Бацька зжахнуўся.

- Як так? Завошта?

Я расказаў пра ўсё, як яно было. Бацька пайшоў i пасварыўся на старую.

- Хiба так можна рабiць? Ты ж магла акалечыць хлопца. Усё роўна ж мне трэба будзе аддаць табе снапы за тое, што мае гусi выелi.

А мне сказаў:

- Сынок! Сцеражыся! У людзей зямлi мала. Нiвы малыя. Калi iх выпасвiць гусьмi, коньмi, авечкамi, дык што ж людзi нажнуць, што ж яны намалоцяць, з чаго ж яны хлеб будуць есцi?!. Вароты павiнен зачыняць той, хто iх першы пабачыць расчыненымi, каб пазбегнуць шкоды...

Зачыняў пасля. Зачыняю i цяпер, калi дзе бачу адчыненыя...

Як бацька вучыў агонь распальваць

Цяпер агонь распалiць можа кожны блазан, якi навучыўся самастойна штаны сабе зашпiляць.

Iдзеш калi па вулiцы i бачыш, як такi герой стаiць i страляе запалкамi, пстрыкаючы iх па адной з пушачкi. Бывае, што i пажар напстрыкае каторы.

Але ж быў такi час, калi агню не было ў людзей. Першыя вынаходцы агню былi не менш ушанаваны сваiмi сучаснiкамi, чымсьцi ў нашыя днi адкрывальнiкi атамных таямнiц. Нядаўна ў Iнданезii знайшлi ў джунглях невялiчкае iзаляванае племя людзей, жыццё якога стаiць на ўзроўнi каменнага веку. Агонь яны i сёння здабываюць, тручы кавалкi сухога дрэва. Падобнае ж племя нядаўна выявiлi i ў нетрах басейна ракi Амазонкi. Ды што там Амазонка!

Нябожчык наш вучоны Сербаў расказваў мне ў дваццатыя гады, што ў часе свайго падарожжа ў глыбiнi Палесся ён знайшоў адну палескую вёску, у якой жылi сапраўдныя вогнепаклоннiкi.

Напярэдаднi Купалля ў гэтай вёсцы гасiлi, залiвалi ўсе агнi ва ўсiх хатах. Не пакiдалi аднаго нават вугольчыка або iскрынкi. Печы бялiлi нанова крэйдай. Пасля ўсе жыхары, дарослыя i малыя, апраналiся ў святочныя, белыя вопраткi i, спяваючы адпаведныя рытуальныя песнi, iшлi працэсiямi ў свой лес, на лясную паляну. Там старэйшына гэтай вёскi ссякаў ясень i пачынаў, прыстасаваўшы кавалак яго як корбу, церцi аб сухое дрэва, пакуль не загараўся агонь. Калi з'яўляўся новы агонь, людзi раскладвалi вялiкi касцёр. Дзяўчаты i маладзiцы вадзiлi ля яго карагоды, мужчыны i хлопцы спявалi i танцавалi. Усе песнi былi не абы-якiя, а прыстасаваныя да гэтага ўрачыстага моманту. Пасля, зноў жа са спевамi, неслi агонь у вёску, а гаспадары кожнае хаты прыпальвалi ад яго лучынкi i заносiлi ў свае печы. Ад таго дня яны не зводзiлi гэты агонь цэлы год, аж да новага свята.

У нашай мясцовасцi я такога свята не ведаў. Але ў часе свайго дзяцiнства я бадай-што не бачыў, каб хто распальваў агонь запалкамi. Усе мелi пры сабе скалку, крэмень, крэсiва i цэру. Перад самай першай вайной цэру замянiў крамны кнот. У параўнаннi з першым спосабам здабывання агню, - трэнне дрэва аб дрэва, - другi спосаб быў, мабыць, цэлай падзеяй у жыццi многiх народаў, чаму i пратрымаўся амаль да самай рэвалюцыi.

Усе 'агнявыя' прылады дарослыя людзi насiлi ў адмысловых скураных капшуках, магалейках, на паясах, з левага боку. А магалейкi выраблялi з барановых машонак, каб яны не прапускалi нi дажджу, нi снегу, не мелi нiякiх швоў. Падлеткам насiць агнявыя прылады забаранялася. I вось, - якi вялiкi гонар! - я атрымаў ад бацькi магалейку тады, калi мне было восем гадоў. Ды не без дай прычыны, а з-за вялiкай патрэбы.

Здарылася так, што вясковы выган для скацiны стаў вельмi кепскi. Вось бацька ўзяў як бы ў арэнду пасеку ля возера Доўжа. Самi гаспадары жылi стала мiлi за тры, i паша iхняя нiяк не выкарыстоўвалася. У першы дзень, калi мне бацька паказаў дарогу, - вярсты тры лесам, - да гэтае пасекi, ён i навучыў мяне агонь распальваць.

- Даю табе, сынок, усе гэтыя агнявыя прылады. Агонь - святая справа. Ён дае нам жыццё, але ж можа i адабраць жыццё. Агонь памагае нам паляпшаць жыццё, але можа ў адно вокамгненне знiшчыць усе набыткi на тло. Нiякiх жартаў з агнём быць не можа i не павiнна. Нi абражаць яго, нi сварыцца на яго, нi закiдваць якiм брудам нельга, бо ён спомсцiцца так, што ты i не рады будзеш. Галоднаму ён дапаможа згатаваць страву, халоднага абагрэе, у цёмную ноч дасць нам святло. Але толькi тады, калi будзе сапраўдная патрэба, можна ўдарыць крэсiвам аб скалку. Агонь раскладзi так, каб ён не дастаў да дрэў, каб не пабег па лесе. Спачатку кладзi крыху падпалу, а як угарыцца - падкладвай больш. Калi згатуеш страву або абагрэешся, засып яго зямлёй, пяском. Хто гэтага не зробiць, той нiколi другому чалавеку не паспагадае, не паможа яму з няшчасця выбавiцца. А ты заўсёды так рабi, дзе б нi быў, хоць i цяпер, малы, хоць у далейшым, дарослы. Бо я прыйду i пагляджу, як ты выконваеш мой наказ... А цяпер назбiрай сухiх сучкоў i ядлоўцу, раскладзi сам першы агонь...

Я назбiраў апалу i падпалу, склаў маленькi ламок i пачаў высякаць першы ў сваiм жыццi агонь. Сэрца маё аж заходзiлася ад радасцi i гордасцi. Ад хвалявання я больш трапляў па пальцах, чымсьцi па скалцы. Але ўсё ж праз некалькi хвiлiн iскрынка трапiла на цэру. Я раздзьмуў яе i паднёс да сухога ядлоўцу. Ядловец адразу пыхнуў. Шыза-сiнi дымок ахапiў мой твар. Гаркава-салодкi смак яго я ўяўляю i цяпер i адрозню яго лёгка ад усялякага iншага...

...Распальваў я агнi толькi ў тыя ранiцы, калi сапраўды было зiмна. Разы са два-тры за лета прыходзiў мой тата, абыходзiў усе мясцiны, дзе я пасвiў каровы, праглядаў i нешматлiкiя вогнiшчы. Пасля ўсяго казаў:

- Добра, сынок!

У далейшым жыццi я нiколi i нiдзе не пакiнуў непагашанага агню. Так ужо ў звычку зайшло.

Быў такi выпадак. Жыў я на Далёкiм Усходзе. Траляваў з тайгi бярвенне на тартак. Аднойчы паехаў разам з адным алтайцам. Заехалi ў тайгу. Паклiкаў ён мяне:

- Давай падымемся на сопку!

- Ды мой конь не самавiты!

- Дарма! Затое там возьмем сушынак, адразу норму споўнiм.

Паехалi. Узняўшыся, пэўна, на кiламетр да неба, адшукалi i сушынкi. Бяры, грузi ды да долу. Але тут раптам узняўся буран. Ды якi! Аж сопка здрыгалася. Мы адразу конi падвялi да выварацi, прывязалi iх да каранёў. Так, нiбыта ў закутак, яны i сталi. А самi за вывараць селi, склалi галовы i пачалi раiцца.

- Ну, добра, калi гадзiну якую пакруцiць. А калi на ўсю ноч? Што тады?

Думай не думай, а трэба чакаць. Мой напарнiк сабраў па кiшэнях нейкiя рэшткi махоркi, зляпiў дзве цыгаркi i кажа:

- Давай запалкi!

- Няма!

- I ў мяне няма. Але чакай - зараз агонь будзе.

Выдраў ён з ватнiка крыху ваты, скруцiў яе ў маленькi валiк, сякерай адшчапiў ад пня сухую трэсачку i пачаў гэтай трэсачкай качаць валiк па пнi. Я накрыў яму галаву крысом бушлата, каб не заносiла снегам. Раптам ён спынiўся, хапiў валiк, дзьмухнуў на яго i пацягнуў канцы ў розныя бакi. Адразу пыхнуў агонь. Мы падпалiлi трэсачкi, распалiлi пад вывараццю невялiчкi агонь i, зразумела, прыпалiлi свае цыгаркi.

Пакуль курылi, грэлiся, жартавалi - буран зацiх, спынiўся. Спынiўся ён так жа раптоўна, як i пачаўся. Мы адразу ж увязалi вазы - фiнскiя санi.

- Ну, паехалi! - кажа мой напарнiк.

- Пачакай. Трэба агонь пагасiць.

- Ды што ты, мiлы! Вецер i снег усё загасяць.

- Хай яно i так, але я калiсьцi дакляраваў свайму бацьку, што нiколi i нi пры якiх акалiчнасцях не пакiну нiдзе нават маленькага агеньчыка. Справа нядоўгая.

Агонь пагасiў...

Навучыўшыся здабыць - навучыся i спажыць

Я пачаў жалiцца, прыгнаўшы каровы двору, што ў мяне нехта з'еў мой абед. На другi, на трэцi дзень - таксама. Мацi здзiвiлася.

- Можа, да цябе якiя сябры прыходзiлi?

- Ды не, нiкога не было.

Пачала мяне мацi распытваць, дзе я трымаю свой абед. Я сказаў, што, прыгнаўшы каровы на пашу, кладу торбачку пад дубочкам, у кустах.

- Э-ге, - кажа мацi, - паспрабуй павесiць на дубку, а сам адыдзiся ды панаглядай цiхенька.

Назаўтра я так i зрабiў. Толькi сеў у ядлоўчыку, павесiўшы сваю торбачку з лустаю на дубовы сучок, як наша маладая карова кiнула адразу шчыпаць траву ды бегма да дубочка. Крыху яна не дацягнулася губамi да

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату