўважана, i заўважана даўно, што ўсе больш-менш разумныя iстоты надта любяць быць гiдамi, любяць павучаць, расказваць, паказваць i г.д. Такiм гiдам стаў Талеркiй Сiнi Восемдзесят Трэцi. Адрэкамендаваўшыся Радаславу, Веры i Клёну, гэты сiмпатычны сiнi плазмоiд натхнёна прачытаў кароткую лекцыю аб усiх насельнiках цудоўнай планеты Вар. Аказваецца, саманазва плазмоiдаў, якiя пастаянна жывуць на планеце, талеркii. Яны iстотна адрознiваюцца ад плазмоiдаў з Зямлi, з'яўляючыся асобнай расай. Кожны мае лятучую талерку. Жывуць у вулкане, там i падзараджаюцца. Калi пражыве талеркiй роўна тысячу гадоў, то пераплаўляецца ў новага, прымаючы чарговы парадкавы нумар. Напрыклад, пераплавiўшыся, Талеркiй 102, робiцца Талеркiем 103, i гэтак бясконца. Ростам яны не вышэй за паўтара метра. Хто атрымаецца хаця б на сантыметр вышэйшым, таго адразу ж пераплаўляюць. Кланы ў талеркiяў, як i ў астатнiх плазмоiдаў, вядуцца па сямi колерах сонечнага спектра. Рэгулярна даволi шматлiкiя эскадрыллi талеркiяў лётаюць з Талеркiяны (так яны мiж сабой называюць планету Вар) на Зямлю. Таемна (толькi ноччу, калi людзi спяць) назiраюць за людзьмi. Ён, Талеркiй Сiнi 83, назiраў ажно чатыры разы. Знаходзячыся на Зямлi, начуюць на правадах электралiнiй высокага напружання. Не пераносяць дзённага зямнога святла. Калi ў Эўропе разгараецца дзень, пералятаюць у Амерыку, i наадварот. Вельмi, можна сказаць, надзвычай любяць наведваць цыркi i крытыя стадыёны. Там, маскiруючыся, лепяцца да столi, прымаючы форму плафонаў электрасвяцiльнiкаў. Любяць глядзець бой быкоў, карыду i пеўневыя баi.

Вось якая iнфармацыя, быццам снежная лавiна, абрушылася на зямлян.

- Дзiвосы, - аж прышчоўкнуў языком Клён i не ўстрымаўшыся трошкi з'едлiва спытаў: - Вы, паважаны Талеркiй Сiнi 83, бачылi людзей ажно чатыры разы, i кожны раз толькi ноччу. Зараз вы ўбачылi зямлян у пяты раз i ўдзень. Якiя вашы ўражаннi?

- Цудоўна, - увесь засвяцiўся плазмоiд. - Цудоўна. Асаблiва прыемна бачыць вось такога прадстаўнiка планеты Зямля.

Ён злёгку пакруцiўся над Верай Хрысцiнюк.

- Прадстаўнiцу, - паправiла Вера, але голас быў лагодны, цёплы. Зямныя дочкi прамацеры Евы любяць самарэкламу, ды нiколi яшчэ не крыўдзiлiся на рэкламу, вядома ж, рэкламу сваiх надзвычайных жаночых чараў.

Тым часам з Ракi Адноўленых Твараў адзiн за другiм бадзёра ўзвiвалiся плазмоiды, да якiх вярнулася жыццё. Гэта было вельмi прыгожае вiдовiшча. Здавалася, рознакаляровы букет распукаецца ў зялёным небе.

- Умеюць жыць. Умеюць радавацца жыццю, - задумлiва ўздыхнула Вера.

- Вы аб чым, Верачка? - нахiлiўся да яе Радаслаў Буслейка.

Але яна не адказала, толькi зiрнула на стрэсаператара прасветленым загадкавым позiркам. I гэта яе маўчанне i стоены бляск прыгожых вачэй так не пасавалiся з тым, што акружала зараз iх. Радаславу чамусьцi ўспомнiўся мокры блiскучы ад дажджу вясеннi лес, бярозы, маладыя, мiлыя, светласкурыя, у цёмных вяснушках. Адна бяроза, што стаiць на сонечнай утульнай палянцы, падсочана. Буйнымi кроплямi зрываецца ў глiняны гладыш бярозавiк: кап... кап... Хочацца стаць на каленi, абхапiць рукамi тонкi халодны ствол i пацалаваць бярозу.

Адзiн толькi Клён Дубровiч, як i належыць юнаму i гордаму грамадзянiну планеты Зямля, заставаўся рэалiстам. Ён пiльна глядзеў на плазмоiд i ўсё стараўся ўбачыць у яго рот цi нейкую iншую адтулiну, адкуль вылятаюць словы i гукi. Але плазмоiд быў падобны на абсалютна гладкi бiльярдны шар - як кажуць, нi сучка нi трэшчынкi. Словы iшлi знутры, з самай патаемнай глыбiнi i гучалi выразна, чыста. Яшчэ адным дзiвам было тое, што плазмоiд, як, дарэчы, i ўсе яго супляменнiкi, з'яўляўся палiглотам - мог гаварыць на ангельскай, на беларускай, на шведскай, на якой хочаш мове. Як да яго звярталiся, на такой мове ён i адказваў. 'Мне б такiя здольнасцi, - шчыра пазайздросцiў Клён.

- Шкада, што мы, зямляне, яшчэ не ўмеем рабiць такое, - усклiкнуў Радаслаў Буслейка, убачыўшы, як чарговы плазмоiд ажыў i шчаслiва ўзляцеў у зялёнае варскае неба.

- Вось заключым вечны мiр з жыхарамi планеты Зямля i навучым вас, паважна прамовiў Талеркiй Сiнi 83.

Клён хмыкнуў.

- Цябе ж мы ажывiлi, - сказаў яму плазмоiд. Клёну не было, як кажуць, чым крыць i ўсёткi ён задзiрыста выпалiў:

- Што я? Я - жывучы. А паспрабавалi б вы чалавека падняць, якi сто цi трыста гадоў назад жыў. Дудкi!

- Ты памыляешся, - спакойна выслухаўшы яго, загаварыў Талеркiй Сiнi 83. - Прабач мне, жыхар не нашай планеты, але каэфiцыент iнтэлектуальнасцi Старой Цывiлiзацыi, як вы нас называеце, значна вышэй, чым у вашай, бялковай. Я не хацеў гаварыць, але гэта так. Прабачце i вы, жыхары не нашай планеты, - звярнуўся ён да Веры i Радаслава.

- Не нашай планеты... Не нашай планеты, - раззлаваўшыся, перадражнiў Клён. - Заладзiў, як паламаны вiдзiк. Сусвет - адзiн. Матэрыя - адна. У нас гэта кожны пяцiгадовы карапузiк ведае. А значыць, i Вар, i Зямля, i Сонца нашы.

Клён шырока махнуў рукой.

I раптам Талеркiй Сiнi 83 знiк, як у ваду ўпаў.

- Пакрыўдзiўся, - сказала Вера. - Асцярожней трэба, Клёнiк, далiкатней... Усё ж - чужая планета.

Клён не паспеў адказаць, бо сiнi плазмоiд зноў з'явiўся перад iмi i не адзiн, а з жоўтым, болыпым, чым ён, плазмоiдам.

- Талеркiй Жоўты 106, - пачцiва назваў сябе новапрыбыўшы. - Дваццаць сем разоў назiраў на Зямлi за соннымi людзьмi. Асаблiва прыгожа спяць маленькiя дзецi. У iхнiх роцiках тырчыць нешта, падобнае на свiсток, але чамусьцi не свiшча.

Клён з Радаславам весела перазiрнулiся.

- Мне паведамiў мой вельмiшаноўны малодшы сабрат з вельмiшаноўнага клана Сiнiх Талеркiяў, што вы, жыхары не нашай планеты, сумняваецеся ў нашых здольнасцях, - працягваў жоўты плазмоiд. - Дарэмна. Мы можам вярнуць да жыцця чалавека, якi памёр нават чатырыста гадоў назад. Але памёр не ад старасцi, а ад свiнца, бронзы, сталi, жалеза, сiнiльнай кiслаты...

- Памёр гвалтоўнай, не сваёй смерцю, - падказаў Радаслаў Буслейка.

- Так. Такой смерцю. Але толькi не ад агню - тут мы яшчэ пакуль бяссiльныя. Для таго каб чалавек ажыў, патрэбна яго фатаграфiя, голас, запiсаны на магнiтную плёнку, ён, яго фiгура ў кiнакадрах, група крывi, адбiткi пальцаў i, - Талеркiй Жоўты 106 зрабiў шматзначную паўзу, - ягоны розум.

- Розум? - перапытаў Клён.

- Так. Розум. Кнiгi i карцiны, якiя ён напiсаў. Сiмфонii, навуковыя адкрыццi, выдатныя iнжынерныя дасягненнi...

- А як жа я? - паныла сказаў Клён. - Я ж некалi зноў памру, назаўсёды, а ў мяне - нi адкрыццяў, нi сiмфонiй, нi кнiжак, нiчога няма.

- Усё яшчэ ў цябе наперадзе, Клёнiк, - весела засмяялася Вера.

Ды Клён Дубровiч пачуваў сябе вельмi няўтульна.

- Што ты зрабiў, жыхар не нашай планеты, за сваё жыццё? - узнёсла, трохi напышлiва спытаў у яго жоўты плазмоiд.

- Нiчога, - перасмыкнуў плячамi Клён. - Здаецца, нiчога. У лiцэi на ўроках працы табурэткi рабiў.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату