даносiлiся да сярэдзiны возера, але ён чуў iх i ўсе адрознiваў. А да таго часу, як святло разлiлося на ўсё неба, сам лес пачаў падмiргваць, патрэскваць i пакрэктваць незразумелымi гукамi свайго маруднага абуджэння.

Рой ведаў: нiшто на свеце не магло параўнацца з тым задавальненнем, якое ён адчуваў зараз, у першы дзень сваёй чарговай бiтвы з вераломнымi хiтрыкамi прыроды, зараз, калi ён плыў у цяжка нагружаным чоўне па галоўнай артэрыi свайго лесу, ужо адчуваючы прыемны здаровы голад. Ён ведаў, што на гэты раз чакаецца бiтва i за самога сябе: быць яму траперам цi валацугай, п'янiцай цi фермерам, чалавекам цi зверам. Але ў яго быў план; нейкiя абрысы плана, з дапамогай якога ён павiнен усё i назаўсёды ўладзiць, i ён збiраўся гэты план апрабаваць.

Ланцуг пастак Роя знаходзiўся па вялiзным крузе працягласцю пяцьдзесят мiль. Паўднёвай асновай яго i пачаткам маршруту было возера Т. Звычайна ён пачынаў абход пастак, праплываючы да самага канца возера Т i правяраючы ўзбярэжныя норы. Затым пакiдаў човен на тым беразе i iшоў на поўдзень, праз хрыбты да Чатырох Азёр: гэта была яго галоўная паляўнiчая гаспадарка, багатая на бабра i андатру. На Чатырох Азёрах у яго была невялiкая хацiна, з якой ён, перш чым iсцi на захад да Лiтл-Рывер, як правiла, за тры-чатыры днi абыходзiў усе пасткi на рэках, якiя ўпадалi ў возера. Часам да адыходу на захад ён паляваў на лася на балотах памiж Чатырох Азёр, але часцей здавальняўся аленем, якога забiваў на хрыбтах па дарозе на Лiтл-Рывер. Гэта быў хуткi вузкi ручай, на якiм вадзiлiся норкi, i тут праходзiла заходняя мяжа ўчастка Роя. На другiм беразе пачыналася гаспадарка Скоцi i Самсона, тут яны часам сустракалiся. Па гэтым ручаi Рой спускаўся на поўдзень да свайго апошняга возера, якое ён назваў Пiт-Пiт, згодна са своеасаблiвым гукам, з якiм рэчка ўлiвалася ў азёрную ваду. Адсюль, каб дабрацца да хацiны, яму заставалася пераадолець яшчэ адзiн хрыбет, тым самым замкнуўшы круг цi квадрат маршруту на ўсход, поўнач, захад, поўдзень i зноў на ўсход. Як правiла, абыход усяго ланцуга пастак займаў пяць-шэсць дзён. На гэты раз ён вырашыў зрабiць iнакш. Для пачатку ён праплыў як звычайна да ўсходняга канца возера Т, правяраючы пасткi на норак, некаторыя здымаючы, iншыя нанава зараджаючы, - як i тыя, што напярэдаднi паставiў са Скоцi. У самым канцы возера Т ён зацягнуў човен пад вялiзную ўпалую сасну, прыкрыў яго галiнкамi, а затым расклаў цяпельца, каб згатаваць сняданак. Наеўшыся хлеба са свiнiнай i запiўшы салодкiм чаем, ён закiнуў за спiну важкi мех i пайшоў не на поўнач, а на ўсход i iшоў на ўсход амаль паўдня, пакуль не дасягнуў плыткай, з парогамi, рачулкi. На тым беразе яе была хацiна, i калi Рой уброд перабраўся да яе, яго сустрэла браханне сабак, кудахтанне перапалоханых курэй i, нарэшце, высокi худы iндзеец.

- Хэло, Рой, - сказаў iндзеец.

- Хэло, Боб, - сказаў Рой.

Iндзеец Боб: яго назвалi так таму, што сапраўднае iмя было занадта складанае. Рой ведаў яго i ахвотна называў бы Боба па iменi, радуючыся таму, як яно гучыць - Хома-Хоманi: першая хмурынка на небе, - але гэтае iмя Боба было не для белага, няхай сабе i для Роя.

Бо нават маленькая бронзаватварая iндыянка - яго жонка - зараз называла яго Боб. Адзенне Боба таксама было адзеннем белага: шапка з зайца, скураная куртка, сiнiя палатняныя штаны, але iндзейскiя макасiны з аленя. Усё гэта сядзела на высокiм худым, спакутаваным целе сухотнага чарнавокага, бледнага чалавека, якi нагадваў Рою засохлы клён, з якога выцадзiлi занадта шмат соку.

- Добра, што ты тут, - сказаў Рой.

- Я толькi што збiраўся ў Сент-Элен па муку i правiянт, - сказаў Боб.

- Хiба не позна? - спытаў Рой.

- Сёлета ўсё спазнiлася, Рой.

- Спазнiлася? - паўтарыў Рой, думаючы пра звера. - Цi проста сышло?

- Мала-мала спазнiлася i мала-мала сышло, - сказаў Боб.

Гэта была пародыя на нiбыта iндзейскую гаворку, якой Боб карыстаўся як своеасаблiвым пакеплiваннем над белымi. Па-ангельску ён гаварыў як i ўсе ў Сент-Элене, як усе паляўнiчыя, але час ад часу перадражнiваў той жаргон, якi белыя прыпiсвалi iндзейцам. Зараз ён не пакеплiваў над Роем, якога любiў. Проста гэта быў мiжвольны пратэст.

