- Калi вы распачнеце стральбу тут, хто-небудзь стане пацярпелым, - сказаў Скоцi.
- Перастань, Скоцi, - сказаў Рой. - Дай яму пастраляць.
Ведаючы, што гэтага рабiць нельга, але не жадаючы сварыцца з Самсонам, Скоцi разарваў пачак i даў Самсону прыгаршчы патронаў. Самсон сядзеў на адным ложку з Роем, а Мэрэй i Скоцi - на другiм, усе ў адзiн рад ля адной сцяны хацiны. Падстрэшша, з якога вылазiлi мышы, было на iншым канцы, на верхнiм бервяне, якое яднала сцяну са страхой. Па гэтым бервяне мышы маглi бегаць вакол усёй хацiны, але часцей за ўсё яны з'яўлялiся над дзвярыма. Гняздо, вiдаць, было ў iх у куце, за складзенымi цуркамi.
Чацвёра паляўнiчых чакалi з'яўлення першай мышы, ружжо ляжала ў Самсона напагатове папярок калена.
- Калi куля дасць рыкашэт, - сказаў Скоцi, - яна каго-небудзь з нас укакошыць.
- Мо i цябе, Скоцi, - сказаў Рой.
Самсон выстралiў.
Куля вылецела са ствала з хуткасцю каля двух тысяч футаў у секунду. Гэта была куля з мяккiм наканечнiкам, яна стукнулася ў сухое сасновае бервяно зусiм побач з мышшу, адкалола трэску, якою мыш расплюшчыла аб страху, адскочыла да бакавой сцяны i правалiлася ў бярозавыя цуркi. Гук выстрала i вiск рыкашэта прымусiў усiх прыгнуцца i на iмгненне знерухомець. Пасля гэтага Скоцi ўсклiкнуў:
- Ён заразiў твае пяць даляраў, Рой!
- I праўда, халера, патрапiў, - сказаў Рой.
Замест таго каб скончыць гульню, Самсон стаў хвалiцца сваiм майстэрствам.
Нават Скоцi не магло не падабацца, як страляе Самсон. Бо нават п'яны Самсон страляў лепш за ўсiх. Гук выстрала не прымусiў мышэй уцякаць, а толькi ўстурбаваў iх, i Самсон злёту дастаў куляй беланогую мыш, калi яна скокнула на пустую бляшанку з-пад тытуню.
- З такога ружжа нельга прамазаць, - сказаў Мэрэй.
Вiнтоўка Скоцi была новенькая, i яе затвор шчоўкаў з выразным гукам дакладнага механiзма. Гэта было першае, што набыў Скоцi на дэмабiлiзацыйную дапамогу пасля вайны. Безадмоўнае, сучаснае, дальнабойнае i трапнае ружжо. У самога Самсона быў стары бокфлiнт*, i Рой пераконваў, што няма на свеце ружжа больш няўклюднага i дрэнна збалансаванага.
* Двухстволка з вертыкальным размяшчэннем ствалоў.
Самсон карыстаўся самаробнымi валавянымi кулямi, вялiкiмi цяжкiмi балванкамi, якiя зблiзку забiвалi напавал, але на адлегласцi больш за шэсцьдзесят крокаў выдыхалiся.
- А ты паспрабуй са сваёй бранябойкi, - папрасiў Рой Самсона. - Паглядзiм, як лупiць гэтая гармата па маленькiх мышах.
Самсон паспрабаваў i прамахнуўся, валавяная куля зрабiла дзiрку ў страсе, неверагодны выстрал аглушыў iх гулкiм рэхам ад усiх чатырох сцен. Не вытрымаў нават Рой.
- Хопiць, - сказаў ён. - Смальнi вось з гэтага. - I ён падаў сваё ружжо.
Гэта быў паляўнiчы вiнчэстэр з рычажным механiзмам затвора, сама жаданае ружжо лесавiкоў усёй Амерыкi i асаблiва канадскiх трапераў. Яно было не даўжэйшае чым карабiн. Ложа ў яго было пашчапанае, механiзм затвора крыху расхлябаны, але ў руках Роя гэта было дасканалае ружжо. Для свайго калiбра яно мела зычны голас, i першасны шчаўчок яго рычажнага затвора супадаў з выстралам, так хутка ён адбываўся ў руках добрага стралка. Самсон зрабiў з яго два стрэлы: адзiн раз патрапiў, другi прамазаў.
Затым мышы пэўны час не паказвалiся, але ўсе чацвёра цярплiва чакалi.
Зараз кожны вышукваў сабе цэль, i калi перапалоханыя мышы зноў замiтусiлiся з кута ў кут, уверх па сценах i ўнiз па бярвеннях, - адзiн паляўнiчы за другiм спускаў курок, i ўсе разам прыгiналiся, калi куля рыкашэцiла над iхнiмi галовамi альбо скакала каля iх на падлозе. Толькi Скоцi не страляў. Ён любiў страляць, але не хацеў браць удзел у тым, што лiчыў жорсткай забаўкай.
- Гэтыя беланогiя мышы нiкому не робяць шкоды, - казаў ён. - Навошта вы iх расстрэльваеце? Пашкадуйце кулю для пацука.
Рой таксама нiчога не меў супраць мышэй, але сцвярджаў, што яны крадуць у яго шкарпэткi, зацягваюць у нару i робяць з iх гнёзды. Гэта было апраўданнем, да таго ж Рой наўрад цi ўсведамляў, што ён забiвае. Самсон ужо наогул не ўсведамляў, што робiць. Мэрэю было рашуча ўсё роўна, што ён робiць, усё роўна, што трапляла яму на мушку: птушка, звер цi чалавек. У яго была старая вiнтоўка ваеннага ўзору, няўклюдны прыклад якой ён абстругаў пад паляўнiчае ружжо. Гэта зрабiла значна цяжэйшай яе дульную частку, акрамя таго, падчас кожнага стрэлу вочы зацярушвала порахам, але бiла ружжо даволi трапна па асноўнай дзiчыне ласю; страляючы па ласю, ён рэдка прамахваўся.
- Глядзiце, - сказаў Рой у час чарговай перадышкi.
Невялiкая рабая ласка, выскачыўшы з кутка, пагналася за мышшу i знiкла ўслед за ёю. Яна мiльганула так хутка, што яны яе ледзьве прыкмецiлi.
- Яна ў мяне свойская, - сказаў Рой. - Ловiць мышэй.
- Вось гэта мiшэнь, - дадаў Мэрэй. - Рухомая мiшэнь, тое, што трэба.
Усе пагадзiлiся. Калi назiралi за ласкай, якая ганялася за мышамi, здавалася, што яна не адна, а не менш дзесятка. Ласка знiкала ў сама маленькай дзiрцы i вылятала адтуль з неверагоднай хуткасцю.
- Давайце прыбавiм святла, - сказаў Мэрэй i падцягнуў кнот газавай лямпы так, што яна ярка асвялiла падстрэшша, дзе схавалася ласка.
- Даю дзесяць даляраў, што нiхто не пападзе ў ласку, - сказаў ён.
Рой лiчыў гэтак жа. Ды ён i не хацеў пападаць у ласку.
Яна з'явiлася ў хацiне летам, калi ёй было некалькi месяцаў - яшчэ ў карычневай скурцы. А зараз яна ўжо насiла сваю белую зiмовую апратку i амаль што вырасла. Рой не хацеў, каб яе падстрэлiлi, але яму хацелася паспрабаваць выйграць у гэтай амаль безнадзейнай гульнi.
Яны сядзелi i чакалi, i кожны падрыхтаваў ружжо.
Самсон свiстаў i пiшчаў, iмкнучыся выклiкаць ласку са сваёй схованкi.
Скоцi насцярожана маўчаў.
Рой хiстаўся, хоць i меў насалоду ад гэтага спаборнiцтва.
Мэрэй чакаў, нiбыта нi пра што i не думаў.
Раптоўнае з'яўленне ласкi iмгненна выклiкала выстрал. Адбылося гэта так хутка, што ўсе здзiвiлiся, а яшчэ больш яны здзiвiлiся, калi ўбачылi, што ласка, разарваная куляй амаль папалам, звалiлася ў рукамыйны таз.
Усе зiрнулi на Скоцi.
- Не люблю ласку, - сказаў iдэалiст Скоцi. - Яна заўсёды на некага палюе крыважэрная. Забiвае дзеля таго, каб забiць.
- Вось гэта быў выстрал! - шчыра здзiвiўся Самсон удачы сябра.
Роя гэта амаль працверазiла, а Мэрэй гучна засмяяўся.
- Не сярдуй, Рой, - сказаў Скоцi, адчуваючы, што Рой незадаволены. Трымай! - ён зноў палез у мех i дастаў яшчэ адну бутэльку гарэлкi. - Гэтая яшчэ мо смачнейшая.
Рой выпiў, выпiў i Скоцi. Пра iншых яны забылiся, бо памiж Скоцi i Роем была даўняя спрэчка, якую не маглi зразумець Мэрэй i Самсон. Спрэчка была такая сур'ёзная i глыбокая, што нiкому з iх не трэба было зараз гаварыць. Яны ведалi думкi адзiн аднаго i без гэтага. Стрэл, якi забiў ласку, быў толькi чарговай праявай iхняй спрэчкi, i хоць абодва былi п'яныя, яны i зараз вялi спрэчку.
Рой быў матэрыялiст, аб'ектыўны назiральнiк жыцця лесу. Уласны вопыт навучыў яго, што ўсе звычкi i навыкi лясных звяроў (лютыя альбо спакойныя) гэта частка натуральнага працэсу, працэсу эвалюцыi i барацьбы за iснаванне, што кожны звер мусiў забiваць, каб выжыць, хоць у далейшым ён i сам можа стаць ахвярай больш дужага драпежнiка. Для Роя гэта быў натуральны працэс, тое, што варта прызнаць як iснасць, няхай сабе гэта жорстка цi мiласэрна, трагiчна цi смешна. Ён прымаў гэта як аб'ектыўны факт i даўно перастаў шукаць у гэтым працэсе дабро цi зло, бо сам ён не ўдзельнiчаў у гэтым. Рой ведаў, што чалавек стаiць збоку i над усiмi iншымi. Ён уключаецца ў працэс толькi як валадар, бо прырода i ўсё ў ёй варожае да чалавека. Прырода знiшчыла б людзей, калi б яны агульнымi намаганнямi не дабiлiся перамогi над ёй i не сталi кiраваць ёю. Рой заўсёды ўключаў сябе ў гэтую агульную барацьбу з прыродай; часткай яе былi i пабудова гэтай надзейнай хацiны, i скарыстанне чалавечага спрыту падчас адлову звяркоў: пушнiна на продаж, мяса на ежу - усё дзеля таго, каб выжыць у гэтай барацьбе з прыродай. Як iстота грамадская,