- Цудоўна! - сказаў Маўглi. - Пакуль яго тут няма, ты або хто-небудзь з чатырох братоў павiнен сядзець на гэтай скале, каб я цябе бачыў, калi выходжу з вёскi. Калi ён вернецца, чакайце мяне ў яры пасярод раўнiны, пад дрэвам дхак. Няма чаго лезцi ў самую пашчу Шэр-Хану.

Пасля гэтага Маўглi выбраў цянiстую мясцiнку i заснуў, а буйвалы пасвiлiся вакол яго. Пасвiць жывёлу ў Iндыi - занятак для гультаёў. Каровы пераходзяць з месца на месца i жуюць, потым кладуцца, потым зноў iдуць далей i нават не рыкаюць. Яны толькi чмыхаюць, а буйвалы вельмi рэдка гавораць што-небудзь. Яны заходзяць у мулiстыя затокi адзiн за другiм i залазяць у гразь па самую мысу, так што вiдаць толькi нос ды сiнiя, нiбы фарфоравыя, вочы, i ляжаць там, як калоды. Нагрэтыя сонцам скалы быццам бруяцца ад спёкi, i пастушкi чуюць, як каршун (заўсёды ўсяго адзiн) нябачна пасвiствае ў iх над галавой, i ведаюць, што, калi хто-небудзь з iх памрэ або здохне карова, гэты каршун зляцiць унiз, i суседнi каршун за шмат мiляў адсюль убачыць, як той спусцiўся i таксама паляцiць за iм, а потым яшчэ адзiн i яшчэ, так што ледзь толькi паспее хто-небудзь памерцi, як дваццаць галодных каршуноў з'яўляюцца невядома адкуль. Хлопчыкi дрэмлюць, прачынаюцца i зноў засынаюць, плятуць маленькiя кошыкi з сухой травы i саджаюць у iх конiкаў; а то зловяць двух багамолаў i прымушаюць iх бiцца, а то нанiзваюць пацеркi з чырвоных i чорных лясных арэхаў, або глядзяць, як яшчарка грэецца на сонцы, або як змяя каля лужыны палюе на жабу. Потым яны спяваюць доўгiя, працяжныя песнi з дзiўнымi пералiвамi ў канцы, i дзень здаецца iм даўжэйшым, чым усё жыццё iншым людзям. А другi раз вылепяць палац або храм з глiны з фiгуркамi людзей, коней i буйвалаў, уставяць трысцiнкi людзям у рукi, нiбыта гэта ўладарныя князi, а астатнiя фiгуркi iхняе войска, або нiбыта гэта багi, а астатнiя iм моляцца. Потым надыходзiць вечар, дзецi склiкаюць статак, i буйвалы адзiн за другiм падымаюцца з густой гразi з шумам гарматнага стрэлу, i ўвесь статак цягнецца гужам цераз шэрую раўнiну назад, да мiгатлiвых агеньчыкаў вёскi.

Дзень за днём вадзiў Маўглi буйвалаў да мулiстых затокаў, дзень за днём бачыў Шэрага Брата на раўнiне (i таму ведаў, што Шэр-Хан яшчэ не вярнуўся), дзень за днём ён ляжаў у траве, прыслухоўваўся да гукаў вакол сябе i думаў пра ранейшае жыццё ў джунглях. Калi б Шэр-Хан спатыкнуўся сваёй кульгавай лапай дзе-небудзь у зараснiку на беразе Вайнгангi, Маўглi пачуў бы яго гэтымi доўгiмi цiхiмi ранкамi.

Надышоў нарэшце дзень, калi Маўглi не ўбачыў Шэрага Брата на дамоўленым месцы, i, засмяяўшыся, ён пагнаў буйвалаў да яра пад дрэвам дхак, якое было ўсё ўсыпана залацiста-чырвонымi кветкамi. Там сядзеў Шэры Брат, i кожны валасок на яго спiне тырчаў дыбам.

- Ён хаваўся цэлы месяц, каб збiць цябе са следу. Учора ўночы ён перайшоў горы разам з Табакi i цяпер iдзе па гарачых слядах за табою, - сказаў воўк, цяжка дыхаючы.

Маўглi нахмурыўся:

- Я не баюся Шэр-Хана, але Табакi вельмi хiтры.

- Не бойся, - сказаў Шэры Брат i злёгку аблiзнуў губы. - Я сустрэў Табакi на досвiтку. Цяпер ён расказвае ўсе свае хiтрыкi каршунам. Але, перш чым я зламаў яму хрыбет, ён усё расказаў мне. Шэр-Хан мае намер чакаць цябе сёння ўвечары каля вясковых варотаў, толькi цябе i нiкога iншага. А цяпер ён залёг у вялiкiм перасохлым яры каля ракi.

- Еў ён сёння цi выйшаў на паляванне з пустым страўнiкам? - спытаў Маўглi, таму што ад адказу залежала яго жыццё або смерць.

- Ён зарэзаў свiнню на досвiтку, а цяпер яшчэ i напiўся ўдосталь. Не забудзь, што Шэр-Хан не можа прабыць i аднаго дня без яды нават дзеля помсты.

- О ёлупень, ёлупень! Дурань з дурняў! Наеўся ды яшчэ i напiўся i думае, што я буду чакаць, пакуль ён выспiцца! Дык дзе ж ён залёг? Калi б нас было хоць дзесяцера, мы збiлi б з яго пыху. Гэтыя буйвалы не захочуць нападаць, калi не ўчуюць тыгра, а я не ўмею гаварыць на iхняй мове. Цi нельга нам пайсцi па яго следзе, каб буйвалы яго ўчулi?

- Ён праплыў далёка ўнiз па Вайнганзе, каб след згубiўся, - адказаў Шэры Брат.

- Гэта Табакi яго навучыў, я ведаю. Сам ён нiколi не здагадаўся б. Маўглi стаяў, паклаўшы палец у рот, i думаў. - Вялiкi яр каля Вайнгангi - ён выходзiць на раўнiну амаль за паўмiлi адсюль. Я магу павесцi статак кругаля, праз джунглi, да пачатку яра, а потым спусцiцца ўнiз, але тады ён уцячэ ад нас па дне яра. Трэба загарадзiць той канец. Шэры Брат, можаш ты падзялiць статак напалам?

- Не ведаю, можа, i не здолею, але я прывёў табе разумнага памочнiка.

Шэры Брат адбегся ўбок i саскочыў у яму. Адтуль паказалася вялiкая шэрая галава, добра знаёмая Маўглi, i спякотнае паветра запоўнiлася сама тужлiвым выццём, якое толькi можна пачуць у джунглях, - гэта быў паляўнiчы поклiч ваўка ў паўдзённы час.

- Акела! Акела! - крыкнуў Маўглi i запляскаў у ладкi. - Я так i ведаў, што ты мяне не забудзеш! Нас чакае вялiкая работа. Падзялi статак напалам, Акела. Збяры кароў з цялятамi, а быкоў i рабочых буйвалаў - асобна.

Абодва ваўкi, робячы петлi, загойсалi ў статку сярод буйвалаў i кароў, якiя чмыхалi i задзiралi ўгору галовы, i падзялiлi яго на дзве групы. У адной стаялi каровы, акружыўшы цялят кальцом, i, злосна пазiраючы, грэблi капытамi зямлю, гатовыя кiнуцца на ваўка i растаптаць яго насмерць, як толькi ён спынiцца. У другой групе чмыхалi i грэблi зямлю быкi i маладыя бычкi; яны здавалiся страшнейшымi, але былi далёка не так небяспечныя, бо не баранiлi сваiх цялят. Людзi i ўшасцёх не справiлiся б падзялiць статак гэтак спрытна.

- Што загадаеш яшчэ? - спытаў Акела, засопвшыся. - Яны хочуць зноў сысцiся разам.

Маўглi ўскочыў на спiну Рамы:

- Адганi быкоў падалей налева, Акела. Шэры Брат, калi мы пойдзем адсюль, не давай каровам разбягацца i заганяй iх у вусце яра.

- А цi далёка? - спытаў Шэры Брат, цяжка дыхаючы i ляскаючы зубамi.

- Да таго месца, дзе схiлы сама крутыя, каб Шэр-Хан не мог выскачыць! крыкнуў Маўглi. - Затрымай iх там, пакуль не падыдзем мы.

Быкi рванулiся ўперад, пачуўшы голас Акелы, а Шэры Брат выйшаў i стаў перад каровамi. Тыя рынулiся на яго, i ён пабег перад самым статкам да вусця яра, а ў гэты час Акела адагнаў быкоў далёка ўлева.

- Добра зроблена! Яшчэ раз - i яны дружна рушаць уперад. Асцярожней цяпер, асцярожней, Акела! Варта толькi клацнуць зубамi, i яны кiнуцца на цябе! Ого! Шалёная работа, горш чым ганяць чорных аленяў! Цi думаў ты, што гэтыя жывёлiны могуць так хутка бегаць? - спытаў Маўглi.

- Я... я паляваў i на iх у свой час, - задыхаючыся ад пылу, адгукнуўся Акела. - Павярнуць iх у джунглi?

- Ага, павярнi. Павярнi iх хутчэй! Рама шалее ад злосцi. О, каб я мог сказаць яму, што мне ад яго трэба!

Быкi павярнулi, на гэты раз направа, i з шумам рынулiся ў гушчар. Хлопчыкi-пастухi, што пiльнавалi статак за паўмiлi далей, з усiх ног прыпусцiлi ў вёску з крыкам, што буйвалы пашалелi i ўцяклi.

План Маўглi быў даволi просты. Ён хацеў зрабiць вялiкi круг па ўзгорках i дайсцi да пачатку яра, а потым сагнаць быкоў унiз, каб Шэр-Хан апынуўся памiж быкамi i каровамi. Ён ведаў, што, наеўшыся i напiўшыся ўдосталь, Шэр-Хан не здолее бiцца i не ўскараскаецца па схiлах яра. Цяпер Маўглi супакойваў буйвалаў голасам, а Акела бег ззаду, падвываючы зрэдку, каб падагнаць тых, што адставалi. Давялося зрабiць вялiкi- вялiкi круг, таму што яны не хацелi падыходзiць занадта блiзка да яра, каб не спудзiць Шэр-Хана. Нарэшце Маўглi павярнуў статак на зарослы травой абрыў, якi крута спускаўся да яра. З абрыву з-за вяршалiн дрэў была вiдаць раўнiна ўнiзе, але Маўглi глядзеў толькi на схiлы яра i з радасцю бачыў, што яны вельмi крутыя, амаль стромкiя, i што плюшч i лiяны, якiя iх аплялi, не ўтрымаюць тыгра, калi ён захоча выбрацца наверх.

- Дай iм уздыхнуць, Акела, - сказаў ён, падымаючы руку. - Яны яшчэ не ўчулi тыгра. Дай iм уздыхнуць. Трэба ж сказаць Шэр-Хану, хто iдзе. Мы злавiлi яго ў пастку.

Ён прыклаў рукi да рота i крыкнуў у яр - гэта было ўсё роўна, што крычаць у тунель, - i рэха пакацiлася ад скалы да скалы.

Не вельмi хутка ў адказ пачулася працяглае соннае бурчанне сытага тыгра, якi толькi што прачнуўся.

- Хто заве? - раўнуў Шэр-Хан, i прыгожы паўлiн з рэзкiм крыкам выпырхнуў з яра.

- Я, Маўглi! Пара табе з'явiцца на Скалу Рады, каровiн злодзей! Унiз! Ганi iх унiз, Акела! Унiз, Рама, унiз!

На момант статак замёр на краi абрыву, але Акела правыў на ўвесь голас паляўнiчы поклiч, i буйвалы

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату