- Гуляй, гуляй, - адазваўся Мужчына, - але толькi не там, дзе я. Трапiш мне на вочы, я зараз жа кiну ў цябе ботам цi паленам, i так стануць рабiць усе Мужчыны, якiя будуць пасля мяне.

Тады выступiў Сабака i сказаў:

- Пачакай. Цяпер мая чарга заключыць умову. А праз мяне ўмова будзе заключана i з усiмi iншымi Сабакамi, якiя будуць жыць пасля мяне. - Ён ашчэрыў зубы i паказаў iх Кату. - Калi, пакуль я ў Пячоры, ты будзеш няласкавы з Дзiцём, - гаварыў ён, - я кiнуся на цябе i пакусаю цябе. I так пачнуць рабiць усе сабакi, што будуць жыць пасля мяне на векi вечныя.

Пачула гэта Жанчына i сказала сама сабе:

'Так, гэты Кот разумны, а наш Сабака разумнейшы'.

Кот палiчыў сабачыя зубы, i яны здалiся яму вельмi вострымi. Ён сказаў:

- Добра, пакуль я ў Пячоры, буду ласкавы да Дзiцяцi, - калi толькi Дзiця не будзе вельмi балюча цягаць мяне за хвост. Але не забудзьцеся: я, Кот, хаджу дзе ўздумаю, гуляю сам сабою.

- Гуляй, гуляй, - адгукнуўся Сабака, - але толькi не там, дзе я. А не то, як толькi я сустрэну цябе, дык зараз жа забрашу, налячу на цябе i заганю цябе ўверх на Дрэва. I так пачнуць рабiць усе Сабакi, што будуць жыць пасля мяне.

I зараз жа, не трацячы нi хвiлiны, кiнуў Мужчына ў Ката ботамi ды крамянёвай сякерай, i Кот кiнуўся вон з Пячоры, а Сабака пагнаўся за iм i загнаў яго ўверх на Дрэва, - i ад таго самага дня, мой хлопчык, i да гэтага часу трое Мужчын з пяцi - калi яны сапраўдныя мужчыны - кiдаюць чым папала ў Ката, дзе б ён нi трапiўся iм на вочы, i ўсе Сабакi - калi яны сапраўдныя Сабакi, - усе да аднаго, заганяюць яго ўверх на Дрэва. Але i Кот верны сваёй умове. Пакуль ён у доме, ён ловiць Мышэй i ласкава абыходзiцца з дзецьмi, калi толькi дзецi не вельмi балюча цягаюць яго за хвост. Але як толькi ўлучыць хвiлiнку, толькi надыдзе ноч i ўзыдзе месяц, зараз жа ён кажа: 'Я, Кот, хаджу дзе ўздумаю, гуляю сам сабою', i бяжыць у Дзiкi Лес, або ўзлезе на Дзiкiя Дрэвы, або ўзбярэцца на Дзiкiя Дахi i дзiка махае сваiм дзiкiм хвастом.

Кошка мурлыкае, дзiўна пяе,

Лазiць па дрэвах так лоўка,

Бегае шустра, ловiць i рве

Корак з працятай вяроўкай.

Мы адпачынак праводзiм з табой,

Бiнкi паслушны i верны,

Бiнкi стары i адданнейшы мой,

Праўнук сабакi пячорнай.

Калi вы, набраўшы з-пад крана вады,

Лапы намочыце кошцы

(Каб выявiць потым сляды

Дзiкiх звяроў на аконцы),

Кошка крычыць, вырываецца з рук,

Мяўкае, нават укусiць.

Бiнкi ж - адданы i верны мне друг.

Дружба нам не надакучыць.

Кошка ўвечары ласкавым зверам

Трэцца аб вашы каленкi.

Толькi вы ляжаце, кошка за дзверы

Мчыцца на двор па ступеньках.

Кошка знiкае кудысьцi ўначы,

Бiнкi ж пры мне пастаянна:

Ён мне гатовы заўжды памагчы

Значыць, ён друг беззаганны.

МАТЫЛЁК, ЯКI ТУПНУЎ НАГОЮ

Вось табе, мой любенькi хлопчык, новая цудоўная казка - зусiм адметная, не падобная на ўсе астатнiя, - казка пра наймудрэйшага цара Сулеймана-iбн-Дауда. На свеце ёсць трыста пяцьдзесят казак пра Сулеймана-iбн- Дауда; але гэтая казка не з iх. Гэтая казка - пра Матылька, якi тупнуў нагою.

Дык слухай жа, слухай уважлiва.

Сулейман-iбн-Дауд быў мудрэц. Ён разумеў, што гавораць звяры, што гавораць птушкi, што гавораць рыбы, што гавораць насякомыя. Ён разумеў, што гавораць камянi глыбока пад зямлёю, калi яны душаць адзiн аднаго i стогнуць. I ён разумеў, што гавораць дрэвы, калi яны шамацяць лiсцем на досвiтку. Ён разумеў усiх - i асу, i лiсу, i ясень у лесе. I прыгожая царыца Балкiда, яго Першая i Галоўная царыца, была амаль гэтакая ж мудрая.

Сулейман-iбн-Дауд быў магутны. На сярэднiм пальцы правай рукi ён насiў залаты пярсцёнак. Варта было яму пакруцiць гэты пярсцёнак, як з-пад зямлi выляталi Афрыты i Джыны i рабiлi ўсё, што ён пажадае iм загадаць. А варта было яму пакруцiць пярсцёнак два разы, з неба спускалiся Феi i рабiлi таксама ўсё, што ён загадае. Калi ж ён пакручваў свой пярсцёнак тры разы, перад iм з'яўляўся з мячом сам вялiкi анёл Азраiл у адзеннi звычайнага ваданоса i паведамляў яму пра ўсё, што адбываецца на зямлi, на небе i пад зямлёю.

I ўсё-такi Сулейман-iбн-Дауд быў чалавек вельмi сцiплы. Ён амаль нiколi не выхваляўся, а калi яму i здаралася пахвалiцца, ён пасля шкадаваў аб гэтым i каяўся.

Аднойчы ён абвясцiў, што хоча накармiць за адзiн дзень усiх звяроў, якiя толькi iснуюць на свеце, але, калi ён прыгатаваў яду, з глыбiнi мора выплыў нейкi вялiкi Звяруга i зжор усё за тры глыткi. Сулейман-iбн- Дауд быў вельмi здзiўлены i сказаў:

- О Звяруга, хто ты такi?

I Звяруга адказаў:

- О валадар! Будзь здаровы на векi вякоў! Я сама маленькi з трыццацi тысяч братоў, i мы жывём на дне мора. Мы дачулiся, што ты хочаш накармiць усiх звяроў, якiя толькi ёсць на свеце, i мае браты паслалi мяне даведацца ў цябе, цi хутка будзе абед.

Сулейман-iбн-Дауд быў страшэнна здзiўлены i сказаў:

- О Звяруга, ты зжор увесь абед, што прыгатаваў я для ўсiх звяроў, якiя толькi ёсць на свеце.

I сказаў яму Звяруга:

- О Валадар, будзь здаровы на векi вякоў! Але няўжо ты i сапраўды называеш гэта абедам? Там, адкуль я прыйшоў, кожнаму з нас трэба ў два разы больш яды, каб перакусiць памiж абедам i вячэрай.

Тады Сулейман-iбн-Дауд павалiўся нiцма перад iм i ўсклiкнуў:

- О Звяруга, я прыгатаваў гэты абед, каб паказаць усiм, якi я вялiкi i багаты цар, а зусiм не таму, што я i папраўдзе люблю звяроў. Цяпер я пасаромлены, i хай будзе мне гэта добрай навукай.

Сулейман-iбн-Дауд быў i напраўду мудрэц, мой любенькi хлопчык. Пасля гэтага выпадку ён ужо нiколi не забываўся, што выхваляцца неразумна. I вось цяпер якраз i пачынаецца сапраўдная казка.

У Сулеймана-iбн-Дауда было много жонак. У яго было дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак, калi не лiчыць найпрыгажэйшай Балкiды. Усе яны жылi ў вялiкiм залатым палацы пасярод цудоўнага саду з фантанамi.

На самай справе Сулейману-iбн-Дауду зусiм не патрэбны былi дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак, але ў тыя часы кожны меў па некалькi жонак, так што цар, вядома, мусiў браць сабе яшчэ больш, каб паказаць, што ён цар.

Адны з iх былi красунi, другiя проста ўродзiны. Непрыгожыя вечна варагавалi з красунямi, i тыя ад гэтага таксама рабiлiся пачварамi, i ўсе яны сварылiся з Сулейманам-iбн-Даудам, што прычыняла яму вялiкiя пакуты. Адна толькi цудоўная Балкiда нiколi не сварылася з Сулейманам-iбн-Даудам, бо дужа яна кахала яго. Яна альбо сядзела ў сябе ў залатым палацы, альбо гуляла па садзе, i ёй было вельмi шкада Сулеймана-iбн- Дауда.

Вядома, каб ён захацеў пакруцiць у сябе на пальцы пярсцёнак i паклiкаць Джынаў i Афрытаў, яны ператварылi б усiх яго дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак у белых аслiц, або ў хартоў, або ў зярняткi граната. Але Сулейман-iбн-Дауд баяўся зноў аказацца выхвалякам.

Таму, калi яго крыклiвыя жонкi сварылiся ўжо занадта моцна, ён толькi сыходзiў у зацiшны куточак свайго саду пры палацы i праклiнаў тую часiну, калi ён нарадзiўся на свет.

Аднойчы здарылася так, што яны сварылiся ўжо тры тыднi запар - усе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак. Сулейман-iбн-Дауд сышоў ад iх, як звычайна, у цiхi закутак саду. I сярод апельсiнавых дрэў ён сустрэў Балкiду Найпрыгажэйшую. I яна сказала:

- О пане мой, святло вачэй маiх, пакруцi ў сябе на пальцы пярсцёнак i пакажы гэтым эгiпецкiм, месапатамскiм, кiтайскiм, персiдскiм царыцам, якi ты вялiкi i грозны валадар.

Але Сулейман-iбн-Дауд захiтаў галавою i адказаў:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату