свае малюнкi, ды тут сьвет паплыў уваччу i ён вымушаны быў змахнуць рукавом няпрошаную сьлязiну. Плакаў, зморана аддзiмаючыся, i Васька Замундалiн: у прыбiральнi сьмярдзела хлёркай i смурод гэты праймаў да сьлёз. Не абабiўшы апошнiх кропляў, Макар выбег на пляцформу i адразу ж патрапiў у матчыны абдоймы.

- А Макарка ж ты мо-ой... А чаму ж цябе не адпускалi-i... - загаласiла мацi i ад таго ляманту ўсхадзiлiся гракi на дрэвах, а сябар Васька застыў у дзьвярох прыбiральнi, не зашпiлiўшы прарэху.

- Кожны дзянёчак да поезду бегаю, - галасiла мацi i супакоiлася толькi тады, як Макар закрыў ёй твар вушанкаю.

Расьпiсвалася сяструха праз паўгадзiны, але iсьцi ў загс не выпадала трэба было памыцца, пераапрануцца i наогул прывесьцi сябе ў парадак. Пагатоў на вясельле, як сказала мацi, прыехалi сталiчныя дзеўкi i мальцы.

- Акуратны, непiтушчы... летась iнстытут скончыў, - лапатала мацi, шыбуючы поруч i пры гэтым запабежлiва паглядала ў сынавы вочы - спадзявалася, што ў вачах мiльгане спагада.

Макар iшоў па гразкай вулiцы, кiўком галавы падганяў сябра i стоена ўздыхаў. Ён не любiў iнтэлiгентаў.

Вясельле гралi ў леспрамгасаўскай сталоўцы. Суседка iхная, цётка Дуся, працавала ў леспрамгасе бугальтарам - яна i парупiлася пра памяшканьне. Зь цёткай той хлопцы i рушылi ў сталоўку. I йшлi ня проста так, а зь меднiцай вiнегрэту - яе нёс на галаве Васька Замундалiн, - i зь цяжкою сумкай, у якой зацята бразгалi бутэлькi.

Два гады ня быў Макар у кампанiях i таму, заўважыўшы людзкi збой на ганку сталовай, замарудзiў хаду, перакiнуў з рукi ў руку цяжкую сумку i пацёр навярэджанай даланёю тое месца, дзе бiлася ўсхваляванае сэрца.

Мальцы, якiя стаялi на ганку, былi нетутэйшыя, усе скрозь у крымпленавых пiнжаках, вышываных кашулях i, што самае дзiўнае, усе яны гаманiлi па-беларуску.

'Кампазытары нейкiя' - падумаў тады Макар, скоса зiрнуўшы на Ваську Замундалiна. Два гады ён даводзiў сябру, што ў Азярышчы спрадвеку не было нацыяналiстаў, што беларусы, гэтак жа, як i тулякi, ненавiдзяць лабусаў, а тут... такая неспадзеўка.

Слухаючы кампазытараў, Макар не на жарты расхваляваўся, укiнуў у рот цыгарэту, паднёс запалку i толькi тады заўважыў: прыпалiў фiльтар. У той жа мiг на ганку мiльганула штосьцi белае i на шыi Макаравай павiсла заплаканая Тамарка.

- Тры разы вясельле пераносiлi. Усё цябе чакалi... - усхлiпнула ля вуха сястра i ўсхлiпы гэтыя гарачым рэхвам абхапiлi сэрца. Макар гатовы быў i сам расплакацца, ды, перахапiўшы сябруковы пагляд, сумеўся i паляпаў даланёю па дрогкай Тамарчынай сьпiне.

Пякучая крыўда - на сябе самога - не адпускала i надалей, калi ён рукаўся з жанiхом - хударлявым заморкам у акулярах, левае шкельца ў якiх было трэснутае й падзяляла жанiховае вока на дзьве палавiны; i калi сядаў за вясельны стол, далучыўшы да вiрлiвай гамонкi натужлiвы трэск выхадных штаноў. Пад час службы азадак прыкметна раздаўся, таму штаны i ня вытрымалi напругi.

Яны сядзелi з Васькам у тарцы стала, ваўкавата пазiралi на гасьцей, а калi ў залi завялi музыку i пачалiся танцы, зьбеглi, прыхапiўшы пляшку, у прыбiральню. У прыцемным, няўтульна-халодным катуху яны пiлi нагбом цёплую гарэлiцу, крэкалi, цiснучы да вуснаў рукавы i зацята маўчалi. Маўчалi аж да той пары, пакуль дзьверы прыбiральнi не адчынiлiся i ў пройме ня блiснулi акуляры з трэснутым шкельцам.

- Хлопцы, запалкi ёсьць? - з робленай весялосьцю вымавiў жанiх i Васька Замундалiн злавесна прасiпеў у вадказ:

- Не надоело?

- Што? - не зразумеў жанiх.

- По-белорусски п...ть не надоело?

З проймы вытыркнулася нечая кудлатая галава, пачуўся дзявочы воклiк: 'Маладую скралi!' - i аб цэмэнтавую падлогу гучна бразнула недапiтая пляшка.

