Здавалася, што гэта жанчына знайшла спосаб папулярызаваць употай, падсвятляючы iмя свайго абраннiка як бы знутры. Поль Маран сказаў, што яна, як нiхто, 'адмыкае замкнутае'.

Адусюль у мяне пыталiся: 'Вы былi на поўднi? Вы бачылi Шалона? Кажуць, ён напiсаў нешта выдатнае?'

Мiсiс Пэкс правяла ў Напулi ўвесь сакавiк i паведамiла нам, што кнiга амаль закончана, але Шалон не хоча ёй паказваць. Ён сцвярджае, што яго твор адно цэлае i вырываць з яго кавалкi нельга, бо страцiцца свежасць, парушыцца стройнасць кампазiцыi.

Нарэшце, у пачатку красавiка, яна абвясцiла, што Шалон прыехаў, згадзiўся прачытаць раман i яна запрашае ўсiх нас у адну з субот на лiтаратурны вечар.

Ах, гэты вечар! Мы яго век не забудзем! Салон на вулiцы Францыска Першага быў належным чынам падрыхтаваны. Люстры ўсюды патушаны, за выключэннем адной вялiзнай венецыянскай лямпы, малочна- белае святло ад якой мякка клалася на аўтара, рукапiс i эфектна пастаўленую за спiной Шалона галiнку квiтнеючай слiвы ў кiтайскай вазе. Тэлефон быў выключаны. Слугi атрымалi строгi наказ нiкога з прысутных не трывожыць. Шалон нерваваўся, фанабэрыўся, быў ненатуральна вясёлы. Мiсiс Пэкс аж зiхацела ад радасцi. Яна яго як след усадзiла, налiла ў шклянку вады, паправiла абажур. Ён надзеў рагавыя акуляры, праверыў голас i, пасля кароткай паўзы, пачаў чытаць.

Праслухаўшы з дзесятак фраз, мы з Фаберам глянулi адзiн на аднаго. Ёсць мастацтвы, што дапускаюць памылку, якiя навiзной стылю, светаўспрымання могуць уразiць i затлумiць галаву, але пiсьменiк раскрываецца хутка. З першых жа слоў мы выявiлi самае горшае: Шалон не ўмеў пiсаць, зусiм не ўмеў. У дзiцяцi можа быць наiўнасць, непасрэднасць. А Шалон пiсаў банальна, прымiтыўна да дзiкасцi. Ад гэтага чалавека, такога чулага, дасведчанага, мы чакалi, мабыць, глыбiнi, складанасцi хадоў. А тут усё наадварот - раман для слязлiвых дзяўчат, дыдактыка, нудота, не мора, а лужына вады. Пераканаўшыся ў пiкчэмнасцi формы, мы, паслухаўшы яшчэ крыху, пераканалiся i ў нiкчэмнасцi зместу. Прыгнечаныя, разгубленыя, мы з адчаем пераглядвалiся. Бельтара, пацiснуўшы няўзнак плячамi, як бы сказаў: 'Бач ты!' Фабер кiваў галавой i, здавалася, шаптаў: 'Як жа так? Як жа так?' Я не зводзiў вачэй з Глэдзiс Пэкс. Цi разумее яна, чаго сапраўды варта гэта паднесеная нам лухта? Спачатку яна слухала паблажлiва, але вельмi хутка ўстрывожылася i час ад часу кiдала на мяне дапытлiвы позiрк. 'Якая катастрофа! - думаў я. - I што ёй сказаць?'

Чытанне цягнулася больш за дзве гадзiны. Слухачы маўчалi. Хоць бы гук, хоць бы слова!.. Настолькi гэта быў слабы i бездапаможны твор. Найлепшыя намеры танулi ў яго кнiзе, як iскры ў балоце. Наiўная душа аўтара была вывернута напаказ. Слухаючы Шалона, я раптам са здзiўленнем адкрыў у iм цэлы свет расчараванняў, журбы, ушчэмленай сентыментальнасцi. I я сказаў сабе, што было б цiкава напiсаць кнiгу пра няўдалага раманiста i, уключыўшы туды цалкам яго раман, паказаць псiхiку свайго персанажа ў вельмi арыгiнальным аспекце. Шалон чытаў, i яго расчуленасць, пры жахлiвай нязграбнасцi формы, нагадвала залёты закаханай пачвары, жаласныя i смешныя.

Калi ён скончыў, цiшыня была мёртвая. Мы спадзявалiся, што нас выратуе Глэдзiс Пэкс. Ва ўсякiм разе яна ў сябе дома, i вечар наладжаны ёю. Але гаспадыня сядзела, як чужая. Бельтара, ураджэнец гераiчнага поўдня, самы вытрыманы сярод нас, вырашыў адпакутаваць за ўсiх i выказаўся першы, коратка i тактоўна. Нашу маўклiвасць ён апраўдаў хваляваннем, падзякаваў мiсiс Пэкс, якая стварыла ўмовы для напiсання гэтай выдатнай кнiгi, i, павярнуўшыся да мяне, зрабiў вывад: 'Сiўрак, напэўна, з вялiкай ахвотай перадасць яе свайму выдаўцу'.

- О! - абазваўся я... - Свайму альбо iншаму... Я думаю, што мiсiс Пэкс...

- А навошта iншаму? - горача ўмяшаўся Шалон. - Не, твой мне больш падабаецца: аўтарытэтны, спрытны. Калi ты возьмеш клопат на сябе, мне будзе вельмi прыемна.

- Абавязкова, мой дарагi... Гэта лягчэй лёгкага.

Маўчанне мiсiс Пэкс рабiлася нясцерпным. Яна пазванiла, загадала падаць лiманад i пячэнне. Шалон спяшаўся замацаваць сваю радасць канкрэтнымi фактамi.

- А як вы знаходзiце вобраз Алiсы?

- Цудоўны, - адказаў Бельтара.

- А сцэна прымiрэння праўдзiвая, як па-вашаму?

- Самая лепшая, - пахвалiў Бельтара.

- О не! - усцешыўся Шалон. - Я не лiчу яе лепшай. Самая лепшая, па-мойму, - сцэна сустрэчы Жаржыяны i Сiльвiо.

- О так, - згадзiўся той. - Гэта яшчэ лепшая.

Мiсiс Пэкс адвяла мяне ўбок:

- Я вас прашу, скажыце шчыра, ён напiсаў бязглуздзiцу?

Я моўчкi пацвердзiў.

- Як жа гэта здарылася? - прамовiла яна. - Я нiколi не думала!.. Ён мне здаваўся такiм разумным.

- Ён сапраўды разумны, дарагая мiсiс Пэкс, але творчасць i гутарка - з'явы розныя i нават процiлеглыя. Можна памылiцца.

- Не, не, - ускiпела яна. - Гэта недаравальна. Нi ў якiм разе нельга пускаць гэта ў друк... Пасля ўсiх маiх рэкамендацый... Я скажу яму ў вочы, што яго опус бяздарны, агiдны, смеху варты...

- Калi ласка, не рабiце гэтага. Вы яму пашкодзiце на ўсё жыццё. Заўтра, без сведак, я паспрабую сам. Не трэба яго крыўдзiць у такi вечар... Не трэба.

На другi дзень, калi я адважыўся трошкi яго пакрытыкаваць, Шалон успрыняў мае дробныя i нясмелыя заўвагi з такiм гневам, з такой пагардай, я адчуў такую аголенасць яго эмоцый, што страцiў усякую рашучасць. Ранейшы вопыт мне даказваў, што з маiх намаганняў толку не будзе. Iзноў iграць ролю мальераўскага Мiзантропа, акт першы, сцэна другая? Навошта? Я ведаў, што пачую: 'А я сцвярджаю, што мае вершы вельмi добрыя' i ў мяне не хопiць духу паслаць знiшчальную рэплiку. А таму лепш за ўсё адступiць адразу. I пайшоў я, узяўшы рукапiс пад паху, да майго выдаўца, паклаў тоўсты сшытак на стол i без усякiх каментарыяў сказаў:

- Гэту кнiгу напiсаў Шалон.

- Няўжо? - замiтусiўся выдавец. - Гэта кнiга Шалона? Палiчу за шчасце яе мець. Аб ёй так многа гавораць. Я вам вельмi ўдзячны, дарагi друг, што вы ўспомнiлi мяне. Як вы мяркуеце, я гатовы неадкладна скласцi ўмову тэрмiнам на дзесяць год?

Я параiў яму пачакаць крыху, спадзеючыся, што ён прачытае кнiгу i адмовiцца. Але ж вы ведаеце, як гэта робiцца. Нашы iмёны, маё i Шалона, былi для яго гарантыяй. Ён адправiў рукапiс у набор, нават не глянуўшы.

Вестка аб гэтым развеяла падазрэннi Шалона.

Тры днi мiсiс Пэкс яго не трывожыла, усклаўшы клопат на мяне. Калi ж дазналася пра мой вiзiт да выдаўца, сустрэла мяне з абурэннем i, адчытаўшы як мае быць за падатлiвасць, напiсала Шалону рэзкае пiсьмо, якое ён назаўтра нам паказваў, ледзь не плачучы. Ён доўга вышукваў прычыну гэтай раптоўнай несправядлiвасцi. I прыйшоў да вываду дзiкага, абсурднага, але якi начыста змываў з яго ганебную пляму. Ён уявiў сабе, што Глэдзiс Пэкс пазнала сама сябе ў вобразе нягеглай ангелькi, паказанай у яго рамане, пасля чаго адразу павесялеў i перастаў аб ёй думаць.

* * *

Праз тры месяцы кнiга выйшла ў свет. Дрэнных водгукаў у друку не было. Шалон карыстаўся агульнай сiмпатыяй, i прычыняць яму боль нiхто не хацеў. Крытыкi сябры выказвалiся аб кнiзе стрымана, астатнiя маўчалi.

Затое вусная крытыка разлiвалася шумлiвым патокам. Не было таго дня, каб у мяне не пыталiся: 'Ну, а як Шалон? Вы бачылi яго раман? Гэта нешта жудаснае!..' Праз месяц увесь Парыж, не чытаючы, ведаў, што кнiгу не варта чытаць. На вiтрынах кнiгарань прыгожыя жоўтыя вокладкi зрабiлiся бледна-лiмоннымi, потым павольна пачалi чарнець. Пад канец года амаль увесь тыраж вярнулi выдаўцу. Затраты не апраўдалiся, i Шалон заявiў, што яго абакралi.

Няўдача адабрала ў яго спакой, абудзiла нянавiсць. Цяпер ён дзялiў чалавецтва на дзве катэгорыi: 'тыя, хто цэнiць маю кнiгу' i 'тыя, хто не цэнiць маёй кнiгi'. Жыць у грамадстве стала яму цяжка. Калi мы збiралiся наладзiць таварыскi абед, Шалон гаварыў:

- Гэтага не запрашайце, я яго цярпець не магу.

- Чаму? - пытаў Фабер. - Ён разумны i зусiм не злы.

- Хто? Ён? Змяя. Нiчога не напiсаў пра маю кнiгу, - адказваў сярдзiта Шалон.

Гэты чалавек, раней такi мiлы i скромны, стаў фанабэрыстым да немагчымасцi. Ён заўсёды насiў у кiшэнi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×