Рыкi-Цiкi паклаў яйка памiж пярэднiмi лапамi, i вочы ў яго зрабiлiся чырвоныя, як кроў.
- А якi выкуп за змяiнае яйка? За маленькую кобру? За кобру-царэўну? За сама, сама апошнюю ў родзе? Астатнiх на градзе з дынямi ўжо жаруць мурашкi.
Нагайна павярнулася да Рыкi-Цiкi. Яйка прымусiла яе забыцца на ўсё, i Рыкi-Цiкi бачыў, як бацька Тэдзi працягнуў вялiкую руку, ухапiў Тэдзi за плячо, правалок яго па стале, застаўленым кубкамi i шклянкамi, у такое месца, дзе змяя не дастане яго.
- Ашукаў! Ашукаў! Ашукаў! Рык-чк-чк! - дражнiў яе Рыкi-Цiкi. - Хлопчык застаўся цэлы, а я, я, я сёння ўночы злавiў твайго Нага за каршэнь... там, у ванным пакоi... ага!
Тут ён пачаў падскокваць i прыцiскацца галавою да падлогi.
- Наг размахваў мной ва ўсе бакi, але не мог скiнуць мяне з сябе! Ён ужо быў нежывы, калi Вялiкi Чалавек рассек яго кiем на дзве часткi. Забiў яго я, Рыкi-Цiкi-чк-чк! Выходзь жа, Нагайна. Выходзь i бiся са мной. Табе нядоўга асталося быць удавой!
Нагайна ўбачыла, што Тэдзi ёй ужо не забiць, а яйка ляжыць у Рыкi-Цiкi памiж лапамi.
- Аддай мне яйка, Рыкi-Цiкi... Аддай мне маё апошняе яйка, я пайду i не вярнуся нiколi, - сказала яна, апускаючы свой капюшон.
- Так, ты пойдзеш i нiколi не вернешся, Нагайна, бо табе хутка ляжаць побач з тваiм Нагам на сметнiку. Хутчэй жа змагайся са мною. Вялiкi Чалавек пайшоў па стрэльбу ўжо. Змагайся ж са мною, Нагайна!
Рыкi-Цiкi бегаў кругом Нагайны на такой адлегласцi, каб яна не магла яго зачапiць, i яго маленькiя вочкi былi, як гарачае вуголле.
Нагайна скруцiлася ў клубок i з усёй сiлы наляцела на яго. А ён адскочыў угору - i назад. Зноў, i зноў, i зноў паўтаралiся яе напады, i кожны раз яе галава стукалася з размаху аб цыноўку, i яна зноў скручвалася, як пружына ў гадзiннiку. Рыкi-Цiкi танцаваў па крузе, жадаючы абысцi яе ззаду, але Нагайна кожны раз паварочвалася, каб сустрэць яго тварам у твар, - i ад гэтага яе хвост шалясцеў па цыноўцы, як сухое лiсце пад ветрам.
Ён i забыўся пра яйка. Яно ўсё яшчэ ляжала на верандзе, i Нагайна падкрадвалася да яго ўсё блiжэй i блiжэй. I нарэшце, калi Рыкi-Цiкi прыпынiўся, каб аддыхнуць крыху, яна падхапiла яйка i, слiзгануўшы па сходках веранды, панеслася як страла па дарожцы. Рыкi-Цiкi - за ёй. Калi кобра ўцякае ад смерцi, яна выгiнаецца так, як дубец, якiм хвошчуць конскую шыю.
Рыкi-Цiкi ведаў, што ён павiнен дагнаць яе, iнакш усе трывогi пачнуцца спачатку. Яна неслася да цярноўнiку, каб шмыгнуць у густую траву, i Рыкi-Цiкi, прабягаючы, пачуў, што Дарзi ўсё яшчэ распявае сваю недарэчную пераможную песню. Але жонка Дарзi была разумнейшая за яго. Яна вылецела з гнязда i залапатала крыламi над галавой Нагайны. Калi б Дарзi прыляцеў ёй на дапамогу, яны, можа, прымусiлi б кобру звярнуць з дарогi. Цяпер жа Нагайна толькi крышку апусцiла свой капюшон i паўзла далей нацянькi. Але гэта лёгкая затрымка наблiзiла да яе Рыкi-Цiкi, i, калi яна шмыгнула ў нару, дзе жылi яна i Наг, белыя зубы Рыкi ўчапiлiся ёй у хвост, i Рыкi працiснуўся туды следам за ёю, а, дапраўды, не ўсякi мангуст, нават сама разумны i стары, адважыцца пайсцi за кобрай у нару. У нары было цёмна, i Рыкi-Цiкi не мог адгадаць, дзе яна пашыраецца настолькi, што Нагайна павернецца i ўджалiць яго. Таму ён люта ўчапiўся ў яе хвост i, карыстаючыся лапамi, як тармазамi, з усёй моцы ўпiраўся ў мокрую цёплую зямлю.
Хутка трава перастала хiстацца каля ўвахода ў нару, i Дарзi сказаў:
- Загiнуў Рыкi-Цiкi! Мы павiнны праспяваць яму пахавальную песню. Бясстрашны Рыкi-Цiкi загiнуў. Нагайна заб'е яго ў сваiм падзямеллi. У гэтым няма нiякага сумнення.
I ён заспяваў вельмi сумную песню, якую склаў у той жа момант, але толькi ён дайшоў да сама сумнага месца, як трава над нарой заварушылася зноў, i адтуль, увесь заквэцаны ў гразь, выбраўся, аблiзваючы вусы, Рыкi-Цiкi. Дарзi ўскрыкнуў не вельмi голасна i спынiў сваю песню.
Рыкi-Цiкi абтрос з сябе пыл i чхнуў.
- Усё скончана, - сказаў ён. - Удава нiколi ўжо не выйдзе адтуль.
I чырвоныя мурашкi, што жывуць памiж сцяблоў травы, пачалi спускацца ў нару, каб даведацца, цi праўду ён гаворыць.
Рыкi-Цiкi скруцiўся ў клубок i тут жа, у траве, не сыходзячы з месца, заснуў - i спаў, i спаў, i спаў да самага вечара, бо нялёгкая была яго работа ў той дзень.
А калi прачнуўся, ён сказаў:
- Цяпер я пайду дадому. Ты, Дарзi, паведамi кавалю, а ён паведамiць усяму саду, што Нагайна памерла ўжо.
Каваль - гэта птушка. Гукi, якiя выходзяць з яе горла, зусiм як удары малаточка па медным тазе. Гэта таму, што яна служыць за вяшчальнiка ў кожным iндускiм садзе i паведамляе навiны кожнаму, хто хоча слухаць яе.
Iдучы па садовай дарожцы, Рыкi-Цiкi пачуў яе першую трэль - як удары ў маленькi абедзенны гонг. Гэта азначала: 'Маўчыце i слухайце!' А потым звонка i цвёрда:
- Дзiнг-донг-ток! Наг памёр! Донг! Нагайна памерла! Дзiнг-донг-ток!
I адразу ўсе птушкi ў садзе заспявалi i ўсе жабы заквакалi, бо Наг i Нагайна жэрлi i птушак i жаб.
Калi Рыкi-Цiкi падышоў пад дом, Тэдзi, i Тэдзева матка (яна ўсё яшчэ была вельмi белая), i Тэдзеў бацька кiнулiся яму насустрач i ледзь не заплакалi. У гэты вечар яму надавалi столькi ўсякай ежы, што ён i еў бы больш, ды не мог, а калi прыйшоў час спаць, ён усеўся Тэдзi на плячо i выправiўся ў ложак разам з iм. Там убачыла яго Тэдзева мацi, якая прыйшла праведаць сына ўвечары.
- Гэта наш збаўца! - сказала яна мужу. - Падумай толькi: ён выратаваў i Тэдзi, i цябе, i мяне.
Рыкi-Цiкi адразу ж прачнуўся i нават падскочыў, бо сон у мангустаў вельмi чуткi.
- А, гэта вы! - сказаў ён. - Чаго ж вам яшчэ непакоiцца: нiводнай жывой кобры не асталося, а каб i асталося - дык я ж тут.
Рыкi-Цiкi меў права ганарыцца сабою. Але ўсё ж ён вельмi не задаваўся i, як сапраўдны мангуст, ахоўваў гэты сад i зубам, i кiпцем, i скачком, i наскокам, так, што нiводная кобра не смела паткнуцца сюды цераз агароджу.
Хвалебная песня, якую птушка-кравец Дарзi спяваў у славу Рыкi-Цiкi-Тавi
Хто яшчэ гэтак жыве
У небе я песнi пяю.
Тут, на зямлi, я - кравец
Гнёзды i шыю, i ўю.
Тут, на зямлi, i ў небе над ёй
Шыю я, ўю i пяю!
* * *
Радуйся, мацi! Цяпер
Над птушанём не дрыжы:
Наг - крыважэрлiвы звер
Ў цеснай магiле ляжыць.
Крывасмок, што таiўся ў ружах,
У цеснай магiле ляжыць.
* * *
Хто быў - спявайце грамчэй!
Карай для гадзiны злой.
- Рыкi - яскравасць вачэй,
Цiкi - бясстрашны герой,
Рыкi-Цiкi-Цiкi, герой наш вялiкi,
Наш агнявокi герой!
* * *
Слава знiшчальнiку змей,
Радасць прынёсшаму нам.
Песню спявай, салавей.
Не, заспяваю я сам.
Славу пяю я вялiкаму Рыкi,
Кiпцям яго смелым, зубам яго белым,
Агнёва-чырвоным вачам!
(Тут песня перарываецца, бо Рыкi-Цiкi-Тавi перашкодзiў спеваку далей спяваць яе.)
КАЗКА ПРА СТАРОГА КЕНГУРУ
Не заўсёды Кенгуру быў гэтакi, як цяпер, а быў ён Iнакшы - Маленькi i на чатырох нагах. Ён быў шэры i калматы i страшэнна фанабэрлiвы. Ён скакаў па камянiстых пагорках у самай сярэдзiне Аўстралii i аднойчы з'явiўся перад Малодшым Богам па iменi Нка.
З'явiўся ён да Нка ў шэсць перад снеданнем i кажа:
- Зрабi мяне непадобным на ўсiх астатнiх жывёлiн, ды не пазней як да пяцi гадзiн дня.