было.
Дзякуючы гэтай споведзi мне стала лягчэй на душы. Перакананы, што так будзе i з табой. Ад прыроды я чалавек скрупулёзны. Няхай у мяне будзе тысяча падстаў лiчыць, што праўда на маiм баку, дастаткова якой-небудзь дробязi, каб я завагаўся, засумняваўся. Ах, цяжка жывецца чалавеку, у якога так абвострана пачуццё маральнай далiкатнасцi, як у мяне! Бацька ненавiдзеў мяне, а я пры кожным, нават самым законным кроку самаабароны адчуваў душэўную трывогу, нават згрызоты сумлення. Калi б я не быў галава сям'i, на кiм вiсiць адказнасць за гонар нашага роду i дабрабыт дзяцей, я адмовiўся б ад гэтай зацятай барацьбы з бацькам, абы толькi не ведаць гэтых пакут, гэтага душэўнага разладу, - ты ж сама не раз бачыла, як было мне цяжка.
Я ўдзячны Богу за тое, што па яго волi бацька апраўдаў мяне ў сваiх запiсках. Перш за ўсё яны пацвярджаюць тое, што мы самi ведалi: ён тут прызнаецца, што прыдумваў махiнацыi, каб пазбавiць нас спадчыны. З якiм сорамам чытаў я тыя старонкi, дзе ён апiсвае свой спосаб адначасна трымаць у сваiх руках i паверанага Буру, i гэтага Рабэра. Накiнем на ўсе яго непрыглядныя махiнацыi ноеў плашч*. Але з гэтага вынiкае, што маiм святым абавязкам было не даць здзейснiцца бацькавым планам. I я зрабiў гэта, зрабiў паспяхова, i не збiраюся чырванець за свае ўчынкi. Можаш цяпер не сумнявацца, сястра, - сваiм багаццем ты абавязана мне. У гэтым дзённiку бацька ўсё стараецца даказаць сабе, што яго нянавiсць да ўсiх нас нечакана патухла, i выхваляецца яшчэ, што адрокся ад усiх зямных даброт (павiнен прызнацца, што, чытаючы радкi, я смяяўся). Але звярнi, калi ласка, увагу, калi iменна адбыўся гэты раптоўны паварот: тады, калi ўсе яго хiтрыкi мы разгадалi i яго пабочны сын прадаў нам тайну. Не так проста было збыць такое багацце. План, якi рыхтаваўся гадамi, за некалькi дзён не пераменiш. Адчуваў ён свой блiзкi канец, не было ў яго нi часу, нi магчымасцi пазбавiць нас спадчыны, i бядак не мог прыдумаць нiчога лепшага, як тая вераломная змова, якую мы па мiласцi боскай раскрылi.
* Паводле бiблейскай легенды, Ноевы сыны - Сiм i Яфет - пачцiва накрылi бацьку плашчом, калi той выпiў многа вiна i голы заснуў.
Не хацеў наш адвакат прайграваць працэсу нi перад самiм сабой, нi перад намi i пайшоў на махлярства, напалову падсвядома (ахвотна дапускаю гэта): ён вырашыў ператварыць сваё паражэнне ў нейкую маральную перамогу, пачаў крычаць пра сваю бескарыслiвасць, пра адрачэнне ад усяго... Ну, а калi падумаць, то што яму заставалася рабiць?! Але мяне такiмi выкрутасамi не возьмеш, ды i ты, Жэнеўева, як чалавек са здаровым розумам, згодзiшся са мной, што ў нас няма падстаў раставаць ад замiлавання i ўдзячнасцi.
Ёсць у гэтай споведзi яшчэ адно бацькава прызнанне, якое вельмi супакоiла мяне. У гэтым пытаннi я асаблiва строга правяраў сябе, i, павiнен шчыра сказаць, маё патрабавальнае сумленне доўга пакутавала ад трывогi. Я маю на ўвазе мае спробы, праўда, марныя, паставiць пад сумненне разумовыя здольнасцi бацькi i прымусiць яго прайсцi абследаванне ў псiхiятрычнай клiнiцы. Трэба адзначыць, што тут адыграла сваю ролю i мая жонка, якая шмат зрабiла, каб пахiснуць маю ўпэўненасць на гэты конт. Ты добра ведаеш, што звычайна я не вельмi лiчуся з яе думкамi - асоба яна вельмi ўжо эксцэнтрычная. Але яна не адступалася ад мяне нi днём, нi ноччу, усе вушы мне пратрубiла. I, ведаеш, некаторыя яе аргументы прымусiлi мяне завагацца. Урэшце яна пераканала мяне, што наш вялiкi адвакат, вопытны фiнансiст i глыбокi псiхолаг - самы ўраўнаважаны чалавек на свеце.
Не трэба, вядома, вялiкай фантазii, каб намаляваць сваiх дзяцей вырадкамi, якiя, ад страху страцiць спадчыну, нi перад чым не спыняюцца i гатовы роднага бацьку здаць у вар'яцкi дом. Бачыш, я асаблiва не падбiраю слоў i гавару зусiм адкрыта... Многа начэй не мог я заснуць. Адзiн Бог ведае, колькi я адпакутаваў.
Дык вось, дарагая мая Жэнеўева, гэты сшытак, асаблiва яго апошнiя старонкi, даюць усе падставы лiчыць, што ў бацькi нашага былi прыступы перамежнага вар'яцтва. Я лiчу нават, што мы стаiм перад фактам даволi рэдкiм i цiкавым з медыцынскага пункту погляду. Варта было б перадаць гэтыя запiскi псiхiятру. Аднак найпершы наш абавязак - нiкому не паказваць гэтага дакумента, якi можа стаць вельмi небяспечным для нашых дзяцей. Таму папярэджваю цябе i прашу адразу спалiць сшытак, як толькi ты скончыш чытаць. Трэба мець абсалютную ўпэўненасць, што гэтыя старонкi не трапяць у рукi чужых людзей.
Мы заўсёды трымалi пад строгiм сакрэтам усё, што датычылася нашых сямейных спраў. Не табе мне гаварыць, якiя меры я прымаў, каб наша ўстрывожанасць псiхiчным станам бацькi не стала нiкому вядомай. Аднак не ўсе члены нашай сям'i выяўлялi неабходную стрыманасць i асцярожнасць. У прыватнасцi, твой нягоднiк-зяць усiм расказваў самыя агiдныя гiсторыi пра бацьку. Гэта дорага нам каштавала: па горадзе пайшлi плёткi, а сёй-той праводзiць паралель памiж неўрастэнiяй Янiны i эксцэнтрычнасцю бацькi, якую яму прыпiсваюць, наслухаўшыся балбатнi Фiлi.
Паўтараю: парвi i спалi гэты сшытак i нiкому пра яго не гавары. Давай i мы з табой пра яго забудзем. I ўсё ж, павiнен прызнацца, мне шкада яго знiшчаць ёсць там i тонкiя псiхалагiчныя назiраннi, i нават мiлыя пейзажныя замалёўкi. Быў, вiдаць, у бацькi не толькi талент прамоўцы, але i пiсьменнiцкая струнка. Але тым больш у нас падстаў знiшчыць гэты дзённiк. Уявi сабе, што нехта з нашых дзяцей цi ўнукаў возьме ды надрукуе бацькавы запiскi!.. Бяды тады не абярэшся!..
Мы з табой можам называць рэчы сваiмi iмёнамi i павiнны, прачытаўшы гэты сшытак, сказаць сабе ясна i недвухсэнсава: бацька наш не быў псiхiчна нармальным. Вось цяпер да мяне дайшлi словы тваёй дачкi, якiя спачатку я палiчыў хворай фантазiяй: 'Дзядуля - адзiны набожны чалавек, якi мне сустрэўся ў жыццi'. Бедная Янiна блiзка ўспрыняла туманныя разважаннi i мроi гэтага iпахондрыка. Вораг сваiх блiзкiх, чалавек, ненавiсны ўсiм, i, як ты ўбачыш, няшчасны ў каханнi (ёсць у гэтай споведзi даволi камiчныя падрабязнасцi), раўнiвец, якi не мог дараваць жонцы нявiннага дзявочага флiрту - няўжо на схiле дзён сваiх пачаў ён шукаць уцехi ў малiтве? Не веру я ў гэта. А з тых радкоў, дзе пра гэта гаворыцца, вынiкае зусiм iншае: аўтар пакутаваў разумовым расстройствам, манiяй праследавання; выношваў неадчэпныя думкi, якiя набылi рэлiгiйную форму. Тут i следу нiякага няма ад сапраўднага хрысцiянства. Я-то ў гэтых пытаннях разбiраюся, i гэты лжывы мiстыцызм выклiкае ўва мне толькi агiду.
Магчыма, ты па-жаночы не так паставiшся да ўсяго гэтага. Аднак, калi раптоўная бацькава набожнасць зробiць на цябе ўражанне i ты будзеш гатова паверыць у яе, успомнi, калi ласка, што бацька не ведаў мяжы ў сваёй нянавiсцi, а калi i любiў каго, то толькi на злосць сям'i цi сваёй роднай мацi. А якiя ў яго рэлiгiйныя парывы? - Ты адразу ўбачыш, што ўсе да аднаго яны проста або ўскосна скiраваны супраць тых прынцыпаў, якiя нам з маленства прывiвала мама. А нястрымны рэлiгiйны мiстыцызм патрэбен яму толькi для таго, каб зручней было нападаць на разумную памяркоўную набожнасць, якая заўсёды была ў вялiкай пашане ў нашай сям'i. Iсцiна - гэта раўнавага... Зрэшты, не буду больш стамляць цябе сваiмi разважаннямi. Нагаварыў я тут дастаткова, так што табе застаецца толькi пазнаёмiцца з бацькавым дзённiкам. З нецярпеннем буду чакаць адказу. Хутчэй хочацца ведаць тваё ўражанне.
Месца застаецца мала, а трэба яшчэ адказаць на твае пытаннi. Дарагая сястра, мы перажываем цяпер перыяд крызiсу, i нам неабходна вырашыць адну вострую i важную для нас праблему - як быць са спадчынай? Калi мы будзем захоўваць кiпы банкаўскiх бiлетаў у сейфе, то давядзецца пражываць наш капiтал, а гэта ўжо няшчасце. Калi купiць на гэтыя грошы акцыi i стрыгчы купоны, то ўцехi таксама мала: курс акцый увесь час падае. Як бачыш, у любым выпадку мы будзем несцi страты. Таму я лiчу, што разумней за ўсё будзе захаваць крэдытныя бiлеты Французскага банка. Франк сёння каштуе ўсяго чатыры су, але ён забяспечаны вялiкiм залатым запасам. У гэтых справах бацька наш меў багаты вопыт, i мы павiнны браць з яго прыклад. У французаў з'явiлася небяспечная схiльнасць: абавязкова пускаць свой капiтал у якую-небудзь справу. Жэнеўева, нiколi не паддавайся на гэтую спакусу. I яшчэ: цяпер такi час, што жыць трэба прасцей, асаблiва не разганяцца, эканомiць, даражыць кожным франкам. Ну, а калi спатрэбiцца мая парада, я заўсёды да тваiх паслуг, - гэта ты ведаеш. Час, канешне, змрочны, трывожны, але сачыць за справамi на бiржах трэба ўважлiва: кожны дзень можа прынесцi i добры выпадак выкарыстаць капiтал. Я, напрыклад, цяпер усё прыглядаюся да каньяку маркi 'Кiна' i анiсавай гарэлкi. Думаю, што крызiсу ў гандлi гэтымi таварамi не чакаецца, трэба толькi дзейнiчаць смела i разам з тым абачлiва.
Ты парадавала мяне прыемнымi весткамi пра Янiну. Не варта баяцца яе празмернай набожнасцi. Самае галоўнае, каб яна забылася пра Фiлi. Усё астатняе само памалу ўладзiцца: Янiна з нашай пароды, а ў нас заўсёды ўмелi не злоўжываць самымi прыемнымi забавамi.
Да пабачэння, дарагая Жэнеўева! У сераду прыеду.
Цалую цябе. Твой брат Хюбэр.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .