- Не выдавай сябе за святога. Зараз усё будзе iначай. Нiякiх 'гасцей', нiякiх утварэнняў Ф - нiчога. У момант матэрыялiзацыi пачынаецца распад.

- Гэта непаразуменне, - усмiхнуўся я i пакiваў галавой; я спадзяваўся, што мая ўсмешка выглядае натуральна. - Снаўт, гэта не пакуты сумлення, а толькi iнстынкт самазахавання. Я не хачу памiраць.

- Што?..

Снаўт разгубiўся. Ён падазрона паглядаў на мяне. Я дастаў з кiшэнi скамечаны лiст з формуламi.

- Я таксама думаў пра гэта. Ты не верыш? Як вядома, я першы прапанаваў нейтрынную гiпотэзу. Праўда? Паглядзi. Антыполе можна ўзбудзiць. Для звычайнай матэрыi яно не ўяўляе небяспекi. Гэта праўда. Але ў момант дэстабiлiзацыi, калi нейтрынная сiстэма распадаецца, вызваляецца лiшняя энергiя сувязi. Калi на кожны кiлаграм масы, што знаходзiцца ў спакоi, прыпадае 108 эргаў, то на кожнае ўтварэнне Ф - ад 5x108 да 7x108 эргаў. Ты можаш уявiць, што гэта такое? Невялiкi ўранавы выбух унутры Станцыi.

- Пра што ты гаворыш! Але... але Сарторыус павiнен гэта ўлiчваць...

- Неабавязкова, - запярэчыў я са зласлiвай усмешкай. - Разумееш, Сарторыус прыхiльнiк школы Фрэзера i Каёлы. Згодна з iхняй тэорыяй, уся энергiя сувязi ў момант распаду вызваляецца ў выглядзе светлавога выпраменьвання. Гэта была б проста вельмi яркая ўспышка, мажлiва, не зусiм бяспечная, але не разбуральная. Аднак iснуюць iншыя гiпотэзы, iншыя тэорыi нейтрыннага поля. Згодна з Каятам, Авалавым, Сiёнам, дыяпазон выпраменьвання значна шырэйшы, а максiмум прыпадае на жорсткае гама- выпраменьванне. Добра, што Сарторыус верыць сваiм настаўнiкам i iхнiм тэорыям, але ёсць i iншыя тэорыi, Снаўт. Паслухай, што я табе скажу... - Я бачыў, што мае словы ўздзейнiчаюць на яго. - Трэба браць пад увагу i Акiян. Калi ён зрабiў тое, што зрабiў, то, вядома, скарыстаў аптымальны метад. Iнакш кажучы, яго дзеяннi ўяўляюцца мне аргументамi на карысць iншай школы, а не на карысць Сарторыуса.

- Дай мне твае запiсы, Кельвiн.

Я працягнуў яму лiсток. Снаўт схiлiў галаву, спрабуючы прачытаць мае каракулi.

- Што гэта? - паказаў ён пальцам.

Я ўзяў у яго лiсток.

- Гэта? Тэнзар трансфармацыi поля.

- Дай мне лiсток...

- Навошта? - спытаў я, ведаючы, што ён адкажа.

- Я павiнен паказаць яго Сарторыусу.

- Як хочаш, - абыякава адказаў я. - Магу даць. Толькi ўлiчы, эксперыментальна нiхто гэтага не правяраў. Такiя сiстэмы яшчэ дагэтуль невядомыя. Сарторыус верыць Фрэзеру, а я разлiчваў згодна з Сiёнам. Я не фiзiк, i Сiёна таксама не фiзiк. Ва ўсякiм разе з пункту погляду Сарторыуса. Але гэта дыскусiйнае пытанне. А я не хачу дыскусii, у вынiку якой я магу знiкнуць дзеля славы Сарторыуса. Цябе можна пераканаць, яго - не. Я не буду нават iмкнуцца.

- Што ты хочаш зрабiць?.. Ён працуе над гэтым, - абыякава паведамiў Снаўт.

Ён згорбiўся, увесь яго спрыт знiк. Я не ведаў, цi давярае ён мне, але мне было ўсё адно.

- Тое, што робiць чалавек, калi яго хочуць забiць, - цiха адказаў я.

- Я паспрабую звязацца з iм. Мо ён думае пра нейкiя меры бяспекi, прамармытаў Снаўт. Ён зiрнуў на мяне. - Паслухай, а калi ўсё-такi?.. Першы праект, га? Сарторыус згодзiцца. Безумоўна. Ва ўсякiм разе... ва ўсякiм разе... нейкая магчымасць.

- Ты верыш?

- Не... Але... гэта не зашкодзiць...

Мне не хацелася згаджацца надта хутка, каб не паказаць, як важна, што Снаўт становiцца на мой бок. Цяпер мы маглi разам зацягваць справу.

- Трэба падумаць, - сказаў я.

- Я пайду, - мармытнуў Снаўт i ўстаў.

Калi ён уставаў з крэсла, у яго хруснулi суставы.

- Дык ты дазволiш зняць з цябе энцэфалаграму? - спытаўся Снаўт, выцiраючы пальцамi фартух, нiбы спрабаваў сцерцi нябачную пляму.

- Добра, - згадзiўся я.

Не звяртаючы ўвагi на Хэры (яна назiрала за гэтай сцэнай моўчкi, трымаючы кнiгу на каленях), Снаўт падышоў да дзвярэй. Калi яны зачынiлiся, я ўстаў, разгладзiў лiсток, якi трымаў у руках. Не ведаю, цi прызнаў бы Сiёна мае вывады дакладнымi. Вiдаць, не. Я здрыгануўся. Хэры падышла да мяне ззаду i дакранулася да пляча:

- Крыс!

- Што, каханая?

- Хто гэта быў?

- Я табе казаў. Доктар Снаўт.

- Што ён за чалавек?

- Я мала яго ведаю. Чаму ты пытаешся?

- Ён так пазiраў на мяне...

- Вiдаць, ты яму спадабалася.

- Не, - пакруцiла яна галавой. - Ён пазiраў на мяне iнакш. Так... нiбыта...

Яна здрыганулася, падняла на мяне вочы i адразу ж iх апусцiла.

- Пайшлi адсюль куды-небудзь...

ВАДКI КIСЛАРОД

Я ляжаў у цёмным пакоi здранцвелы, уперыўшы позiрк у светлы цыферблат на руцэ. Колькi гэта працягвалася, не ведаю. Я прыслухоўваўся да свайго дыхання i нечаму здзiўляўся. Стан дзiўнай абыякавасцi я звязваў з вялiкай стомленасцю. Павярнуўся на бок, ложак быў незвычайна шырокi, мне чагосьцi не хапала. Я затаiў дыханне. Наступiла поўная цiшыня. Я сцiшыўся. Нiякага руху. Хэры? Чаму я не чую яе дыхання? Я правёў рукамi па пасцелi. Хэры не было.

'Хэры', - хацеў я паклiкаць, але пачуў крокi.

Нехта высокi i грузны iшоў, як...

- Гiбарыян? - спакойна спытаўся я.

- Так, гэта я. Не запальвай святла.

- Не запальваць?

- Не трэба. Так будзе лепш нам абодвум.

- Але ж цябе няма сярод жывых?

- Гэта не мае значэння. Ты пазнаеш мой голас?

- Пазнаю. Навошта ты гэта зрабiў?

- Так трэба было. Ты спазнiўся на чатыры днi. Калi б ты прыляцеў раней, магчыма, у гэтым не было б патрэбы. Не пакутуй, хай тваё сумленне будзе спакойным. Я адчуваю сябе нармальна.

- Ты сапраўды тут?

- А ты думаеш, што бачыш мяне ў сне, як думаў пра Хэры?

- Дзе яна?

- Чаму ты лiчыш, што я павiнен ведаць?

- Я здагадаўся.

- Не будзем гаварыць пра гэта. Дапусцiм, што замест яе прыйшоў я.

- Але я хачу, каб яна таксама была тут.

- Гэта немагчыма.

- Чаму? Паслухай, ты ж ведаеш, што на самай справе гэта не ты, а я?

- Не, гэта на самай справе я. Дакладней - я, паўтораны яшчэ раз. Але навошта мы марнуем час?

- Ты пойдзеш?

- Пайду.

- I тады яна вернецца?

- Табе гэта важна? Яна для цябе вельмi многа значыць?

- Гэта мая справа.

- Ты ж баiшся яе.

- Не.

- I грэбуеш...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату