заплюшчыў вочы, прыслухаўся да зыкаў, што даляталi з кухнi, i кожны матчын рух яскрава адбiваўся ў ягонай сьвядомасьцi. I вось цурчэньне стала больш глухiм, мацi штосьцi прамармытала сама сабе, грукнула вядром ды нечакана спалохана гойкнула:
- А каб ты спрах, кацера ты чортава!
Ну вядома - кот Барыс iзноў напужаў мацi. Печ у хаце высокая, i Барыс, сiгануўшы зь верхатуры, напачатку скочыў на матчыну сьпiну i толькi потым зьляцеў на падлогу.
- Во халера на маю галаву! I на чорта мне гэты кот?! - бедавала мацi, разьлiваючы сырадой, а напоўнiўшы другi гарлач, плёснула малака ў Барысаву чаропку. Хвiлiну Iван слухаў, як роспачна ляпаў языком кот Барыс, пасьля чаго крэкнуў i падняўся на ногi.
- Што, пiў учора? - запыталася Ларыса Пятроўна, калi сын, пачэрпнуўшы вады зь вядра, прыпаў да конаўкi.
- Угу! - вымавiў Iван, не перарываючы пiцьця, а наталiўшы смагу, выцер вусны i, апярэджваючы матчыны словы, дадаў: - Зь Лябёдкам, п'янтосам гэтым няшчасным.
Ён прабег на цырлах па халоднай падлозе, шмыгнуў у цёплую пасьцель i яшчэ раз, цяпер ужо з райскiм задавальненьнем, пацягнуўся.
- Алкаш гэты... узяўся тэлевiзары рамантаваць, - азвалася з кухнi мацi, плюхнуўшы вады ў даёнку. - Авадзiсе адрамантаваў, дык, казала, два днi гук быў, а на трэцi ня стала. - На кухнi iзноўку плюхнула вада, гэтым разам у мяднiцу, i мацi, адчынiўшы дзьверы, пачала выносiць збаны на холад.
- У нас жа тэлевiзараў мала, рамантаваць няма чаго, дык панадзiўся ў Азярышча езьдзiць. Думаў, там яму адвалiцца... А людзi, што ў тэлеатэлье працуюць, злавiлi ды ў каршэнь натаўклi - во як! - мацi крэкнула, падхапiўшы штосьцi цяжкое, i выйшла з хаты.
Iван асавела пазяхнуў, зьбiраючыся паспаць яшчэ якую гадзiну, але мацi iзноў убiлася ў хату i, кiнуўшы ля печы абярэмак дроў, недарэчна голасна абвясьцiла:
- У Пятроўны карова ацялiлася. Цялушачка такая ж, як наша Рагуля. Сама чорная, а на лобе мецiна...
Каб ня слухаць матчынай балбатнi, Iван утоўк галаву ў падушку, абхапiў яе рукамi i, ашчадна дыхаючы, стаў думаць - ехаць яму зь Лябёдкам ва Ўсьвяцкi раён, цi, мо, застацца дома.
Лябёдка, на якога не стамлялася лаяцца Ларыса Пятроўна, быў наагул хлопцам нiштаватым. Пiў, вядома, але ж i справу сваю ведаў. Пазалетась ягоны партрэт нават у раённай газэце надрукавалi. 'Кiнамэханiк Бычкоўскага кiнастацыянару М. Лебядзько рыхтуецца да чарговага сэансу'. Наблытаў, праўда, карэспандэнт у прозьвiшчы, але як не наблытаеш, калi яго ад Лябёдкавай кiнабудкi да старшынёўскага 'казла' ўтрох вялi. Дакладней кажучы, вялi двое - сам Лябёдка ды Лёшка Мандрык, а Iван карэспандэнту ногi перастаўляў - гэтак чалавек напiўся.
Меў былы кiнамэханiк, апрача гарэлкi, яшчэ адну жарсьць - радыётэхнiку. У школе нават марыў у радыётэхнiчны iнстытут паступаць, а ў восьмай клясе, знайшоўшы ў нейкiм часопiсе схему, змайстраваў электрагiтару. Iнструмэнт гэты быў у той час вялiкай рэдкасьцю - паглядзець на яго нават з Азярышча прыяжджалi. Лябёдка зь iм на канцэртах выступаў, да клюбнай радыёлы падключыўшы. Ну, а як ужо ў войска iшоў, падараваў гiтару Лёшку Мандрыку, сыну загадчыцы клюба. Лёшка таксама на канцэртах брынкаць узяўся, хоць граць i ня ўмеў. Але брынкаў нядоўга - штосьцi там у гiтары замкнула, i Лёшку падчас канцэрту токам смальнула. Мандрычыха пасьля таго гiтару аб клюбны ганак разьбiла i чутку пусьцiла, што Лябёдка Лёшку халеру тую падараваў, каб са сьвету зьвесьцi.
З войску - а служыць яму давялося ў нейкай дужа сакрэтнай часьцi - Лябёдка вярнуўся зь сяржанцкiмi лычкамi на пагонах i з 'корачкамi' радыёмэханiка ў кiшэнi. Уладкаваўшыся кiнамэханiкам, ён першыя паўгоду не вылазiў з кiнабудкi: самаробны тэлевiзар майстраваў, а змайстраваўшы - у п'янку кiнуўся. Аднойчы да таго дапiўся, што сеў на распалены лiтавальнiк i апошнiя свае штаны прапалiў. Пасьля таго выпадку больш тэлевiзарамi не захапляўся, а ўсё сваё начыньне: лiтавальнiк, лямпы з кандзёрамi i кавалак канiфолi Мiшку Бадунову падараваў...
- Ванька, чуеш?! - прашамацела ля вуха, i Iван выцягнуў галаву з падушкi. - Кашу еш, у печы стаiць... Я на фэрму. - На кухнi пстрыкнуў выключальнiк, нема вякнуў кот Барыс - мацi, вiдаць, наступiла яму на хвост, i Iван, паморшчыўшыся, зноўку ўтоўк галаву ў падушку. Хвiлю ён ляжаў, потым усхапiўся на ногi, прабег на кухню i, наставiўшы струмень у памыйную мяднiцу, прашаптаў: - Еду.
II
З Дабранскай гары, на якой стаiць сталоўка, вёска бачная як на далонi. Сёньня нядзеля, людзей не вiдаць, адно што на Траянчысiным двары завiхалася некалькi постацяў, туркацеў трактар ды чулася бязладная гамонка. Iван прымружыўся, пазiраючы ў бок Траянчысiнага двара, i мiжволi пасьмiхнуўся. Ну, вядома: Хведзька Траян зноўку дзялiў са сваёй сястрой угнаеньнi з матчынага сьвiнюшнiка. Загнаўшы на падворак трактар, Хведзька з жонкаю ўскiдвалi на трактарны вазок парсючыны гной, а сястра ягоная, Фроська - ускудлачаная, у квяцiстым халаце - стаяла на вазку i скiдвала гной долу.
Хведзька з Фроськаю ўжо ня першым разам матчына дабро дзялiлi. Летась нават таварыскiм судом судзiлiся i па пятнаццаць рублёў штрафу атрымалi. Iван на тым судзе якраз за сьведку быў. Яму i цяпер карцела пабегчы на Траянчысiн падворак ды паглядзець, як там усё будзе, але ж трэба было чакаць Лябёдку. Пагатоў, жалезны гараж, якi стаяў каля Лябёдкавай хаты, быў прачынены, i гэта наводзiла на думку, што сябрук ужо недзе лётаў на сваёй 'Панонii' i мог зьявiцца ў любую хвiлiну.
На вясковую вулiцу тым часам пачалi выбягаць кабеты, старая Траянчыха ўголас залямантавала, Iван стаiў дых, чакаючы развязкi, але нiчога такога ня здарылася: Фроська нечакана зьлезла з вазка, Хведзька ўлез у кабiну, i трактар, напоўнiўшы навакольле белым дымам, паволi выехаў з падворка.
Убачыўшы такое, Iван незадаволена скрывiўся: летась было цiкавей. Летась Фроська братавай пад вока лiхтар наставiла i гной на галаву ўскiнула. Пятнаццаць рублёў штрафу за тое атрымала. На суд тады ўся вёска сышлася, нават з Гатава папрыходзiлi. У дзьвярах стаялi, а загадчыцы клюба Мандрычысе, якая судзьдзёй была, ад задухi i хваляваньня млосна стала.
Прыгадваючы ўсё гэта, Iван агледзеўся, разважаючы, чым бы гэта заняць рукi, а ўбачыўшы на сьцяне сталоўкi пакарабачаную трубку, у якой, па iдэi, павiнен быў тырчаць чырвоны сьцяг, стаў накiдваць на яе сваю вушанку. Зь пятага цi шостага разу яму гэта ўдалося, Iван задаволена пацёр рукi, агледзеўся, шукаючы якую палку, i ў гэты момант чуйны слых ягоны вылучыў зь бязладнага туркаценьня трактара дробны ляскат Лябёдкавай 'Панонii'.
Матацыкал ляскатаў з натугаю, i, што самае дзiўнае, за сьпiнаю Лябёдкавай сядзела, загалiўшы белыя сьцёгны, загадчыца сталоўкi Пятроўна.
'Куды гэта яны? Цi не ва Ўсьвяцкi раён?' - падумаў Iван i на ўсялякi выпадак прыхаваўся за рогам сталоўкi.
Лябёдкавы драндулет даехаў толькi да сярэдзiны гары. Чхнуўшы, матацыкал заглух, зьехаў з дарогi i занурыўся пярэднiм колам у прыдарожны кювэт.
- Пятроўна, пачакай! - даляцеў да Iванавых вушэй зычны воклiч, але Пятроўна, якая ўжо шыбавала па бальшаку, на той воклiч нават не азiрнулася. Датупаўшы да сталоўкi, кабета перавяла дых - было добра чуваць яе нэрвовае дыханьне, - павярнула ключ i кiнула на парог грукатлiвую завалу.
- Во паразыт няшчасны! - прамовiла Пятроўна, расчынiўшы дзьверы, i ваконныя шыбы палахлiва зумкнулi ад грукату ейных ботаў.
Праз пару хвiлiн ля дзьвярэй сталоўкi цяжка засоп i былы кiнамэханiк. Падагнаўшы матацыкал да слупа, ён таксама перавёў дых, мацюкнуўся, i шыбы зноўку зумкнулi, цяпер ужо ад надраўнага голасу Пятроўны.
- Забiрай сваю халеру! - загадчыца выставiла на ганак валiзу, грукнула завалай i прашаптала тое ж нядобрае слова, якое хвiлю таму прамовiў Лябёдка.
- Пятроўна... давязу! - крыкнуў быў Лябёдка, калi загадчыца рушыла па дарозе, але тая махнула рукой, сiганула цераз кювэт i неўзабаве зьнiкла за прыдарожнымi кустамi.
Iван кашлянуў, выйшаў насустрач сябру.
- А-а! Ваня! - Лябёдкава рука балюча сьцiснула пальцы. - Вось, забылiся ўчора, - кiўнуў сябрук у бок валiзы i выцягнуў з кiшэнi пачак 'Беламору'.
Папяросiны ў пачку былi пустыя. Лябёдка паспрабаваў быў напхаць у адну зь iх тытуню, але хутка кiнуў гэты занятак i з уздыхам прысеў на ганак сталоўкi.
- Ну як, чуў? - запытаўся сябрук, падхапiўшы валiзу. Размова вiдочна iшла пра дзяльбу ўгнаеньня. - Зноў за сьведку выступаць будзеш? - рагатнуў Лябёдка, ляснуў чамаданнымi зашчапкамi, а Iван пасьля такiх слоў