- Боб, - сказаў Рой, - я хачу пайсцi на Зялёныя Азёры, туды, дзе мая гаспадарка ўклiньваецца ў тваю. Ты не супраць, калi я прайду па тваiх землях, каб трапiць на азёры?

- А чаго ты туды пойдзеш, Рой?

- Я хачу вылавiць там усё, што мне ўдасца. Я засяду ў сваёй хацiне на Чатырох Азёрах i расстаўлю пасткi па ўсёй акрузе, столькi пастак, каб здолеў толькi запомнiць iхнiя месцы. Звера там мо i небагата, але калi ён ёсць, то я вазьму яго да рэшты. Масавы аблоў! Я хачу аблавiць нават Зялёныя Азёры. Я там нiколi не ставiў пастак, сабраць там можна небагата, але яны, зрэшты, усе ў адной жменi, i чым яны горшыя за тутэйшыя вялiкiя азёры?

Зялёныя Азёры, маленькiя, акружаныя амаль непраходнымi зараснiкамi, праўду кажучы, былi Рою непатрэбныя. Ён назваў iх зараз афiцыйнай назвай, але часцей называў Нiкчэмнымi Азёрамi, Непрыдатнай зямлёй, Спустошанай акругай.

- Магчыма, там ёсць пушны звер iменна таму, што я яго там не лавiў, сказаў ён. - Ва ўсякiм выпадку, паспрабую, але для гэтага мне трэба прайсцi па тваёй зямлi, каб не блукаць па гэтых лясах.

- Вядома, - адказаў Боб. - Прашу цябе.

- А цi ёсць сцежкi проста да Зялёных Азёр?

- Ёсць адна старая паляўнiчая сцежка, але лепшы шлях туды па хрыбце.

- А табе не будзе непрыемна, калi ўбачыш мяне на хрыбце?

- Зараз я рэдка хаджу туды, - сказаў Боб. - Надта далёка.

- Хочаш, я падстрэлю табе якую-небудзь дзiчыну на мяса, калi сустрэну, вядома? - спытаў Рой.

- Там шмат аленяў, - сказаў Боб. - Убачыш, страляй.

Прапануючы забяспечыць Боба мясам, Рой хацеў адплацiць за дазвол на праход па яго ўчастку. Мяса было амаль адзiнай ежай iндзейскай сям'i. Боб паляваў як i ўсе, але ён не мог дазволiць сабе незаконнага палявання. За гэта яго iндзейца - чакала такая ж адплата, што i белага, але для iндзейца страта ўчастка была стратай самога жыцця. I вось Iндзеец Боб неяк перабiваўся на законнай норме. Гэта давала магчымасць штогод купляць крыху правiянту ў краме, але большую частку харчу ён выдзiраў з зямлi, тут, ля свайго ручая, вырошчваючы крыху кукурузы i азёрнага рысу, трымаючы курэй, свiней, коз i ловячы летняй парой столькi рыбы, колькi мог правялiць альбо захаваць на зiму ў сваiм пограбе.

- Чаму ты не папросiш участак у бабровым заказнiку Джэймс-Бэй? - спытаў Рой у Боба.

Як i некаторыя iншыя заказнiкi Канады, Джэймс-Бэй быў буйным лясным заказнiкам, закрытым для ўсiх трапераў, акрамя абмежаванай колькасцi iндзейцаў; гэта была гаспадарка, дзе кiшэлi маладыя бабры; абароненыя законам бабры хутка размнажалiся i давалi гарантаваны ўлоў.

- Не ведаю такой зямлi, Рой, - адказаў Боб.

Рой ведаў: Боб хацеў гэтым сказаць, што Муск-о-гi яго дом, дом яго продкаў. Ён не хацеў пакiдаць яго, як Рой не хацеў пакiдаць Сент-Элен.

- Ты маеш рацыю, - разважлiва прамовiў Рой. - Джэймс-Бэй - гэта вельмi далёка адсюль.

- Скончыцца тым, што я стану фермерам, расчышчу вось тут лес i буду фермерстваваць, - сказаў Боб. Як i Рой, ён ведаў, што звяры сыходзяць на поўнач i хутка зусiм знiкнуць. Як i Рой, ён ведаў, што нiколi не здолее пакiнуць лес, i чым пакiдаць яго, ён быў гатовы паспрабаваць фермерства ў лесе.

- А што скажа крымiнальны кодэкс наконт гаспадаркi на поўначы? - спытаў у яго Рой. - Ты ж мог паспрабаваць атрымаць участак на поўначы?

- Цяжка адказаць, Рой. Адна справа, калi чытаеш закон, зусiм iншая, калi яго парушаеш, асаблiва крымiнальны кодэкс.

Крымiнальным кодэксам звычайна называлi палажэннi пра iндзейцаў. Рой чытаў гэтыя палажэннi, чытаў iх у хацiне Боба, дзе яны вiселi як яшчэ адна насмешка Боба над белымi. Рою яны здалiся такiмi падобнымi на палажэннi пра звяроў, што ён прыйшоў да высновы, што iндзейцаў захоўваюць як звяроў, як асколак натуральнага i пажаданага ляснога жыцця, якому нельга было даць знiкнуць зусiм.

- Ну што ж. Я пайду, Боб, - сказаў Рой.

Выгляд iндзейца пачаў засмучаць яго. Думка, што Iндзеец Боб асуджаны заставацца тут, - усё адно, будзе да рэшты вылаўлены гэты ўчастак цi не, заўсёды засмучала Роя.

- Калi ты збiраешся iсцi на поўнач на новыя землi? - спытаў iндзеец Роя.

Рой пачаў ужо пераходзiць рэчку.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату