- Для вялiкай любвi?

- Для вялiкай любвi, але не да жанчыны. Я ўвесь час адчуваю, што за мiзэрнымi з'явамi гэтага свету ёсць нешта вельмi значнае, прыгожае, дзеля чаго варта| жыць.

- I гэтае 'нешта' вы знаходзiце ў рэлiгiйнай музыцы.

- Так, i ў паэзii... I чытаючы евангелле... Я хацеў бы зрабiць сваё жыццё чыстым. Прабачце, што я гавару пра сябе... такiм прыўзнятым тонам... далёка не брытанскiм... але, мне здаецца, вы разумееце ўсё... i адразу.

Я ўстала, падышла i села каля яго ног. Чаму? Сама не ведаю. Але iначай зрабiць не магла.

- Так, разумею, - прамовiла я. - Адчуваю, як i вы, што нельга трацiць жыццё - наш адзiны неацэнны здабытак - на марныя клопаты, нiкчэмныя сваркi, дробныя заняткi. Я б жадала, каб кожная мая гадзiна была падобна на тую, што я праводжу цяпер каля вас... Аднак я ведаю, што гэтага не будзе... Няма ў мяне сiлы... Паплыву па цячэнню, бо так лягчэй... Зраблюся мiсiс Джэк Д. Паркер, буду гуляць у карты, у гольф, палепшу свае спартыўныя паказчыкi, зiмаваць паеду ў Фларыду, i так год за годам, пакуль не прыстукне смерць... Вы, можа, скажаце, якi жаль!.. Ваша праўда... Але што рабiць?

Я прытулiлася да яго каленяў; у гэты момант я належала яму... душой i целам... Так, душой i целам, бо галоўнае - гэта гатоўнасць.

- Што рабiць? - паўтарыў ён. - Кiраваць сабой. Дапускаць, каб вас несла цячэнне? Вы ж умееце плаваць. Я хачу сказаць: у вас ёсць энергiя i аўтарытэт... Ну так!.. I, мiж iншым, няма патрэбы заўсёды змагацца, каб адолець свой лёс. На працягу чалавечага жыцця бывае толькi некалькi момантаў, калi ўсё вырашаецца, i надоўга. У гэтыя моманты якраз i трэба праявiць мужнасць, сказаўшы - так альбо не.

- I вы лiчыце, што ў мяне цяпер такi момант, калi трэба праявiць мужнасць i сказаць - не?

Ён далiкатна дакрануўся да маiх валасоў, потым адвёў руку i задумаўся.

- Вы задалi мне вельмi цяжкае пытанне, - прамовiў ён нарэшце. - Якое ў мяне права, у чалавека, якi ўпершыню вас сустрэў, пра вас нiчога не ведае, нi пра вашу сям'ю, нi пра вашага будучага мужа, якое ў мяне права даваць вам парады? Я магу груба памылiцца... Вырашаць павiнны вы, а не я. Вы адна ведаеце, чаго можна чакаць ад гэтага шлюбу, у вас у адной ёсць факты, каб прадбачыць далейшае... А што магу я? Я магу толькi накiраваць вашу ўвагу на тое, што, на маю думку, i, спадзяюся, на вашу, з'яўляецца самым важным, i запытацца ў вас: 'А вы ўпэўнены, што гэта не пашкодзiць вашым лепшым задаткам?'

Тут i я задумалася.

- На жаль - не... Няма ў мяне пэўнасцi. Лепшае, што ў мяне ёсць, гэта надзея, гатоўнасць прынесцi сябе ў ахвяру... У дзяцiнстве я марыла быць святой альбо гераiняй... А цяпер маё жаданне - прысвяцiць сябе чалавеку незвычайнаму i, у меру сiл маiх, памагаць яму ў яго справе, у яго высокiм прызваннi... Вось так... Я вам прызналася ў тым, пра што нiкому яшчэ не гаварыла... Чаму вам? Гэта i для мяне загадка. Ёсць у вас нешта такое, што патрабуе шчырасцi i абуджае давер'е.

- Гэтае нешта - адмаўленне, - растлумачыў ён. - Той, хто для сябе не дамагаецца таго, што людзi называюць 'шчасцем', магчыма, здольны палюбiць другiх па-сапраўднаму i праз гэта знайсцi iншую форму шчасця.

I тады, учынак смелы i крыху шалёны, я схапiла яго за рукi i сказала:

- А чаму б вам, Пiтэр Дэн, не ўзяць сваёй часцiны сапраўднага шчасця? Я ж таксама вас амаль не ведаю, аднак, мне здаецца, вы iменна той чалавек, якога я ўвесь час падсвядома шукала.

- Гэта - iлюзiя... У рэальнасцi я зусiм не такi, я вы сабе ўяўляеце. Нiводнай жанчыне я не буду нi мужам, нi каханкам. Я жыву занадта ў сабе. Я не вытрымаю, каб з ранiцы да вечара, з вечара да ранiцы пры мне знаходзiлася жанчына, якая кожную хвiлiну патрабуе ад мяне ўвагi i мае на гэта права.

- Увага была б узаемнай.

- Безумоўна, але мне яна не патрэбна.

- Вы адчуваеце, што ў вас хопiць сiлы, каб змагацца.

- Больш дакладна, я адчуваю, што ў мяне хопiць сiлы, каб змагацца ў жыццi разам з усiмi людзьмi добрай волi... працаваць разам з iмi, каб зрабiць свет больш мiрным i шчаслiвейшым... цi хоць паспрабаваць зрабiць яго такiм.

- Можа, было б не так гэта цяжка, каб вам памагала сяброўка. Вядома, яна павiнна верыць у тое, што вас натхняе. Але калi яна вас любiць...

- Гэтага мала. Я ведаў жанчын, якiя, закахаўшыся, як самнамбулы, iшлi за любiмым чалавекам. Потым, прачнуўшыся, з жахам заўважалi, што стаяць над прадоннем i могуць упасцi. I тады ў iх з'яўлялася адзiная мэта: хутчэй спусцiцца ўнiз на роўную дарожку звычайнага жыцця... Мужчына, кахаючы такую жанчыну, спускаўся таксама. Пасля чаго, як гаворыцца, яны засноўвалi сямейны ачаг... Воiн складваў зброю.

- Вы хочаце змагацца адзiн?

Ён далiкатна абняў мяне:

- Мне вельмi балюча выказваць, але гэта праўда... Я хачу змагацца адзiн.

Я ўздыхнула:

- Шкада! Я гатова была дзеля вас адмовiцца ад Джэка.

- Лепш адмовiцца i ад яго i ад мяне.

- Чаму?

- Каб застацца сабой.

Я надзела капялюш перад люстэркам. Пiтэр падаў мне палiто.

- Правiльна, - сказаў ён, - трэба ехаць. Аэрапорт далёка адгэтуль, i лепш, калi мы прыбудзем раней, чым пасажыры аўтобуса.

Ён патушыў у кухнi лямпу i, перад тым як выйсцi, не стрымаўся i па-брацку абняў мяне. Я не супрацiўлялася, мне было прыемна адчуваць яго сiлу i ўладу. Але ён хутка адпусцiў мяне, адчынiў дзверы i выйшаў следам за мной.

На вулiцы нас чакала яго невялiчкая машына, i я села з iм побач, не сказаўшы нi слова.

Iшоў дождж, i вулiцы начнога Лондана танулi ў змроку i смутку. Праз хвiлiну Пiтэр загаварыў. Ён мне апiсаў людзей, што жывуць у гэтых дробных домiках стандартнай будоўлi, iх аднастайны побыт, убогiя радасцi i сцiплыя надзеi. Яго ўяўленне было на дзiва вобразным. Ён мог бы стаць вялiкiм раманiстам.

Потым мы апынулiся ў заводскiм прадмесцi. Мой спадарожнiк змоўк. Я моцна задумалася... Думала аб заўтрашнiм днi, аб сваiм прыездзе ў Ню-Ёрк, пра Джэка, якi, напэўна, пасля гэтай незабыўнай ночы мне будзе здавацца чужым i трошкi смешным. Раптам я сказала рашуча:

- Стойце, Пiтэр!

Ён рэзка затармазiў i запытаў:

- Што такое? Вам нядобра?.. Цi, можа, у мяне што забылi?

- Не. А толькi я не хачу ехаць у Ню-Ёрк... Я не хачу яшчэ раз выходзiць замуж.

- Што?

- Я перадумала. Вы мне раскрылi вочы. Вы мне сказалi, што ў жыццi бываюць моманты, калi рашаецца ўсё, i надоўга... У мяне якраз такi момант... Я перадумала. Я не выйду замуж за Джэка Паркера.

- Вы ўскладаеце на мяне страшэнную адказнасць. Мне здаецца, я вам даў добрую параду. Але я магу памылiцца.

- Вы не можаце памылiцца. I асаблiва я не магу памылiцца. Я цяпер ясна бачу, што збiралася зрабiць глупства. Я не паеду.

- Дзякуй богу! - павесялеў ён. - Гэта вам збавенне. Iначай, папалi б у бяду. А вам не боязна вяртацца ў Парыж, даваць тлумачэннi?..

- А чаго баяцца? Мае бацькi i сябры не хацелi, каб я ехала. Яны лiчылi гэта капрызам i будуць рады, што я вярнулася.

- А мiстэр Паркер?

- Джэк паходзiць засмучаны колькi дзён цi колькi гадзiн... Пабалiць крыху ўшчэмленае самалюбства, але ён скажа сабе, што вельмi цяжка жыць з такой наравiстай жанчынай, i ўцешыць сябе тым, што развод адбыўся да шлюбу, а не пасля... Трэба толькi паслаць яму зараз жа тэлеграму, каб заўтра не шукаў мяне дарэмна.

Пiтэр уключыў матор.

- Што будзем рабiць? - запытаў ён.

- Паедзем на аэрадром. Ваш самалёт вас чакае. А я сяду на другi, вярнуся ў Францыю. Скончыўся сон.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату