ён матросу. Той аж смехам спачатку залiўся, але раптам зрабiўся сур'ёзны, каманду даў:

- Коней хавай па хлявах, сёдлы ў каноплi! Палавiна каманды хавайся па гародах, а палавiна за мной!

I, узяўшы чалавекi з чатыры, кiнуўся з iмi да хаты, дзе нябожчык быў.

Праз якую хвiлiну выносiлi пустую труну адтуль. Партызаны i раты паразяўлялi: што за праява? Некаторыя ў жарты кiнулiся: 'Малая труна, усiх не ўмясцiць!'

Але так грозна закрычаў тут Сёмка-матрос, што ўсе захадзiлiся, як па струне:

- Карабiнкi хавай, з сабой бяры гранаты i рэвальверы! - I да дзеда Астапа: - Крыж бяры! Крыж хапай, дзед Астап, ля труны станавiся! А ты, Мiколка, за пратэсiю!

Пачухаў патылiцу дзед Астап, нiчога не разумеючы. Але ўзяў крыж, што стаяў ля варот каля хаты з нябожчыкам. Раз каманда, дык каманда, трэба выпаўняць.

Мiколка ўзяўся за пратэсiю, з якой носяць нябожчыкаў на могiлкi. А Сёмка ўжо клаў кулямёт у труну. Той не лез, знялi колы, у гарод iх закiнулi. Уцiснулi кулямёт, патронаў налажылi. Прыкрылi белым палатном, паднялi труну на плечы, аж чалавек з восем яе панеслi. Ды ўслед чалавек сорак. I тут толькi зразумелi партызаны справу з труной i як пусцяцца ў шалёны рогат:

- Вось гэта дык нябожчык!

Але грымнуў тут Сёмка-матрос:

- Смех далоў! Слёзы давай, слёзы, плачу паболей!

I загаласiлi ўсе па камандзе, галасамi грубымi, басавiтымi:

- Угу-гу-гу... Ого-го-го... Га-га-га...

З усiх хат выскоквалi на той плач старыя бабкi. Як зiрнулi на труну, напалохалiся. Пачалi лбы хрысцiць, ды галасiць, ды прыгаворваць:

- Упакой, Госпадзi, душу бязгрэшную!

Iм i сапраўды здавалася, што нябожчыка нясуць. Таму i слёзы пусцiлi, самыя сапраўдныя.

А тут i немцы ўжо. Iмчаць наўскач з канца вулiцы, толькi пыл курыць, конi ржуць, шаблi паблiскваюць.

I страшна Мiколку i смешна. Нясе пратэсiю царкоўную ды тонкiм голасам падцягвае:

- Ве-е-ч-ная памяць! Ве-е-чны пакой!

I ўсе за iм:

- Ве-е-ч-ная памяць...

А тут зiрнуў на дзеда i ледзь не самлеў. Ужо блiзка немцы, а дзед нясе крыж i на сябе не глядзiць. Вiсяць на поясе ў дзеда дзве бомбы, забыўся той па старой памяцi на iх, не схаваў. I як запяе тут Мiколка ды на новы лад:

- Ве-е-чная па-а-мяць... Дзеду, дзеду, бо-о-мбы хавай, што на поясе вiсяць...

I ўсе падхапiлi басам:

- Што на поясе вiсяць... што на поясе вiсяць...

Пачуў дзед, схамянуўся, хуценька бомбы схаваў за пазуху i, як нi лыс, Мiколку падмiргнуў. I да таго тут зрабiлася весела Мiколку, што ледзь у скокi не пусцiўся з пратэсiяй. Нават 'вечную памяць' на манер кадрылi запеў. Зiрнуў на яго Сёмка сурова, шапнуў - загадаў:

- Цягнi, цягнi, ды каб жаласлiва было...

А немцы ўжо блiзка. Цяжка храплi ўзмыленыя конi, гулка бiлi ў зямлю цяжкiмi капытамi. Прыцiшыўся нямецкi атрад, калi параўняўся з хаўтурнай працэсiяй. Нават пад казырок узялi немцы труне з нябожчыкам. Не азiралiся партызаны, старанна выцягвалi 'вечную памяць'. Плакалi ды галасiлi бабкi. Нямецкi атрад паволi праехаў каля 'працэсii' i, падагнаўшы коней, памчаў далей галопам па вулiцы. Аж у самы канец праляцелi. Адтуль назад, на сярэдзiну сяла. Немцы былi яўна расчараваны. Яны, вiдаць, рабiлi налёт, хацелi некага злавiць. Але нiякiх партызан на сяле не знайшлi, i следу тут не вiдаць было ад партызанскага атрада.

Труна з нябожчыкам усё шпарчэй наблiжалася да могiлак, якiя былi за сялом.

- Хутчэй, хутчэй! - камандаваў Сёмка-матрос.

Не паспявалi бабкi следам, бурчаць пачалi:

- Куды гонiце... Дайце душы нябожчыка гэтым светам усмак падыхаць...

Але тут як крыкне Сёмка, як закамандуе бабкам:

- Хавайцеся, бабкi, па баразёнках, нябожчык уваскрос!

Зiрнулi тыя на труну, ды куды каторыя кiнулiся ў жыта хавацца.

А немцы тым часам спешылiся i, прывязаўшы коней да платоў, кiнулiся курэй ды парасят лавiць, шукаць па хатах 'млека ды яйкi'. Пачуўшы кудахтанне курэй, уехалi ў вулiцу i тыя атрады, якiя акружалi сяло, заставы рабiлi.

I пачалiся тут несусветная сумятня, гвалт, вэрхал, шалёная стралянiна.

Не паспелi немцы i малака паспытаць, як загрымеў з могiлак вызвалены з труны 'нябожчык'. Ваўсю грымеў кулямёт, наводзячы вялiкi жах на немцаў сваiм нечаканым з'яўленнем. Кiнулiся немцы да коней, але партызаны, якiя засталiся па гародах, такую стралянiну паднялi, што было не да коней. Ды i кулямёт не змаўкаў. I пабеглi немцы хто куды, без коней, а некаторыя i карабiны пакiдалi. Як злавiў каторы курыцу, так i бег з ёй, гойсаючы цераз платы, цераз канавы, уцякаючы да лесу. I не да курэй было. Ляцелi вызваленыя птахi, ашалела кудахталi па гародах, кiдалi немцы гладышы з малаком, давалi спрытнага драпака.

А ўслед iм iмчалi ўжо конныя партызаны... На нямецкiх конях ляцелi. Хто з немцаў уцёк, а многiх у палон забралi, абяззброiлi. Сабралi ў кучу, наладзiлi допыт.

- Хто? - дапытваўся ў iх Сёмка-матрос. Ён пытаў пра чалавека, якi навёў iх, паказаў iм партызанскую стаянку.

Добра не ведалi немцы iмя чалавека, але паказалi на блiзкi лясок, дзе, паводле iх слоў, хаваўся той чалавек, якi прывёў iх i, баючыся паказацца з iмi на сяле, застаўся там.

З дзесятак партызан паскакалi к паказанаму месцу. I праз якiх хвiлiн дваццаць прывялi адтуль чалавека. Гэта быў стараста.

- Ён... - паказалi на яго немцы.

Здрыгануўся той, пабялеў увесь, прылiп да зямлi, не зварухнуўся. Зрабiлi вобыск. З-за пазухi выцягнулi вялiкi пачак нямецкiх грошай. Памахаў Сёмка гэтым пачкам перад стараставым носам, прагаварыў праз зубы:

- Мала, аднак жа, ты зарабiў на нашай крывi...

I, сцяўшы зубы, коратка загадаў:

- Станавiся пад бярозу.

Была малая размова са здраднiкам-кулаком.

Немцаў адпусцiлi на волю, выдаўшы iм вядомыя распiскi з партызанскай пячаткай.

Сёмка-матрос падмiргнуў дзеду:

- Бачыш, пашкадаваў учора!

Дзед i сам абураўся:

- Каб я ведаў, што чалавек здольны на такую подлую справу, дык я сваiмi рукамi задушыў бы яго.

- Ворага не шкадуй нiколi...

Хутка песнi i вясёлая музыка паланiлi атрад. Ходырам хадзiла сяло, успамiнаючы незвычайныя хаўтуры i такога дзiўнага нябожчыка.

Сёмка Мiколку хвалiў:

- Вось каму дзякуйце за шчаслiвыя хаўтуры! Не здагадаўся б ён, магчыма, i прапелi б нам немцы вечную памяць...

Смяялiся хлопцы, жартавалi. Успамiналi дзедавы бомбы. Ладзiлi кулямёт, чысцiлi карабiны, пахаваныя раней па гародах.

Атрад рушыў у дарогу.

Мiколкаў браняпоезд

З далёкай Нямеччыны прыходзiлi цьмяныя чуткi аб надыходзячай там рэвалюцыi. Урэшце прыйшлi чуткi, што гэта рэвалюцыя адбылася. Але генералы, вiдаць, хавалi гэтыя чуткi ад салдат, жорстка каралi iх за малейшыя ўчынкi, расстрэльвалi за адно толькi слова аб волi, аб рэвалюцыi. I ўжо сцягваючы да савецкiх гранiц свае сiлы, яны не пакiдалi старых намераў: як мага спустошыць краiну, зруйнаваць яе, абяссiлiць.

Велiзарныя запасы хлеба былi звалены на станцыi, чакалi вагонаў. Стаяла некалькi дзесяткаў цягнiкоў з

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату