родных дзяцей, i гэта, па-мойму, робiць законнымi ўсе нашы дзеяннi i ўчынкi. Прынамсi, кожны чалавек iх зразумее i прабачыць. Мы далi табе маральную перавагу над намi сваёй бязлiтаснай барацьбой i сваёй...
Тут ён запнуўся, шукаў патрэбнага слова - а я цiхенька падказаў:
- ...i сваёй подлай змовай.
Ён пачырванеў. Жэнеўева зашыпела:
- А чаму 'подлай'? Ты ж куды мацнейшы за нас...
- Ну што вы! Якая тут моц? Хворы стары супраць зграi маладых ваўкоў...
- Гэты хворы стары, - сказаў Хюбэр, - у нашай сям'i карыстаецца вялiкiмi прывiлеямi. Ён днямi сядзiць сабе ў пакоi, пiльна сочыць за ўсiм, што робiцца навокал, выведвае нашы прывычкi, слабасцi i ўсё выкарыстоўвае ў сваiх эгаiстычных iнтарэсах. Спяшацца яму няма куды, ён грунтоўна абдумвае кожны свой удар. Ён усё ведае пра iншых, а тыя пра яго - нiчога. Ён - адмысловы майстра падгледзець, падслухаць (тут я не змог стрымаць усмешкi, тады i яны ўсмiхнулiся). Дык вось, - гаварыў далей Хюбэр, - у сваёй сям'i, у сваiм доме людзям заўсёды бракуе асцярожнасцi: спрачаюцца, крычаць, гарлапаняць i самi гэтага не заўважаюць. Залiшне мы паспадзявалiся на таўшчыню сцен у нашым доме. А ёсць жа яшчэ i адчыненыя вокны...
Гэтыя намёкi трохi змякчылi наш настрой. Але Хюбэр зноў загаварыў сур'ёзным тонам:
- Я нават дапускаю, што мы маглi табе здацца злачынцамi. Я, канешне, мог бы яшчэ раз спаслацца на тое, што кожны наш крок - гэта законны сродак самаабароны, але не варта абвастраць спрэчку i падлiваць масла ў агонь. Не буду я тут разбiрацца i хто быў падпальшчыкам гэтай сумнай вайны. Я гатоў нават абараняць вiнаватага. Але ты павiнен зразумець... Ён падняўся, працёр акуляры. Твар худы, змучаны... - Ты павiнен зразумець, што я змагаўся за гонар нашай сям'i, за будучыню сваiх дзяцей. Не можаш ты сабе ўявiць, якое наша становiшча, - ты чалавек мiнулага стагоддзя, ты жыў у тую казачную эпоху, калi разумны, абачлiвы чалавек мог рабiць стаўку на надзейныя вартасцi. Я, безумоўна, разумею i аддаю табе належнае: ты заўсёды быў на вышынi абставiн. Ты, напрыклад, самы першы адчуў наблiжэнне буры i своечасова паспеў пусцiць у ход працэнтныя паперы... Але табе ўдалося гэта толькi таму, што ты быў па-за бiржавымi справамi, а калi хочаш - без справы! Ты мог спакойна ацанiць становiшча, усё ўзважыць i дзейнiчаць. А я быў звязаны па руках i нагах... Удар быў занадта нечаканы, нiхто не паспеў апамятацца. Упершыню затрашчалi ўсе разам галiны дрэва, i не было за што ўтрымацца, i не было дзе ўратавацца...
З якiм болем ён паўтараў: 'Не было', 'не было...' Моцна, мусiць, скруцiлi яго даўгi!.. Можа, ён на краi безданi?! Але тут Хюбэр спахапiўся, што загаварыў занадта шчыра, i пачаў пераказваць агульнавядомыя iсцiны: магутнае пасляваеннае абсталяванне, перавытворчасць, крызiс спажывання... Усе яго словы мяне мала цiкавiлi. Я ўважлiва прыглядаўся да сына i бачыў, што ён перапоўнены трывогай. I ў гэтыя хвiлiны я адчуў, што нянавiсць мая памерла, патухла жаданне адпомсцiць. А можа, усё гэта памерла ўжо даўно? Я паспрабаваў успомнiць пра свае старыя крыўды, зноў распалiць у сабе агонь гневу i лютасцi... Дарэмна... Навошта спрачацца з вiдавочным. Няпростае пачуццё нараджалася ўва мне да сына, але пераважала ў iм зацiкаўленасць. Усе трывогi гэтага няшчаснага я мог супакоiць адным сваiм словам!.. Як гэта ўсё было дзiўна!.. А ў вачах у мяне стаяла маё багацце... Яшчэ нядаўна яно было мэтай i сэнсам усяго майго жыцця!.. Дарэмна спрабаваў я падараваць, аддаць, згубiць яго!.. Аказваецца, я не мог нават зрабiць з iм таго, што мне хацелася!.. I вось я адкiнуў гэтае багацце. Яно перастала мяне цiкавiць, нiякага дачынення да яго я больш не меў... Хюбэр змоўк i пiльна глядзеў на мяне праз свае акуляры: 'Што гэта зноў задумаў бацька? Адкуль чакаць новага ўдару?' Вось ён ужо i падрыхтаваўся: на твары з'явiлася пакутлiвая грымаса, у вачах - страх i адчай, цела адкiнулася на спiнку крэсла, рука прыўзнялася, нiбы папярэджваючы гэты чарговы ўдар... I я пачуў:
- Я прашу цябе толькi аб адным: дапамажы мне выблытацца i ўмацаваць маё становiшча. Ад мамы мне сёе-тое дастанецца, але мне яшчэ трэба (ён запнуўся, баючыся назваць суму) ...трэба ўсяго толькi адзiн мiльён. А калi ўсё наладзiцца, я тады i адзiн... А зрэшты, глядзi сам. Абяцаю, што тваё слова будзе для мяне законам...
Ён праглынуў слiну i моўчкi пазiраў на мяне, але нiчога не мог прачытаць на маiм твары.
- Ну а ты? Як твае справы, дачка? - спытаўся я, паварочваючыся да Жэнеўевы. - У цябе, вiдаць, усё добра. Муж твой - мудрэц...
Жэнеўева заўсёды з сябе выходзiла, калi хвалiлi мужа. Яна з абурэннем запярэчыла, што iх фiрма абанкруцiлася. Ужо два гады, як Альфрэд не закуплiвае рому, - ён, бачыце, упэўнены, што цяпер лепш пачакаць i не пачынаць нiякiх спраў. Iм-то ёсць за што жыць, толькi вось Фiлi пагражае кiнуць жонку i чакае толькi, каб пераканацца, што цесцеў кашалёк апусцеў.
Я разануў:
- Падумаеш, бяда вялiкая!
- Канешне, Фiлi - падонак! Гэта i я ведаю, i Янiна ведае... Але калi ён кiне яе, яна памрэ... Не вытрымае, памрэ. Табе гэтага не зразумець, тата. Не дадзена табе гэтага. Янiна пра яго ведае куды больш, чым усе мы разам. Яна не раз мне казала, што такiх нягоднiкаў мала на свеце. I ўсё ж такi, калi ён кiне яе, яна памрэ. Табе гэта здаецца глупствам. Такiя пачуццi для цябе не iснуюць. Але з сваiм вялiкiм розумам ты можаш улавiць i тое, чаго сам не адчуваеш...
- Ты стамляеш тату, Жэнеўева...
Хюбэр думаў, што сястра сваёй балбатнёй б'е па маiм самалюбстве i можа 'ўсё сапсаваць'. Ён убачыў прыкметы крыўды i болю на маiм твары. Але адкуль яму было ведаць, што Жэнеўева развярэдзiла маю старую рану... Я ўздыхнуў: 'Шчаслiўчык гэты Фiлi!'
Хюбэр i Жэнеўева ашаломлена пераглянулiся. Яны нiколi не сумнявалiся, што я прыдуркаваты, i, вiдаць, з чыстым сумленнем адправiлi б мяне ў вар'яцкi дом.
- Падлюга ён, распуснiк! - прабурчаў Хюбэр. - А мы ў яго ў руках...
- Яго цесць не такi жорсткi, як ты, - сказаў я. - Альфрэд не раз вунь гаварыў, што не такi ўжо Фiлi i распуснiк...
Жэнеўева не вытрымала:
- Ён i Альфрэда за сабой цягне: зяць разбэсцiў цесця, усе пра гэта ведаюць у горадзе: разам да прастытутак ходзяць - колькi разоў бачылi!.. Божа! Якi сорам! Якая ганьба!.. Гэтае гора так грызла маму...
Жэнеўева выцерла слёзы. Хюбэр вырашыў, што я хачу адхiлiць iх ад галоўнага.
- Ды не ў гэтым цяпер справа, Жэнеўева, - злосна сказаў ён. - Можна падумаць, што свет клiнам сышоўся на табе i тваёй сям'i.
Разгневаная Жэнеўева адказала, што яшчэ невядома, хто з iх большы эгаiст яна цi Хюбэр, i дадала:
- Канешне, кожны думае перш-наперш пра сваiх дзяцей. Я ўсё, усё, што толькi магла, рабiла для Янiны i ганаруся гэтым. А хiба наша мама для нас усяго не рабiла?! За дачку я хоць у агонь...
З'едлiвым тонам (вось дзе мая кроў!) Хюбэр прагугнявiў, што яна 'не толькi сама ў агонь пайшла б, але i ўсiх за сабой пацягнула б'.
О! Як пацешыла б мяне такая сварка ў былыя часы!.. Гэта ж такое радаснае прадвесце будучай бязлiтаснай бойкi за тыя рэшткi спадчыны, якiя я не паспеў бы знiшчыць. А цяпер мне брыдка i сумна слухаць усё гэта... Што ж, трэба раз i назаўсёды вырашыць грашовае пытанне. Няхай дадуць мне памерцi спакойна.
- Дзiўна, дзецi мае! - сказаў я. - Як дзiўна, што я ўрэшце зраблю менавiта тое, што здавалася мне несусветным вар'яцтвам...
Ну вось! Спрэчкi як не было... Абодва працiўнiкi з'ядалi мяне сваiмi прагнымi, недаверлiвымi вачыма. Яны чакалi. Як яны насцярожылiся!..
- Я добра памятаў i ўсё жыццё баяўся таго, што здарылася з тым старым селянiнам, якi арандаваў у нас хутар. Ён аддаў дзецям усё, што меў, а тыя, абабраўшы бацьку, зрабiлi ўсё, каб ён памёр з голаду... А яшчэ i так бывае: доўга хварэе, не хоча памiраць стары, - дзеткi дапамогуць яму: пакладуць дзве падушкi на галаву ды прыцiснуць трохi...
- Тата, не трэба!
I ў голасе, i на твары адчуваўся непрытворны жах. Я рэзка памяняў тон:
- У цябе, Хюбэр, будзе многа клопату. Падзел будзе няпросты. Мае ўклады ў некалькiх банках. I тут, i ў Парыжы, i за гранiцай. А яшчэ ж будынкi, землi, лес.