I паколькi Лота навучылася добра лiчыць, яна пачала гаварыць лiчбы замест 'лiха цябе бяры'.
У ЛОТЫ НЕШЧАСЛIВЫ ДЗЕНЬ
Адзiн з нашых любiмых прытулкаў у садзе бабулi i дзядулi - гэта лялечны домiк! Ён належыў маме i цётцы Кэцi, калi яны былi маленькiмi дзяўчынкамi. Зараз там жывуць iх лялькi. Ён пафарбаваны ў чырвоны колер i знаходзiцца ў аддаленым кутку сада, куды вядзе маленькая сцяжынка. Ля гэтага домiка ёсць маленькi поплаў, на якiм растуць маргарыткi. З мэблi там былi белыя сталы i крэслы, буфет з лялечным посудам, патэльня, маленькi прас, а таксама збаночак для соку. Там было i маленькае крэселца, якое некалi належала бабулi. Цяжка ўявiць сабе, што гэтае крэселца такое старое!
Аднойчы, калi мы гулялi там, мы дамовiлiся, што Джонас будзе татам, я буду мамай, а Лота будзе Кларай, нашай служанкай.
- Зараз тата збiраецца пайсцi пагуляць з дзiцем, - сказаў Джонас. Ён узяў ляльчыну каляску з лялькай i пайшоў у сад.
- А я буду мыць падлогу ў кухнi, - сказала Лота.
- Не, перш за ўсё давай зробiм сыр, - прапанавала я.
Паколькi я была мамай, я збiралася кiраваць сама.
- Нiякага сыру, пакуль я не памыю падлогу! - адрэзала Лота.
Джонас сказаў Лоце, што яна не будзе гуляць з намi, калi не стане рабiць тое, што мы ёй гаворым. Такiм чынам мы зрабiлi сыр.
Калi вы робiце сыр, вам трэба ўзяць ягады i пакласцi iх у насоўку. Потым вы выцiскаеце ўвесь сок, а з таго, што застаецца ў насоўцы, вы робiце маленькiя круглыя сыры, якiя вельмi кiслыя.
- А зараз я збiраюся памыць падлогу, - сказала Лота.
Яна ўзяла вядро i пайшла ў кухню да бабулi, каб набраць вады. Калi яна вярнулася, дык вылiла ўсю гэтую ваду на падлогу i, апусцiўшыся на каленi, пачала скрэбцi падлогу шчоткай. Неўзабаве яна стала мокрая з ног да галавы.
- Лота, ты плаваеш, цi што? - спытаў Джонас, калi ўвайшоў з лялькай.
- Я мыю падлогу таму, што яе трэба памыць, - адказала Лота. - Акрамя таго, гэта вельмi цiкава.
Неўзабаве яна скончыла скрэбцi падлогу i засталася задаволеная. А Джонасу i мне прыйшлося выцiраць за ёй. Лота ж наогул не дапамагала. Яна толькi моўчкi сачыла за намi.
Сапраўдная Клара заўсёды спявае ў кухнi, калi яна там што-небудзь робiць. Iншы раз яна прытанцоўвае i спявае:
- Тра-ля-ля!
На гэты раз Лота рабiла выключна тое ж самае. Яна скакала каля стала i спявала.
Але ж адзiнае, чым яна адрознiвалася ад Клары, было тое, што яна ўзяла таўкачык для расцiрання яек, апусцiла яго ў вядро i пырскала на нас вадой. Потым яна смяялася так моцна, як толькi магла. Мы вельмi раззлавалiся на яе i сказалi, што калi яна будзе рабiць яшчэ такое глупства, ёй прыйдзецца выцiраць ваду самой. Але ж Лота працягвала скакаць i пырскацца. Падлога была слiзкая ад мыла, i раптам Лота ўпала i ўдарылася галавой аб буфет. Небарака Лота!
- Зусiм не цiкава быць Кларай, - плакала яна.
Потым яна пайшла шукаць ката, а мы з Джонасам засталiся адны. Тады мы зрабiлi салат з бэзу i з'елi з сырам. Вядома ж, гэта была толькi гульня.
Хутка мы пачулi, як закрычала Лота, i ўбачылi, што яна цягае ката за хвост, а ён, небарака, мяўкае i драпае яе.
- Я ж толькi схапiла яго за хвост, а ён раззлаваўся i пачаў драпаць мяне, - крычала яна.
Мамы i бабулi не было дома, i таму мы пайшлi да Клары за лiпучым пластырам для Лоты. Але ж Клары ў кухнi не было. Лота забылася закруцiць кран, калi яна брала ваду, каб памыць падлогу ў лялечным домiку, i я павiнна сказаць, што вады стала ў дзесяць разоў больш на падлозе ў кухнi, чым было на падлозе ў лялечным домiку. Джонас прабраўся да крана i закрыў яго. Якраз у гэты момант увайшла Клара.
- Божа мой, Джонас, што ты робiш? - ускрыкнула яна, узмахнуўшы рукамi.
- Ён плавае, - смяялася Лота.
Потым Клары захацелася высветлiць, хто ж забыўся закруцiць кран.
- Я, - сказала Лота.
- Як жа ты забылася зрабiць гэта? - запыталася Клара.
Уздыхнуўшы, Лота адказала:
- Таму што гэта мой нешчаслiвы дзень.
Мне здаецца, што ў Лоты кожны дзень нешчаслiвы.
Клара выцерла падлогу i паклала лiпучы пластыр на руку Лоце. Потым яна дала нам гарачай кавы i булачак, спяваючы i прытанцоўваючы.
Лота з'ела пяць булачак, Джонас - чатыры, а я - тры.
- Але ж гэта цудоўны нешчаслiвы дзень, - сказала Лота i моцна абняла Клару.
I Клара заўважыла, што Лота зусiм не дрэнная дзяўчынка.
ЛОТА Ў ТУРМЕ
Лота можа пабiць Томаса, хаця мама забаранiла Лоце бiцца.
'Чаму ты ўдарыла Томаса?' - пытае заўсёды мама ў Лоты.
Тады Лота адказвае: 'Таму што ён такi добры, калi плача'.
Аднойчы мама прымусiла Лоту сядзець у лялечным домiку сам-насам за тое, што яна пабiла Томаса. Потым у Аны Джо з'явiлася цудоўная iдэя.
- Давайце ўявiм сабе, што Лота ў турме, а мы збiраемся вызвалiць яе, сказала яна. - Перш за ўсё мы павiнны перадаць ёй ежу, таму што ў турме даюць толькi хлеб i ваду.
Мы пайшлi ў кухню i папрасiлi Клару, каб яна дала нам некалькi мясных шарыкаў. Ана Джо паклала iх у маленькi кошык, з якiм мы звычайна ходзiм па сунiцы. Потым Джонас i Ана Джо ўзабралiся на дах лялечнага домiка i паклiкалi Лоту. Яны сказалi ёй, што яна - вязень у турме i што мы пасылаем ёй ежу праз комiн. Лота высунула галаву з акна i спытала, чаму яна не можа атрымаць ежу праз акно альбо праз дзверы.
- А можа, дзверы не зачынены? - спытала Ана Джо.
- Не, гэта дрэнная турма, - сказала Лота. - Падыдзiце да дзвярэй i дайце мне мясныя шарыкi.
Ана Джо раззлавалася i сказала, што, калi знаходзiшся ў турме, трэба есцi ежу, якую перадалi праз комiн.
- Вось так, - сказала яна.
Тады Лоце прыйшлося згадзiцца.
Ана Джо прывязала доўгую вяроўку да кашолкi i апусцiла яе ўнiз праз комiн. Яна дазволiла Джонасу трохi дапамагчы ёй. Тым часам Томас i я павiнны былi стаяць унiзе i назiраць за iмi.
- Вось мясныя шарыкi, - пракрычала Лота, калi зайшла ў домiк, - а таксама вельмi многа сажы.
Томас i я зазiрнулi праз акно ў домiк i ўбачылi, як Лота з прагнасцю з'ядала мясныя шарыкi. Усе яны, а таксама твар Лоты i рукi былi пакрыты сажай. Ана Джо была вельмi задаволена, калi ўбачыла чорны твар Лоты. Зараз Лота магла быць палонным афрыканскiм рабом, якога мы павiнны былi ратаваць. Але Томас пачаў плакаць, таму што ён лiчыў, што афрыканскiя рабы вельмi небяспечныя.
- Дурненькi, табе не трэба баяцца iх, - сказала Ана Джо.
- Але ж яны выглядаюць вельмi небяспечнымi, - працягваў плакаць Томас.
Лоце спадабалася, што Томас плача, таму яна рабiла грымасы з акна. Яна паглядзела на мяне, Джонаса i сказала:
- Хтосьцi з iх можа быць небяспечным, Томас. Выратуйце мяне зараз жа, таму што я хачу пайсцi папужаць людзей. Мне падабаецца, калi мяне палохаюцца.
Ана Джо i Джонас пайшлi з другога боку дома, каб выратаваць Лоту праз акно. У нас былi з сабой арэлi, таму што Ана Джо сказала, што мы зможам выкарыстаць iх як мост цераз глыбокi роў, якi павiнен быў быць вакол турмы. Мы прыстасавалi дошку да акна, i я, i Ана Джо ўлезлi ў акно, каб выратаваць Лоту. Томас быў знадворку, сачыў за намi i плакаў.
Калi мы трапiлi ў домiк, то ўбачылi, што Лоты там не было. Ана Джо раз'юшылася.
- Куды ж гэтая малая знiкла? - ускрыкнула яна.
- Я ўцякла, - сказала Лота, калi мы нарэшце знайшлi яе.
Яна сядзела ў парэчнiку i прагна глытала парэчкi.
- Дык мы ж збiраемся выратаваць цябе, - сказала Ана Джо.
- Я выратавала сябе сама, - адказала Лота.