Праз хвiлiну, падпальваючы нягнуткiмi пальцамi фаерку пад чайнiкам, ён яшчэ раз прыслухаўся да пошуму вады ў прыбiральнi й з сардэчным клёкатам у горле прамовiў:
- Дапiўся, бляха.
Чорныя мятлiкi гэтым разам ня лёталi ўваччу, галава амаль што не балела, а вось душа... душа заходзiлася ад сьвербу, трымцела ў грудзiне, варушылася ў страўнiку, а калi чайнiк закiпеў-засьвiстаў на высокай ноце, раптам схаладнела, сьцiснулася ў камяк i зашылася пад драбы.
Чайнiк сiпеў ня так як раней - адчайна, раскоцiста, i сярод гэтага раскоцiстага сьвiсту Макару выразна пачулiся нечыя галасы. Гаварылi двое мужык i баба. Ён нават разабраў словы, сказаныя мужыком, штосьцi накшталт: Адпраўлю ў Акадэмiю - i, прыкруцiўшы ручку плiты, пацёр дрыжачай рукой тое месца, куды, па ягоных меркаваньнях, забiлася ягоная ўлякнутая душа.
Насланьнё не адпускала й пазьней, калi ён чысьцiў зубы i галiўся. Электрабрытва 'Харкiв' - старая, з надтрэснутым корпусам, гудзёлка, якая звычайна працавала з натугаю й ня столькi галiла, колькi дзёрла шчацiньне, зумкала, як цыркулярка, а калi Макар паднёс яе да шчакi, - нiбыта папярхнулася i немым голасам завiшчэла: - Забудзь мой нумар, жывёлiна! - Электрабрытва выпала з рук, стукнулася аб край ракавiны, завiсла на шнуры i толькi тады загула ў сваiм звычайным тэмбры.
З ваннай Макар выкулiўся, трымаючыся рукамi за сьцены. Таямнiчыя галасы яго не на жарты ўсхвалявалi, i ад таго хваляваньня пот пацёк з-пад пахаў, i ногi зрабiлiся ватнымi i нягнуткiмi. Да таго ж, душа Макарава, якая дагэтуль варушылася недзе пад драбамi, падступiла да горла, i ён адрывiста iкнуў. Абапёршыся на дзьвярны ўшак, Макар iкнуў другiм разам: зычна, ядрана, а згледзеўшы свае штаны, якiя вiселi на люстры, iкнуў яшчэ раз - цяпер ужо зусiм па-вар'яцку, страсянуўшы пры гэтым друзлым чэравам.
Штаны зьлёгку варушылiся ад проймы, i гэта стварала ўражаньне, што ў пакоi нехта сасiлiўся. Дрогкаю рукою ён зьняў штаны з кандэлябры, упiхнуў левую, больш гнуткую, нагу ў правую калошу ды зноў скамянеў, пачуўшы суседавы храп за сьцяною.
'Дапiўся... да глюкаў дапiўся... Што ж цяпер будзе? Каму я такi патрэбны?' - вiхурылi ў галаве панiчныя думкi, i рукi цягнулiся да кнiжнай палiцы, i вочы выглядалi карэньчык 'Мэдычнага даведнiка', i пазбаўленыя падтрымкi нагавiцы нясьпешна спадалi долу.
'Азоаспэрмiя...', 'Актывацыя яйка...', 'Алергii' - пажоўклы ад курава палец лiхаманкава гартаў даведнiк, а адгарнуўшы сто трыццатую старонку, гэтак жа лiхаманкава праехаўся пазногцем па словах 'Алькагольны галюцыноз'.
'На першы плян выступаюць слыхавыя галюцынацыi: шум, крыкi, галасы, якiя звычайна асуджаюць дзеяньнi хворага альбо выказваюць пагрозы... Пры гэтым у хворага захоўваецца ясная сьвядомасьць... Хворы апынаецца ва ўладзе 'галасоў', яму здаецца, што яго хочуць забiць альбо зьняславiць'.
'Забiць альбо зьняславiць,' - уголас паўтарыў Макар, хвiлiну стаяў нерухомы, а калi за сьцяною зноў схрапянуў сусед, захлопнуў кнiгу i з рашучасьцю, на якую толькi быў здольны, прашаптаў:
- Зь сёньняшняга дня - нi кроплi.
... Круглявы iмбрычак стаяў пасярод стала i спалохана бразгаў накрыўкаю. Гэтае бразганьне блытала думкi, напiнала нэрвы, таму Макар, не дачакаўшыся, пакуль запарыцца гарбата, нацэдзiў у конаўку рудаватай вадкасьцi, далiў кiпню, i ў паветры запахла нябожчыкам.
- Што ж там было? - выдыхнуў пахмельны пакутнiк, парушыўшы лямiнарную павольнасьць пары, што падымалася з конаўкi.
Адказу на гэтае пытаньне не было. Макар пацёр скронi, крэкнуў, абхапiў рукамi голаў i стаў безуважна сачыць за кружэньнем чаiнак у вiры ненастоенай гарбаты.
Учора, упершыню за ўвесь час рэдактарства, яго запрасiлi на райкамаўскую п'янку. Ладзiлi яе з нагода ад'езду Калупайкi - Iван Iванавiч ехаў у Вiцебск, другiм сакратаром абкаму.
Выбiцца з Азярышча ў вобласьць, ды яшчэ на такую пасаду - учынак амаль што неверагодны. Хадзiлi чуткi, што Iван Iванавiч даў некаму хабар, а ягоная жонка, падчас наведаньня сталiцы, гуляла зь мiнiстрам сельскай гаспадаркi i вiдавочна ў ложку - упрасiла таго прапiхнуць мужа ў абкам. Так гэта, цi не сказаць цяжка, але Калупайка зьяжджаў, i на загараднай турбазе арганiзавалi разьвiтальную вечарыну.
Пра п'янкi на 'Качыным Востраве' - так назавалася турбаза - апавядалi шмат розных плётак. Слухаючы iх, Макар глытаў сьлiну, употай чухаў пахвiну, якая пачынала раптам сьвярбець, i на дне цiхмянай рэдактарскай душы кожнага разу варушылася крыўда. На загарадныя гулянкi яго не запрашалi.
I вось учора, па абедзе, пад рэдакцыйнымi вокнамi зь нецярплiвасьцю квакнула легкавушка. 'Мандрык', - мiльганула тады ў Макаравай галаве; Макар схамянуўся, выцягнуў са стальнiцы мутную шклянку - у Мандрыка нiколi не было з чаго пiць - i шырокiм крокам падаўся на двор.
Сябрук часьцяком прыяжджаў такой парой - ехаў з абеду ў 'Азяркi' i па дарозе зарульваў у рэдакцыю. Звычайна яны кулялi па дзьвесьце пяцьдзесят, таропка, што тыя зайцы, закусвалi зялёнай цыбуляй i разьвiтвалiся да вечара. Гэтым разам Мiшка быў за рулём. У машыне сядзеў яшчэ нехта, i Макар, раўнiва намацаўшы шклянку ў кiшэнi пiнжака, адчынiў дзьверцы 'ўазiка'. Дакладней, дзьверцы адчынiлiся самi: ён толькi нацiснуў на ручку, i на грудзiну насунулася важкая, спавiтая цупкiм полiэтыленам, туша.
Тушы Мандрык вазiў i раней - i райкамаўцам, i абкамаўцам, i пракурору, але рабiў гэта ўпотай, па начах. Тут жа вёз сярод белага дня, у самую сьпёку.
- Залазь ужо як-небудзь, - прамовiў Мiшка, i ў голасе ягоным чулася лёгкае хваляваньне.
Абхапiўшы рукамi сьцягняк, Макар убiўся разам з тушаю ў кабiнку, стукнуўся галавою аб нешта брынклiвае i гучна мацюкнуўся. На сядзеньнi, адна на адной, стаялi, падпiраючы брызэнтавы верх, скрынi з гарэлкаю.
- Ня лайцеся! - прагучала над вухам, i Макар зьнiякавеў. Наперадзе, поруч зь Мiшкам, сядзела загадчыца сэктару ўлiку Азярышчанскага райкаму Данута Станiславаўна Францкавяк.
Той хвiляй ён прагнуў толькi аднаго: зьнiкнуць! Альбо правалiцца. Альбо ператварыцца ў адну з тых мух, што бiлiся ў шыбу.
Данута Станiславаўна была ягонай тайнай сымпатыяй. Доўгiх дзесяць месяцаў - ад дня свайго прыезду ў Азярышча - ён марыў спаткацца з гэтай жанчынай. У галаве Макаравай ужо быў распрацаваны сцэнар такога спатканьня, а хвараблiвыя, узбуджаныя алькаголем фантазii кожнага разу пераносiлi яго ў сутонлiвы, напоўнены чароўнымi пахамi i суцiшнымi песьнямi пакой, пасярод якога, на мяккiм варсiстым дыване, ляжала ў паставе ўсходняй адалiскi Данута Станiславаўна Францкавяк.
I вось ён паўстаў перад Данутай - у абдымку з разабраным баранам, з мацюкамi на вуснах i з парэзаным аб гострую стужку, якiмi абабiваюць скрынi, iлбом.
- Трымай, паварочваю! - гукнуў Мандрык, пайшоў на разварот, i давялося ўперцiся рукамi ў скрынi, каб тыя не абрынулi на голаў.
Прыхаваўшыся за тушай, Макар пашукаў - чым бы гэта прамакнуць юшку на лобе; нiчога вартага не знайшоў i прамакнуў партбiлетам.
За ўвесь час, пакуль яны ехалi да 'Качынага Вострава', Данута анi разу не азiрнулася. Сядзела моўчкi, безуважна пазiраючы на дарогу. Маўчаў, адчуваючы настрой пасажыркi, i Мiшка Мандрык. Але й яно i добра: Мiшка меў звычку пацьвельваць зь сяброў у прысутнасьцi жанчын, i гэтае маўчаньне было адзiным, што лагодзiла душу такiмi вусьцiшнымi хвiлiнамi.
Усю дарогу Макар хаваўся за тушай, шморгаў носам, i нават калi 'ўазiк', квакнуўшы наастачу, спынiўся ля мураванкi з выяваю качкi на франтоне i Данута Станiславаўна, не сказаўшы нi слова, выйшла з машыны, ён усё яшчэ баяўся падняць галаву, i Мiшку давялося ляпаць яго па карку i з гарэзьлiвай iскрынкай уваччу кiваць на скрынi з гарэлкаю.
Яны выпiлi паўпляшкi, выпалiлi па цыгарэце, прыхапiлi тушу i падалiся да возера - кроiць мяса на шашлыкi.
Макар кроiў мяса з шалёнай апантанасьцю. Распранены па пояс, з налепленым на лбе лiстком трыпутнiку - рана ўсё яшчэ крывавiла - ён дэманстраваў Мiшку сваю дасьведчанасьць у шашлычнай справе, а пачуўшы жаночыя галасы, што даляталi з суседнiх кустоў, схапiў мэталёвы пожаг i зь лiхаманкавым iмпэтам пачаў налыгваць кавалкi баранiны.
Ён налыгваў трэцi пожаг, калi ў вушах зазьвiнеў пералiвiсты жаночы сьмех.
- Што ж вы робiце? - прамовiла Данута Станiславаўна, падышоўшы блiжэй, а яе сяброўка - райкамаўская сакратарка Марына, - хаваючы ў далонь крывую ўсьмешку, патлумачыла: - Мяса спачатку марынаваць трэба.