- Сон быў прыгожы.
- Але без вынiкаў.
Прыехаўшы ў аэрапорт, я зайшла на тэлеграф i напiсала тэлеграму Джэку: 'Прыйшла да вываду шлюб неразумны кропка шкадую бо моцна люблю вас але не змагу жыць у чужым далёкiм краi кропка лепей незалежнасць кропка пасылаю нескарыстаны бiлет апраўдаць выдаткi кропка прывiтанне Марцэла'.
Я перачытала i замест 'жыць у чужым далёкiм краi' напiсала 'жыць на чужыне'. I ясна, i карацей.
Пакуль я складала тэлеграму, Пiтэр высвятляў, калi адправяць яго самалёт. Вярнуўшыся, ён сказаў:
- Усё - як мае быць цi лепш, нядобра ўсё: матор наладзiлi. Я вылечу праз дваццаць хвiлiн. Вам давядзецца чакаць да сямi гадзiн. Мне непрыемна пакiдаць вас адну. Хочаце, я куплю вам кнiжку?
- Не, - адказала я. - У мяне ёсць над чым падумаць.
- Вы ўпэўнены, што не будзеце шкадаваць? Яшчэ ёсць час, але, паслаўшы ўведамленне, позна будзе перайначваць.
Не прамовiўшы нi слова, я падала тэкст тэлеграмы чыноўнiку.
- Звычайная? - запытаў той.
- Спешная.
Потым я ўзяла Пiтэра пад руку.
- Дарагi Пiтэр, у мяне такое ўражанне, нiбы я праводжу да самалёта свайго самага блiзкага друга.
Я не змагу паўтарыць вам усяго, што ён мне гаварыў у гэтыя апошнiя дваццаць хвiлiн. Ён вызначыў некалькi важнейшых жыццёвых правiл. Вы не раз казалi мне, што ў мяне ёсць чалавечнасць, што я верная сяброўка i не ўмею хлусiць. Калi хоць частка гэтых добрых якасцей спраўдзiлася ва мне, я найбольш абавязана Пiтэру. Нарэшце ў дынамiк абвясцiлi: 'Пасажыры да Ню-Ёрка. Рэйс шэсцьсот трыццаць два...' Я праводзiла Пiтэра да выхаду. Абняла яго там i моцна, ад душы, пацалавала. Больш мы нiколi не бачылiся.
- Нiколi не бачылiся? Чаму? Хiба вы не пакiнулi яму адраса?
- Пакiнула, але ён мне нiколi не пiсаў. Вiдаць, яму падабалася ўвайсцi вось гэтак у жыццё людзей, паказаць iм дарогу i знiкнуць.
- А прыязджаючы ў Лондан, вы не прабавалi яго знайсцi?
- Навошта? Ён сам прызнаўся, што аддаў мне сваё самае лепшае. Натхнёнага настрою тае ночы мы б не вярнулi нiколi. Не, тады нам было вельмi добра... Шчаслiвыя моманты мiнулага не аднаўляюцца... Цяпер скажыце, мела я прычыну сцвярджаць, што гэта прыгода была самай дзiўнай у маiм жыццi? Цi ж не цуд, што чалавек, якi перайначыў мой лёс, прымусiў жыць у Францыi, а не ў Амерыцы, якi зрабiў на мяне такi моцны ўплыў, быў незнаёмы ангелец, выпадковы сусед у лонданскiм аэрапорце?
- Гэта нагадвае, - заўважыў я, - антычныя мiфы, калi бог у вобразе жабрака альбо чужаземца размаўляе са смяротнымi... Але, сказаць па праўдзе, Марцэла, гэты незнаёмы не надта перавыхаваў вас, паколькi ўсё скончылася тым, што вы выйшлi замуж за Рэно, якi, хоць i носiць iншае iмя, але па сутнасцi той самы Джэк.
Падумаўшы, яна сказала:
- Ну так... Чалавечую прыроду змянiць нельга, яе можна толькi падправiць.
Пераклад: Юрка Гаўрук