высоўвалiся, а калi нарэшце дзьверы прачынiлiся, дык у дзьвярную пройму можна было ўпiхнуць хiба што нос. Нос, дарэчы, i вытыркнуўся з проймы, i Лябёдка, маракуючы - каму ён мог належаць мужчыну, цi жанчыне, прыязным голасам вымавiў:
- Вам прывiтаньне ад сястры.
Пройма пашырылася, зь цёмных сяней вытыркнулася сьсiвелая бабуля, якая зьдзiўлена-плаксiвым голасам запытала:
- Якой гэта сястры?
- Якой-якой... Кабеньчыхi, халера старая, - буркнуў Лябёдка, вырваў з Iванавых рук валiзку i, бачачы, што гаспадыня па-ранейшаму зь недаверам лыпае вачыма, дадаў: - Зь Неўля мы, з тэлеатэлье. Тэлевiзары рамантуем.
Зiрнуўшы на Лябёдкавы шлем, гаспадыня паспрабавала прычынiць дзьверы, аднак Лябёдка пасьпеў упiхнуць нагу ў дзьвярную шчылiну i з усёй рашучасьцю ўвайшоў у сенi.
- Давай, бабуля, гатуй пачастунак, а то ў нас часу мала, - загрымеў праз хвiлю ягоны голас, i Iван, азiрнуўшыся на бокi, падаўся ў хату.
У Кабеньчысiнай хаце было цёмна, няўтульна, а тут панаваў парадак, пахла нейкiмi зёлкамi, а на засланым белым абрусам стале красавалi папяровыя кветкi ў зялёнай вазе. Тэлевiзар таксама быў засланы белым абрусам, i Лябёдка, не рашаючыся зьняць яго сваiмi бруднымi рукамi, зь нецярплiвасьцю паглядзеў на гаспадыню. Бабуля ў сваю чаргу паглядзела на Iвана, потым перавяла позiрк на валiзку, а ўпэўнiўшыся, што перад ёю тэлемайстры, увiшна падхапiла покрыўку.
- Даччын цiлiвiзер, - паведамiла старая, змахнуўшы пыл з экрана. - Сабе новы ўзяла, а мне ўжо гэты... Прывезьлi зь зяцем, уключылi... Як тут былi, дык рабiў, а як зьехалi, дык зламаўся. - Бабуля ўздыхнула, склала ў дзьве столкi абрус, а ўбачыўшы, што майстар зморана аддзьмуўся, дэманструючы, што такiя размовы яму добра-такi надакучылi, цiхенька сышла на кухню.
- Памру зараз, - прасiпеў Лябёдка, паднес штэпсэльную вiлку да разэткi, але нечакана сумеўся i страсянуў вiлку ля вуха.
- У вас тут мужчыны ёсьць? - крыкнуў, зьвяртаючыся да бабулi, майстар, i голас ягоны сьведчыў за тое, што калi яму зараз жа не нальюць пахмялiцца, ён i папраўдзе памрэ.
Гаспадыня, вiдаць, адчула настрой тэлемайстра, бо ў тое ж iмгненьне на кухнi бразнулi шклянкi i аглушальна засквiрчэлi яйкi на распаленай патэльнi.
- Якiя там мужчыны!.. Бабы ды два дзяды... Базылю восемдзесят, а Хамёнку яшчэ больш... Японскую памятае.
Майстар выпусьцiў праз нос паветра, варухнуў кадыком i зь нейкай разьюшанай апантанасьцю стаў раскручваць штэпсэльную вiлку.
За вакном сутоньвалася. Сьнежныя крупы стукалi па шыбе, у комiне галасiў вятрыска, i ад усiх гэтых зыкаў Iвану зрабiлася не па сабе.
'I калi ўжо вернемся?' - падумаў ён, панылымi вачыма азiраючы хату. 'Трэба было хоць цыдулку пакiнуць, каб мацi не хвалявалася'.
Iван затрымаў позiрк на ходзiках, што цiкалi пад стольлю, i з грудзей ягоных вырваўся пакутлiвы ўздых. Гадзiньнiк паказваў палову трэцяй: акурат гэтым часам мацi вярталася зь дзённай дойкi. 'Пабачыць, што мяне няма, i да Мiронаўны пацягнецца. Тая i скажа, з кiм паехаў...' - Iван уявiў, як роспачна будзе лаяцца мацi, як яна, зганяючы злосьць, будзе ганяцца з ручнiком за катом Барысам, i, заняты сваiмi думкамi, не пачуў Лябёдкавага воклiку:
- Эй, Ваня... заснуў?
У сьвятлiцы грала музыка, на кухнi сквiрчэлi шкваркi, а на тэлевiзiйным экране каласiлася жыта, i стройным шыхтом iшлi камбайны.
'Рублёў дзесяць зьдзярэ, i вiна вып'е пад самую завязку', - незадаволена падумаў Iван, з дакорам зiрнуў на сябра, але той, насуперак ягоным меркаваньням, ад грошай адмовiўся.
- Схавайце свае рублi... - кiнуў Лябёдка, згледзеўшы ў бабчыных руках пакамечаны трульнiк. - З-за такога рамонту i квiтанцыю неахвота выпiсваць... Чарку мо вып'ем, калi нальеце.
- Нальем, нальем. А як жа не налiць, - узрадавана замiтусiлася старая, ёсьць i чарка, i да чаркi... - i, падхапiўшы па дарозе чапялу, гаспадыня кiнулася да печы.
Пiлi i елi стоячы, бо расьседжвацца не было часу. Бабця Мар'яна (так сябе назвала гаспадыня) выставiла на стол бутэльку 'чарнiла', а таксама яешню i саган гарачай бульбы на закуску. Бегаючы за матацыклам, Iван добра-такi выгаладаўся - бульба са шкваркамi проста раставалi ў роце. Згаладнеў i сябра. Налягаючы на бульбу - аж нос угiнаўся, - Лябёдка хапаў ротам паветра, варушыў коўцiкам i пры гэтым няўцямна мармытаў:
- Думаеш, калi ў мяне брат... у тэлеатэлье працуе... дык мне дэталi дарма даюцца? За адзiн трансфарматар... дзьве бутэлькi аддаў...
За лiчаныя хвiлiны яны выцерабiлi саган бульбы, праглынулi яечню, асушылi ад тлушчу патэльню, i ўвесь гэты час гаспадыня стаяла пасярод кухнi, пазiраючы на майстра, не раўнуючы, як на Мiколу-ўгоднiка. Выдавала на тое, што яна хацела нешта сказаць, i майстар, бачачы такую нерашучасьць, запытальна мiргнуў левым вокам.
- Дачка ж павiнна прыехаць. Трэба ж ёй аполец сала даць, ды нейкiх кiлбас... - выдыхнула, нарэшце, гаспадыня i, нiбыта спужаўшыся ўласных слоў, зацiснула рот ражком паркалёвай хусткi.
Хлопцы счакалi хвiлiну, спадзяючыся, што старая скончыць думку, але тая маўчала, i Лябёдка, кiўком галавы ўхвалiўшы такiя жадункi, разьлiў рэшткi вiна па шклянках.
- Дапiваем i йдзем, а то матор астыне. Пiхай тады... да самага дому, рука Лябёдкава пацягнулася за шклянкай, ды нечакана замёрла ў паветры.
- Можа б вы мне, мальцы, кабана закалолi? - пудка запыталася гаспадыня, а згледзеўшы на майстравым твары разгубленасьць, нахiлiлася i выцягнула з тумбачкi вялiзную, закаркаваную газэцiнай бутлю.
III
Спусьцiсты, парослы густым лазьняком бераг пачынаўся адразу за хатай. Убiўшыся ў кусты, Iван расшпiлiў прарэх, гучна выпусьцiў паветра i падуладны нэрвовым дрыжыкам струмень шапатлiва ўдарыў па ссохлым лiсьцi.
Iван хваляваўся. Нават далонi ўспацелi. I хвалявацца было з чаго: кабаноў ён зроду ня рэзаў. Ды што там кабаны... Ён i курыцы засекчы не даваў рады. Летась цюкаў пеўня, дык траха бяз пальцаў не застаўся, i певень, з рук вырваўшыся, наляцеў, безгаловы, на мацi i новую спаднiцу скрывавiў. Ну, а Лябёдка, хоць i наплёў гаспадынi, што за сваё жыцьцё дванаццаць сьвiней прыкончыў, але ж пры гэтым на бокi азiраўся i вусны прыкусваў. Дзе яму было iх прыкончваць, калi ў Лябёдчыхi ў двары апрача чатырох курэй ды аблезлага ката анiчога больш не вялося.
Дзесятым разам уздыхнуўшы, Iван падцягнуў штаны i пачуў, як недзе непадалёку гэтак жа роспачна ўздыхнуў Лябёдка.
- Нiчога, Ваня, прарвемся!
Яны вылезьлi з кустоў, i Лябёдка, прысмалiўшы беламорыну, стаў знаёмiць Iвана са сваiм плянам.
- Карацей, заходзiм у хлеў, прывязваем да задняй нагi вяроўку i на двор выпускаем. Ты яго за нагу трымаеш, а я... - акiнуўшы вачыма навакольле, Лябёдка засяродзiўся на агароджы, што атачала бабчын падворак, - гакну калом мiж вушэй, а як скапыцiцца - нож у горла.
- Бабуля казала, у яе швайка ёсьць. Так што лепш пад левую лапатку. Крывi ня будзе. I надзейней, - падзялiўся сваiмi думкамi Iван, i кампаньён, пачухаўшы за вухам, няўпэўнена прамармытаў: - Ты думаеш?
На хаду яны дасмалiлi папяросы, паплявалi на рукi i, падышоўшы да агароджы, удваiх сталi расхiстваць кол, якi на добры мэтар уехаў у зямлю. Рабiў гэта Iван з асаблiвым натхненьнем, радуючыся, што калоць кабана давядзецца ўрэшце рэшт не яму, а Лябёдку.
- Эх, Ваня-а! Кусьнем сьвежанiнкi, самагонкi сёрбнем... Жыцьцё! - адным духам вымавiў кампаньён, калi кол быў, нарэшце, выцягнуты. Iван лiзнуў параненую руку - у калу тырчэлi цьвiкi, - перавёў дых i, згадаўшы дом, з маркотаю прамовiў:
- А дахаты калi?
- Заўтра, Ваня, заўтра. У Мар'яны хата вялiкая - месца пераспаць будзе, узвалiўшы на карак альховы друк, Лябёдка шырокiм крокам рушыў на бабчын падворак.
Кабан ляжаў у сваiм катуху i цiха рохкаў.