са мной пакуты майго жыцця... Вас гэта здзiўляе?
- Нiколькi... Мы тут прывыклi да ўсякiх нечаканых перамен... I я рад за вас, пан Манье... Вы яшчэ такi малады, вельмi малады...
- Дык вось, калi вы нiчога не маеце супраць, заўтра мы з мiсiс Кiрбi-Шоў выедзем адгэтуль у Дымiнг.
- Значыць, мiсiс Кiрбi-Шоў таксама адмаўляецца ад...?
- Ну вядома... Зараз яна будзе ў вас i сама вам пацвердзiць... Застаецца ўладзiць яшчэ адно пытанне, даволi далiкатнае... Трыста даляраў, якiя я вам заплацiў, гэта амаль усе мае грошы... Растлумачце, калi ласка, цалкам i поўнасцю яны пераходзяць 'Танатосу' цi я магу атрымаць назад некаторую суму, каб купiць бiлеты на дарогу?
- Мы людзi сумленныя, пан Манье... I бяром плату толькi за тое, што зроблена намi рэальна. Заўтра ранiцай касiр падагулiць ваш рахунак з разлiку дваццаць даляраў у суткi за нумар i абслугоўванне. Рэшту вам вернуць без затрымкi.
- Ваша спагада i велiкадушнасць... Ах, пан Берстэкер, я не ведаю, як вам i дзякаваць! Мне iзноў засвяцiла шчасце... Новае жыццё...
- Да вашых паслуг, - сказаў пан Берстэкер.
Жан Манье выйшаў з кабiнета i накiраваўся ў свой пакой. Берстэкер уважна сачыў за iм, потым нацiснуў кнопку званка i распарадзiўся:
- Прышлiце да мяне Сарконi.
Праз некалькi хвiлiн увайшоў парцье.
- Я вам патрэбен, сiньёр дырэктар?
- Так, вы мне патрэбны, Сарконi... Сёння ўночы пусцiце газ у нумар сто трынаццаты... Гадзiны ў дзве.
- Загадаеце, сiньёр дырэктар, спачатку даць сонны газ, а потым ужо смяротны?
- Думаю, што не трэба... Ён будзе спаць моцна... На сёння ўсё, Сарконi... А заўтра, як i дамовiлiся, дзве дзяўчынкi з семнаццатага.
Парцье выйшаў, i ў дзвярах кабiнета з'явiлася мiсiс Кiрбi-Шоў.
- Заходзь, - сказаў Берстэкер. - Якраз я збiраўся цябе паклiкаць. Твой клiент ужо быў у мяне, папярэдзiў, што хоча выехаць.
- Мне здаецца, я заслугоўваю пахвалы, - абазвалася Клара. - Чыстая работа, праўда?
- I хуткая... Я гэта ўлiчу.
- Значыць, сёння ўночы яго...?
- Так, сёння ўночы.
- Бедны хлопчык! - уздыхнула яна. - Такi рамантычны, душэўны...
- Усе яны душэўныя, - сказаў Берстэкер.
- Жорсткi ты чалавек, - папракнула Клара, - толькi ў iх абуджаецца смак да жыцця, ты iх адпраўляеш на той свет.
- Жорсткi?.. Наадварот. У гэтым i ёсць сутнасць нашага гуманнага метаду... У небаракi былi сумненнi рэлiгiйнага парадку... Я яго супакоiў.
Ён паглядзеў у спiсак:
- Заўтра табе адпачынак... А на паслязаўтра новае заданне... Яшчэ адзiн фiнансiст, на гэты раз са Швецыi... I, май на ўвазе, не вельмi малады.
- Мне так спадабаўся французiк... - летуценна прамовiла Клара.
- Работу не выбiраюць, - строга заўважыў дырэктар. - На, вазьмi свае дзесяць даляраў, i вось табе яшчэ дзесяць прэмiяльных.
- Дзякуй, - сказала Клара Кiрбi-Шоў i, кладучы грошы ў сумачку, глыбока ўздыхнула.
Калi яна выйшла, пан Берстэкер узяў чырвоны аловак, акуратна прылажыў металiчную лiнеечку i выкраслiў са свайго спiска адно прозвiшча.