нюхам, якi сама дакладны.
- Чалавек! -прабурчаў Акела, сядаючы на заднiя лапы.
- Балдзео! - сказаў Маўглi i сеў. - Ён iдзе па нашым следзе. А вунь i сонца блiшчыць на яго стрэльбе. Глядзiце!
Сонца толькi блiснула на долю секунды на медных дужках старога мушкета, але нiшто ў джунглях не дае такой успышкi святла, хiба толькi калi воблакi бягуць па небе. Тады лускавiнка слюды, маленькая лужынка i нават блiскучы лiст зiхацяць, як гелiёграф. Але дзень быў бязвоблачны i цiхi.
- Я ведаў, што людзi пагоняцца за намi, - урачыста сказаў Акела. Нездарма я быў Важаком Чарады.
Чацвёра ваўкоў Маўглi, не сказаўшы нiчога, апусцiлiся на зямлю, папаўзлi ўнiз з узгорка i раптам знiклi, быццам расталi сярод цярноўнiку i зялёнага зараснiку.
- Скажыце спачатку, куды вы iдзяце? - аклiкнуў iх Маўглi.
- Ш-ш! Мы прыкоцiм сюды яго чэрап яшчэ да поўдня! - абазваўся Шэры Брат.
- Назад! Назад! Стойце! Чалавек не есць чалавека! - крыкнуў Маўглi.
- А хто быў толькi што ваўком? Хто кiнуў у мяне нажом за тое, што яго назвалi чалавекам? - сказаў Акела.
Але ўся чацвёрка паслухалася i панура павярнула назад.
- Няўжо я павiнен тлумачыць вам, чаму я раблю тое цi iншае? - раззлавана спытаў Маўглi.
- Вось вам чалавек! Гэта гаворыць чалавек! - прабурчала Багiра сабе ў вусы. - Вось гэтак жа гаварылi людзi вакол княжацкага звярынца ва Ўдайпуры. Нам у джунглях даўно вядома, што чалавек разумнейшы за ўсiх. А калi б мы верылi сваiм вушам, дык ведалi б, што ён дурнейшы за ўсiх на свеце. - I, узвысiўшы голас, яна дадала: - На гэты раз дзiцяня кажа правiльна: людзi выйшлi на паляванне чарадой. Кепскае гэта паляванне - забiваць аднаго, калi мы не ведаем, што збiраюцца рабiць астатнiя. Пойдзем паглядзiм, чаго хоча ад нас гэты чалавек.
- Мы не пойдзем, - забурчаў Шэры Брат. - Iдзi на паляванне адзiн, Маленькi Брат! Хто-хто, а мы ведаем, чаго хочам! Мы б даўно прынеслi сюды чэрап.
Маўглi абвёў позiркам усiх сваiх сяброў. Грудзi яго цяжка ўзнiмалiся, а вочы былi поўныя слёз. Ён зрабiў крок уперад, упаў на адно калена i сказаў:
- Хiба я не ведаю, чаго хачу? Зiрнiце на мяне!
Яны неахвотна зiрнулi на Маўглi, потым адвялi вочы ўбок, але ён зноў прымусiў iх глядзець сабе ў вочы, пакуль поўсць не паднялася на iх дыбам i яны не задрыжалi ўсiм целам, а Маўглi ўсё глядзеў ды глядзеў.
- Ну, дык хто ж важак з нас пяцi? - сказаў ён.
- Ты важак, Маленькi Брат, - адказаў Шэры Брат i лiзнуў Маўглi нагу.
- Тады iдзiце за мной, - сказаў Маўглi.
I ўся чацвёрка, падцяўшы хвасты, паплялася за iм па пятах.
- Вось што бывае ад жыцця ў чалавечай чарадзе, - сказала Багiра, нячутна спускаючыся па ўзгорку ўслед за iмi. - Цяпер у джунглях не адзiн Закон, Балу.
Стары мядзведзь не адказаў нiчога, але падумаў шмат аб чым.
Маўглi бясшумна прабiраўся па лесе, перасякаў яго пад прамым вуглом да той дарогi, якою iшоў Балдзео. Нарэшце, рассунуўшы кусты, ён убачыў старога з мушкетам на плячы: ён па-сабачы трухаў па старым двухдзённым следзе.
Вы памятаеце, што Маўглi пайшоў ад вёскi з цяжкай шкурай Шэр-Хана на плячах, а за iм беглi Акела i Шэры Брат, так што след быў вельмi выразны. Неўзабаве Балдзео падышоў да таго месца, дзе Акела павярнуў назад i заблытаў след. Тут Балдзео сеў на зямлю, доўга кашляў i бурчаў, потым пачаў гойсаць наўкол, стараючыся зноў натрапiць на след, а ў гэты час тыя, што назiралi за iм, былi гэтак блiзка, што ён мог бы пацэлiць у iх каменем. Нiводзiн звер не можа рухацца гэтак цiха, як воўк, калi ён не хоча, каб яго чулi, а Маўглi, хоць ваўкi лiчылi яго вельмi нязграбным, таксама ўмеў з'яўляцца i знiкаць, нiбы цень. Яны акружылi старога паляўнiчага кальцом, як чарада дэльфiнаў акружае параход, калi той плыве поўным ходам, i размаўлялi смела, бо iхняя мова пачынаецца нiжэй сама нiзкай ноты, якую можа ўлавiць нязвыклае вуха чалавека. На другiм канцы рада знаходзiцца найтанчэйшы пiск кажана, якога многiя людзi не чуюць зусiм. З гэтай ноты пачынаецца гаворка ўсiх птушак, кажаноў i насякомых.
- Гэта лепш за ўсякае iншае паляванне, - сказаў Шэры Брат, калi Балдзео нагнуўся, сапучы i штосьцi разглядаючы. - Ён падобны на свiнню, якая заблудзiлася ў джунглях каля ракi. Што ён гаворыць?
Балдзео штосьцi сярдзiта мармытаў.
Маўглi растлумачыў:
- Ён кажа, што навокал мяне, мусiць, скакала цэлая гайня ваўкоў. Кажа, што нiколi ў жыццi не бачыў гэткага следу. Кажа, што вельмi стамiўся.
- Ён адпачне, перш чым зноў знойдзе след, - абыякава сказала Багiра, не перастаючы гуляць у хованкi i падкрадвацца з-за ствалоў дрэў.
- А цяпер што робiць гэты бядак?
- Збiраецца есцi або пускаць дым з рота. Людзi ўвесь час што-небудзь робяць ротам, - сказаў Маўглi.
Маўклiвыя следапыты ўбачылi, як стары натаптаў тытуню ў люльку, прыпалiў i пачаў палiць. Яны пастаралiся як след запомнiць пах тытуню, каб потым пазнаць Балдзео нават у сама цёмную ноч.
Затым па сцежцы прайшлi вугальшчыкi i, вядома, спынiлiся пагаманiць з Балдзео, якi лiчыўся найпершым паляўнiчым у гэтых мясцiнах. Усе яны паселi ў кружок i запалiлi, а Багiра i астатнiя падышлi блiжэй i глядзелi на iх, пакуль Балдзео расказваў ад пачатку да канца, з дадаткамi i выдумкамi, усю гiсторыю Маўглi, хлопчыка-пярэваратня. Як ён, Балдзео, забiў Шэр-Хана i як Маўглi перакiнуўся ў ваўка i бiўся з iм цэлы дзень, а пасля зноў зрабiўся хлопчыкам i зачараваў стрэльбу Балдзео, так што, калi ён прыцэлiўся ў Маўглi, куля павярнула ўбок i забiла аднаго з буйвалаў Балдзео; i як вёска паслала Балдзео, сама смелага паляўнiчага ў Сiянiйскiх гарах, забiць ваўка-пярэваратня. А Месуа з мужам, бацькi пярэваратня, сядзяць пад замком у сваёй хацiне, i хутка iх пачнуць катаваць, каб яны прызналiся ў вядзьмарстве, а потым спаляць на вогнiшчы.
- Калi? - спыталi вугальшчыкi, якiм таксама вельмi хацелася паглядзець на гэтую цырымонiю.
Балдзео сказаў, што, пакуль ён не вернецца, нiчога рабiць не будуць: у вёсцы хочуць, каб ён спачатку забiў ляснога хлопчыка. Пасля гэтага яны расправяцца з Месуяй i з яе мужам i падзеляць памiж сабою iх зямлю i буйвалаў.
А буйвалы ў мужа Месуi, дарэчы кажучы, вельмi добрыя. Ведзьмаў i чараўнiкоў лепш за ўсё забiваць, гаварыў Балдзео, а такiя людзi, якiя бяруць прыёмышамi ваўкоў-пярэваратняў з лесу, i ёсць сама лiхiя ведзьмары.
Вугальшчыкi баязлiва азiралiся па баках, удзячныя лёсу за тое, што iм не давялося бачыць пярэваратня; аднак яны не сумнявалiся, што гэтакi храбрэц, як Балдзео, знойдзе пярэваратня хутчэй за любога iншага.
Сонца апусцiлася ўжо даволi нiзка, i вугальшчыкi парашылi iсцi ў тую вёску, дзе жыў Балдзео, паглядзець на ведзьму i чараўнiка. Балдзео сказаў, што, вядома, ён павiнен застрэлiць хлопчыка- пярэваратня, але ён i думаць не хоча пра тое, каб няўзброеныя людзi iшлi адны праз джунглi, дзе воўк- пярэварацень можа сустрэцца iм у любую хвiлiну. Ён сам iх праводзiць, i калi сын вядзьмаркi сустрэнецца iм, яны пабачаць, як найпершы тутэйшы паляўнiчы з iм расправiцца. Жрэц даў яму такi амулет супраць пярэваратня, што баяцца няма чаго.
- Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? - раз-пораз пыталiся ваўкi.
А Маўглi тлумачыў, пакуль не дайшло да ведзьмароў, што было для яго не зусiм зразумела, i тады ён сказаў, што мужчына i жанчына, якiя былi такiя добрыя да яго, злоўлены ў пастку.
- Хiба людзi ловяць людзей? - спытаў Шэры Брат.
- Так ён кажа. Я штосьцi не разумею. Усе яны, мусiць, проста пашалелi. Навошта спатрэбiлася садзiць у пастку Месую з мужам i што ў iх агульнага са мною? I дзеля чаго ўся гэтая гаворка пра Чырвоную Кветку? Трэба падумаць. Што б яны нi збiралiся рабiць з Месуяй, яны нiчога не пачнуць, пакуль не вернецца Балдзео. Так, значыцца... - I Маўглi глыбока задумаўся, пры гэтым ён пастукваў пальцамi па тронках нажа.
А Балдзео i вугальшчыкi храбра рушылi ў дарогу, хаваючыся адзiн за аднаго.