Макар так i не зразумеў - хто пачаў бойку. Замундалiн ударыў жанiха, цi то наадварот. Ён стаяў, нерухомы, уражана лыпаў вачыма i ачуўся тады, як убачыў юшку пад замундалiнскiм носам. Глынуўшы паветра i мацюкнуўшыся, Макар даў волю сваёй пакрыўджанай душы: з усяго маху заехаў кулаком у твар кудлатаму хлопцу, якi трымаў Ваську за плечы.

Скончылася ўсё несамавiта. Замундалiну расквасiлi нос, жанiху разьбiлi акуляры, а жанiховы сьведка - той самы кудлаты хлопец - патрапiў у больнiцу са страсеньнем мазгоў i з парэзанай аб бутэлечнае шкло галавою. У той жа вечар, пасадзiўшы туляка на цягнiк, Макар падаўся ў вёску, да дзядзькi Трахiма, i вярнуўся ў матчыну кватэру толькi праз год, калi адтуль зьехала сястра са сваiм заморкам.

Перш, чым нацiснуць на званок, ён здаволена адрыгнуў пiўным духам, сплюнуў з языка тытунёвыя крыхi i тады толькi намацаў пальцам пукаты гузiк. Званок, аднак, маўчаў. Ён нацiснуў другiм разам i, хiтнуўшы галавой, пастукаў у дзьверы косткамi пальцаў.

Адчынiў швагрусь не адразу. Доўга завiхаўся з замком, тузаў дзьвярную ручку, нарэшце паўстаў у дзьвярох - расхлiстаны i ўсхваляваны.

- Чаму званок маўчыць? - выдыхнуў Макар, надаўшы голасу жартаўлiва-зухаватыя ноткi.

Швагер вiнавата пасьмiхнуўся, зашпiлiў дрогкiмi пальцамi кашулю на грудзiне i праз хвiлю, ужо з пакою, выгукнуў:

- Зламаўся.

- Дык трэба направiць! - прамовiў госьць i чарговы раз хiтнуў галавою.

Швагер глядзеў тэлевiзар. Сядзеў на хiсткiм табурэце, у мэтры ад экрана, наставiўшы на Макара незагарэлы, падобны да дзiцячай попкi, плех. Такая пастава сьведчыла пра адно - гасьцям у гэтай хаце ня радыя.

- Што паказваюць? - буркнуў госьць i гаспадар, нi слова нi сказаўшы, адхiлiў галаву ад экрана.

Па БэТэ паказвалi нейкага мурлатага прайдзiсьвета.

'Вылiты кныр' - падумаў Макар, стоена адрыгнуўшы пiвам.

Мурлаты кныр сядзеў, раскiнуўшыся ў крэсьле i несупынна бубнеў немаведама пра што.

- Ну i с-сука... цяпер ужо Кебiча хвалiць, - прасiпеў швагер, зварухнуў азадкам i плех ягоны зьлёгку паружавеў.

Сядзець у трыццацiградусную сьпёку i глядзець, разявiўшы рот, тэлевiзар у гэтым было штосьцi ненармальнае. Госьць плюхнуўся на канапу, утаропiў вочы на шваграву сьпiну, дакладней на вострыя лапаткi, што тырчэлi над напятай кашуляй. Яны доўга маўчалi i толькi калi на экране ўзьнiк яшчэ нехта - з клокам рэдкiх валасоў на потным лобе, гаспадар рыпнуў табурэтам i неакрэсьлена прамармытаў:

- Яшчэ адно пудзiла...

Макар паглядзеў на экран, вывучаючы - адкуль узялiся валасы на потнай лабацiне, а зразумеўшы, што тыпус начасаў iх аднекуль з-за левага вуха, перанёс цэнтар цела на левую кумпячыну й голасна выдыхнуў:

- Охо-хо-о...

Гэтым самым ён хацеў разгаварыць швагра, але той маўчаў.

- Слухай, а дзе зараз... той хлопец? - вырвалася неўзабаве з Макаравай грудзiны.

- Якi?

- Ну той, што быў на вясельлi...

Гострыя лапаткi здрыганулiся, ссунулiся блiжэй адна да адной.

- Яго забiлi. У восемдзесят першым годзе.

'Як забiлi? Дзе! У Аўгане? Па п'янцы?' - замiтусiлiся ў галаве адрывiстыя думкi, Макар удыхнуў паветра, каб спытаць - дзе забiлi кудлатага хлопца? - але не спытаў, прыкусiў вусны i засяроджана правёў рукой па няголенай шчацэ. Кароткае iмгненьне ён сядзеў нерухома, потым нейкая сiла падхапiла Макара на ногi, ён падышоў да тэлевiзара, схапiўся за шнур i выдзер штэпсэль з разэткi.

II

Тупаючы ўздоўж старога, спавiтага густой бярозкай штыкетнiку, яны зазiрнулi ў агарод i там, на бульбянiшчы, убачылi цётку Тацяну. Задзёршы прыпол спаднiцы, цётка хадзiла па барознах, зьбiраючы ў слоiк 'каляраду'.

- Цi-оць! - крыкнуў Макар пераселым голасам i адкашляўся.

Цётка абцягнула спаднiцу, зiрнула з-пад рукi i моўчкi кiўнула ў бок хаты. Маўляў, заходзь, гаспадар дома.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату