гэта за новае паскудства ты прынёс сюды?
Кульгавы тыгр апусцiў у ваду падбародак i шчокi, i цёмныя масленыя палосы паплылi ўнiз па рацэ.
- Гадзiну назад я забiў чалавека, - нахабна адказаў Шэр-Хан.
Ён не пераставаў хлябтаць ваду i ўсё вуркатаў i бурчаў сабе пад нос.
Шэрагi звяроў уздрыгнулi i захiсталiся, над iмi праляцеў шэпт, якi перайшоў у крык:
- Ён забiў чалавека! Забiў чалавека!
I ўсе паглядзелi на дзiкага слана Хатхi, але той, здавалася, нiчога не чуў. Хатхi нiколi не спяшаецца, таму ён i жыве гэтак доўга.
- У такую часiну забiваць чалавека! Хiба няма iншай дзiчыны ў джунглях? з пагардай сказала Багiра, выходзячы з апаганенай вады i па-кашэчаму атрасаючы адну лапу за другой.
- Я забiў яго не для яды, а таму, што мне так захацелася.
Зноў пачулiся спалоханыя нараканнi, i пiльныя белыя вочкi Хатхi сурова паглядзелi ў бок Шэр-Хана.
- Таму, што мне так хацелася, - працягла паўтарыў Шэр-Хан. - А цяпер я прыйшоў сюды, каб прагнаць смагу i ачысцiцца. Хто мне забаронiць?
Спiна Багiры выгнулася, як бамбук на моцным ветры, але Хатхi спакойна падняў свой хобат.
- Ты забiў таму, што табе так хацелася? - спытаў ён.
А калi Хатхi пра што-небудзь пытаецца, лепей адказваць.
- Вось iменна. Гэта было маё права i мая ноч. Ты гэта ведаеш, о Хатхi, адказаў Шэр-Хан амаль ветлiва.
- Так, я ведаю, - адказаў Хатхi i, крыху памаўчаўшы, спытаў: - Ты напiўся ўдосталь?
- На гэтую ноч - напiўся.
- Тады iдзi адсюль. Рака для таго, каб пiць, а не для таго, каб паганiць яе. Нiхто, апрача кульгавага тыгра, не выхваляўся б сваiм правам у такую часiну... у такую часiну, калi ўсе мы пакутуем разам - i чалавек i Народ Джунгляў. Чысты цi нячысты, iдзi ў сваю бярлогу, Шэр-Хан!
Апошнiя словы прагучалi, як сярэбраныя трубы. I тры сыны Хатхi гайданулiся ўперад на паўкроку, хоць у гэтым не было патрэбы. Шэр-Хан крадком падаўся прэч, не асмельваючыся нават бурчаць, бо ён ведаў тое, што вядома ўсiм: калi дойдзе да сутычкi, дык гаспадар джунгляў - Хатхi.
- Што гэта за права, пра якое гаварыў Шэр-Хан? - шапнуў Маўглi на вуха Багiры. - Забiваць чалавека заўсёды ганьба. Так сказана ў Законе. А як жа гэта Хатхi гаворыць...
- Спытай у яго сам. Я не ведаю, Маленькi Брат. Ёсць такое права цi няма, а я правучыла б як след Кульгавага Мяснiка, калi б не Хатхi. Прыйсцi да Скалы Мiру, толькi што забiўшы чалавека, ды яшчэ хвалiцца гэтым - выхадка, якой можа ганарыцца толькi шакал! Апрача таго, ён сапсаваў добрую ваду.
Маўглi памаўчаў з хвiлiну, набiраючыся смеласцi, бо ўсе ў джунглях пабойвалiся звяртацца непасрэдна да Хатхi, потым крыкнуў:
- Што гэта за права ў Шэр-Хана; о Хатхi?
Абодва берагi падхапiлi яго словы, бо Народ Джунгляў вельмi цiкаўны, а на вачах ва ўсiх адбылося нешта такое, чаго не разумеў нiхто, апрача Балу, якi зрабiў дужа глыбакадумны выгляд.
- Гэта старая гiсторыя, - сказаў Хатхi, - яна куды старэйшая за джунглi. Памаўчыце там, на берагах, i я раскажу яе вам.
Мiнулi хвiлiна цi дзве, пакуль буйвалы i дзiкi штурхалi i адпiхвалi адзiн аднаго, потым важакi статкаў паўтарылi адзiн за другiм:
- Мы чакаем!
I Хатхi зрабiў крок уперад i стаў па каленi ў вадзе пасярод затокi каля Скалы Мiру. Нягледзячы на худзiзну, маршчыны i жоўтыя бiўнi, адразу было вiдаць, што менавiта ён - гаспадар джунгляў.
- Вы ведаеце, дзецi мае, - пачаў ён, - што больш за ўсё на свеце вы баiцеся чалавека.
У знак згоды ўсе загаманiлi.
- Гэта цябе датычыцца, Маленькi Брат, - сказала Багiра Маўглi.
- Мяне? Я паляўнiчы Вольнага Народа i належу да Чарады, - адказаў Маўглi. - Што мне да чалавека?
- А цi ведаеце вы, чаму вы баiцеся чалавека? -гаварыў далей Хатхi. - Вось чаму. На пачатку джунгляў, гэтак даўно, што нiхто не памятае, калi гэта было, усе мы пасвiлiся разам i не баялiся адно аднаго. У тыя часы не было засух, лiсце, кветкi i плады вырасталi на дрэвах адначасова, i мы харчавалiся толькi лiсцем, кветкамi i пладамi ды карою i травою.
- Як я рада, што не нарадзiлася ў тыя часы, - сказала Багiра. - Кара добрая толькi для таго, каб вастрыць аб яе кiпцюры.
- А Ўладаром Джунгляў быў Тха, Першы са Сланоў. Сваiм хобатам ён выцягнуў джунглi з глыбiнi вод, i там, дзе ён правёў па зямлi сваiмi бiўнямi, пабеглi рэкi, i там, дзе ён тупнуў нагою, налiлiся вадою азёры, а калi ён затрубiў у хобат - вось гэтак, - нарадзiлiся дрэвы. Вось так Тха стварыў джунглi, i вось так расказвалi мне гэтую гiсторыю.
- Яна не зрабiлася карацейшай ад пераказу! - шапнула Багiра.
А Маўглi засмяяўся, затульваючы рот далонню.
- У тыя часы не было нi маiсу, нi дыняў, нi перцу, нi цукровага трыснягу, нi маленькiх хацiн, якiя кожны з вас бачыў, i Народы Джунгляў жылi ў лясах дружна, як адзiн народ, i нiчога не ведалi пра чалавека. Але хутка звяры пачалi сварыцца за харч, хоць пашаў хапала на ўсiх. Яны разгультаiлiся. Кожнаму хацелася пасвiцца там, дзе ён адпачываў, як бывае часам i ў нас, калi вясновыя дажджы пройдуць дружна. У Тха, Першага са Сланоў, было шмат работы: ён ствараў новыя джунглi i пракладваў рэчышчы рэк. Ён не мог паспець усюды i таму зрабiў Першага з Тыграў уладаром i суддзёй над джунглямi, i Народ Джунгляў прыходзiў да яго са сваiмi спрэчкамi. У тыя часы Першы з Тыграў еў траву i плады разам з усiмi. Ён быў ростам з мяне i вельмi прыгожы: увесь жоўты, як кветкi жоўтай лiяны. У тыя добрыя старыя часы, калi джунглi толькi што нарадзiлiся, на шкуры тыгра яшчэ не было нi палосаў, нi плямаў. Увесь Народ Джунгляў прыходзiў да яго без страху, слова яго было законам для ўсiх. Не забывайцеся, што ўсе мы былi тады адзiн народ.
I ўсё ж неяк раз уночы памiж двума быкамi выйшла спрэчка за пашу, такая спрэчка, якiя вы цяпер вырашаеце з дапамогай рагоў i пярэднiх капытоў. Кажуць, што, калi абодва быкi прыйшлi скардзiцца да Першага з Тыграў, якi ляжаў сярод кветак, адзiн з iх штурхнуў яго рагамi, i Першы з Тыграў, забыўшы пра тое, што ён уладар i суддзя над джунглямi, кiнуўся на гэтага быка i зламаў яму карак.
Да тае ночы нiхто сярод нас не памiраў, i Першы з Тыграў, убачыўшы, што ён нарабiў, i ашалеўшы ад паху крывi, уцёк у балоты на поўнач; мы, Народ Джунгляў, засталiся без суддзi i пачалi сварыцца i бiцца памiж сабою. Тха пачуў шум i прыйшоў да нас. I адны з нас гаварылi адно, а другiя - другое, але ён убачыў мёртвага быка сярод кветак i запытаў у нас, хто яго забiў, а мы не маглi яму сказаць, бо страцiлi розум ад паху крывi, як трацiм яго i цяпер. Мы кiдалiся i кружылiся па джунглях, скакалi, крычалi i маталi галовамi. I Тха загадаў нiжнiм галiнам дрэў i паўзучым лiянам джунгляў пазначыць забойцу, каб Першы са Сланоў мог пазнаць яго.
I Тха спытаў:
'Хто хоча быць Валадаром Джунгляў?'
Выскачыла Шэрая Малпа, што жыве на галiнах, i крыкнула:
'Я хачу быць Валадаркай Джунгляў!'
Тха ўсмiхнуўся i адказаў:
'Няхай будзе так!' - i, разгневаны, пайшоў прэч.
Дзецi, вы ведаеце Шэрую Малпу. Тады яна была гэтакая ж, як i цяпер. Спачатку яна зрабiла разумны твар, але праз хвiлiну пачала чухацца i скакаць угору i ўнiз, i калi Тха вярнуўся, ён убачыў, што Шэрая Малпа вiсiць на дрэве галавой ўнiз i перадражнiвае ўсiх, хто стаiць пад дрэвам, i яны таксама яе дражняць. I гэтак вось у джунглях не стала болей Закону - адна толькi недарэчная балбатня i словы без сэнсу.
Тады Тха паклiкаў нас усiх i сказаў:
'Першы ваш Валадар прынёс у джунглi Смерць, другi - Ганьбу. Цяпер пара даць вам Закон, i такi Закон, якi вы не асмельвалiся б парушаць. Цяпер вы спазнаеце Страх i, убачыўшы яго, зразумееце, што ён валадар над вамi, а ўсё астатняе прыйдзе само сабою'.
Тады мы, Народ Джунгляў, спыталi: