носам Макаравым праляцеў, а потым пляснуўся ў ваду ладны падлешчык.
- Фу ты, йо... Цягнуць трэба было, а ня тузаць, - Макар са стогнам перавёў дых, а паглядзеўшы на швагра, безнадзейна махнуў рукой: швагра стаяў на кукiшках, утрапёна пазiраючы ў ваду.
- Думаеш цяпер рукамi злавiць?
- Акуляры звалiлiся, - уздыхнуў небарака-швагер i Макар упершыню пашкадаваў, што выправiўся на гэтую чортаву рыбалку.
Дастаць акуляры з вазёрнага дна было ня так проста. Калi Макар зьмераў глыбiню, дык вудзiльна панурылася ў ваду па самы вяршок.
'Не дастану, дык хоць скупнуся', - падумаў тады Макар, сьцягнуў штаны i сiгануў у празрыстае, аж да прадоньня, Гатаўскае возера.
Выпусьцiўшы з грудзей паветра, ён схапiўся за нейкую сьцяблiну i адзiнае, што пасьпеў угледзiць, дык гэта кансэрвовую бляшанку, якая жоўтай плямай калыхнулася на дне.
- Фу, бля... глыбака, бляха... - задыхана вымавiў Макар, ухапiўшыся рукою за край лодкi.
Пару хвiлiн ён аддзiмаўся, сплёўваў твань, потым нырнуў, кульнуўся ўнiз галавою, з сiлаю адштурхнуўся нагамi ад лодкi. На гэты раз ён нiчога ня ўбачыў, а ўсплываючы, грукнуўся галавой аб днiшча. Удар атрымаўся такiм хвацкiм, што Макар, магчыма, iзноў пайшоў бы на дно, калi б перапужаны напарнiк не схапiў яго за чупрыну.
... Набiўшы вялiзны гузак на макаўцы, ён доўга ляжаў у лодцы, падсунуўшы пад галаву кашулю i насуплена пазiраў то на высокае неба, то на прагнутую, зьлёгку пачырванелую шваграву сьпiну. Лавiць рыбу прапала ахвота, да таго ж напарнiк без акуляраў нiчога ня бачыў; прапала ахвота й пацьвельваць гэтага ёлупня, таму Макар i ляжаў незварушна, маракуючы, што на наступным тыднi iзноў давядзецца ехаць на пiльню i што заўтра трэба будзе паглядзець валёнкi, якiя прывёз Базыль, выбраць меншыя i зрабiць мацi апоркi. Неўпрыкмет навалiлася дрымота. Макар пазяхнуў, накрыў твар кашуляй, зьбiраючыся задрамаць, ды тут левае вуха казытнула напятае ракатаньне. Ракатаў 'беларус' - ехаў ад бальшака да возера, прычым напрасткi, кустамi, бо чутна было, як трашчала ламачча. Макар ссунуў з вачэй кашулю, зiрнуў на бераг.
Трактар вырваўся з кустоў, раскоцiста пад'ехаў да вады i з кабiнкi вылезьлi спачатку дзядзькавы сусед Лёшка Мандрык, а потым браты Бадуновы Юрка ды Пецька. Дрымота зьляцела з павекаў, Макар стаў ва ўвесь рост, засьвiстаў у чатыры пальцы i хлопцы на беразе, прыклаўшы да брывоў далонi, засьвiсталi ў адказ. У наступнае iмгненьне Макар схапiў фанэрыну i стаў энэргiчна заграбаць ля кармы, забыўшыся на 'катвiгу', якая не давала лодцы зварухнуцца зь месца.
- Стая-аць! - галёкнуў Лёшка Мандрык, калi лодка шарханула дном аб прыбярэжны пясок: Лёшка два разы цягнуў лямку на аршанскай зоне i, пры сустрэчы, заўсёды гукаў альбо гэтае слова, альбо яшчэ больш кароткае: 'Сюд-да-а!'
Прыяжджаючы ў Бычкi, Макар часьцяком спансiраваў мясцовых хлопцаў, таму тыя i ўзрадавалiся, убачыўшы спансэра, i не пасьпеў той выйсьцi з лодкi, як яны рынулi ў ваду i зь вясёлымi мацюкамi ўсьцягнулi пласкадонку на бераг.
Пад'ехалi бычкоўцы не з пустымi рукамi. Малодшы з братоў, трыццацiгадовы Юрка, залез у кабiну, перадаў брату шэсьць 'фугасаў', а потым, папоркаўшыся ў 'бардачку', шпурнуў у ваду - каб спаласнуць - алюмiневую конаўку.
Убiўшыся ў цянёк, Лёха Мандрык адкаркаваў сьцiзорыкам 'фугасiну', скоса глянуў на iнтэлiгента i Макар, перахапiўшы пагляд, растлумачыў:
- Тамарчын муж. У газэце працуе.
Лёха напоўнiў конаўку, перадаў Тамарчынаму мужу, але той страсянуў галавой.
- Пакрыўдзiць хочаш? - вусьцiшна прасiпеў Мандрык i гарадзкi госьць, намацаўшы пасудзiну, стаў глытаць трунак, дробна стукаючы па конаўцы зубамi.
Вiно - хахляцкае 'Яблучне' - пiлi нетаропка, з бадзёрым крэканьнем, са штохвiлiнным прыпальваньнем цыгарэтаў i з гэткiм жа штохвiлiнным ляпаньнем па карках: тут, у цяньку, лютавала камарэча. Кожнага разу, глынуўшы 'чарвiўкi', Лёха пачынаў апавядаць пра калгаснага старшыню, але, ляпнуўшы па карку i мацюкнуўшыся, зьбiваўся на iншыя тэмы. I вось, вылiўшы ў конаўку рэшты вiна з апошняй пляшкi, Лёха абвесьцiў, што заўтра ж спалiць катэдж, якi старшыня пабудаваў на ўскраiне Азярышча i, працягнуўшы конаўку гарадзкому госьцю, наставiў на таго ашклянела-патрабавальныя вочы. За ўсю бяседу Тамарчын муж не прамовiў нi слова, але цяпер, адчуўшы, што трэба нешта сказаць, з урачыстай павольнасьцю ўзяў конаўку, iкнуў, пралiўшы трунак, i малiцьвенна прастагнаў:
- Цудоўныя хлопцы!
Улiўшы ў глотку рэшткi пiтва, ён квола пасьмiхнуўся, кульнуўся на траву i, заплюшчыўшы вочы, ледзь чутна паўтарыў:
- Цудоўныя!
Дахаты ехалi на рамонтнай лятучцы, соўгаючы азадкамi па жалезнай скрынi, у якой увесь час штосьцi бразгала. Галава шваграва матлялася, што ў хворага гусака (на адным з паваротаў швагра зьехаў са скрынi, стукнуўся скроньню аб бляшаную буду), таму Макар абдымаў сваяка за шыю i калi той зьяжджаў убок, мацнiў абдоймы i, па прыкладу Лёхi Мандрыка, гукаў:
- Сядзе-эць!
I чым ямчэй абдымаў Макар сваяка, тым большай павагай да яго прасякаўся.
- Ну скажы, на што ты паклаў сваё жыцьцё? - выгукнуў Макар на чарговым павароце i сваяк, блiснуўшы бельмамi вачэй, здушана вякнуў i выбухнуў ванiтамi.
Макар пякельна скрывiўся, падхапiў з-пад ног рызьзё, каб выцерцi падлогу, ды тут чарговая порцыя ванiтаў агiднай цеплынёй кранулася карку. Хвiлiну Макар стаяў вокраччу, утаймоўваючы балесныя спазмы, а потым, тузануўшыся ўсiм целам, падцягнуў да сябе пакарабачанае вядро, якое матлялася ад сьценкi да сьценкi.
Ён выкулiўся з сестрынага пад'езду ў той мiг, калi на небасхiле запалялiся самыя дробныя зоркi i таропка пайшоў да воданапорнай калёнкi. Сьцягнуўшы праз голаў кашулю, ён падставiў карак пад бойкi струмень i гракнуў, ды так гучна, што на другiм канцы Азярышча абудзiлiся сабакi. Сабакi забрахалi ў Зарэччы, потым недзе ля аўтастанцыi, нарэшце сонна рыкнулi зусiм побач - за плотам 'Сельгастэхнiкi'.
- Я табе рыкну, - жартам выдыхнуў Макар i, выцiраючы кашуляй расчырванелы твар, падзiвiўся таму - як хутка насунулася ноч.
1994