'Што такое Страх?'

I Тха адказаў:

'Шукайце i знойдзеце'.

I мы выхадзiлi ўсе джунглi ўдоўж i ўпоперак у пошуках Страху, i неўзабаве буйвалы...

- Ух! - адклiкнуўся са сваёй пясчанай водмелi Меса, важак буйвалаў.

- Так, Меса, гэта былi буйвалы. Яны прынеслi вестку, што ў адной пячоры ў джунглях сядзiць Страх, што ён безвалосы i ходзiць на заднiх лапах. Тады ўсе мы пайшлi за статкам буйвалаў да гэтай пячоры, i Страх стаяў там каля ўвахода. Так, ён быў безвалосы, як расказвалi буйвалы, i хадзiў на заднiх лапах. Убачыўшы нас, ён крыкнуў, i яго голас пасялiў у нас той страх, якi мы ведаем цяпер, i мы рынулiся прэч, топчучы i наносячы раны адзiн аднаму. У тую ноч Народ Джунгляў не лёг адпачываць увесь разам, як было ў нас заведзена, а кожнае племя легла асобна - дзiкi з дзiкамi i аленi з аленямi: рогi з рагамi i капыты з капытамi. Свае палеглi са сваiмi i дрыжалi ад страху ўсю ноч.

Толькi Першага з Тыграў не было з намi: ён усё яшчэ хаваўся ў балотах на поўначы, i калi да яго дайшла вестка пра тое, каго мы бачылi ў пячоры, ён сказаў:

'Я пайду да яго i зламлю яму карак'.

I ён бег усю ноч, пакуль не дабраўся да пячоры, але дрэвы i лiяны на яго дарозе памяталi загад Тха, нiзка апускалi свае галiны i мецiлi яго на бягу: праводзiлi пальцамi па яго спiне, баках, iлбе i падбародку. I дзе б нi дакраналiся да яго лiяны, заставалася метка або паласа на яго жоўтай шкуры. I гэтыя палосы яго дзецi носяць да нашых дзён! Калi ён падышоў да пячоры, Безвалосы Страх выставiў руку i назваў яго 'Паласаты, што прыходзiць уночы', i Першы з Тыграў спалохаўся Безвалосага i, выючы, уцёк назад на балоты...

Тут Маўглi цiхенька засмяяўся, апусцiўшы падбародак у ваду.

- ...Ён выў так моцна, што Тха пачуў яго i спытаў:

'Чаго ты?'

I Першы з Тыграў узняў морду да толькi што створанага неба, якое цяпер такое старое, i сказаў:

'Вярнi мне маю ўладу, о Тха! Мяне зганьбiлi перад усiмi джунглямi: я ўцёк ад Безвалосага, а ён назваў мяне ганебным iменем'.

'А чаму?' - спытаў Тха.

'Таму што я запэцкаўся ў балотнай гразi', - адказаў Першы з Тыграў.

'Дык паплавай i пакачайся па мокрай траве, i калi гэта гразь, яна, вядома, сыдзе', - сказаў Тха.

I Першы з Тыграў плаваў, i плаваў, i качаўся па траве, так што джунглi закруцiлiся ў яго перад вачамi, але нiводная плямка не сышла з яго шкуры, i Тха засмяяўся, пазiраючы на яго. Тады Першы з Тыграў спытаў:

'Што ж я зрабiў i чаму гэта здарылася са мною?'

Тха адказаў:

'Ты забiў быка i ўпусцiў Смерць у джунглi, а разам са Смерцю прыйшоў Страх, i таму Народы Джунгляў цяпер баяцца адзiн аднаго, як ты баiшся Безвалосага'.

Першы з Тыграў сказаў:

'Яны не пабаяцца мяне, бо я даўно iх ведаю'.

'Пайдзi i паглядзi', - адказаў Тха.

Тады Першы з Тыграў пачаў бегаць узад i ўперад па джунглях i гучна клiкаць аленяў, дзiкоў, дзiкабразаў i ўсе Народы Джунгляў. I ўсе яны ўцяклi ад тыгра, якi быў раней iхнiм Суддзёй, таму што баялiся яго цяпер.

Тады Першы з Тыграў вярнуўся да Тха. Гордасць яго была зламана, i стукнуўшыся галавой аб зямлю, ён пачаў грэбцi яе ўсiмi чатырма лапамi i завыў:

'Успомнi, што я калiсьцi быў Валадаром Джунгляў! Не забудзься пра мяне, о Тха! Няхай мае дзецi памятаюць, што калiсьцi я не ведаў нi ганьбы, нi страху!'

I Тха сказаў:

'Гэта я зраблю, бо мы ўдвух з табою бачылi, як стваралiся джунглi. Адна ноч у годзе будзе для цябе i для тваiх дзяцей такая ж, як была раней, пакуль ты не забiў быка. Калi ты сустрэнеш Безвалосага ў гэтую адзiную ноч - а завуць яго Чалавек, - ты не спалохаешся яго, затое ён будзе баяцца цябе i тваiх дзяцей, быццам вы суддзi джунгляў i гаспадары ўсяго, што ў iх ёсць. Будзь лiтасцiвы да яго ў гэтую ноч Страху, бо цяпер ты ведаеш, што такое Страх'.

I тады Першы з Тыграў адказаў:

'Добра. Я задаволены'.

Але пасля гэтага, падышоўшы да ракi, каб напiцца, ён убачыў палосы на сваiх баках, успомнiў iмя, якое даў яму Безвалосы, i яго ахапiла лютасць. Цэлы год ён пражыў сярод балотаў, чакаючы, калi Тха выканае сваё абяцанне. I ў адну ноч, калi Месячны Шакал (вечарнiца) узышоў над джунглямi, тыгр адчуў, што надышла яго ноч, i пайшоў да той пячоры, дзе жыў Безвалосы. I ўсё адбылося так, як абяцаў Першы са Сланоў: Безвалосы ўпаў на каленi перад iм i распасцёрся на зямлi, а Першы з Тыграў кiнуўся на яго i зламаў яму хрыбет, думаючы, што ў джунглях больш няма Безвалосых i што ён забiў Страх. I тады, абнюхаўшы сваю здабычу, ён пачуў, што Тха iдзе з лясоў поўначы. I неўзабаве пачуўся голас Першага са Сланоў, той самы голас, якi мы чуем зараз...

Гром пракацiўся па высахлых i паколатых ад спякоты ўзгорках, але не прынёс з сабою дажджу - толькi зарнiцы блiснулi за далёкiмi гарамi. I Хатхi загаварыў зноў:

- Вось гэты голас ён i пачуў. I голас сказаў яму:

'Гэта i ёсць твая лiтасць?'

Першы з Тыграў аблiзнуўся i адказаў:

'Што за бяда? Я забiў Страх'.

I Тха сказаў:

'О сляпы i неразумны. Ты развязаў ногi Смерцi, i яна будзе хадзiць за табою па пятах, пакуль ты не памрэш. Ты навучыў чалавека забiваць!'

Першы з Тыграў наступiў на сваю здабычу i сказаў:

'Ён цяпер гэтакi ж, як той бык. Страху больш няма, i я па-ранейшаму буду судзiць Народы Джунгляў'.

Але Тха сказаў:

'Нiколi больш не прыйдуць да цябе Народы Джунгляў. Нiколi не перакрыжуюцца iхнiя дарогi з тваiмi, нiколi не будуць яны спаць побач з табою, нi хадзiць за табою, нi пасвiцца каля тваёй бярлогi. Толькi Страх будзе хадзiць за табою па пятах, i калi яму ўздумаецца, бiць цябе зброяй, якой ты не ўбачыш. Ён зробiць так, што зямля правалiцца ў цябе пад нагамi, i лiяна зашмаргнецца на тваёй шыi, i ствалы дрэў паўстануць вакол цябе так высока, што ты не здолееш цераз iх пераскочыць. А напаследак ён злупiць з цябе шкуру i накрые ёю сваiх дзiцянят, каб сагрэць iх. Ты не злiтаваўся над iм, i ён не будзе мець лiтасцi да цябе'.

Першы з Тыграў быў вельмi смелы, бо яго ноч яшчэ не мiнула, i ён сказаў:

'Абяцанне Тха па-ранейшаму мае сiлу. Ён не забярэ ў мяне маёй ночы?'

I Тха сказаў:

'Твая ноч застаецца тваёю, як я абяцаў, але за яе давядзецца заплацiць. Ты навучыў чалавека забiваць, а ён усё пераймае хутка'.

Першы з Тыграў адказаў:

'Вось ён, у мяне пад нагою, i хрыбет яго зламаны. Няхай ведаюць усе Джунглi, што я забiў Страх'.

Але Тха засмяяўся i сказаў:

'Ты забiў аднаго са шматлiкiх i сам скажаш пра гэта джунглям, бо твая ноч мiнула!'

I вось настаў дзень - з пячоры выйшаў другi Безвалосы, i, убачыўшы забiтага на сцяжынцы i тыгра, якi стаяў над iм, ён узяў кiй з вострым канцом.

- Яны i цяпер кiдаюць такую вострую штуку, - сказаў дзiкабраз Сахi i з шоргатам пачаў спускацца да ракi.

Гонды* лiчаць Сахi сама смачнай ежай - яны называюць яго Хо-Iгу, - i ён ведае сёе-тое пра каварную сякерку гондаў, якая ляцiць цераз прасеку, паблiскваючы, нiбы страказа.

* Гонды - адзiн з сама старажытных народаў Iндыi.

- Гэта быў кiй з вострым канцом, якiя ўтыкаюць у дно лоўчай ямы, - сказаў Хатхi. - Безвалосы кiнуў яго, i

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату