карабiны, коней, награбленае дабро, Мiколку загадваюць:
- Ану, пiшы iм дакумент, распiску!
Пiсаў Мiколка:
'Мы, партызаны, даём распiску ў тым, што сорак карабiнаў, пяць рэвальвераў, сорак коней, трыста пудоў хлеба, награбленага ў сялян, прыняты намi ад нямецкай часцi ў поўным парадку i спраўнасцi, што i сведчым сваiмi подпiсамi i пячаткай. Выдана гэта для нямецкiх генералаў'.
А напiсаўшы, даставаў Мiколка з торбы пячатку, браў кусок бяросты, запальваў яе i, пакапцiўшы пячатку, важна прыкладаў лiпавы кукiш да 'квiтанцыi'. З усiх канцоў да генералаў сыпалiся гэтыя кукiшы.
Шалелi генералы i кiдалi сiлы, каб расправiцца з партызанамi. Падцягнулiся i нашы лясныя ваякi. З параходам цяжка было ўпраўляцца, не зацягнеш жа яго ў лес. А па Дняпру хадзiлi ўзброеныя нямецкiя судны, якiя не сягоння, дык заўтра маглi засцiгнуць параход у затоцы i захапiць яго. I як нi шкадавалi хлопцы свайго 'браняносца', яны вымушаны былi расстацца з iм. У светлую месячную ноч, зняўшы з парахода ўсе кулямёты i гарматы, вывелi яго партызаны на сярэдзiну ракi i затапiлi на самым глыбокiм месцы, каб перашкодзiць нямецкаму параходнаму руху. А ранiцой з вялiкiм задавальненнем назiралi, як на гэтым месцы затапiўся нямецкi параход, наскочыўшы дном на партызанскага 'браняносца'.
Лагер свой партызаны прымушаны былi пераводзiць у другiя месцы, каб збiваць з панталыку немцаў.
Шчаслiвыя хаўтуры
Атрад Сёмкi-матроса наблiжаўся да горада, каб дапамагчы рабочым на выпадак якой сутычкi з немцамi. А такiя сутычкi маглi быць. Атрад разбiлi на тры часткi, каб лягчэй было прабрацца праз нямецкiя войскi. У перадавым атрадзе былi Сёмка-матрос, Мiколка, дзед Астап i сотня коннiкаў партызан. З атрадам быў адзiн кулямёт, рэштка кулямётаў была ў другiх атрадах. У кожнага партызана былi карабiнка, рэвальвер, гранаты. Некаторыя спрытнейшыя мелi яшчэ шаблi.
Атрад спынiўся на начлег у адным вялiкiм сяле. Ужо з даўняга часу павялося, што партызаны рабiлi па вёсках суд i расправу над тымi, хто крыўдзiў сялян, хто прыгнятаў бедных. I доўга разбiралi Сёмка-матрос, дзед Астап i Мiколка розныя сялянскiя скаргi i крыўды. Скардзiлiся на мясцовага памешчыка, якi такую волю пры немцах займеў, што адбiрае ў сялян зямлю, не пускае iх у лес, з дапамогай немцаў жорстка распраўляецца з усiмi тымi, хто быў раней у батрацкiх камiтэтах i ў сельсаветах.
- Пусцiць яму чырвонага пеўня! - скамандаваў Сёмка.
Група партызан адразу ж села на коней i, нягледзячы на цемень ночы, паехала 'ў госцi' да памешчыка. I праз якую гадзiну шырокае зарава калыхалася ўжо над лесам i над палямi. I кожны ведаў, што гэта пану навука, што гэта з агнём i дымам пусцiлi партызаны панскiя здабыткi.
Скардзiлiся сяляне i на мясцовых кулакоў, на мельнiка, на старасту, якi задужа налягае на сялян з падаткамi для немцаў, прычым гэтыя падаткi ўскладае на плечы бяднейшых, адбiрае ў iх апошняе дабро, апошнюю карову. Узялiся як след за старасту. Да позняй ночы дапытвалi яго i дзесяткi сведак. Каб добра правучыць кулака, пастанавiлi: адабраць у яго палавiну маёмасцi i раздаць бяднейшым, а лепшых коней узяць у атрад. Узвыў тут стараста, замахаў рукамi, захадзiў, забегаў.
- Хто даў вам такi закон распраўляцца з чужым дабром? Хто мае такое права?
Аж падскочыў тут Сёмка-матрос ды як лясне па стале рэвальверам:
- Маўчы, крывасмок! Вось як пастаўлю да сценкi, пазнаеш тады закон наш i права!
Сагнуўся кулак, згорбiўся. На цiхую авечку зрабiўся. Толькi барада шырокая трасецца ад страху. Прасiцца пачаў:
- Даруйце, таварышы! Па несвядомасцi гэта я, па цемнаце нашай...
Ды бух у ногi з мольбамi, з просьбамi.
Зiрнуў тут дзед Астап, i крыху жаль яго ўзяў. Не любiў ён, каб чалавек па зямлi поўзаў, задужа ўнiжаў сябе. I сказаў Сёмку-матросу:
- Пусцi ты яго лепш на волю... Цi варта на такога кулю псаваць?
Стараста ледзь дзверы не выбiў ад радасцi, што застаўся жывым. Так спяшаўся да свае хаты. Але вышэй за радасць была пякучая злосць. Шкадаваў дабра, шкадаваў сваiх коней. I, апынуўшыся на сваiм двары, ён пагразiў некаму кулаком:
- Я пакажу вам, галадранцы, як устанаўляць над светам закон свой...
Пайшоўшы да хлява, доўга быў там, потым вывеў каня, якога пакiнулi яму партызаны з яго маёмасцi. Сеў верхам i агародамi, па загуменню, паехаў у цемень ночы, хаваючыся па кустах i сцежках, каб не перанялi часам партызаны.
Ехаў, успамiнаў пра нямецкiя аб'явы i загады, дзе абяцалася некалькi тысяч марак таму, хто пакажа месца стаянкi партызан цi даставiць жывым альбо мёртвым Сёмку-матроса цi дзеда Астапа. Успомнiў i ўзрадаваўся, кiнуў коней сваiх шкадаваць. Не такiх стаеннiкаў можна будзе набыць за такiя вялiкiя грошы... Колькi зямлi яшчэ можна будзе купiць, дамы паставiць, сады пасадзiць, вялiкiя крамы паадчыняць. I будзе тады ягонай кожная капейчына. А капейка за капейкай - рубель. А там сотнi, а там тысячы.
Аж дух захапiла ў яго ад прыемных мар. Ехаў, спяшаючыся, ды ўсё шаптаў сабе пацiху ўголас:
- Гэткiя ж грошы, гэткiя грошы...
I, успамiнаючы тых, якiя прыносiлi скаргi на яго партызанам, не шаптаў, а сiпеў праз вялiкую злосць:
- Нiчога... Я правучу! Я скручу вас так, што юшка з вас крывавая пацячэ!
Ён то выпростваўся, выцягваўся, пагражаюча сцiскаў кулакi, то рабiўся адразу абмяклым, расслабленым i гойдаўся тады на канi, як саламяны куль. Тады ападаў на яго душу страх. Нiбы прылятаў ён з недасяжных вышынь i цiснуў яго, прыцiскаў да чорнай зямлi.
Гэты страх iшоў адтуль, дзе калыхалася чырвонае зарава. Махнатыя зоры рабiлiся бледнымi перад заравам. Некаторыя нiклi, гаслi. Водблiскi зарава хадзiлi па каменнях. Аб каменнi спатыкаўся конь, таропка прабiраючыся па кустах, па глухiх ваўчыных сцежках.
Глухая ноч была напоена пахамi пажараў, крывi i чалавечае нянавiсцi.
Спяшаўся коннiк.
* * *
А партызаны спалi.
Даўно адгулi гармонiкi, разышлiся дзяўчаты са скокаў з удалымi партызанамi. Дзед Астап з Мiколкам спалi ў каламажцы, што была з кулямётам. У хаце не захацелi спаць. Там было душна. Ды i, акрамя таго, у хаце быў нябожчык. Там памёр нядаўна адзiн стары селянiн. Ён ляжаў цяпер на стале, васковая свечка гарэла ля яго. На лаве стаяла труна. Не сказаць, каб дужа далюблiваў дзед Астап нябожчыкаў.
Таму i сказаў самым рашучым чынам:
- Будзем спаць на дварэ, на каламажцы! Самае лепшае месца: нi прус цябе не джыгане, нi клоп не кусне, нi духаты, нi спякоты. Ты спiш, а табе зоры ўсмiхаюцца ды падмiргваюць. I зноў жа ноч, цi мала што можа здарыцца, а тут i кулямёт пад бокам...
Так i спалi, укрыўшыся дзедавым кажухом.
Цiха i спакойна мiнулася ноч. Даўно ўжо пагаслi зоры, апала зарава i пачаў ружавець усход. Вось i першы сонечны прамень блiснуў, пазалацiў калодзежны журавель, перакiнуўся на старую лiпу. Замычэлi каровы, забляялi авечкi. То выганялi сяляне жывёлу на пашу. I толькi паспелi выгнаць яе за сяло, як страшэнны крык пракацiўся па вулiцы. Ён узнiк за сялом, адтуль беглi перапалоханыя пастушкi. Падхоплены дзесяткамi галасоў, крык шырыўся, рос, паланiў усе двары, усю вулiцу.
- Немцы! Ратуйцеся! - крычалi з усiх бакоў.
Як скрозь сон пачуў гэты крык Мiколка, дзеда разбудзiў. Паднялi на ногi Сёмку-матроса, усiх партызан. Тыя кiнулiся да коней.
Сёмка хутка ўзабраўся на высокую бярозу, за iм ускарабкаўся Мiколка. Глянулi навокал. Па дарозе ад лесу ехаў конны нямецкi атрад. Было ў iм чалавек з сотню. Ужо хацеў скамандаваць Сёмка, каб выбiралiся партызаны ў другi бок сяла. Але заўважыў тут, што i з другога боку падаецца да сяла яшчэ большы конны атрад. Хвiлiна-другая - i ад нямецкiх атрадаў аддзялiлiся групы коннiкаў i памчалi галопам, акружаючы з усiх бакоў сяло.
- Акружаюць, гады, у пастку бяруць! Што ж то рабiць? - услых падумаў Сёмка-матрос.
- Прарвацца! У шаблi ўзяць! - закрычалi тут партызаны. Але Сёмка-матрос махнуў рукой, гарачых спынiў.
- Усiх не возьмеш!.. Вялiкi атрад, трохi нам не па сiле. Нельга на ражон перцi. Прыйдзецца, няйначай... - i хацеў Сёмка яшчэ нешта сказаць, але тут яму Мiколка пару слоў шапнуў, на кулямёт паказаўшы. Дужа шкадаваў кулямёта Мiколка, баяўся, каб немцам яго не пакiнуць. I з'явiўся нейкi план у Мiколкi, аб iм i сказаў