- Табурэткi? Што гэта? Ага, здагадваюся. Гэта такiя прамавугольныя збудаваннi на чатырох слупках. Правiльна? Нам, плазмоiдам, добра - мы абыходзiмся без такiх збудаванняў, я хачу сказаць, без табурэтак. Але не адчайвайся, жыхар не нашай планеты, бо для майстравання табурэтак таксама патрэбен розум, i немалы.

Клён, вiдно па ўсяму, быў задаволены вердыктам, якi вынес ягоным разумовым дасягненням плазмоiд. А гаваркi Талеркiй Жоўты 106, адцяснiўшы свайго сiняга сабрата, расцякаўся шматслоўем.

- Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў вырашыў, як вы ведаеце, заключыць з бялковай цывiлiзацыяй, з чалавецтвам вечны мiр. Мы зразумелi, што пераможцаў у тысячагадовай барацьбе не будзе, што вышэй жыцця, у якiх бы формах яно нi iснавала, нiчога няма. Вышэй - смерць. I наша, i, прабачце, ваша. А барацьба вялася жорсткая. Асмелюся спытаць вас, жыхар не нашай лланеты, - звярнуўся ён да Радаслава, - што вы можаце сказаць пра пасажырскае судна 'Тытанiк'?

Пра 'Тытанiк'? - Буслейка наморшчыў лоб. - Буйнейшы карабель пачатку дваццатага стагоддзя. Пабудаваны ў Вялiкабрытанii. Вадазмяшчэннем, калi не памыляюся, каля сарака сямi тысяч тон. Даўжынёй дзвесце шэсцьдзесят дзевяць метраў. Ужо тады плавалi ў морах такiя мастадонты. У красавiку 1912 года сутыкнуўся з гiганцкiм айсбергам i пайшоў на дно. Загiнула каля паўтары тысячы пасажыраў. Вось i ўсё, што я помню.

- Памяць у вас выдатная, - пахвалiў плазмоiд. - Толькi наконт айсберга ў вас недакладная, а калi гаварыць шчыра, зусiм няправiльная iнфармацыя.

- Чаму? - здзiвiўся Радаслаў. - Увесь свет гэта ведае. Прэса пiсала. Засталiся жывыя вiдавочцы.

- Таму, што айсберга не было, а была падводная таранная машына, якую вынайшлi i зрабiлi ў глыбокай тайне ад Старой Цывiлiзацыi фiялетавы i чырвоны кланы.

- Але ж айсберг быў. Цэлая ледзяная гара!

- Гэта быў муляж. Унутры так званага айсберга была ўманцiравана наймагутнейшая таранная машына са стальным бiўнем даўжынёй у сто метраў. Воданепранiкальныя перагародкi 'Тытанiка' ён прабiў, як iголка прабiвае мяккую тканiну.

- Не веру, - матнуў галавой Клён. - Я глядзеў кiнафiльм 'Гiбель 'Тытанiка'.

- I я не веру, - падтрымала яго Вера Хрысцiнюк. - I не бачу нiякага сэнсу ў гэтай бандыцкай, iнакш не скажаш, акцыi.

- Старая Цывiлiзацыя сурова асудзiла напад фiялетавага i чырвонага кланаў на 'Тытанiк', - павольна, з адчуваннем уласнай годнасцi загаварыў Талеркiй Жоўты 106. - З таго часу, можна сказаць, i пайшла глыбокая трэшчына ў жывым целе народа плазмоiдаў. Фiялетавы i чырвоны кланы аддзялiлiся ад нас i працягваюць па сённяшнi дзень атакаваць чалавецтва. А калi гаварыць пра сэнс таго, што адбылося ў туманах i хвалях халоднай Атлантыкi, дык гэта было папярэджанне чалавецтву i помста.

- За што? - спытаў Буслейка.

- За тэхнiчны прагрэс, за пахвальбу i непамерныя амбiцыi.

- Калi помсцiць кожнаму, хто не так, як паложана, паглядзiць на веласiпед i задумае прыкруцiць да яго нейкую новую гайку, дык мы апынемся ў каменным веку.

- Згодзен з вамi, жыхар не нашай планеты. Старая Цывiлiзацыя, добра зразумеўшы тую небяспеку, якую прынясе ўсiм нам бясконцая i, самае галоўнае, бяссэнсавая канфрантацыя, рэзка асудзiла фiялетавы i чырвоны кланы. Зараз мы ваюем не з вамi, а з гэтымi двума кланамi - адшчапенцамi. Вы ўчора бачылi, як мы ваюем.

- Гэта было жахлiва, - сказала Вера Хрысцiнюк.

- Учора адшчапенцы пацярпелi паражэнне, адступiлi, - не звярнуўшы ўвагi на яе словы, працягваў Талеркiй Жоўты 106. - Але ў iх яшчэ шмат сiлы. Яны трымаюць пад сваiм кантролем адну трэць планеты Вар, у тым лiку вулкан Нябесны Зуб, дзе робяць i трэнiруюць полчышчы Жалезных Людзей.

- Робатаў? - спытаў Клён.

- Так. Жалезныя Людзi, змайстраваныя iмi, залiваюць бетонам паверхню ўсёй планеты, не пакiдаючы нiчога жывога. Вы спытаеце: навошта? Можна даць некалькi адказаў. Першы i, вiдаць, галоўны - яны хочуць, выцеснiўшы з Вара астатнiя пяць кланаў, пабудаваць помнiк самiм сабе. Вам, людзям, цяжка зразумець такое. Вы ўзводзiлi i зараз яшчэ ўзводзiце помнiкi некаторым дзеячам, якiх лiчыце вартымi пасмяротнай увагi i славы. Вы значна сцiплейшыя, чым яны, бо фiялетавы i чырвоны кланы прагнуць калектыўнага самаўслаўлення. Планета Вар, гладка залiтая бетонам, будзе павялiчанай копiяй плазмоiда, што вечна плавае ў касмiчнай прасторы, прычым адна палова яе будзе пафарбавана ў фiялетавы колер, другая - у чырвоны. Два гэтыя кланы - i ўсё. I нi жоўтага, нi зялёнага, нiякага...

Падалося, што Талеркiй Жоўты 106 усхлiпнуў.

- Няўжо гэта так важна? - асцярожна пацiкавiўся Радаслаў. - Няўжо з-за таго, у якi колер афарбавана планета, можна распачынаць жорсткую вайну?

- Якiя вы дзiўныя i незразумелыя, прадстаўнiкi бялковай цывiлiзацыi, уздыхнуў плазмоiд. - Пэўна, вы дальтонiкi. Ды колер гэта - усё. Разумееце? Усё. Як можна iснаваць мне i майму зялёнаму клану, калi планета Вар будзе толькi фiялетавай i толькi чырвонай? Дзеля чаго мы будзем iснаваць?

Радаслаў здагадаўся, што няўдалым пытаннем моцна пакрыўдзiў плазмоiда. Каб неяк загладзiць вiну, спытаў:

- А яшчэ што за прычына, з-за якой Вар пакрываюць бетонам?

- Па некаторых звестках, чырвоны i фiялетавы кланы хочуць перад сваёй самалiквiдацыяй (а яна некалi абавязкова адбудзецца) выстралiць па планеце Зямля з Нябеснай Гарматы. Вар будзе i гарматай i ядром.

- Хiба такое магчыма?

- У Розума Народа Ўсiх Сямi Колераў маецца iнфармацыя, што па Зямлi ўжо раз стралялi з космасу. Гэта адбылося шэсцьдзесят пяць мiльёнаў гадоў назад. На тэрыторыi мексiканскага паўвострава Юкатан вашы вучоныя знайшлi ў дзiкiх джунглях кратэр з варонкай дыяметрам сто семдзесят сем кiламетраў. Яны, вашы зямныя вучоныя, са сваёй заўсёднай самаўпэўненасцю аб'явiлi, што гэта след ад сутыкнення Зямлi з гiганцкiм астэроiдам, у вынiку якога вымерлi ўсе дыназаўры. Дыназаўры вымерлi, гэта праўда, як i тое, што вымерла семдзесят пяць працэнтаў усiх жывых iстот на планеце. Але варонка на Юкатане зусiм не ад астэроiда, а ад ядра Нябеснай Гарматы. Адным словам, гэта была не касмiчная выпадковасць, а прыцэльны стрэл з глыбiняў космасу.

Клён вельмi ўважлiва слухаў словы плазмоiда, хваляваўся.

- Вы хочаце сказаць, што Зямлю хацелi знiшчыць? - нарэшце спытаў ён.

- Так, знiшчыць.

- Але навошта? Каму яна перашкаджала?

- Не ведаю, - адказаў Плазмоiд Жоўты 106. - Мы, плазмоiды (гэта я гавару з усёй адказнасцю), не маглi страляць, бо самi знаходзiлiся ў той час на Зямлi. Вар мы асвоiлi значна пазней. Iснуюць, жыхар не нашай планеты, Законы Касмiчнай Канкурэнцыi. Кiруючыся гэтымi законамi, нейкая цывiлiзацыя з нейкай планеты i стрэлiла па Зямлi.

Невядома, колькi б яшчэ доўжылася гэта размова-дыскусiя, калi б не надзвычайнае здарэнне, якое парушыла плаўнае, выверанае стагоддзямi цячэнне свята. Зусiм нечакана для ўсiх з тулуравага не дужа густога лесу з'явiўся магутны рухавы дзiк, спакойна i ўпэўнена падышоў да Ракi Адноўленых Твараў, прыпынiўся на самым беразе. Адразу ж мноства плазмоiдаў закружылася над iм.

- Хiба на планеце Вар жывуць дзiкi? - здзiўлена спытаў Клён у Талеркiя Жоўтага.

- Як бачыш, жывуць, - адказаў той. - Наколькi мне вядома, у Вялiкiм Балоце быў яшчэ зусiм нядаўна зафiксаваны iхнi статак. Водзяцца ў нас i iншыя зямныя жывёлы - конi, каровы. Iх прывезлi на планету Вар з Зямлi нашы прашчуры. Але такiя дзiкi ў нас нiколi не вадзiлiся.

- Якiя - такiя?

- Смелыя, самаўпэўненыя, я б сказаў, нахабныя. Дзiк - асцярожны жыхар чаратоў i дрыгвы i яшчэ нiколi, прынамсi, да сённяшняга дня, нiводнага лыча не было вiдно над свяшчэннай Ракой Адноўленых Твараў. Хаця, чакайце... Што такое?

Жоўты плазмоiд пабялеў, пэўна, ад нейкай абсалютна невераемнай весткi, i стрымгалоў iрвануўся туды, дзе стаяў дзiк. Вярнуўшыся, ён ад вялiкага ўзрушэння колькi хвiлiн не мог гаварыць, а потым выдыхнуў:

- Фантастычна! Гэта, аказваецца, не проста дзiк з Вялiкага Балота. Гэта - Аюс Першы, кароль жывёл

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату