Назiраў я за рознымi кветкамi, як яны паступова ператваралiся ў плады, ягады. Набiраў пакрысе ў торбачку i добрых грыбоў, каб хапiла падсмажыць i падвесялiць вячэру ўсёй нашай сям'i. Плёў часам кошычкi для хатняга ўжытку... Але багата часу праводзiў, слухаючы музыку, спевы, гоман бору.
Аднойчы так я суцiшыўся, захапiўся гэтым нiбыта знаёмым i заўсёды новым гоманам бору i раптам чую, што ў гэтай музыцы з'яўляюцца нейкiя нязвыклыя для майго вуха гукi. Так, пэўна, уяўляю я цяпер, дырыжор аркестра чуе на рэпетыцыi якi-небудзь рып не ў час адчыненых дзвярэй або чый-небудзь прыглушаны кашаль.
Дык вось i я, хоць быў толькi сцiплым слухачом канцэрта, якi давала генiяльная мастачка - прырода, пачуў нейкiя нязвыклыя, дысанансавыя гукi: 'пто'... ''пто'... 'пто'... i затым 'оп'! I так разоў дзесяць запар.
Я цiхенька ўзняўся i, цiкаючыся, пачаў наблiжацца да сасонак, за якiмi былi ямiшчы, - напалову засыпаныя леташнiя ямы, дзе зiмой трымалi бульбу. Расхiнуўшы сасновыя лапкi, бачу больш дзесятка зайцоў, вялiкiх i малых, якiя, стаўшы на дзiрванок перад гэтымi ямамi, разбягаюцца, нiбыта паводле нейкай каманды, а затым скачуць праз ямы: раз, два, тры. У гэтым спаборнiцтве некаторыя, асаблiва меншыя, увальвалiся ў якую адну яму. Вось бегучы яны i давалi гукi: 'пто', 'пто', 'пто'... Я нават добра не зразумеў, цi гэта яны лапкамi так тупалi па пяску, цi прыгаварвалi, каб паддаць сабе iмпэту. Глядзеў я, глядзеў, а пасля, калi яны падрыхтавалiся да чарговага перабегу, выйшаў раптоўна ды сказаў:
- Пачакайце, я з вамi...
Куды там! Нават не мог заўважыць: цi яны расталi, цi паразбягалiся так хутка.
Больш яны сюды не прыходзiлi, а можа, прыходзiлi, калi мяне не было.
Дома, пры вячэры, я расказаў пра гэтую гульню. Бацька i растлумачыў, што адзiны зайцаў паратунак - ногi. Вось звяры i практыкуюцца, каб у iх ногi былi моцныя.
'Канец свету'
Перад рэвалюцыяй, гадоў шэсцьдзесят - семдзесят таму назад, у нас, у Беларусi, было мала школ, не было зусiм бiблiятэк у вёсках, не было тады наогул нiдзе на свеце радыё, тэлебачання. Людзi даведвалiся пра апошнiя навiны i пра тое, дзе што на свеце дзеецца ад розных падарожных людзей, ад вандроўнiкаў. Часам гэта былi самыя звычайныя ашуканцы, якiя iшлi ад вёскi да вёскi i памаленьку пашыралi ў народзе ўсялякiя былi i небылiцы. Усюды iх прымалi, частавалi i прагна слухалi розную несусветную лухту. Прыблiзна ў 1906 годзе такiя падарожныя людзi, як згаварыўшыся, на пытанне: 'Што чуваць?' адказвалi адно:
- Дужа кепскае чуваць. Будзе скора канец свету. Будзе анёл боскi па небе лётаць, трубiць у трубу, выклiкаць на страшны суд усiх жывых i нябожчыкаў. Паадкрываюцца магiлы, усе жывыя i ўмерлыя стануць перад тым судом...
Нястрымная людская фантазiя дадавала на месцах усялякiя новыя падрабязнасцi да гэтых апавяданняў, i так па драбочку вырысавалася вялiкая, жудасная карцiна, у якой прадугледжаны быў нават колер неба.
Хто меў у запасе якую сякую капейку, пачаў прапiваць яе.
- Навошта тыя грошы, канец свету...
Хто павiнен быў узараць якую лагчынку, спасылаўся таксама на канец свету. Адным словам - разлад быў немалы.
Здарылася так, што - тады самалётаў яшчэ не было, - з Ковенскай крэпасцi вайсковыя ўлады пусцiлi паветраны шар, аэрастат. Пад гэтым шарам быў падчэплены вялiкi кош, а ў iм сядзела трое вайскоўцаў. Была ў iх труба, каб даваць сiгнал у выпадку патрэбы, быў канат, каб людзi з зямлi маглi прыцягнуць шар да зямлi, калi з каша выкiнуць канец. Паколькi i газет у нас нiхто не выпiсваў, пра такую падзею нашы вяскоўцы нiчога не ведалi i не чулi.
Паветраная плынь панесла гэны шар на поўдзень ад Коўна. Несла, гнала яго i падагнала да нашых мясцiн. Тым часам у тым шары нешта сапсавалася, i з яго памалу пачаў выходзiць газ, якiм ён трымаўся на вышынi. Заўважыўшы гэта, аэранаўты вырашылi, што iм трэба ў прыдатным месцы апусцiцца на зямлю, каб ратаваць жыццё. Нашы Агароднiкi iм зверху, з неба, спадабалiся. Вайскоўцы выкiнулi з каша канец каната i пачалi трубiць у трубу, каб звярнуць увагу людзей на канат, каб людзi прыцягнулi iхнi шар да зямлi.
Але людзi страшэнна напалохалiся. Пачуўшы трубныя гукi, згадаўшы апавяданнi розных бадзяг- вандроўнiкаў, яны падумалi, што сапраўды пачаўся канец свету, што гэта 'анёл боскi' лётае над iмi i заклiкае на страшны суд.
Нiхто да таго каната блiзка не падышоў, усе кiнулiся ў хаты, пабралi абразы, павыносiлi на панадворак, укленчылi i, як хто ўмеў, пачалi малiцца. Жуда была страшэнная. Мне здавалася, што аж зямля пада мной калышацца, вагаецца. Каровы рыкалi, сабакi гаўкалi, куры ўзляталi на платы i стрэхi з гучным кудахтаннем. Здавалася, што i сонца свецiць слабей i зусiм не грэе...
Адзiн наш жыхар, Мацей Юц, замест абраза схапiў качаргу. З ёй i стаяў, укленчыўшы, на панадворку.
Тым часам паветраны шар адагнала ад нашай вёскi ў канец поля, пад Манькавiчы. А было ж там урочышча, якое звалi Гарэлым балотам. Чаму Гарэлым? Бо калiсьцi хлопцы, пасвячы конi, упалiлi торф на тым балотцы. Гарэла яно гады, пэўна, два, зiмой i летам. Калi торф выгараў, увесь верх, разам з лесам, абрушыўся ў тую выгарыну. Толькi верхавiны дрэў засталiся на ўзроўнi зямлi. Таму i пайшла ў нас назва - Гарэлае балота.
Пакруцiўшыся над гэтым урочышчам, канец каната зачапiўся за нейкую верхавiну, пасля чаго шар павольна апусцiўся на дол.
Павылазiўшы са свайго каша, аэранаўты забралi свае прылады, трубу i прыйшлi пехатой у нашу вёску, каб адпачыць i падсiлкавацца. Прыйшоўшы ў вёску, яны i пабачылi, якое там адбываецца багамолле. Тут адзiн 'анёл боскi' i пачаў лаяцца, ды так, як да таго ў нас нiхто нiколi не лаяўся. Пры тым ён усё пытаўся:
- Чаму вы за канат не цягнулi?
Тады толькi ўсе зразумелi, што гэта нiякiя не анёлы, калi так добра ўмеюць сварыцца. Сталi ўсе па адным уставаць, заносiць у хаты абразы. Так пачаўся, так i скончыўся 'страшны суд' у нашай вёсцы. Але не канчаўся ён доўга для таго дзядзькi Мацея, якi жыў у канцы вёскi. Вясковыя дуронiкi, пабачыўшы здаля дзядзьку Мацея, кленчылi на зямлю, узяўшы ў рукi якiя кiйкi. Гэта нагадвала тое, як Мацей калiсьцi стаяў, укленчыўшы, з качаргой у руках.
Бацькi ды наогул старэйшыя людзi-суседзi за такiя камедыi не хвалiлi дуронiкаў, а давалi або пугай пад лыткi, або жыгучкай у штаны. Сапраўды, чаго ж там выскаляцца са старога: не адзiн ён тады настрашыўся. Уся грамада страху мела больш, чымсьцi трэба...
Незапрошаныя вiзiцёры
Сучасныя юныя чытачы i, праўду кажучы, многiя дарослыя людзi, не ведаюць, не ўяўляюць сабе, як цяжка было ў перадрэвалюцыйным часе знайсцi якую добрую кнiжку для чытання. Вясковыя дзецi бачылi фактычна толькi адны школьныя падручнiкi, ды i тых было небагата: кнiга для чытання, задачнiк i 'закон боскi'. Бiблiятэк для рабочых i сялян, асаблiва ў сельскай мясцовасцi, не было нiдзе нiводнай. Паны мелi ўласныя вялiкiя i багатыя бiблiятэкi ў сваiх палацах, але туды простых людзей нiхто не дапускаў. Ды i большая частка кнiг у панскiх бiблiятэках была на замежных, не зразумелых нашаму народу мовах. Адзiныя даступныя кнiжкi, якiя прадавалiся па капейцы за штуку на ўсiх кiрмашах i фэстах, гэта казкi пра Баву Каралевiча, Еруслана Лазаравiча i падобныя да iх. Толькi напярэдаднi рэвалюцыi пачалi з'яўляцца iншыя танныя выданнi, галоўным чынам, маленькiя апавяданнi Льва Талстога.
Нас, дзяцей, цiкавiлi кнiгi ўсялякiя. Нам дужа хацелася даведацца, якiя краiны ёсць на свеце, якiя там людзi i як жывуць. Аб тым, што ў тых краiнах жывуць не так, як у нас, мы добра ведалi ад сваiх землякоў, якiя ездзiлi на заработкi ў Амерыку i ў iншыя краiны. А потым мы сяды-тады бывалi ў князеўскай аранжарэi - велiзарнай i багатай пабудове, дзе бачылi, напрыклад, пальмы, метраў па пяць-шэсць вышынёй, бачылi пярцовае дрэва, бачылi незлiчоную колькасць розных кветак трапiчных краiн, з дзiвоснымi формамi, колерамi i пахам. А садоўнiк, чалавек вельмi культурны i добры, расказваў нам пакрысе пра кожную з тых краiн...
I вось даведалiся мы аднойчы ад княгiнiнага кухара Караля, што ў палацы ёсць вялiкi пакой-кабiнет нябожчыка-князя, а ў iм усе сцены застаўлены вялiзнымi шафамi, а ў тых шафах - кнiгi, кнiгi, кнiгi... Папера ў тых кнiгах, як скура, вырабленая. Аздоблены яны i золатам, i срэбрам, i ўсiмi колерамi, якiя толькi ёсць на зямлi i на небе... Сама княгiня iх, бадай, не чытае. А больш нiкому не дазволена браць кнiгi ў рукi. Толькi адна глухая пакаёўка, панi Марцэля, якая i пры князю там усё даглядала, зрэдку заходзiць у той пакой i выцiрае пыл са сталоў i з палiц. А яшчэ стаяць там зробленыя з каменя, з мармуру, статуi тых людзей, якiя