як i валасы.
- В сорок втором... под Харьковом... десять тысяч положили... Командующие сраные...
Ратуючыся, ад такiх слоў, Яўхiм сьцяўся, забiўся ў кут, захiнуў твар рукамi. Яму падалося, што ўсе навокал ацiхлi i паглядзелi ў iхны бок.
'Шпiён!' - працяла сьвядомасьць жахлiвая думка, а вочы, у пошуках паратунку, зачапiлiся за вялiкi мех, якi плыў у бок тамбура. Шпег яшчэ штосьцi казаў, пырскаў сьлiнай, але Яўхiм ня чуў анiводнага слова. Рупячыся не глядзець на спадарожнiка, ён намацаў зьнямелымi рукамi ручку валiзы i, ступаючы па людзкiх нагах, кiнуўся сьледам за мехам.
Ён хацеў сысьцi тут жа, на станцыi Бычыха, але ногi панесьлi яго ў вагонны пераход, адтуль - у канец цягнiка й там, у паўпустым апошнiм вагоне, Яўхiм сьцiшыўся на апошняй лаве, кiдаючы спалоханыя погляды на ўваходныя дзьверы. Было такое адчуваньне, што шпег iдзе сюды, каб мучыць ягоную душу i пэўнай хвiлiнай Яўхiм пашкадаваў, што не сышоў зь цягнiка. Але аднарукi не зьяўляўся, замест яго ў вагон ўбiлiся дзьве кабецiны - адна рабая, што тая рапуха, другая зь ледзь прыкметным сiняком пад вокам; селi насупраць, сьпехам дасталi з хатулёў па яйку i цюкнулi iх аб край вагоннай лавы.
- Клава! - прамовiла, калупаючы шалупайкi й скоса пазiраючы ў вакно, рабая кабета. - Ты йiшчо не старая... найдёш сабе чылавека... А эты чорт цiбе ў гроб загонiць.
- Кожны ж дзянёчак п'яненькi, - казала, як бы ня чуючы сяброўкi, другая з падбiтым вокам, - учора на палу заснуў i ўвесь чыста абасцаўся.
- Я вот выгнала свайго п'янтоса - цiпер жыву ў сваё удавольсьцьвiе, рабуха паправiла зьбiтую набакiр махеравую шапку й дробна, як той Камосiн, заварушыла скiвiцамi.
Яешны смурод казытнуў у носе, Яўхiм паморшчыўся, пакруцiў галавою i неўзабаве, працяты цiкаўнымi позiркамi кабет, зноўку схапiў валiзу ды перабраўся на другi канец вагона.
'Нiчога чалавек не баiцца... Цiмашэнку лае. Няйначай шпiён нейкi', - з гэткаю думкаю ён уладкаваўся на новым мейсцы, але, паглядзеўшы ў вакно i памазгаваўшы, вырашыў, што на шпега аднарукi не цягне. Бо шпегi - людзi асьцярожныя, лiшняга слова ня скажуць, а гэты на ўвесь голас абы-што гарлае.
На новым мейсцы схаладнелая душа ўраз адагрэлася, абмякла, сэрца пачало бiцца суладна мернаму грукату колаў; ён ужо не казелiў вочы на дзьверы, а безуважна паглядаў у вакно i толькi на кароткi мiг, калi колы раптам затахкалi часьцей, сэрца страпянулася й на белым сьнезе заваконьня яму прымроiўся жаночы твар, прыкрыты пасмамi сьветла-русых валасоў. У наступнае iмгненьне вiдмо незваротна зьнiкла i ў густым цеплавозным гудзе, якi скалануў iмглiсты прасьцяг, яму дарэшты выразна пачулiся запытальныя словы аднарукага: Женщин... случайно... не встречали?
Мароз перахоплiваў дыханьне, працiнаў да мазгоў; мазгi паволi стыглi, зь iх выпетрылiся думкi й заставалася толькi сядзець нерухома, прыцiснуўшыся сьпiнай да хваёвага камля, анiчога ня бачачы i анiчога ня чуючы. Зрэдзьчасу ён спрабаваў паварушыцца, растульваў павекi й аднаго разу, зiрнуўшы ўгору, убачыў варон, што ўзьнялiся над лесам. Ён ня чуў стрэлу, але варанiны грай сьведчыў за тое, што ў лесе стралялi. Здранцьвелаю рукою ён ссунуў з вуха будзёнаўку й сярод граю i пошуму хвояў пачуў працяжны i, як яму падалося, страшэнна далёкi воклiч старшыны. Скалелы, ён ледзьве перастаўляў ногi, да таго ж iсьцi давялося на зламанай лыжыне, якая ўвесь час занурвалася ў сьнег i старшына Дабiжа, выехаўшы насустрач, незадаволена крыкнуў:
- Что ползёшь, как усравшись?!
Старшына лоўка, як бы дэманструючы свой спрыт, павярнуў лыжы ў адваротны бок i яны пайшлi ўздоўж узьлеску.
Ехаць па лыжнi было лягчэй; ён рупiўся не адставаць ад Дабiжы i калi той нечакана спынiўся, наехаў мыском зламанай лыжы на дабiжаву пятку.
- Вон, видишь 'кукушку'? Третье дерево справа, - старшына нахiлiўся, каб падцягнуць на пяткi п'ексы - лямцовыя фiнскiя апоркi, у якiх надта зручна было хадзiць на лыжах. - Я в него пустил пулю, да зря. Замёрз, гад... вон и карабин на суку болтается.
Хаця ён i наструньваў зрок, але нiякай 'зязюлi' ня бачыў i толькi пад'ехаўшы да вiлаватай хваiны згледзеў угары, мiж асьнежанага вецьця, чалавечую фiгуру.
- Заснул, наверное, - прамармытаў старшына i, кiўнуўшы на знак таго, што трэба лезьцi на дрэва, ледзь чутна дадаў: - х... белофинский.
Хаця мароз i блукаў па скуры, але давялося скiнуць шынель i зьняць рукавiцы. Старшына сагнуўся, падставiў плячук; ён папляваў на далонi, усьпёр нагу на дабiжаву сьпiну.
- За сук хватайся, - выдыхнуў пад iм старшына; ён з цяжкасьцю дацягнуўся рукамi да сука i, ушчаперыўшыся ў яго азалелымi пальцамi, матлянуўся ў паветры не раўнуючы як на палкавым турнiку.
- Подтягивайся... йоп... - гукнуў старшына, паспрабаваў ухапiць яго за нагу, але, атрымаўшы пяткаю ў лоб, кулём павалiўся ў сьнег.
Трэба было падцягнуцца, але сiл не ставала - елi яны два днi таму, ды i цяглiцы канчаткова спруцянелi - i ён цэлых тры хвiлiны боўтаўся мiж небам i зямлёй аж пакуль не згубiў валёнак i толькi тады здолеў уперцiся нагой у хваёвы стаўбур i налёг грудзiнаю на сук.
- Возьми... привязан небось, - ужо лагодным голасам азваўся старшына, з падскокам перадаўшы яму спачатку фiнку, а потым згублены валёнак.
На дрэва ён лез асьцярожна, рупячыся не хiстаць стаўбур: баяўся, што адубелы мярцьвяк сарвецца з вышынi ды абрыне на голаў. Але мярцьвяк, дзякуй Богу, сядзеў цiха й нават калi ён перарэзаў сырамятны рэмень, якiм фiн быў прывязаны да стаўбура, той застаўся сядзець, зацiснуты ў вiлавацiне, i давялося, зь лёгкай дрыготкай у руках, тузануць нябожчыка за нагу. У той жа мiг зь вяршалiны абрынула гурба калючага сьнегу й ён невiдушча махнуў рукою, спрабуючы намацаць карабiн i сумку, якiя вiселi на галiне.
Долу злазiў сьпехам, не адчуваючы нi рук, нi ног; яму здавалася, што там, у вышынi, нехта ёсьць, нехта сочыць за iм драпежным вокам. Пальцы ўжо ня слухалiся, таму, перш чым скокнуць на сьнег, ён абхапiў рукамi сук, зiрнуў долу, ды так i застаўся вiсець, боўтаючы нагамi ў паветры.
На сьнезе, галавой да камля, ляжала маладая жанчына. Вецер шкамутаў яе валасы, гнаў завiрушны струмок на твары, варушыў зялёны - у дробны гарошак шалiк на тонкай шыi.
Ад нечаканасьцi ён паспрабаваў быў зноўку лезьцi на дрэва, але, злавiўшы суворы позiрк старшыны, няўклюдна плюхнуўся ў сумёт. Сьнег заляпiў твар. Ён правёў рукавом па пераносьсi, зiрнуў левым, незалепленым вокам на Дабiжу. Старшына, гiдлiва прыкусiўшы вусны, здымаў зь нябожчыцы гадзiньнiк.
- Шынель одень. Замёрзнешь н-нах...! - лаянка прагучала глуха й няўцямна: вушы таксама былi залеплены сьнегам. Вокраччу ён падпоўз да шыняля, цяжка падняўся на ногi, не спускаючы вачэй з камлюкаватай дабiжавай сьпiны. Старшына тым часам латашыў трафейную сумку. Вецер вырываў зь ягоных рук дробна сьпiсаныя аркушы паперы, шматкi квяцiстай матэрыi, раз-пораз Дабiжа штосьцi таропка пiхаў у кiшэнi, нарэшце, выцягнуўшы з сумкi нейкую цупкую паперку, замёр на хвiлiну й хiтнуў галавой.
... У пасiнелых дабiжавых пальцах матляўся, спрабуючы вырвацца на волю, маленькi фотаздымак. Ён падышоў блiжэй i прымружыўся: маладая дзяўчына са зьбiтымi набакiр валасамi, сядзела, прыцiснуўшыся скроньню да плечука шырокатварага хлопца й шчасна пасьмiхалася.
- С-сука, - здушана працэдзiў Дабiжа, падраў фотаздымак нягнуткiмi пальцамi, шпурнуў шматкi ў твар нябожчыцы й яны адразу з далонi былi падхопленыя ветрам.
У гэты момант душа ягоная - цi не ўпершыню ў жыцьцi - напоўнiлася лютай нянавiсьцю. Ён нават памацаў рукою па сьнезе, шукаючы вiнтоўку, але натыкнуўся на шынель i, уклаўшы ў тое ўсю моц сваiх зьнямелых цяглiцаў, ляснуў казённай апранахай па хваёвым камлi. Сьнежны пыл крануўся твару, насунулася цемра, пыл iзноўку казытнуў лабешнiк i дзесьцi зусiм побач пачуўся жаночы голас:
- Уставай, п'янюга. А то назад зьедзеш.
Нейкая кабета, сёрбнуўшы вады са слоiка, пырснула на падлогу, прыкра зашоргала каляным дзеркачом.
- Ногi падымi... дай падмесьцi, - кабета падхапiла крысо свайго чорнага шыняля i стала месьцi пад лаўкаю.
З вохканьнем, Яўхiм устаў на ногi, няпэўным крокам рушыў па вагону i ўжо ў тамбуры пачуў гаўклiвы воклiк вагоннай прыбiральшчыцы:
- Чумудан вазьмi, п'янюга!
Надвор'е зусiм сапсавалася. У паветры вiсела iмжа, шэрыя хмары плылi над самай галавою, хаваючы ад вачэй кроны высокiх дрэў i дах вакзала, а сам вакзал жоўтай плямай