што звычайна робяць няшчасныя закаханыя: плакаў i зноў клiкаў нiмфаў на дапамогу. I ўночы, калi ён спаў, яны з'явiлiся ў сне ў тым самым аблiччы, як i мiнулы раз, i зноў загаварыла старэйшая: 'Пра Хлоiн шлюб дбае iншы бог; мы ж дамо табе падарункi, якiмi задобрыш Дрыяса. Карабель маладых метымнейцаў, лазовую вiтку якога некалi з'елi твае козы, у той дзень ветрам адагнала далёка ад зямлi; але ўночы, калi з адкрытага мора наляцела бура i яно ўсхадзiлася, карабель выкiнула на скалы гэтага мыса. Сам карабель i шмат чаго ў iм загiнула; але гаманец з трыма тысячамi драхмаў, выкiнуты хваляю на бераг, ляжыць там i цяпер, прыкрыты марскою травою побач з мёртвым дэльфiнам, i нiхто з падарожных не падыходзiць да таго месца, унiкаючы смуроду гнiлiзны. Але ты падыдзi, i, падышоўшы, вазьмi, i, узяўшы, дай. Гэтага на разе табе досыць, каб не здацца бедным; а з часам ты станеш i сапраўды багатым'.
28
Гэта сказаўшы, яны знiклi разам з ноччу. Калi ж заняўся дзень, Дафнiс, узрадаваны, ускочыў i, голасна насвiстваючы, пагнаў сваiх коз на пашу; пацалаваў Хлою i, ушанаваўшы нiмфаў, пабег да мора, нiбы хочучы абмыцца; i там на пяску, поблiз прыбою, хадзiў ён, шукаючы тыя тры тысячы. Не шмат давялося прыкласцi клопату, бо неўзабаве дайшоў да яго нядобры пах дэльфiна, якi ляжаў там i гнiў; гэты смурод падлы i паказаў яму дарогу, ён пабег проста туды i, разгробшы водарасцi, знайшоў гаманец, набiты серабром. Падняўшы яго i паклаўшы ў сваю пастухову торбу, не адышоў, аднак, пакуль удзячна не памалiўся нiмфам i мору; бо хоць i быў пастух, але мора ўжо здавалася яму мiлейшым, чым зямля, бо яно спрыяла яму ў шлюбе з Хлояй.
29
З трыма тысячамi драхмаў ён больш не марудзiў, лiчачы сябе найбагацейшым чалавекам на свеце, а не толькi сярод тамтэйшых сялян, - тут жа прыбягае да Хлоi i расказвае ёй сон, паказвае гаманец, просiць яе папiльнаваць статак, пакуль ён не вернецца, i як мага iмчыцца да Дрыяса. Знайшоўшы яго на таку, дзе той з Напэ малацiў пшанiцу, ён з усёй адвагаю кiдаецца ў гаворку пра шлюб: 'Дай мне Хлою за жонку. Я ўмею на сiрынзе прыгожа iграць, i вiнаградныя лозы падразаць, i дрэвы саджаць. Умею зямлю араць i веяць збожжа на ветры. А як статак пасу - Хлоя сведкаю. Узяўшы пяцьдзесят коз, я падвоiў лiк iх; я выгадаваў вялiкiх i прыгожых казлоў; а раней мы чужымi казламi сваiх коз пакрывалi. Да таго ж я малады i сусед вам што трэба: а выкармiла мяне каза, як i Хлою - авечка. Пераважаючы ва ўсiм гэтым над iншымi, я не ўступлю i ў падарунках. Даюць яны коз i авечак, пару шалудзiвых валоў, збожжа, што i курэй не выстачыць пракармiць; а ад мяне - вось вам тры тысячы драхмаў. Толькi няхай нiхто не ведае, нават Ламан, мой бацька'. З гэтымi словамi ён даў грошы, абняўшы, пацалаваў яго.
30
Яны ж, убачыўшы неспадзявана гэтулькi грошай, тут жа паабяцалi выдаць за яго Хлою i ўгаварыць Ламана. Напэ асталася з Дафнiсам ганяць валоў наўкол току i выбiваць малацiльнымi дошкамi калоссе; а Дрыяс, схаваўшы гаманец туды ж, дзе ляжалi Хлоiны прыкметныя знакi, хутка пабег да Ламана i Мiрталы, каб - яшчэ такога не бывала - сватаць iх сына. Знайшоў ён iх, калi тыя мералi толькi што правеяны ячмень i былi вельмi зажураныя, бо ўраджай быў цi не меншы, чым пасеяна; на гэта ён iх суцешыў, што скрозь чуваць тыя самыя скаргi; а пасля пачаў прасiць выдаць Дафнiса за Хлою i сказаў, што хоць шмат даюць другiя, але ён ад iх нiчога не возьме, а хацеў бы яшчэ i са сваiх прыпасаў iм дадаць; яны адно з адным гадавалiся i, разам пасучы, павязаны такою дружбаю, якую нялёгка разарваць, i тыя гады, каб iм адно з адным спаць. Гэта i яшчэ шмат чаго казаў ён, бо ўзнагародаю, каб угаварыў iх, меў тры тысячы. А Ламан, якi не мог ужо выставiць за прычыну нi сваю беднасць, бо тыя ж перад iмi не задавалiся, нi Дафнiсавы гады - ён ужо ж дзяцюк, а сапраўднай прычыны, што Дафнiсу суджаны лепшы, чым гэты, шлюб, не выказаў; памаўчаўшы трошкi, ён так адказаў:
31
'Вы справядлiва робiце, аддаючы перавагу суседзям перад чужымi i не ставячы багацце вышэй за сумленную беднасць. Хай будуць за гэта спагадлiвыя да вас Пан i нiмфы! Я i сам спяшаюся з гэтым вяселлем; бо быў бы вар'ятам, калi б я, стары чалавек, якому ўжо неўзабаве для работы трэба будуць больш спрытныя рукi, не палiчыў бы за вялiкае дабро параднiцца з вашым домам; кожны б Хлою хацеў, прыгожая, мiлая дзяўчына, спрытная ва ўсiм. Але я раб i нi над чым, што маю, не гаспадар; трэба, каб мой пан уведаў пра гэта i даў згоду. Давайма адкладзём вяселле на восень. Тады i сам ён тут будзе, як кажуць людзi, што з горада прыходзяць да нас. Тады яны стануць мужам i жонкаю. Цяпер жа хай любяць адно аднаго, як брат i сястра. Толькi ведай, Дрыяс, вось што: дамагаешся ты хлопца, якi стаiць вышэй, чым мы'. Сказаўшы гэта, пацалаваў яго i даў яму папiць, бо быў полудзень - самая спёка, i, усяляк ушаноўваючы, правёў яго ў дарогу.
32
Але Дрыяс не пусцiў паўз вушы апошнiх Ламанавых слоў i, iдучы дадому, даўся ў думкi, хто ж такi Дафнiс. 'Яго выкармiла каза, значыць, багi дбаюць пра яго; ён прыгожы i анi не падобны нi да гэтага кiрпатага старога, нi да яго лысай жонкi. А мае ж ён тры тысячы, гэтулькi i грушак-дзiчак у казапаса звычайна не бывае. Можа, i яго падкiнулi, як Хлою? Можа, i яго знайшоў Ламан, як я яе? Можа, i пры iм ляжалi прыкметныя знакi, падобныя да тых, што знойдзены мною? Калi гэта было так, о ўладны Пане, i вы, любыя нiмфы, тады, можа, калi ён знойдзе сваiх, што- небудзь выйдзе на свет з Хлоiнай таямнiцы?' Так ён думаў i мроiў сам сабе, аж пакуль не дайшоў да току; прыйшоўшы туды i ўбачыўшы Дафнiса, якi напружана чакаў, што ж давядзецца пачуць, падбадзёрыў яго, назваўшы яго зяцем i паабяцаўшы ўвосень справiць вяселле, i падаў яму правую руку ў знак таго, што Хлоя не будзе належаць нiкому, апроч Дафнiса.
33
Хутчэй чым думка, не пiўшы, не еўшы, пабег да Хлоi; знайшоўшы яе - яна якраз даiла i рабiла сыры, сказаў ёй радасную вестку пра вяселле i як бы жонку ўжо, не тоячыся, пацалаваў i разам рабiў усю работу. Даiў малако ў даёнкi, укладаў сыры ў пляцёнкi, каб сушылiся; падводзiў ягнят i казлянят пад маткi. Калi ўсё як мае быць было пароблена, яны памылiся, паелi, папiлi i пайшлi шукаць спелых пладоў. Iх было мноства ў гэтую ўсёдайную пару года: шмат грушак, дзiкiх i садовых, шмат яблык, адны пападалi долу ўжо, другiя былi яшчэ на дрэвах; тыя, што на зямлi, больш духмяныя, тыя, што на голлi, больш румяныя; адны пахлi, як вiно, а другiя блiшчалi, як золата. Адна яблыня была абабраная: нi пладоў на ёй, нi лiсця - усе галiнкi голыя. Толькi ў самым версе гайдаўся адзiнюткi яблык - вялiкi, прыгожы, сваёй духмянасцю ўсе iншыя перабiваў. Збiраючы, нехта пабаяўся лезцi высока i не парупiўся яго зняць, а можа, збярог для закаханага пастуха.
34
Як толькi Дафнiс убачыў гэты яблык, тут жа падышоў, узлез, каб зняць яго, не зважаючы, што Хлоя пярэчыла яму. Зазлаваўшы, што ён яе не слухае, яна пабегла да статкаў; Дафнiс жа хутка ўзлез, каб дастаць яблык, прынёс дарунак Хлоi i прамовiў такiя словы да гняўлiвай: 'Дзяўчынка! Гэты яблык прыгожыя Горы ўзрадзiлi, прыгожае дрэва яго жывiла, сонца спялiла, а Доля яго ацалiла. Я не мог, маючы вочы, пакiнуць яго, каб ён долу ўпаў i каб статак, пасучыся, яго растаптаў, цi паўзун-гад атруцiў, цi час там яго зглумiў; яго, якiм толькi любавацца ды захапляцца. Такi яблык Афрадыта ва ўзнагароду за красу атрымала, гэты - я табе даю ў знак твае перамогi. I суддзi вашы падобныя: той жа быў пастух авечак, а я казапас'.
Гэта сказаўшы, паклаў ён яблык у складкi адзення на грудзях; i калi ён падышоў блiзка, яна пацалавала яго, так што Дафнiс анi не каяўся, што так адважна лез на гэтую вышыню: бо атрымаў ён даражэйшае, чым нават залаты яблык, - пацалунак.
КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ
1
З Мiтылены прыйшоў раб, якi належаў таму гаспадару, што i Ламан, i прынёс вестку, што незадоўга да збору вiнаграду прыедзе iх гаспадар, каб паглядзець, цi не прынёс шкоды яго палям напад метымнейцаў.
Лета ўжо канчалася, наблiжалася восень, i Ламан рыхтаваўся да прыезду гаспадара, каб тут усё яму цешыла вока. Ён пачысцiў крынiцы, каб вада была чыстая; вывез гной з двара, каб цяжкi дух не дакучаў; дагледзеў сад, каб ён меў прывабны выгляд.
2
А сад быў надзiва прыгожы, нiбы царскi. Цягнуўся на цэлы стадый, а ляжаў на высокiм месцы, маючы чатыры плетры ўшыркi. Можна падумаць, шырокае поле. Дрэвы ўсялякiх парод былi тут: яблынi, мiрты, грушы i гранаты, а таксама фiгi i алiвы; а ў другiм месцы высокiя вiнаградныя лозы абвiвалi яблынi i грушы, чарнеючы гронкамi, нiбы спрачаючыся з пладамi; гэта былi садовыя дрэвы. Але i былi кiпарысы i лаўры, платаны i хвойкi. Усе iх замест вiнаграднай лазы абвiваў плюшч, i яго вялiкiя чорныя пучкi нагадвалi вiнаградныя гронкi. Пладовыя дрэвы стаялi ўсярэдзiне, нiбы пад аховаю: iх абступалi непладовыя, нiбы агароджа, зробленая рукамi людзей; а ўсё разам аточваў нiзенькi мур. Усё было акуратна падзелена i размерана, i дрэвы раслi роўна адно ад аднаго. А ўгары голле перапляталася, змешваючы лiсце; так што створанае прыродаю, здавалася, было зробленае мастаком. Былi i градкi кветак; адны ўзрасцiла самасеем зямля, другiя - умельства; кусты руж, гiяцынты i лiлеi - з працы рук, фiялкi, нарцысы, гусiныя лапкi зрадзiла зямля. Улетку тут быў цень, увесну кветкi, увосень - плады, i на ўсякую пару свая раскоша.
3
Адсюль адсланяўся шырокi вiд на раўнiну i можна было згледзець пастухоў, якiя пасвiлi жывёлу; адсюль адсланяўся i прыгожы вiд на мора i можна было ўбачыць, як праплывалi караблi; так што i гэта прыдавала прывабнасць саду. А ў самай сярэдзiне па даўжынi i шырынi яго стаяла каплiца Дыянiса i ахвярнiк; ён абвiваўся плюшчом, каплiца - вiнаграднай лазою. Усярэдзiне каплiцы былi намаляваны карцiны з жыцця Дыянiса: роды Семелы, сон Арыядны, Лiкург скаваны, Пентэй разарваны. Былi i пераможаныя iндыйцы i тырэнцы, перакiнутыя ў дэльфiнаў; усюды сатыры вiнаград тапталi, усюды вакханкi танцавалi. Не абмiнулi i Пана: сядзеў на скале, iграючы на сiрынзе як бы агульную песню i для тых, што вiнаград тапталi, i для тых, што танцавалi.
4
Гэты сад старанна