салодкай кавай са згушчоным малаком. Падчас яды пачалi распытваць Роя, як iдуць яго справы. Ён расказаў iм пра масавую лоўлю на Чатырох Азёрах i прызнаў эксперымент няўдалым. Яны пярэчылi, што ўвогуле ўлоў у яго неблагi, але Рой сказаў, што i гэткага ўлову ён больш не даб'ецца.
- На Зялёных Азёрах больш не засталося баброў, а лiсы i рысi не хопiць i па адным на пастку. Дзеля забавы там можна паставiць адну-дзве пасткi, але сапраўднай лоўлi там не чакай. Непатрэбнага клопату шмат, а здабытак - на капейку.
- Мы з Зелам праверылi некалькi тваiх пастак па дарозе сюды, - сказаў Джэк. - На балоце мы знялi пацука. - Джэк сказаў, што яны садралi скурку i паставiлi яе на распялку. Яна i вiсела на дроце разам са скуркамi дзвюх андатраў, якiя Рой узяў на тым жа балоце.
Рой пачаў ужо распраўляцца з норкай, якую злавiў на Лiтл-Рывер. Седзячы на ложку, ён прытрымлiваў карычневага звярка памiж каленяў, асцярожна падразаў скуру ўздоўж лапак, здзiраючы яе цалкам, i адначасова ачышчаў ад тлушчу. Калi скурка была знятая, Рой нацягнуў яе пушнiнай унутр на доўгую драўляную рамку. Затым, заганяючы ў цэнтр рамкi клiн, ён пачаў расцягваць яе, змазваючы скурку мылам 'Люкс', якое ўсунула яму ў кiшэню Джынi Эндрус. Рой славiўся тым, што ўмеў расцягваць скуркi лепш за ўсiх трапераў Муск-о-гi. Ён мог расцягнуць скурку сярэдняга бабра да памераў буйнога, а буйнога - да вялiкага, вялiкага як цэлую коўдру.
- Хутка ты так напрактыкуешся, - сказаў яму Джэк, - што з ласкi расцягнеш iльва.
Рой засмяяўся, але яму здалося, што Джэк жартуе нездарма. Ён зноў падумаў, што Джэк нешта недагаворвае, але, вiдаць, не хоча гаварыць пра гэта пры Зеле.
Магчымасць пагаварыць з Роем адзiн на адзiн з'явiлася ў Джэка на другi дзень, калi яны ўдвух на чоўне зрабiлi невялiкi аб'езд пастак на возеры Т. Але Джэк зноў нiчога не сказаў, i Рой перастаў нават асцярожна нагадваць пра тое, чым ён быў заклапочаны. Высветлiлася толькi адна праблема, але Рой ведаў, што не яна на самай справе клапацiла Джэка.
- Некалькi дзён таму iнспектар выправiўся ў абход, - сказаў Джэк.
- Куды?
- Не ведаю. Ведаю толькi, што ён пайшоў з Сент-Элена.
- Што, шукае сабе прыгоды?
- Так, i мо менавiта тут, - сказаў Джэк. - Ты ведаеш, што будзе, калi ён застане Зела i Сахатага ў цябе ў хацiне?
- Я заўсёды магу сказаць, што не клiкаў iх.
- Гэта не дапаможа, - засцярог Джэк. - Тады табе канцы.
- Мне i так канцы, - сказаў Рой. - Нiводнай скуркi з цэлага возера.
З возера Т яны вярнулiся з пустымi рукамi, i Джэк пераканаў Роя папаляваць з iм на хрыбтах каля Чатырох Азёр, адначасова аглядаючы пасткi, але галоўным чынам адсочваючы аленя альбо лася; аднаго для Джэка, другога Рою на зiмнi запас. Яны пайшлi на другую ж ранiцу i пешкi прайшлi маршрут Роя ў зваротным напрамку, угару да возера Пiт-Пiт i Лiтл-Рывер, затым па хрыбтах да Чатырох Азёр. Зела Сен-Клэра яны пакiнулi ў хацiне чакаць вяртання Мэрэя, i толькi ўдалечынi ад Зела i хацiны Джэк сказаў нарэшце Рою тое, што ўвесь час займала яго. Ён сказаў пра гэта Рою, калi яны залезлi на Снежную Скалу - найвышэйшы пункт уладанняў Роя. Яны стаялi там, пазiраючы на хрыбты, што раскiнулiся ва ўсе бакi, на пашу ласёў i недаступныя тарфяныя балоты. Адсюль лоўка было сачыць за дзiчынай, i яны спынiлiся тут паснедаць.
- Здаецца, я павiнен сказаць табе, што Эндзi Эндрус вярнуўся, - сказаў Джэк.
- Эндзi? - перапытаў Рой. - Вось д'ябал!
- Ён з'явiўся тыдзень таму, - дадаў Джэк.
- А дзе ён з'явiўся?
- У Джынi. Да яе i прыйшоў.
- I ён быў там, калi ты адыходзiў?
Джэк кiўнуў.
- Здаецца, што так, - сказаў ён.
Рой доўга не мог прамовiць нi слова, маўчаў i Джэк. Джэк не раз прыкiдваў, цi варта наогул сказаць пра гэта Рою, але ведаў, што раней цi пазней Рой ўсё адно даведаецца, i сядзеў як на iголках, баючыся, што Зел Сен-Клэр скажа пра гэта першы. Джэк не хацеў, каб Рой даведаўся пра гэта ад Сен-Клэра, бо разумеў, якi выбар патрэбна будзе зрабiць Рою. У яго i так была пагроза страцiць родную хату, iснавала неабходнасць пакiнуць лес i заняцца фермерствам, а таксама непакоiла перакананасць, што паляванне для яго скончылася. А зараз ён мог страцiць i сваю Персефону*.
* Персефона - у антычнай мiфалогii жонка гаспадара падземнага свету, якую муж адпускаў на зямлю да яе мацi Дэметры толькi на некалькi месяцаў за год.
Джэк ведаў таксама, што для Роя магчымы два рашэннi. Па-першае, праседзеўшы зiму тут, ён мог на будучы год пайсцi на поўнач, атрымаць там новы ўчастак. Менавiта гэтага хацеў Джэк для свайго старога сябра, але ён ведаў, як мала для гэтага шанцаў. Зараз, калi Эндзi вярнуўся, калi Сэм не адмовiўся ад свайго намеру кiнуць ферму, калi Рой асаблiва востра адчуваў цiск лесу, - было верагодна, што ён не заглыбiцца ў глуш, пакiдаючы за сабой гэткую неразбярыху. У адрозненне ад Джынi Джэк ведаў, што Рой не пойдзе ў глуш, калi яму не будзе куды вярнуцца. Зараз Рой страцiў абедзве свае апоры, i другое мажлiвае для яго рашэнне было пайсцi з Зелам i Мэрэем у заказнiк з рызыкай, што, найбольш верагодна, яго зловяць, адбяруць дазвол i дзялянку i гэтым загубяць яго самога. Гэта была адна з прычын, чаму Джэк iмкнуўся звесцi Роя ад Сен-Клэра i Мэрэя. Джэк спадзяваўся, што да таго часу, як Рой вернецца ў хацiну, Зел i Мэрэй будуць ужо далёка. I ён цвёрда вырашыў як мага даўжэй утрымлiваць Роя ад вяртання ў хацiну.
- Значыць, Эндзi ўсё-такi вярнуўся, - спакойна сказаў Рой. - Ну што ж! Ён вытрас рэшткi гарбаты ў агонь кастра.
Джэк затаптаў агонь i сабраўся iсцi далей.
- Ну як Эндзi? - марудна прамовiў Рой.
- Патаўсцеў, - сказаў Джэк. - Ён быў у армii.
- Вiдаць, без грошай?
- Ды не. Я бачыў, як ён у бары заказваў шкалiк для Сэма. Ён i сам, здаецца, стаў ахвочы да бутэлькi.
- Што-небудзь казаў?..
Джэк разумеў, пра што пытаецца Рой.
- Не, нiчога.
- I збiраецца застацца?
- Цяжка сказаць. Ты ж ведаеш Эндзi.
- Ён застанецца, - сказаў Рой. - Ва ўсякiм выпадку, да майго вяртання.
Ведаючы Эндзi, Рой быў здзiўлены, што той не з'явiўся проста да яго ў лес, каб высветлiць адносiны. Эндзi заўсёды дзейнiчаў напралом, як бык, атакуючы любую цяжкасць слепа i лбом у сцяну.
- Як ты думаеш, цi прыйдзе ён у лес? - спытаў Рой.
- Не ведаю, - адказаў Джэк. - Я яму сказаў, што цябе неўзабаве чакаюць у Сент-Элене.
Джэк зрабiў усё, каб папярэдзiць з'яўленне Эндруса тут, у лесе, але Джэк не сумняваўся, што, калi Эндрус зразумее сапраўдны сэнс 'дзелавых адносiн' Роя i Джынi, першая ж хваля неўтаймоўнага гневу абвязкова прывядзе яго сюды.
Рой нiчога больш не пытаў, i яны сачылi за аленем далей.
Iм трапiлася шмат слядоў аленя на снезе, але нiводнага аленя так i не ўбачылi. Ноч яны правялi ў хацiне ля Чатырох Азёр, а затым аднавiлi паляванне, адначасова аглядалi пасткi Роя. Рой выявiў яшчэ аднаго бабра i рысь у пастцы, i яму зараз даводзiлася цягнуць на спiне вялiкi груз. Яны пайшлi па заснежаных хрыбтах да возера Т i ў накiрунку да хаты, разыходзiлiся, каб ахапiць звыклыя сцежкi аленяў, i зноў сустракалiся ў дамоўленых месцах.
- Хочаш пабачыць мядзведзя? - спытаў Рой, калi яны сустрэлiся ля вялiкай кучы горных валуноў, абкружаных хвойным зараснiкам.
- А дзе ён?
Рой паказаў унiз.
- Прыгледзься вунь да тых скалаў.