- О панi мая, радасць жыцця майго, успомнi Звяругу, што выплыў з марской глыбiнi i асарамацiў мяне перад усiмi звярамi, якiя толькi ёсць на зямлi, за тое, што я надумаўся павыхваляцца. Цяпер, калi я пачну выхваляцца перад гэтымi персiдскiмi, абiсiнскiмi, кiтайскiмi, эгiпецкiмi царыцамi толькi таму, што яны дакучаюць мне сваёю балбатнёю, я магу яшчэ горш асарамацiцца.

I Балкiда Найпрыгажэйшая сказала ў адказ:

- О пане мой, скарб душы маёй, што ж ты будзеш рабiць?

I Сулейман-iбн-Дауд адказаў:

- О панi мая, уцеха сэрца майго, давядзецца аддаць свой лёс у рукi тых дзевяцiсот дзевяноста дзевяцi царыц, якiя выводзяць мяне з цярпення сваiмi няспыннымi сваркамi.

I ён пайшоў мiма лiлеяў i японскiх лакатаў, мiма ружаў, каннаў i духмянага iмбiру, што раслi ў садзе, i прыйшоў да вялiзнага камфорнага дрэва, якое празвалi Камфорнае Дрэва Сулеймана-iбн-Дауда.

А Балкiда схавалася мiж высокiх касачоў, плямiстага бамбуку i чырвоных лiлеяў, каб быць блiжэй да свайго каханага Сулеймана-iбн-Дауда.

У гэты час пад дрэвам праляталi два матылькi. Яны сварылiся.

Сулейман-iбн-Дауд пачуў, што адзiн з iх сказаў другому:

- Як ты смееш гаварыць са мною гэтак непачцiва i груба? Хiба ты не ведаеш, што варта мне тупнуць нагою - i ўзачнецца навальнiца, i ўвесь палац Сулеймана-iбн-Дауда, i ўвесь гэты сад праваляцца ў тартарары!

Тады Сулейман-iбн-Дауд забыўся на ўсiх сваiх дзевяцьсот дзевяноста дзевяць сварлiвых жонак i засмяяўся. Ён смяяўся з самахвальства Матылька, i смяяўся гэтак доўга, што затрэслася нават камфорнае дрэва. I ён выставiў палец i сказаў:

- Ану, хадзi ты сюды, чалавечак!

Матылёк страшэнна спалохаўся, але нiчога не зробiш, давялося яму падляцець да Сулеймана-iбн-Дауда i сесцi, трапечучы крыльцамi, на яго выстаўлены палец. Сулейман-iбн-Дауд нахiлiў галаву i цiхенька прашаптаў:

- Ах, чалавечак, ты ж цудоўна ведаеш, што, колькi б ты нi тупаў нагою, ад гэтага не зварухнецца нават травiнка! Чаму ж ты гэтак бессаромна лжэш сваёй жонцы? Гэта ж праўда, што яна твая жонка?

Матылёк паглядзеў на Сулеймана-iбн-Дауда i ўбачыў наймудрэйшыя вочы цара, што зiхацелi, як зоркi ў марозную ноч. I ён склаў крыльцы, i схiлiў галаву, i сабраў усю сваю мужнасць, i сказаў:

- Сапраўды, гэта мая жонка, а ты сам добра ведаеш, што яны такое, нашы жонкi.

Сулейман-iбн-Дауд ухмыльнуўся ў бараду i адказаў:

- Так, браце мой, гэта я вельмi добра ведаю.

- Трэба ж трымаць iх у паслухмянасцi, - сказаў Матылёк. - А мая жонка лае мяне ўжо ўсю ранiцу, я i настрашыў яе, каб яна перастала бушаваць i сварыцца.

I Сулейман-iбн-Дауд сказаў:

- Што ж, можа, гэта i сапраўды ўцiхамiрыць яе. Iдзi да свае жонкi, о браце мой, а я паслухаю, што ты ёй скажаш.

Паляцеў Матылёк назад да сваёй жонкi, якая сядзела пад лiсцiкам i дрыжала ад страху.

I яна ўсклiкнула:

- Ён чуў твае словы! Сулейман-iбн-Дауд чуў, што ты сказаў!

- Чуў, - адказаў Матылёк. - Я i хацеў, каб ён чуў.

- I што ж ён сказаў? О, што ж ён сказаў?

- Ну, - адказаў Матылёк, важна памахваючы крыльцамi, - мiж намi, дарагая, (вядома, я не асуджаю яго, бо палац вельмi дорага каштуе, ды i апельсiны якраз даспяваюць). Зрэшты, ён прасiў мяне не тупаць, i я паабяцаў, што не тупну.

- Божа мой! - усклiкнула жонка Матылька i прыцiхла, а Сулейман-iбн-Дауд смяяўся да слёз з нахабства гэтага прайдзiсвета.

Балкiда Найпрыгажэйшая стаяла за дрэвам сярод пунсовых лiлеяў i ўсмiхалася ўпотай, бо яна чула ўсю размову. I яна падумала: 'Калi я i праўда мудрая, я магу збавiць свайго каханага ад дакучлiвых сварлiвых царыц'. Яна выставiла палец i цiхенька прашаптала жонцы Матылька:

- Малюсенькая жанчына, хадзi-тка сюды!

Матылiха страшэнна спужалася, ды нiчога не зробiш, яна падляцела да Балкiды i села на яе белую руку.

Балкiда нахiлiла сваю прыгожую галаву i прашаптала:

- Малюсенькая жанчына, няўжо ты i праўда паверыла таму, што сказаў табе муж?

Матылiха зiрнула на Балкiду i ўбачыла вочы Найпрыгажэйшай царыцы, што зiхацелi, як зiхацiць возера ў месячную ноч. Матылiха склала крыльцы i, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, сказала:

- О царыца, красуйся на векi вякоў! Ты ж ведаеш, што такое мужы!

I царыца Балкiда, мудрая Балкiда Саўская, падняла руку да вуснаў, каб схаваць усмешку, i сказала:

- Так, сястрыца мая, ведаю.

- Яны злуюцца за дробязi, - сказала Матылiха, хутка-хутка распасцiраючы i складваючы крыльцы, - i мы павiнны ўлагоджваць iх, о Царыца, каб яны не бурчалi. Яны нiколi не думаюць нават паловы таго, што кажуць. Калi мужу майму гэтак хочацца верыць, нiбыта я паверыла, што варта яму тупнуць нагой i палац Сулеймана-iбн-Дауда знiкне, няхай сабе верыць, не буду яму пярэчыць. Усё адно заўтра ён пра гэта забудзецца.

- Так, сястрыца мая, ты кажаш шчырую праўду, - прамовiла Балкiда, - але, калi ён наступны раз пачне перад табою выхваляцца, злавi яго на слове. Скажы яму, каб ён i папраўдзе тупнуў нагою, i паглядзi, што з гэтага выйдзе. Ён будзе дужа пасаромлены. Вось пабачыш.

Матылiха паляцела да свайго Матылька, а праз пяць хвiлiн яны ўжо сварылiся - яшчэ мацней, чым раней.

- Успомнi, - сказаў Матылёк, - успомнi, што я магу зрабiць, калi тупну нагою!

- Я табе анi не веру, - адказала Матылiха, - i я была б рада паглядзець, што ў цябе з гэтага выйдзе! Тупнi! Тупнi! Калi ласка, тупнi!

- Я абяцаў Сулейману-iбн-Дауду не тупаць, i я не хачу парушаць сваё слова.

- Колькi нi тупай, усё адно нiчога не будзе. Нават маленькая травiнка i тая не зварухнецца. Чаму ж ты не тупаеш? Тупнi! Тупнi! Кажу табе: тупнi!

Сулейман-iбн-Дауд сядзеў пад камфорным дрэвам, чуў кожнае слова i смяяўся гэтак, як яшчэ нiколi не смяяўся.

Ён забыўся пра царыц, ён забыўся пра Звяругу, што выплыў з марской глыбiнi, ён забыўся пра сваё самахвальства. I Балкiда, стоячы за дрэвам, таксама смяялася, бо яе каханаму было гэтак весела.

Але вось Матылёк, злосны i ўсхваляваны, зноў спусцiўся пад камфорнае дрэва i сказаў Сулейману-iбн- Дауду:

- Яна хоча, каб я тупнуў. Яна хоча паглядзець, што з гэтага выйдзе. О Сулейман-iбн-Дауд, ты ж ведаеш, што ў мяне нiчога не атрымаецца! I цяпер яна ўжо нiколi не паверыць нiводнаму майму слову i будзе смяяцца з мяне да канца маiх дзён.

- Не, о браце мой, - сказаў Сулейман-iбн-Дауд, - гэтага не будзе, абяцаю табе.

I ён пакруцiў на пальцы пярсцёнак (толькi для таго, каб дапамагчы Матыльку, а не для таго, каб пахвалiцца сваёю ўсемагутнасцю), i як згледзець вокам чатыры вялiзныя Джыны ўзнiклi перад iм з-пад зямлi.

- Рабы, - сказаў Сулейман-iбн-Дауд, - калi гэты васпан, што сядзiць у мяне на пальцы (там сядзеў хвалько Матылёк), тупне левай пярэдняй нагой, зрабiце так, каб усчалася навальнiца, ляснуў пярун i гэты палац, i ўсе гэтыя сады згiнулi з вачэй, знiклi. А як ён тупне зноў, асцярожна пастаўце iх на ранейшае месца.

- Цяпер, о браце мой, - сказаў ён Матыльку, - iдзi да жонкi i тупай сабе на пацеху.

Матылёк падляцеў да жонкi, якая ўсё яшчэ крычала:

- Чаму ж ты не тупаеш? Тупнi! Ну, тупнi ж! Тупнi!

За агароджай, што акружала палац, Балкiда ўбачыла чатырох Джынаў i сказала:

- Нарэшце такi Сулейман-iбн-Дауд, каб уратаваць Матылька, зробiць тое, што даўным-даўно павiнен быў зрабiць, каб уратаваць самога сябе: утаймуе гэтых сварлiвых царыц.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату