куце.
Перакiнуўшы з рукi на руку сетку з 'чарнiлам', Iван узяўся за ручку дзьвярэй, пацягнуў на сябе, ды нечакана замёр, прыслухоўваючыся да галасоў за дзьвярыма.
- Чувiха - я маўчу... - прамаўляў Лёшка Мандрык, штохвiлi чыркаючы запалкамi.
Памаўчаўшы, Лёшка з глухiм прысьвiстам выпусьцiў дым з роту i, мацюкнуўшыся, працягваў:
- Я да яе падыходжу... кладу руку на калена... а яна не варушыцца...
Пасьля гэтых слоў рыпнула крэсла, i кiнамэханiк Лябёдка сiпла i недаверлiва выдыхнуў:
- Iдзi ты!
- Бля буду... - азваўся Лёшка i зноўку чыркнуў запалкай. - Вяду, значыцца, вышэй i раптам чую - у яе панчохi на падвязках.
- Гы-гы-гы, - гамзата рыкнуў Лябёдка й захоплена запытаўся: - А яна?
- Не варушыцца! - гаркнуў апавядальнiк. I Йван, усутыч наблiзiўшыся да дзьвярэй, з трывогай падумаў: 'Пра каго гэта ён?' Пад нагой рыпнула дошка, ён застыў на месцы, а Лёшка Мандрык, з шумам выпусьцiўшы дым, прамовiў:
- Калi ўжо гэты фраер прыйдзе?
Кроў хваляй прылiла да твару. Iван пастаяў хвiлю, узважваючы Лёшкавы словы, патупаў дзеля прылiку, нясьмела ўвайшоў у кiнабудку.
Пiлi ўтрох - Iван, Лёшка i кiнамэханiк Лябёдка, якi тым часам ужо праспаўся i прагнуў пахмялiцца. Чакалi яшчэ Юрку Гуля, ды той не прыйшоў цягаўся, вiдаць, недзе зь Нiнкай Забаронькай.
Лёшку разьвезла пасьля першай шклянкi - балазе ён ужо быў добра падпiты. Вочы Лёшкавы ашклянелi, зь нiжняй губы зьвiсла празрыстая нiтка сьлiны, а галава пачала сутаргава торгацца ў розныя бакi. Такi несамавiты Лёшкаў выгляд надаў Iвану сьмеласьцi, i ён, як бы мiж iншым, запытаўся ў былога кампаньёна, навошта той чапляўся да гарадзкой дзяўчыны. У адказ Лёшка ўзьняў на Iвана ашклянелыя вочы, з працяглымi паўзамi выдыхнуў:
- Ты што... мяне... за казла лiчыш?
Жылаватая Лёшкава рука балюча сьцiснула запясьце, i Iвану не заставалася нiчога iншага, як схапiцца за пляшку. Булькаценьне вiна як быццам ацьвярэзiла кампаньёна. Ён утаропiўся на мутны струмень, яшчэ раз згадаў казла, але гэтым разам без усялякае злосьцi, i прагнай рукою пацягнуўся па шклянку.
'Кароль зоны' ўжо адпачываў, паклаўшы голаў на край перамотачнага стала, калi ў дзьверы загрукалi i знадворку пачуўся зычны лямант Мандрычыхi:
- Лёша, ты тут?
- Ту-ут ён, - азваўся Лябёдка, дапiў 'чарнiла' i пад роспачны грукат i лямант знадворку пайшоў адчыняць.
- Гэта ты, паразiцiна, яго напаiў? - рэкнула Мандрычыха ў Лябёдкавы твар, а згледзеўшы Iвана, зьмянiла тон i злавесна прасiпела: - Прыехаў! Iзноў будзеш Лёшу са сьвету зжываць?! - ускiнуўшы на карак абмяклую сынаву руку, Мандрычыха напялася, з вохканьнем пацягнула Лёшку да выхаду, пры гэтым з нагi сынавай звалiўся чаравiк, а з кiшэнi штаноў выпаў, гучна бразнуўшыся аб падлогу, блiскучы ножык.
- З нажом ходзiць, - буркнуў Лябёдка, калi мацi з сынам выкулiлiся на падворак.
Гаспадар кiнабудкi падняў ножык, паклаў на стол, потым, падумаўшы, падхапiў згублены Лёшкам чаравiк i, разнасьцежыўшы дзьверы, шпурнуў яго ў цёмнае неба.
- Лорка! Твая карова за быком пабегла! - крыкнулi на другiм канцы вулiцы, i Йван абудзiўся.
Знадворку зарыпеў калаўрот, у калодзеж з глухiм плёскатам палiлася вада, а мацi, бухнуўшы вядром аб край бэтоннай цымбравiны, голасна запытала:
- Мiронаўна, цi ёсьць што ў краме?
- Крупы даюць! Па тры кiлё на рукi, - адгукнулася суседка Мiронаўна, i Йван салодка пацягнуўся.
Тут, на гары роднай хаты, нават сны сьнiлiся не такiя, як у iнтэрнаце. Сьнiлася штосьцi прыемнае, да болю шчымлiвае... Iван напружыў памяць, сьцяў павекi, але згадаць мiнулы сон яму так i не давялося: на доле бразнула вядро i пачуўся ўсхваляваны матчын голас:
- Ванька, сьпiш?
Сплю! - адказаў Iван i незадаволена кульнуўся на бок.
- Уставай, вяпрук. У краме крупы даюць... Возьмеш тры кiлё. А я пабегла карову пераймаць.
Iван пазяхнуў, споўз з капы сьвежага сена (мацi ўсьперла на гару першы ўкос канюшыны), штурхануў паддашкавыя дзьверцы.
'Колькi гэта часу?' - падумаў Iван, прыслухоўваючыся да матчыных крокаў, а згледзеўшы сярод бульбоўнiку рухавы хвост ката Барыса, зразумеў, што блiзiўся час абеду. Кот Барыс заўсёды прыходзiў дахаты разам з кароваю, каб выпiць сподак малака. Зьлезшы з гарышча, Iван зайшоў за хлеў, потым доўга i бязмэтна блукаў па двары, аж пакуль ня ўбачыў на ганку хаты падзертую сумку. 'Крупы!' згадаў ён нарэшце i, закiнуўшы сумку за сьпiну, рушыў у краму.
Бычкоўская крама ламiлася ад народу. Апрача круп давалi яшчэ i 'Трайны' адэкалён. Пазалетась адэкалён на вёсцы ўжываў толькi алькаш Гарашчэня, на якога глядзелi як на вар'ята, але, пачынаючы ад мiнулага году, сьпiртное пад час уборкi ў краму не завозiлi, i мясцовыя п'янчугi пераключылiся на адэкалён.
- Траян! Куды точысься?! - грымелi ля прылаўка жаночыя галасы. - У мяне штучны тавар! - адказваў Траян i Йван, паслухаўшы людзкую гаману, заняў чаргу i выкулiўся з крамы. Трэба было недзе змарнаваць час. Можна было, вядома, пайсьцi ў кiнабудку, паслухаць кружэлкi, але на слупе, што стаяў ля клюбу, наддзiраўся гучнагаварыльнiк - адзнака таго, што ў клюбе сядзела Мандрычыха, а з Мандрычыхай яму сустракацца не хацелася.
Па радыё перадавалi нейкую гутарку. Мужчынскiя i жаночыя галасы захоплена распавядалi аб росквiце калгаснага жыцьця, i Iван мiжволi прыслухаўся.
- Гарантаваная аплата ў калгасах крута зьмянiла жыцьцё сяльчан, - урачыста барытонiў мужчына.
- Сяльчане iдуць у магазiны, каб набыць тавары працяглага карыстаньня, падтакваў мужчынскаму голасу жаночы.
- Во, курва, толькi тры штукi дала, - гукаў за Iванавай сьпiнай мэханiзатар Траян, якi таксама выйшаў з крамы. - Скончыўся, кажа... А сама дзьве ўпакоўкi ў падсобцы хавае, - мэханiзатар расьпiхаў па кiшэнях 'Трайны' i, зiрнуўшы на Йвана, запытаўся: - Ты, Ванька, дзе зараз?
- У Баранавiчах, - адказаў Iван, пазiраючы ў бок гатаўскай праселiцы.
- А-а... Баранавiчы... Ведаю. У войску на губе там сядзеў, - згадаўшы пра войска, Траян неяк адразу абмяк, пасуравеў i, памацаўшы ў кiшэнях справунак, пасунуўся да камбайну, што стаяў на Карпачышыным агародзе.
Цёткi адна за адной выкульвалiся з крамы, цiснучы да друзлых грудзей буханкi хлеба i торбы з драблёнай груцай.
- Во як! Летась па пяць кiлё давалi, а сёлета толькi тры, - уголас бедавалi жанкi. - I што ўжо будзем курам сыпаць?
Iван сядзеў на скрынi з-пад гаспадарчага мыла, слухаў жаночыя жальбы, i на вуснах ягоных лiпела гiранiчная ўсьмешка. 'Ну i жывуць людзi. Круп i тых няма. У Баранавiчах гэтай груцы хоць завалiся, а тут...' - перапыняючы ўласныя думкi, ён падхапiўся на ногi, зрабiў пару крокаў да крамы i зьнерухомеў на месцы.
На ганку стаяла яна... На ёй былi чорныя шорты, квяцiстая кашулька, i ў руцэ яна трымала торбачку з крупамi.
'Як жа я ее не прыкмецiў?' - пасьпеў падумаць Iван перад тым, як мазгi ягоныя канчаткова расплавiлiся.
Заўважыўшы знаёмца, дзяўчына адкiнула з твару кудзеркi, з гульлiвым дакорам прамовiла:
- Што ж вы... Я прыехала, думала з вамi пагаманiць, а вы i ў клюб не зайшлi...
'Я заходзiў', - хацеў сказаць Iван, але язык ягоны заняло ад хваляваньня, i замест гэтых слоў дзяўчына пачула няўцямнае мармытаньне.
- Дзiўны вы нейкi... - прамовiла ленiнградка i, перакiдваючы з адной рукi на другую торбачку з груцай, пайшла да матацыкла.
- Ну што ты стаiш, скажы хоць што-небудзь! - прашаптаў нутраны голас, i Iван, прытрымлiваючы рукой дрыготкую скiвiцу, iклiва працадзiў:
- А дзе вы... йiк... навучылiся...йiк... на матацыкле езьдзiць?
Крамныя дзьверы аглушальна рыпнулi i яшчэ адна група вясковых цётак выйшла зь сельмагу.