Госьцi рушылi да весьнiц, а цётка, убачыўшы, што Макар прыехаў не адзiн, кiнула слоiк i зашамацела голымi лыткамi па бульбоўнiку. Выбег насустрач i дзядзька Трахiм. Трымаючы ў рукох 'Народную газэту', дзядзька з маладым iмпэтам скочыў з ганку i Макар, убачыўшы гэта, незадаволена перасмыкнуў плячыма. Калi ён прыяжджаў адзiн, дзядзька з цёткай яго так не сустракалi.

Хвiлiн пяць госьцi таўклiся на кухнi, зьелi па гурку, выпiлi па шклянцы сырадою i калi дзядзька Трахiм, якому карцела пагаманiць з разумным чалавекам, прыпалiў папяросу i разам з дымам выдыхнуў: 'Ну, як там Пазьняк?' - Макар выйшаў з хаты i палез на гарышча даставаць вудзiльны.

Час быў пасляабедзены. Сонца ўжо не палiла так, як ад ранiцы, але ўсё адно было горача i карова Зьвяздоха, вытыркнуўшы зь дзьвярэй хлява вялiзную, зь белай плямай на лобе галаву, засоплена аддзiмалася. Тут жа, на парозе хлява, сядзеў дзядзькавы кот Барыс. Кудлаты 'сiбiрак' варушыў канцом хваста й зацята - удосыць напiўшыся сырадою - аблiзваўся.

Карова наставiла на Макара млявыя вочы, разважаючы - хто гэта стаiць пасярод двара? - стоена адрыгнула й блiскучая нiтка сьлiны злучыла шурпаты каровiн язык з разважлiва-рухавым хвастом ката Барыса. Барыс пацягнуўся, зь недаверам зiрнуў на вудзiльна, - Макар якраз налыгваў на лёску новы плавок, i рушыў у халадок, пад куст парэчак.

'Добра ў вёсцы' - падумаў тады Макар i, уражаны такiм адкрыцьцём, удыхнуў на поўныя грудзi салодкае, настоенае на паху прывялай травы i сырадою, паветра.

... Ён пасьпеў накапаць чарвякоў ля плоту, перш чым пачуў незадаволены дзядзькавы голас:

- Ну, дзе ты?

Воклiч такi сьведчыў пра адно: што на стале ўжо стаялi чыгунок парнай бульбы й мiска з маласольнымi гуркамi, што ў печы ўжо страляла тлушчам яешня са шкваркамi, а цётка Тацяна ўжо выцерла ручнiком i паставiла на стол пляшку гарэлкi.

Так яно i сталася, адно што на стале не было чыгунка. Бульбу з нагоды прыезду iнтэлiгентнага госьця рассыпалi па талерках.

- Ну, а якая на сёньня асноўная задача, - запытаўся дзядзька Трахiм, калi Макар увайшоў у хату.

- Галоўнае - звалiць Кебiча, - азваўся iнтэлiгентны госьць, пацiраючы потную лысiну.

- Звалiм. У нас у Бычках яго нiхто ня любiць, - выдыхнуў дзядзька, падхапiў пляшку i акрыялым голасам дадаў: - Усё будзе добра.

- Глядзiце, каб горай не было, - уставiла слова цётка Тацяна, дастаўшы з печы патэльню зь яешняй.

Дзядзька скалупнуў з пляшкi накрыўку, з гiранiчнай усьмешкай перасмыкнуў галавою. Пляшка цюкнула па краi кiлiшка, iнтэлiгентны госьць спалохана працягнуў руку, дэманструючы, што ён ня п'е, але гаспадар з такой суворасьцю паглядзеў на госьця, што той сумеўся i вiнавата ўздыхнуў.

- Такой цёмнай бабы, як мая жонка - няма ва ўсiм Азярышчанскiм раёне, пажартаваў дзядзька Трахiм, падымаючы чарку.

Кульнуўшы па першай, дружна захрумсьцелi маласольнымi гуркамi.

- I ўсё ж... дарма Шушку скiнулi... Тут я Пазьняка не разумею, - няўцямна, з набiтым ротам, прагугнеў дзядзька Трахiм i цяпер ужо iнтэлiгенту выпала гiранiчна пасьмiхнуцца.

- Згоднiцтва Станiслава Станiслававiча мяжуе з цынiзмам, - мовiў госьць, а Макар, хапануўшы ротам гарачую бульбiну, яшчэ больш няўцямна, чым дзядзька, прагугнеў: - Вось за гэта i вып'ем!

Да Гатаўскага возера, калi iсьцi нацянькi - ня болей трох кiлямэтраў. Але лезьцi па кустох, ды яшчэ ўзяўшы чарку, было не з рукi, таму яны пайшлi бальшаком, у спадзеўцы падсесьцi на спадарожную машыну.

Хаця й выпiлi, можна сказаць, па кроплi - на траiх адну пляшку, але швагру й гэтага хапiла: яго матляла ўбокi, акуляры два разы падалi з глюгастага носу i швагер шторазу лавiў iх няўклюднымi рукамi.

'Рупiцца Кебiча скiдаць, а сам ад чаркi валiцца', - падумаў Макар, пачухаўшы вудзiльнам за левым вухам. I яшчэ падумаў, што дарма ня выцягнуў гэтага ёлупня на белы сьвет раней - гадоў дзесяць таму, а падумаўшы так, спахмурнеў i прысьпешыў хаду.

Дзесяць гадоў таму - гэткiм жа сьпякотным лiпеньскiм днём, да iх на будоўлю прыехала чорная 'Волга'. Начальства i раней завiтвала на аб'ект. Будавалi новую школу й паўшчуваць небараку-прараба прыяжджалi нават абласныя 'бугры'. Але гэтым разам, зiрнуўшы з вакна трэцяга паверха на блiскучы, падобны да вялiзнага жука, легкавiк, Макар мiжволi сьцепануўся i ў галаве ягонай мiльганула пякельная думка: 'За мной!'

Прадчуваньне не падманула. Хтосьцi з рабочых гукнуў ягонае iмя й Макар рушыў на нягнуткiх нагах долу, лiхаманкава згадваючы - колькi машын з рошчынай i цэглай не даехалi апошнiм часам да будоўлi.

Ля бэтонамяшалкi яго пераняў камсамольскага выгляду маладзён у шэрым гарнiтуры. Маладзён прыязна пасьмiхнуўся, пацiснуў руку i прапанаваў зайсьцi ў бытоўку.

- Хачу, Макар Iванавiч, задаць вам пару пытаньняў, - ласкава прасьпяваў маладзён i ў Макара Iванавiча ўраз зазьвiнела ўвушшу.

Роспыты й сапраўды былi нядоўгiмi. Маладзён запытаўся - цi часта ён сустракаецца са шваграм, цi даваў яму швагра якую-небудзь шкодную лiтаратуру i цi прапаноўваў зьезьдзiць у Зэльву, да нейкай паэткi, прозьвiшча якой Макар не дачуўся.

Зьбiваючыся на кожным слове, ён паведамiў маладзёну, што са шваграм не сустракаецца, шкоднай, ды i ўсялякай iншай лiтаратуры не чытае, а ў Зэльву езьдзiў, але не да паэткi, а каб абмяняць жалезабэтон на электраабсталяваньне.

Маладзён слухаў усё гэта з ленай усьмешкай на вуснах i нават пазяхнуў у жменю, а потым дастаў з 'дыплямату' асадку з паперай i ўсё тым жа лiсьлiвым голасам прасьпяваў:

- Напiшыце - што кажа пра мужа вашая сястра.

Заняты сваiмi думкамi, Макар i не заўважыў, як адарваўся ад напарнiка. Швагрусь адстаў мэтраў на дваццаць i да таго ачмурэў ад сьпёкi, што нiчога ня бачыў перад сабою. Падышоўшы, ён баднуў Макара лобам i акуляры швагрусёвы цiха чвякнулi ў пясок.

'Колькi яшчэ?' - запыталiся асавелыя швагравы вочы i ўраз праясьнелi, бо ў зрэнках мiльганула залацiстая палоска вады.

- Я зараз, - буркнуў Макар, скочыў праз прыдарожную канаву i пабег да закiнутай адрыны, у якой дзядзька Трахiм хаваў вёслы.

Возера плёскалася ля ног, адбiваючы распаленае неба, i ад таго здавалася такiм жа гарачым i бяздонным. З гучным крэканьнем яны выпхнулi лодку ў ваду, Макар налёг грудзiнаю на карму, пачаў заграбаць кавалкам падабранай на беразе фанэрыны - вёслы ў адрыне так i не знайшлiся. Зрэшты, доўга заграбаць не выпадала: лодка прашамацела па густой асацэ, абмiнула зарасьцi ўрэчнiку i Макар панурыў у ваду 'катвiгу' - прывязаны да вяроўчыны камень.

Паветра зьлёку дрыжэла ад сквару i пад галовамi вудалёў плыла, пералiваючыся на сонцы, даўжэзная павуцiнка. Павуцiнка зачапiлася было за вудзiльна, потым паплыла далей i неўзабаве лягла на ваду, сабраўшы вакол сябе цiкаўных вадамерак. Вось туды, у цэнтар пазначанага павуцiнкай наўкола, i цiўкнуў швагравы плавок. Хвiлiну плавок павольна i разважлiва круцiўся ў розныя бакi, потым тузануўся i нечакана зьнiк у гульлiвай вадзе. Швагра, вiдаць, дагэтуль нiколi не вудалiў, бо замест таго, каб спакойна падсекчы, ускочыў на ногi, тузануў вудзiльна i пры гэтым ледзьве не перакулiў лодку.

- Цiха ты, йоп... - Макар схапiўся за барты i па лобе ягоным пляснула трапяткая платвiца, што матлялася на лёсцы.

Швагра доўга ня мог схапiць рыбку, а калi, нарэшце, схапiў, дык не наважыўся зьняць з кручка.

Платвiца глыбока заглынула чарвяка, таму Макар, нядоўга думаючы, выдзер кручок з рыбiнай зяпкi, пiхнуў плотку ў полiэтыленавую торбу. Пры гэтым ён бачыў - як балесна скрывiўся швагравы твар.

- Што, рыбку шкада? - хмыкнуў Макар, а абцёршы аб штаны вiльготныя рукi, запытаў: - Ты ў пiўной хоць раз быў?

- Пры чым тут пiўная? - азваўся швагра.

- Ну як жа... Зьбiраецеся рэвалюцыю рабiць, а самi ў пiўной не былi, ня ведаеце - чым народ дыхае.

Швагра плюнуў на чарвяка, уздыхнуў, але нiчога не адказаў.

- Пазаўчора Пазьняк па целеку выступаў. Мацi слухала-слухала, дый кажа: 'Бурузьдзiць абы што'.

Швагрусь i гэтым разам змаўчаў, але маўчаньне яму цяжка давалася: плех швагравы хваравiта пачырванеў, канец вуды дробна задрыжэў, а разам з вудай задрыжэў на вадзе й плавок.

'Псых натуральны', - падумаў Макар i ў той жа мiг убачыў, што плавок, якi дагэтуль скакаў па вадзе, рынуў на дно, пакiнуўшы па сабе самотную бурбалку.

- Цягнi! - гракнуў Макар, швагра тузануў вудзiльна, павалiўся на дно лодкi i, пакуль ён падаў, перад

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату