- Што ты став, як хер моржовы?! Грошы давай.
Паперка з чырвоным зубрам паплыла над галовамi, Макар праводзiў яе ўстрывожаным позiркам, нэрвовай хадою прайшоўся ў бок унiвэрмагу, сьцепанаючыся ад кожнага мацюга, што вырываўся з натоўпу. Мацюгi тыя з кожнай хвiляй рабiлiся ўсё больш рашучымi й гiстэрычнымi.
- Ну куды, куды лезеш хахляра?!
- Заткнi ляпу, йiврэй!
Пасьля такога дыялёгу з лысай галавы iзноў зьляцеў капялюш, уладальнiк капелюша тузануўся, штосьцi крыкнуў, але, атрымаўшы пустой полiэтыленавай канiстрай па лобе, суцiх i зьнiк зь вiдавоку.
Нiнка вылезла з натоўпу хвiлiн празь пяць. Трымаючы на ўзьнятых руках торбу з пiвам, яна нiяк не магла супакоiцца й мацюкалася, пасылаючы праклёны паўзьверх людзкiх галоў. Каб суняць мацюкальнiцу, Макар пiхнуў ёй у рот цыгарэту, пстрыкнуў запальнiчкай, але й захлынуўшыся дымам, Нiнка не супакойвалася i сiплым голасам абяцала начысьцiць рэпу 'старому йiврэю'.
Торба была паўнюткай - пiва халадзiла руку, варушылася на далонi. Уеўшыся зубамi ў полiэтылен, Макар цэдзiў гаючы напой, не пераводзячы дыху. Пiва лiлося ў нос, залiвала вушы i калi б можна было патануць у iм, пахмельны пакутнiк зрабiў бы гэта зь вялiкай ахвотай. Заглынуўшы добрых тры лiтры, вернуты да жыцьця пакутнiк плюхнуўся на драцяную скрыню, зморана i ўадначас задаволена выдыхнуў:
- Ой, бля-а...
Галава ўмэнт праясьнела, сьвет набыў натуральныя фарбы й Макар, прымружыўшыся, разгледзеў колер трусоў, што вiселi на Тамарчыным гаўбцы. Пару хвiлiн ён ачмурэла глядзеў на чырвона-зялёныя трусы, а сёрбнуўшы з торбы, уголас прашаптаў:
- Можа i сапраўды ўзяць гэтага ёлупня?
Макар падхапiўся на ногi, аддаў торбу з рэштай пiтва дзядку, якога кагадзе сагнаў са скрынi, парывiстым крокам рушыў па ходнiку.
Хоць Тамарка i жыла непадалёку - 'хрушчоба' ейная стаяла на другiм канцы вулiцы, - бываць у сястры даводзiлася рэдка. Сёлета, прыкладам, толькi раз i заходзiў, калi сястра папрасiла павесiць дыван на сьценку. I то, перад тым, як прыйсьцi, пяць разоў перапытаў - цi будзе мужык дома? Не хацеў са шваграм сустракацца, бо памiж iмi, яшчэ за даўнiм часам, прабегла, узьняўшы хваста, чорная кошка. Шыбуючы па ходнiку, Макар прымружыў левае вока, зварухнуў спачатку вуснамi, потым пальцамi, - а налiчыўшы сямнаццаць гадоў, уражана пачухаў падбародзьдзе.
Дажджыстым лiстападам, адседзеўшы тыдзень на гарнiзоннай 'губе', Макар ехаў пасьля службы дахаты. I ехаў не адзiн, а з сябруком - Васькам Замундалiным.
Прымасьцiўшыся на скрынi для сьмецьця - якраз насупраць вагоннай прыбiральнi, - сябры пiлi нагбом агiднае лiтоўскае 'чарнiла', смалiлi пяршывыя цыгарэты й нахабнымi вачыма паглядалi на дзяўчын, якiя сноўдалi па вагону. Дзяўчынам карцела зайсьцi ў прыбiральню, але, пабачыўшы падпiтых дэмбелюкоў, яны паварочвалi назад, альбо iшлi ў iншы вагон.
- Нiшця-ак... яшчэ сюды вернемся... - мармытаў памiж зацяжкамi туляк Васька Замундалiн, мацаючы шнар на верхняй губе.
Губу Ваську разьбiлi лабусы. На кастрычнiцкiя сьвяты сябры зьбеглi ў самаволку: туляк хацеў набыць перад дэмобай газавую запальнiчку, а Макар падарунак сястры, якая выходзiла замуж. Паблукаўшы па горадзе, дружбакi зазiрнулi ў пiўнiцу, выпiлi па чатыры кухлi густога бiржайскага пiва, пабiлiся з лабусамi, а калi, сплёўваючы крывавую пену з губы, завярнулi ў цёмны кут i сталi палiваць касьцельны мур, за сьпiнамi iхнымi ўжо стаяў вайсковы патруль.
Сядзеньне на гаўптвахце, ды яшчэ прыканцы службы, пякло азадак i даставала вантробы. Да таго ж Макара чакалi на сестрыным вясельлi, таму давялося прасiць канваiра, каб той адбiў тэлеграму: 'Затрымлiваюся на манэўрах'.
Туляку адседка таксама далася ў знакi. Вярнуўшыся пасьля 'губы' ў казарму, ён не знайшоў у тумбачцы дэмбельскага альбома. Апытаўшы салаг, Васька ляпнуў кулаком па далонi i паабяцаўшы замачыць ня толькi шаўляйскiх лабусаў, але й адэсiта Базылевiча. Базылевiчава тумбачка стаяла поруч з Васьчыным ложкам, таму туляк i вырашыў, што гэта адэсiт прыхапiў альбом, калi зьяжджаў дахаты. У наступныя днi Васька зблажэў, зьехаў з твару i раз-пораз пырскаў сьлiнай, абяцаючы ўтапiць хахляру Базылевiча ў Чорным моры...
На станцыi Даўгаўпiлс сябрукi ўзялi на апошнiя грошы дзьве пляшкi пiва, пагаманiлi з грудастай праваднiцай, надрапалi на вагоннай сьцяне запаветныя лiтары 'ДМБ-76' i праз паўгадзiны ўжо спалi, навалiўшыся на вагонны столiк i бязвольна матляючы стрыжанымi галовамi.
Позьнiм вечарам грудастая праваднiца стала трэсьцi Макара за плячук, Макар пускаў сьлiну, штосьцi мармытаў спрасонку i абудзiўся толькi тады, калi ў суседнiм купэ грукнулi кiрзачы й нейкi дзяцюк жартам галёкнуў:
- Рота-а, пад'ём!
Макар зiрнуў у вакно, убачыў за мокрай шыбай будынак вiцебскага вакзала i адчайным позехам вiтаў родную зямлю.
Ён хацеў сыйсцi цiха, не абудзiўшы сябра, але ў апошнi момант перадумаў ляпнуў Ваську па карку.
Яны выйшлi на пэрон, выпалiлi па цыгарэце й Макар, каторым ужо разам, прапанаваў сябру паехаць зь iм у Азярышча.
- Гульнём на вясельлi, гарэлкi вып'ем, зь дзеўкамi пазнаёмiмся, - казаў Макар, туляк мармытаў штосьцi пра адсутнасьць грошаў, але, пачуўшы, што ў Макара ў Вiцебску жыве аднакашнiк, у якога можна апахмялiцца, сплюнуў густую сьлiну i пабег у вагон за рэчторбай.
Аднакашнiк, Толiк Манькiн, жыў на Маркаўшчыне, у шматсямейным iнтэрнаце. Дабралiся туды процi ночы, доўга блукалi па цёмных калiдорах ды чыркалi запалкамi, выглядаючы нумары на дзьвярох, а калi, нарэшце, знайшлi патрэбную кватэру, туляк нясьмела прамармытаў:
- А можа ня варта? Позна ўжо.
Але Макар нацiснуў на званок - раз, потым другi, i ў асьветленай пройме паўстаў Толiк - у трусах, у салатавай майцы i з перакрыўленым ад зыркага сьвятла тварам. Аднакашнiк доўга мружыўся, чухаў пахвiньне, а пачуўшы зьвяглiвы жаночы голас, што прагучаў за сьпiнай, азiрнуўся i люта рыкнуў:
- Ды змоўкнi ты, с-сука!
Тут ужо i Макар пашкадаваў, што прыцёгся да Манькiна, ды нечакана той схамянуўся, з адчаем раскрылiў рукi:
- Макарка! Дэмбельнуўся!
Яны ўбiлiся ў цесную кухню, селi ўкол стала, пагаманiлi напаўголасу; неўзабаве гаспадар пабег некуды i вярнуўся зь лiтровым слоiкам у руках.
- У Мiронаўны ўзяў. Толькi што выгнала, - паведамiў гаспадар, паставiўшы перад гасьцямi слоiк з самагонкай.
Пяршак быў яшчэ цёплым, тхнуў карбiдам, да таго ж пiць давялося прыхапкам, бо Толiкава жонка штохвiлi грукала ў сьценку i здушана лаялася. Кульнуўшы пару кiлiшкаў, Макар захмялеў, кiнуў на падлогу шынель, расьцягнуўся пасярод кухнi, прыцiснуўшыся скроньню да газавай плiты. Туляк з Манькiным яшчэ колькi часу гаманiлi, потым пачалi дужацца рукамi, скiнулi на падлогу слоiк з самагонкай i на кухню прыбегла гаспадарава жонка. Прыкусiўшы нiжнюю губу, жонка стала цягаць мужа за валасы, гарлаць: 'Заб'ю, п'янтосiна!', але Макар нiчога гэтага ня чуў i ня бачыў, панурыўшыся ў цяжкi беспрабудны сон.
Ранiцаю трэба было ўставаць а сёмай, каб пасьпець на 'дызель', Макар жа прачнуўся а дзевятай - з хворай галавой, з ламотай у касьцях i з рэзьзю на доле жывата. I абудзiла яго гучнае вяканьне, якое далятала з ваннай. Ваську ванiтавала i гэта наводзiла на думку, што самагон i сапраўды быў з карбiдам. Той хвiляй Макара таксама пацягнула на ванiты, але ён страсянуў галавой, падняўся на ногi i пiхнуў хворую галаву пад кран з халоднай вадой.
...Праз тры гадзiны, вылезшы з вагону, Макар з прытоенай радасьцю ўбачыў: на азярышчанскай станцыi нiчога не зьмянiлася. Усё так жа шумелi на ветры згалелыя таполi, на таполях сядзелi тыя ж самыя гракi, плякат на агароджы ('Не ходите по путям!') гэтак жа, як i два гады таму, ляпаў праржавелай бляхай i толькi прыстанцыйная прыбiральня, што стаяла ў канцы пляцформы, рэзала вока новай афарбоўкай. Зь белай прыбiральня ператварылася ў цёмна-брунатную i старыя надпiсы на яе сьценах выразна прабiвалiся скрозь новую фарбу.
Унутры, аднак, сьцены не фарбавалi. Макар, стаўшы над цёмнай адтулiнай, стаў разглядаць колiшнiя