ён уваткнуўся ў бок Першаму з Тыграў. Усё адбылося, як сказаў Тха: Першы з Тыграў, выючы,бегаў па лесе, пакуль не вырваў кiй, i ўсе джунглi даведалiся, што Безвалосы можа наносiць удар здалёку, i пачалi баяцца яшчэ больш, чым раней. Так выйшла, што Першы з Тыграў навучыў Безвалосага забiваць, - а вы самi ведаеце, колькi шкоды гэта прынесла ўсiм нам, - забiваць i пятлёй, i прыхаванай пасткай, i куслiвай мухай, якая вылятае з белага дыму (Хатхi гаварыў пра кулю), i Чырвонай Кветкай, якая выганяе нас з лесу. I ўсё ж адну ноч у годзе Безвалосы баiцца тыгра, як абяцаў Тха, i тыгр нiчога не зрабiў, каб прагнаць яго страх. Дзе нi знойдзе ён Безвалосага, там i забiвае, памятаючы, як зняславiлi Першага з Тыграў.

I цяпер Страх гуляе па джунглях удзень i ўночы.

- Ахi! Ао! - уздыхнулi аленi, думаючы, як важна ўсё гэта для iх.

- I толькi калi адзiн Вялiкi Страх пагражае ўсiм, як цяпер, мы ў джунглях забываемся на свае дробныя страхi i сыходзiмся ў адно месца, цяпер.

- Чалавек толькi адну ноч баiцца тыгра? - спытаў Маўглi.

- Толькi адну ноч, - адказаў Хатхi.

- Але ж я... але ж мы... але ж усе ў джунглях ведаюць, што Шэр-Хан забiвае чалавека двойчы i тройчы ў месяц.

- Гэта так. Але тады ён кiдаецца на яго ззаду i, нападаючы, адварочвае галаву, таму што баiцца. Калi чалавек паглядзiць на тыгра, ён уцячэ. А ў сваю ноч ён заходзiць у вёску не хаваючыся. Ён iдзе памiж дамамi, прасоўвае галаву ў дзверы, а людзi падаюць перад iм на каленi, i тады ён забiвае. Адзiн раз - у тую ноч.

'О! - сказаў Маўглi сам сабе i перавярнуўся ў вадзе з боку на бок. - Цяпер я разумею, чаму Шэр-Хан папрасiў мяне зiрнуць на яго. Яму гэта не памагло, ён не мог глядзець мне ў вочы, а я... я, вядома, не ўпаў перад iм на каленi. Але ж я не чалавек, я належу да Вольнага Народа'.

- Гм-м! - глуха прабурчала Багiра. - А тыгр ведае сваю ноч?

- Не, не ведае, пакуль Месячны Шакал не выйдзе з начнога туману. Часам гэтая ноч бывае ўлетку, у сухую пару, а iншы раз зiмой, калi iдуць дажджы. Калi б не Першы з Тыграў, гэтага б не здарылася i нiхто з нас не ведаў бы Страху.

Аленi сумна ўздыхнулi, а Багiра каварна ўсмiхнулася.

- Людзi ведаюць гэтую... казку? - спытала яна.

- Нiхто яе не ведае, апрача тыграў i нас, сланоў, дзяцей Тха. Цяпер i вы, тыя, што на берагах, чулi яе, i больш мне няма чаго сказаць вам.

Хатхi акунуў хобат у ваду ў знак таго, што не жадае больш размаўляць.

- Але чаму ж, чаму, - спытаў Маўглi, звяртаючыся да Балу, - чаму Першы з Тыграў перастаў есцi траву, плады i лiсце? Ён жа толькi зламаў карак быку. Ён не зжор яго. Што ж прымусiла яго пакаштаваць свежай крывi?

- Дрэвы i лiяны заклеймавалi тыгра, Маленькi Брат, i ён зрабiўся паласаты, якiм мы бачым яго цяпер. Нiколi больш не будзе ён есцi пладоў, i з таго самага дня ён помсцiць аленям, буйвалам i iншым траваедам, - сказаў Балу.

- Дык ты таксама ведаеш гэтую казку? Праўда? А чаму я нiколi яе не чуў?

- Таму што джунглi паўнюткi гэткiх казак. Варта толькi пачаць, iм i канца не будзе. Пусцi маё вуха, Маленькi Брат!

НАШЭСЦЕ ДЖУНГЛЯЎ

Вы, вядома, памятаеце, што Маўглi прыбiў шкуру Шэр-Хана да Скалы Рады i сказаў усiм ваўкам, колькi iх засталося ад Сiянiйскай Чарады, што з гэтага часу будзе хадзiць на паляванне ў джунглях адзiн, а чацвёра ваўчанят Мацi Ваўчыхi паабяцалi паляваць разам з iм. Але не так гэта лёгка адразу змянiць сваё жыццё, асаблiва ў джунглях. Пасля таго як Чарада разбеглася хто куды, Маўглi перш за ўсё падаўся ў роднае логава i залёг спаць на ўвесь дзень i на ўсю ноч. Прачнуўшыся, ён расказаў Бацьку Ваўку i Мацi Ваўчысе пра свае прыгоды сярод людзей роўна столькi, колькi яны маглi зразумець. Калi Маўглi пачаў забаўляцца перад iмi са сваiм паляўнiчым нажом так, што ранiшняе сонца пералiвалася i паблiсквала на яго лязе - гэта быў той самы нож, якiм ён злупiў шкуру з Шэр-Хана, - ваўкi сказалi, што ён сяму-таму навучыўся. Пасля таго Акелу i Шэраму Брату давялося расказаць, як яны памагалi Маўглi гнаць буйвалаў па яры, i Балу ўскараскаўся на пагорак, каб паслухаць iх, а Багiра ажно чухалася ад асалоды пры думцы аб тым, як умела Маўглi ваяваў з тыграм.

Сонца даўно ўжо ўзышло, але нiхто i не думаў лажыцца спаць, а Мацi Ваўчыха час ад часу задзiрала галаву ўгору i радасна ўдыхала пах шкуры Шэр-Хана, якi даносiўся ветрам са Скалы Рады.

- Калi б не Акела з Шэрым Братам, - сказаў пад канец Маўглi, - я нiчога не змог бы зрабiць. О Мацi Ваўчыха, каб ты толькi бачыла, як шэрыя буйвалы iмчалiся па яры i як яны ламалiся ў вясковыя вароты, калi чалавечая чарада кiдала ў мяне камянямi!

- Я рада, што не бачыла гэтага, - сурова сказала Мацi Ваўчыха. - Не магу цярпець, каб маiх ваўчанят ганялi, як шакалаў! Я прымусiла б чалавечую чараду паплацiцца за гэта, але пашкадавала б жанчыну, якая кармiла цябе малаком. Так, я пакiнула б жыццё толькi ёй адной!

- Спакойна, спакойна, Ракша! - лянiва сказаў Бацька Воўк. - Наша Жабянятка зноў вярнулася да нас i так паразумнела, што родны бацька павiнен лiзаць яму пяткi. А хiба не ўсё роўна - адным шрамам на галаве больш цi менш? Дай чалавеку спакой.

I Балу з Багiрай адгукнулiся, як рэха:

- Дай чалавеку спакой!

Маўглi паклаў галаву на бок Мацi Ваўчыхi, задаволена ўсмiхнуўся i сказаў, што i ён таксама не хоча больш нi бачыць, нi чуць нi голасу, нi паху чалавека.

- А што, калi людзi не дадуць табе спакою, Маленькi Брат? - сказаў Акела i прыўзняў адно вуха.

- Нас пяцёра, - сказаў Шэры Брат, азiрнуўся на ўсiх, хто сядзеў побач, i ляснуў зубамi.

- Мы таксама маглi б прыняць удзел у паляваннi, - сказала Багiра, варушачы хвастом i пазiраючы на Балу. - Але дзеля чаго нам думаць цяпер пра чалавека, Акела?

- А вось дзеля чаго, - адказаў воўк-адзiнец. - Пасля таго як шкуру гэтага жоўтага злодзея павесiлi на Скале Рады, я пайшоў назад да вёскi па нашых слядах; каб заблытаць iх на той выпадак, калi за намi хто- небудзь пагонiцца, я ступаў у свае сляды, а часам зварочваў убок i лажыўся. Але калi я заблытаў след так, што i сам не мог бы ў iм разабрацца, прыляцеў кажан Манг i пачаў кружыць нада мною. Ён сказаў: 'Вёска чалавечай чарады, адкуль прагналi Маўглi, гудзе, як асiнае гняздо'.

- Гэта таму, што я кiнуў туды вялiкi камень, - пасмiхаючыся, сказаў Маўглi, якi часта забаўляўся тым, што шпурляў спелыя папавы ў асiнае гняздо, а пасля кiдаўся бягом да блiжэйшай затокi, каб восы, чаго добрага, яго не дагналi.

- Я запытаўся ў кажана, што ён бачыў. Ён сказаў, што перад вясковымi варотамi цвiце Чырвоная Кветка i людзi сядзяць вакол яе са стрэльбамi. Я кажу нездарма: я ж ведаю з вопыту, - тут Акела зiрнуў на старыя шрамы на сваiх баках, - што людзi носяць стрэльбы не для пацехi. Хутка, Маленькi Брат, чалавек са стрэльбай пойдзе па нашым следзе.

- Але навошта? Людзi прагналi мяне. Што iм яшчэ трэба? - сярдзiта спытаў Маўглi.

- Ты чалавек, Маленькi Брат, - запярэчыў Акела. - Не нам, Вольным Паляўнiчым, гаварыць табе, што i навошта робяць твае браты.

Ён ледзь паспеў адхапiць лапу, як паляўнiчы нож глыбока ўпiўся ў зямлю на тым месцы, дзе яна ляжала. Маўглi кiнуў нож так шпарка, што за iм не ўсачыла б вока чалавека, але Акела быў воўк, а нават сабака, якому далёка да дзiкага ваўка, яго прапрадзеда, можа прачнуцца ў час моцнага сну, калi кола калёсаў злёгку дакранецца да яго, i адскочыць убок, перш чым кола наедзе на яго.

- Другi раз, - спакойна сказаў Маўглi, засоўваючы нож у ножны, - не гавары пра чалавечую чараду, калi гаворыш з Маўглi.

- Пфф! Зуб востры, - сказаў Акела, абнюхваючы ямку, што пакiнуў нож у зямлi, - ды толькi жыццё ў чалавечай чарадзе пашкодзiла твайму воку, Маленькi Брат. Я паспеў бы забiць аленя, пакуль ты замахваўся.

Багiра раптам падхапiлася, выцягнула шыю ўперад, панюхала паветра i ўся напружылася. Шэры Брат тут жа паўтарыў усе яе рухi, павярнуўшыся крыху ўлева, каб улавiць вецер, якi дзьмуў справа. Акела ж адскочыў крокаў на пяцьдзесят у бок ветру, прысеў i таксама ўвесь напружыўся. Маўглi глядзеў на iх з зайздрасцю. Нюх у яго быў такi, якi рэдка сустракаецца ў людзей, але гэтаму нюху не хапала той надзвычайнай тонкасцi, якая ўласцiва кожнаму носу ў джунглях, а за тры месяцы жыцця ў дымнай вёсцы нюх яго моцна прытупiўся. Тады ён намачыў палец, пацёр iм нос i выпрастаўся, каб улавiць вецер верхнiм

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату