- Што там ёсць?
- Лепей сказаць, няма. У вашай п'есе, дарагi мой, няма ролi для Элен Месьер... Вось i ўвесь сакрэт. Ва ўсякiм разе я вас папярэдзiла.
Крысцiян з нецярплiвасцю пачаў тлумачыць:
- Адкуль там можа ўзяцца роля для Месьер? Сiмпатычная актрыса, цудоўная ў п'есах Мюсэ i Марыво, што яна можа рабiць у палiтычнай трагедыi?
- Ах, мой любы, як вы блытаеце пытаннi! Справа не ў тым, што можа рабiць Элен у палiтычнай трагедыi, а ў тым, каб Леон Ларан мог спакойна жыць са сваёй каханкай.
- Элен Месьер - каханка Леона Ларана?
- Вы што, з неба звалiлiся, мой друг? Яны жывуць разам ужо чатыры гады.
- Не ўсё ж мне ведаць. I прычым тут мая п'еса? Вы думаеце, што Ларан хацеў бы?..
- Я думаю, што Ларан не толькi хацеў бы, а нават будзе патрабаваць ролi для Месьер. I яшчэ дадам, што не прадбачу асаблiвых цяжкасцей, каб яго задаволiць. Варта ўключыць персанаж, якi...
- Нi за што!.. Гэта парушыць кампазiцыю твора.
- Добра, Крысцiян... Пагаворым як-небудзь потым.
I такая размова адбылася, бо Ларан прыходзiў змрочны, марудзiў з пастаноўкай, спасылаючыся на складанасць увасаблення, на раней узятыя абавязкi i розныя iншыя перашкоды. У Крысцiяна, якi гарэў жаданнем хутчэй пабачыць сваю п'есу на сцэне, таксама пачалi здаваць нервы.
- Слухайце, мой друг, - звярнулася да мужа Клер, - вы не будзеце пярэчыць, калi я адна пабуду з Ларанам? Мне ён адважыцца даверыць тое, што яго мучыць, i я вам абяцаю справу ўладзiць... Вядома, пры ўмове, што вы напiшаце ролю.
- Але як? Не магу ж я перайначваць закончаны твор, i тым болей твор мастацкi, для таго, каб...
- Ах, Крысцiян! Гэта так лёгка, i ў вас такая багатая фантазiя... Напрыклад, у другiм акце, дзе вы паказваеце, як македонцы арганiзоўваюць у Афiнах 'пятую калону', чаму б iм не выкарыстаць для гэтай мэты адукаваную куртызанку, прыяцельку афiнскiх арыстакратаў, банкiраў, дзяржаўных дзеячаў. Вось вам i персанаж, прычым абсалютна праўдзiвы.
- Так, магчыма... I нават можна было б... Парада слушная... Яно сапраўды цiкава паказаць тайныя спосабы прапаганды, старыя, як само чалавецтва...
Клер ведала, што ўсякае зерне, папаўшы ў мыслi Крысцiяна, абавязкова прарасце. Яна затрымала Ларана, i гутарка мiж iмi дала плённыя вынiкi.
- Ах! Якая шчаслiвая iдэя! - прызнаўся ён з палёгкай. - Вы ведаеце, я не асмельваўся прасiць аб гэтым вашага мужа, чалавека бескампрамiснага ў пытаннях творчасцi. Але п'еса без жанчын наўрад цi будзе мець поспех у публiкi. Сам Шэкспiр у 'Юлiю Цэзары'... Карнель у трагедыi пра Гарацыяў не абышоўся без Сабiны, Расiн у мiф пра Федру дадаў i Арысiю... А яшчэ, мадам, скажу вам шчыра, я не люблю ставiць п'есы, у якiх не прымае ўдзелу Элен... Не люблю. Яна такая маладая, такая прыхiльная да мяне... але ёй хочацца танцаваць, боязна заставацца адной... I калi я буду пакiдаць яе на ўвесь вечар, дык у яе завядуцца кампаньёны, i гэта, павiнен прызнацца, будзе мяне вельмi трывожыць. А калi ваш муж напiша для яе невялiчкую ролю, усё стане на сваё месца, i праз тыдзень я пачну рэпетыцыi.
Так зарадзiўся вобраз Мiрыны. Крысцiян, ствараючы яго, уяўляў сабе некаторых жанчын Арыстафана, нахабных i разумных, i адначасова какетлiвых красунь Марыво, у п'есах якога блiскуча выступала Элен Месьер. Прадуктам гэтай парадаксальнай мешанiны, нечакана для самога аўтара, быў характар свежы i на рэдкасць прывабны. 'Залатая роля!' - пахвалiў Ларан. Клер запрасiла Элен Месьер на абед, каб Менетрые прачытаў ёй свой новы варыянт. Гэта была абаяльная асоба, мiнiяцюрная, з доўгiмi апушчанымi вейкамi, з грацыяй асцярожнай кошкi, гаварыла яна мала i нi разу не сказала глупства. Элен спадабалася Крысцiяну.
- О, актрыса з душком! - прамовiў ён. - Небяспечная штучка! Такая сапраўды можа арганiзаваць 'пятую калону'.
- А вы не закахалiся ў яе, Крысцiян?
- Ды не. Важна, што яна кахае Ларана. I не толькi кахае, ён яе стварыў, ён даў ёй жыццё. Яна яму абавязана ўсiм.
- Вы думаеце, што адчуванне такой залежнасцi робiць яе больш ласкавай? Я скептычна гляджу на жанчын i хутчэй паверу ў падсвядомую злапамятнасць. Але якая вам справа да гэтага. Роля ёй даспадобы, i ўсё iдзе як не трэба лепей.
Сапраўды, некалькi дзён усё iшло як мае быць. Потым iзноў Ларан спахмурнеў.
- Што ў яго яшчэ? - запытаў Крысцiян.
- На гэты раз нiчога не ведаю, - адказала Клер. - Але я магу даведацца.
Ларан не прымусiў сябе прасiць. Ён растлумачыў:
- О не, роля цудоўная, i Элен на сёмым небе... Але ж... вы разумееце, мы жывём разам i наймаем у тэатр адно таксi; ехаць паасобку - абсурд... Калi ж Элен будзе выступаць толькi ў другiм акце, што ж ёй тады рабiць у сваёй прыбiральнi цэлую гадзiну? Ёй альбо стане нудна, чаго яна цярпець не можа, альбо да яе з'явяцца вiзiцёры, i тады, я ведаю сваю натуру... гэта сапсуе мне iгру... а яшчэ больш, пашкодзiць сэрцу... Праўда, маё сэрца пана Менетрые не цiкавiць, а вось мая iгра...
- Карацей кажучы, - падагулiла Клер, - вы жадаеце, каб Мiрына дзейнiчала i ў першым акце.
- Ад вас нiчога не схаваеш, мадам.
Калi яна расказала Крысцiяну пра гэта новае патрабаванне, той пачаў крычаць: 'Прымушаць пiсьменнiка! Навязваць яму!..' Клер нядрэнна разбiралася ў сiстэме мужавых думак. Перш за ўсё трэба было супакоiць яго сумленне.
- Чакайце, Крысцiян, усе драматургi працавалi ў залежнасцi ад абставiн. Шэкспiр, як вам вядома, улiчваў фiзiчныя асаблiвасцi сваiх акцёраў, Расiн пiсаў для Шанмеле. Гэта засведчыла ў сваiх 'Пiсьмах' мадам дэ Сэвiнье.
- Яна ненавiдзела Расiна.
- Яна яго добра ведала.
Мiрына з'явiлася i ў першым акце. Мабыць, няма патрэбы гаварыць, што праблема таксi, вельмi важная для сумеснай дастаўкi каханкаў у тэатр, была не менш важная i для адначасовага iх вяртання дадому, так што ў канчатковым варыянце п'есы Мiрына трапiла i ў трэцi акт. Клер зноў была прымушана ўмяшацца:
- А чаму б, Крысцiян, гэтую Мiрыну, пасля паражэння афiнцаў, не павярнуць на шлях дабрачыннасцi. Зрабiце яе патрыёткай, адпраўце да партызан. Аддайце нарэшце ў палюбоўнiцы Дэмасфену.
- Ох, Клер, паслухаць вас, дык я напушчу туды сентыментальнасцi, як у галiвудскiх фiльмах. Даволi, хопiць, я не дадам нi радка.
- Чаму вы лiчыце гэта банальным i нерэальным? Хiба жанчына лёгкiх паводзiн не можа стаць патрыёткай? У жыццi такое бывае скрозь. Кастыльёне спакусiла Напалеона Трэцяга iдэяй аб'яднання Iталii... Трэба толькi разумна i нечакана падрыхтаваць перамену ў Мiрыне... Вы ж распiсваць мастак. Ну, а без палюбоўнiцы Дэмасфен можа абысцiся, я сказала гэта жартам.
- Чаму жартам?.. Успомнiце некаторых дзеячаў французскай рэвалюцыi...
Клер, праявiўшы вытрымку, прымусiла Крысцiяна нарэшце згадзiцца, i роля Мiрыны, павялiчаная i ўдасканаленая, стала адной з галоўных у п'есе.
Надышоў дзень прэм'еры. Гэта быў трыумф. Увесь Парыж глядзеў на гераiню вачамi Ларана. Публiка, падзяляючы ў душы палiтычныя трывогi Менетрые, прагнучы бачыць патрыятычны спектакль, падобны на 'Персаў' Эсхiла, зрабiла аўтару авацыю. Спецыялiсты высока ацанiлi майстэрства, з якiм ён, не ўпадаючы ў пародыю, на антычным матэрыяле адлюстраваў сучаснасць. Сам Фабер, не надта прыхiльны да сваiх калег, прыветлiва сустрэў Клер за кулiсамi.
- Не iначай, як вы прыклалi сваю лапку да гэтай Мiрыны, смуглявая чараўнiца! - прабурчаў ён добразычлiва. - Нiчога не скажаш! Жанчына як жанчына, сапраўдная жанчына... I ваш праведны муж сам без дапамогi нiколi б яе не выдумаў. У жаночых справах ён не акадэмiк... Можа, няпраўда?
- Прыемна чуць, што вам спадабаўся вобраз Мiрыны, - усмiхнулася Клер, але я тут нi пры чым.
Назаўтра Рабер Кемп у сваёй рэцэнзii гаварыў толькi пра Мiрыну. 'З гэтага часу, - пiсаў ён, - iмя Мiрыны стане такiм жа славутым, як iмя мальераўскай Агнесы альбо Селiмены'.
Клер сядзела каля мужа i, з асалодай чытаючы хвалебны артыкул, шаптала: