Янiна - Хюбэру
Дарагi дзядзечка! Прашу Вашай дапамогi. Мы пасварылiся з мамай. Яна нiяк не хоча паказаць мне дзядулевага 'дзённiка'. Кажа, што варта мне толькi яго прачытаць i ад маёй павагi да дзядулi нiчога не застанецца. Але калi яна ўжо так беражэ маю добрую памяць пра нябожчыка, то чаму тады кожны дзень паўтарае мне: 'Ты i ўявiць сабе не можаш, як непрыгожа ён пiша пра цябе!.. Нават i знешнасцi тваёй не пашкадаваў!..' Яшчэ больш мяне здзiўляе тое, з якой ахвотай яна дала мне прачытаць Ваша пiсьмо, дзе Вы каменцiруеце 'дзённiк'...
Мама стамiлася ваяваць са мной i сказала нядаўна, што аддасць мне дзядулевы запiскi, калi Вы палiчыце гэта патрэбным, - яна ва ўсiм спасылаецца на Вас. I вось я звяртаюся да Вас, да Вашага пачуцця справядлiвасцi.
Перш за ўсё дазвольце адразу зняць тую перашкоду, якая датычыць асабiста мяне: як бы жорстка нi гаварыў пра мяне дзядуля ў 'дзённiку', паверце: сама я суджу сябе яшчэ больш строга. I яшчэ: я ўпэўнена, што жорсткасць яго не пашыраецца на тую няшчасную жанчыну, якая да самай яго смерцi была побач з iм у Калезе.
Даруйце мне, дзядзечка, але не магу я пагадзiцца з Вамi ў галоўным: я адзiны сведка апошнiх дзён дзядулi i ведаю, якiя былi ў яго пачуццi ў той час. Вы папракаеце яго за туманную, нездаровую набожнасць. Аднак дазвольце Вам сказаць, што ў Калезе ён тройчы сустракаўся з прыхадскiм святаром (першы раз у канцы кастрычнiка i два разы ў лiстападзе). Дарэчы, Вы можаце папытацца пра гэта ў самога святара. Мама гаворыць, што ў 'дзённiку', дзе пазначаны ўсе падрабязнасцi дзядулевага жыцця, чамусьцi нiчога не напiсана пра гэтыя сустрэчы. Гутаркi са святаром мелi, безумоўна, iстотны ўплыў на перамены ў душэўным настроi нашага дзядулi, а нiчога не сказана пра iх у дзённiку толькi таму, што ён не паспеў напiсаць пра гэта. Мама ж сама гаворыць, што запiскi абрываюцца на паўслове. Я асабiста не сумняваюся, што смерць забрала дзядулю якраз у той момант, калi ён хацеў сказаць пра сваю споведзь. I дарэмна будзеце вы мне пярэчыць, што калi б ён атрымаў адпушчэнне грахоў, то пайшоў бы да прычасця. Я добра памятаю тыя словы, якiя паўтараў мне дзядуля за дзень да сваёй смерцi: ён усё бедаваў, што яшчэ не варты прыняць прычасце, i вырашыў пачакаць да каляд. Дзядзечка, чаму мама мне не верыць? Чаму яна лiчыць гэта галюцынацыямi? Як цяпер, чую я, як ён гаварыў са мной у гасцiнай пра гэты жаданы для яго калядны дзень. О, якi сумны, цiхi, слабы быў дзядулеў голас!..
Супакойцеся, дзядзечка, я не збiраюся рабiць з яго святога. Я згаджаюся з Вамi, што чалавек гэты быў страшны, а часам нават жудасны. Але ў самыя апошнiя днi азарэнне прыйшло i да яго. Гэта ж ён, ён, а не хто другi схапiў рукамi мяне за галаву i сiлком адхiлiў мой позiрк ад...
А цi не здаецца Вам, дзядзечка, што Ваш бацька быў бы зусiм другiм чалавекам, калi б мы былi не такiмi. Не папракайце мяне, калi ласка, што я хачу кiнуць у Вас камень. Я ведаю i высока цаню Вашы вартасцi. Ведаю я i тое, што дзядуля бываў жорсткi i несправядлiвы з Вамi i маёй мамай. На нашу агульную бяду ён думаў, што мы прыкладныя хрысцiяне... Не спрачайцеся: пасля дзядулевай смерцi я пазнаёмiлася з людзьмi, у якiх, вядома, ёсць свае недахопы, свае слабасцi, але жывуць яны так, як таго патрабуе вера, i сэрцы iх перапоўнены мiласэрнасцю. Калi б дзядуля жыў сярод такiх людзей, магчыма, даўно ўбачыў бы ён тую дарогу, на якую стаў толькi перад самай смерцю.
Яшчэ раз хачу сказаць: я не збiраюся абвiнавачваць нашу сям'ю, каб абялiць i апраўдаць таго бязлiтаснага чалавека, якi стаяў на яе чале. Не магу я забыцца таго, што бабулiн прыклад павiнен быў бы адкрыць яму вочы, а ён так доўга рабiў толькi адно - помсцiў, як мог, за сваю крыўду... I дазвольце яшчэ мне сказаць, чаму я, урэшце, апраўдваю яго, там, дзе былi скарбы нашы, там былi i сэрцы нашы - мы толькi i думалi пра гэтую спадчыну, якая магла нам не дастацца. А сябе апраўдаць мы, вядома, можам: вы былi чалавекам справы, я беднай жанчынай... I тым не менш усе мы, акрамя бабулi, жылi не так, як трэба жыць. Думкi нашы, жаданнi нашы, учынкi нашы былi адарваны ад веры. I душы нашы, рукi нашы цягнулiся да золата, грошай, багацця, у той час як дзядуля... Цi зразумееце Вы мяне, калi я скажу, што сэрца яго было не там, дзе было яго багацце. I я магу паклясцiся, што дакумент, якi ад мяне так старанна хаваюць, з'яўляецца вырашальным доказам гэтага.
Спадзяюся, дзядзечка, што Вы пачуеце мяне, i з нецярпеннем чакаю адказу.
Янiна.