момант, калi Тэдзi нахiлiўся над iм, нешта прамiльгнула, выкручваючыся ў пыле, i цененькi галасок вымавiў: 'Сцеражыся! Я - смерць!'
Гэта была Карайт, пыльна-шэрая змейка. Джала ў яе такое ж атрутнае, як i ў кобры, але таму, што яна маленькая, нiхто i не глядзiць на яе, i такiм чынам яна робiць людзям яшчэ больш шкоды.
Вочы ў Рыкi-Цiкi зноў зрабiлiся чырвоныя, i ён, падскокваючы, падбег да Карайт той асаблiвай няроўнай хадою ўразвалку, якая дасталася яму ад ягоных прародзiчаў. Хада пацешная, але вельмi зручная, таму што дае вам магчымасць зрабiць скачок пад любым патрэбным вуглом. А калi сутыкаешся са змеямi, гэта сама важнае. Паядынак з Карайт быў яшчэ больш небяспечны для Рыкi, чым бойка з Нагам, бо Карайт, такая маленькая, такая вёрткая i спрытная, што, калi толькi Рыкi не ўвап'ецца ў яе ззаду зубамi крышку нiжэй галавы, Карайт абавязкова ўджалiць яго або ў вока, або ў губу.
Але ж Рыкi гэтага не ведаў. Вочы ў яго зусiм пачырванелi, ён ужо нi пра што не думаў - ён iшоў i пагойдваўся то ўзад, то ўперад, шукаючы, куды б яму лепш ушпiлiцца зубамi. Карайт наляцела на яго, каб уджалiць. Рыкi адскочыў убок i хацеў ужо быў пусцiцца наўцёкi, але праклятая пыльна-шэрая галоўка нагнала яго, i каб скiнуць яе са спiны, яму прыйшлося перакулiцца ў паветры. Яна не адставала i iмчалася за iм па пятах.
Тэдзi павярнуўся да дома i крыкнуў:
- Iдзiце паглядзiце: наш мангуст забiвае змяю!
I Рыкi-Цiкi пачуў, як войкнула Тэдзева матка. Бацька хлопчыка выбег з кiем, але якраз у гэты час Карайт зрабiла няўдалы скачок - скочыла далей, чым трэба, - i Рыкi-Цiкi ўскочыў на Карайт i ўшпiлiўся зубамi крышку нiжэй яе галавы, а потым адкацiўся ад яе. Карайт адразу перастала варушыцца, i Рыкi-Цiкi падрыхтаваўся ўжо з'есцi яе, пачынаючы ад хваста (такi абедзенны звычай у мангустаў), як раптам успомнiў, што мангусты ад сытнай ежы цяжэюць i што, калi ён хоча захаваць свой спрыт i сiлу, ён павiнен аставацца худы. Ён адышоўся i пачаў купацца ў пыле пад кустом клешчавiны, а Тэдзеў бацька накiнуўся з кiем на мёртвую Карайт.
'Навошта гэта? - думаў Рыкi. - Я ж ужо прыкончыў яе'.
I тут да Рыкi-Цiкi падбегла Тэдзева матка, падняла яго прама з пылу i пачала моцна прыцiскаць да сябе, крычучы, што ён выратаваў яе сына ад смерцi, а Тэдзi зрабiў вялiкiя вочы, i ў ягоных вачах быў спалох. Мiтусня спадабалася Рыкi, але чаму яна адбылася, ён, вядома, зразумець не мог. Можа, Тэдзева матка лашчыць яго за тое, што ён выкачаўся ў пыле? Ва ўсякiм выпадку, усё гэта было вельмi прыемным.
Калi селi абедаць, Рыкi-Цiкi, гуляючы па абрусе сярод шклянак вiна, мог бы тройчы напакаваць сабе бруха найсмачнейшымi прысмакамi, але ён успомнiў пра Нага i Нагайну, i хоць яму было вельмi прыемна, што Тэдзева мацi цiскае i гладзiць яго i што Тэдзi садзiць яго да сябе на плячо, але вочы ў яго штохвiлiны чырванелi, i ён кiдаў свой ваяўнiчы клiч:
- Рыкi-цiкi-цiкi-цiкi-чк!
Тэдзi ўзяў яго да сябе ў ложак. Хлопчыку хацелася, каб Рыкi абавязкова спаў у яго пад самым падбародкам, на грудзях. Рыкi быў добрага выхавання мангуст i не мог нi ўкусiць, нi абдрапаць яго, але ледзь толькi Тэдзi заснуў, ён злез з ложка i пайшоў вандраваць па доме.
Упоцемку ён наткнуўся на мускусную пацучыху Чучундру, якая падкрадвалася блiжэй да сцяны.
У Чучундры разбiтае сэрца. Яна енчыць i ные ўсю ноч i ўсё хоча набрацца адвагi, каб выбегчы на сярэдзiну пакоя. Але адвагi ў яе нiколi не знаходзiцца.
- Не губi мяне, Рыкi-Цiкi! - закрычала яна i ледзьве не заплакала.
- Той, хто забiвае змяю, цi будзе вазiцца з нейкiм там мускусным пацуком! - пагардлiва сказаў Рыкi-Цiкi.
- Хто забiвае змяю, той ад змяi i загiне! - яшчэ сумней сказала Чучундра. - I хто ведае, цi не заб'е мяне Наг, памылiўшыся? Ён падумае, што я - гэта ты...
- Знайшла чаго баяцца! - сказаў Рыкi-Цiкi. - Наг у садзе, а цябе там нiколi не бывае...
- Мая стрыечная сястра - пацучыха Чуа - казала мне... - пачала Чучундра i змоўкла.
- Што ж яна казала?
- Цсс... Наг пачуе нас, ён - усюды. Няхай бы ты сам пагутарыў з маёй сястрой у садзе.
- Але ж я яе не бачыў. Ну, дык гавары! Ды хутчэй, Чучундра, а не - дык я цябе ўкушу!
Чучундра села, падкурчыўшы ногi, i пачала плакаць.
Плакала яна так доўга, што з вусоў у яе пакацiлiся слёзы.
- Я такая няшчасная! - лямантавала яна. - У мяне нiколi не ставала смеласцi выбегчы на сярэдзiну пакоя. Цссс! Але хiба ты не чуеш, Рыкi-Цiкi? Лепш ужо мне нiчога не гаварыць.
Рыкi-Цiкi прыслухаўся. У доме была цiшыня, але яму здалося, што да яго ледзь-ледзь даносiцца найлягчэйшае трр-трр, як быццам па шкле прайшла аса. Гэта шархацела змяiная скура па цаглянай падлозе.
'Або Наг, або Нагайна! - вырашыў ён. - Нехта з iх паўзе ў ванны пакой па рыштку для сцякання вады...'
- Праўда твая, Чучундра. Мне трэба было б пагаманiць з тваёй Чуа.
Ён пракраўся ў Тэдзеў пакой для ўмывання, але там нiкога не было. Адтуль ён прабраўся ва ўмывальны пакой Тэдзевай маткi. Там у атынкаванай гладкай сцяне, каля самай падлогi, была вынята цаглiна для спуску вады, i калi Рыкi прабiраўся па каменнаму беражку таго паглыбення, у якое ўстаўлена ванна, ён пачуў, як за сцяной у ззяннi месяца шэпчуцца Наг i Нагайна.
- Калi ў доме перастануць жыць людзi, - гаварыла Нагайна мужу, - ён таксама пойдзе адсюль, i сад зноў будзе наш. Iдзi ж, не хвалюйся i памятай, што перш-наперш ты павiнен укусiць Вялiкага Чалавека, якi забiў Карайт. А потым вяртайся да мяне, i мы ўдваiх прыкончым Рыкi-Цiкi.
- Але цi будзе нам якая, хоць найменшая, карысць, калi мы заб'ём iх?
- Ды што ты! Вялiзная! Калi дом быў пусты, хiба тут вялiся мангусты? Пакуль у доме нiхто не жыве, мы з табою - цары ўсяго саду: ты цар, я царыца. I не забудзься, што калi на градзе з дынямi вылупяцца з яек нашы дзецi (а гэта можа здарыцца i заўтра), iм патрэбен будзе спакой i ўтульнасць.
- Пра гэта я i не падумаў, - сказаў Наг. - Добра, я iду. Але, здаецца, няма нiякага сэнсу выклiкаць на бой Рыкi-Цiкi. Я заб'ю Вялiкага Чалавека i яго жонку, а таксама, калi мне ўдасца, яго сына - i выпаўзу цiхенька. Тады дом стане пусты, i Рыкi-Цiкi сам пойдзе адсюль.
Рыкi-Цiкi ажно ўвесь дрыжаў ад абурэння i злосцi.
У адтулiну прасунулася галава Нага, а за ёй i ўсе пяць футаў яго халоднага тулава. Рыкi-Цiкi хоць i быў разлютаваны, але ўсё ж жахнуўся, калi ўбачыў, якая вялiзная гэта кобра. Наг скруцiўся ў кальцо, падняў галаву i прыглядаўся да цемры ваннага пакоя - Рыкi-Цiкi мог бачыць, як цьмяна паблiскваюць яго вочы.
'Калi я заб'ю яго цяпер, - меркаваў Рыкi-Цiкi, - пра гэта зараз жа даведаецца Нагайна. Бiцца ж у адкрытым месцы мне вельмi нявыгадна: Наг можа мяне адолець. Што мне рабiць?'
Наг пагойдваўся ўправа i ўлева, а потым Рыкi-Цiкi пачуў, як ён п'е ваду з вялiкага збана, якiм карысталiся, налiваючы ванну.
- Цудоўна! - сказаў Наг, прагнаўшы смагу. - У Вялiкага Чалавека быў кiй, калi ён выбег, каб забiць Карайт. Можа, гэты кiй пры iм i цяпер. Але калi сёння ўранку ён прыйдзе сюды мыцца, ён будзе, вядома, без кiя... Нагайна... ты чуеш мяне?.. Я пачакаю яго тут у халадку да ранiцы.
Нагу нiхто не адказаў, i Рыкi-Цiкi зразумеў, што Нагайна адпаўзла. Наг абвiўся вакол вялiкага збана каля самай падлогi i заснуў. А Рыкi-Цiкi стаяў цiха, як смерць. Праз гадзiну ён пачаў пасоўвацца да збана - мускул за мускулам. Рыкi прыглядаўся да шырокай спiны Нага i думаў, куды ўшпiлiцца зубамi.
'Калi я ў першы ж момант не перакушу яму шыю - у яго ўсё яшчэ хопiць сiлы змагацца са мной, а калi ён пачне змагацца - о, Рыкi!..'
Ён паглядзеў, якая тоўстая шыя ў Нага, - не, яму з гэткай шыяй не справiцца. А грызнуць дзе-небудзь блiжэй да хваста - толькi яшчэ горш раззлаваць ворага.
'Астаецца галава, - вырашыў ён. - Галава над самым капюшонам. I калi ўжо ўчапiцца ў яе, дык не выпускаць нiзавошта...'
I ён скочыў. Галава змяi ляжала крышку наводшыб: пракусiўшы яе зубамi, Рыкi-Цiкi мог прыперцiся спiнаю да выступу глiнянага збана i не даць галаве падняцца з зямлi. Такiм чынам ён выйграваў толькi секунду, але ўжо гэтую секунду ён выкарыстаў як толькi мог. А потым яго падхапiла i бразнула вобземлю, i пачало шкуматаць на ўсе бакi, як пацука шкуматае сабака, i ўгору, i ўнiз, i вялiкiмi кругамi, але вочы ў яго