пытаннямi Бэрка, нiчога не сказаў з таго, што магло б выдаць яго незаконныя дзеяннi. Ды i Бэрк не настойваў нi на адным рызыкоўным пытаннi. Калi Рой быў блiзка да таго, каб выявiць, што ён так шмат ведае пра вясновыя звычкi баброў у iхнiх хатках i пра летнiя звычкi норкi iменна таму, што займаўся пазасезоннай лоўляй, Джэк спрабаваў перавесцi гаворку на iншую тэму. Але Роя нельга было збiць з панталыку. У Бэрку ён убачыў чалавека, якi ведаў пра дзiчыну не менш за самога Роя. А Рой любiў лес гэтак жа, як i Бэрк, ён разумеў не толькi барацьбу i раўнавагу ў прыродзе, але i ўвесь працэс ляснога жыцця.
Як i Рой, Бэрк не iмкнуўся ўвесцi ў жывёльны свет нейкiя 'павiнен' альбо 'не павiнен' i не разглядаў звяроў з пункту погляду iх карысцi для чалавека. Ён прымаў жывёльны свет такiм, якiм ён быў, i гэта больш за ўсё iншае пераканала Роя, што Бэрк заслугоўвае даверу. А пасля Рой зразумеў, чаму Бэрк захацеў заваяваць яго давер. Бэрку патрэбны былi гэтыя звесткi, гэты падрабязны i дакладны малюнак становiшча з дзiчынай у Муск-о-гi як чалавеку, жыццё якога было прысвечана вывучэнню i спазнанню лесу; гэта была яго праца, яго спецыяльнасць; i як знаўца сваёй справы, Рой ахвотна даваў звесткi, якiя патрабавалiся Бэрку, нават разумеючы, што гэта можа паслужыць матэрыялам для нейкага рашэння ўладаў пра Муск-о-гi. У запале Рой неаднаразова быў блiзка да таго, каб выдаць сакрэт сваёй пазасезоннай лоўлi, але Бэрк сам тактоўна засцерагаў яго ад гэткай безагляднасцi.
Затым прыйшла чарга Роя задаваць пытаннi, не проста пытаннi пра дзiчыну, але галоўныя пытаннi пра сваё iснаванне. I Бэрк быў менавiта той чалавек, якi мог развеяць сумненнi i трывогi Роя. Бэрк мог даць вычарпальны i канчатковы адказ на пытаннi, цi сапраўды дзiчына Муск-о-гi сыходзiць на поўнач, цi вернецца яна, цi скончана тут лоўля, цi гэткае ўжо безнадзейнае паляванне ў Муск-о-гi, як ён даказваў сабе з году ў год.
Ды не проста было задаваць такiя пытаннi.
- Скажыце, - спытаўся Рой для пачатку, - цi заўсёды лось i алень жылi ў Муск-о-гi, цi яны прыйшлi сюды са Штатаў?
- Па маiх звестках, - сказаў Бэрк, - першая белахвостая лань была адзначана блiз Сент-Элена ў тысяча восемсот восемдзесят шостым годзе, а першы лось - прыкладна ў тысяча восемсот восемдзесят дзевятым. I прыкладна ў той жа час апошнi лось быў зарэгiстраваны ў штаце Ныо-Йорк, такiм чынам, зусiм верагодна, што лось прыйшоў сюды са Штатаў, ды i алень таксама.
- Але як магло здарыцца, - спытаў Рой, - што аленя тут стала нiбыта больш. Зараз у Муск-о-гi аленяў больш, чым дваццаць гадоў таму. Няўжо яны ўсё яшчэ прыходзяць з поўдня?
- Сумняваюся, - адказаў Бэрк. - Колькасць аленяў зараз расце на поўднi таксама, як i тут. Гэтаму садзейнiчала тое, што зводзяцца першабытныя лясы. Аленю патрэбна паша, i ён ахвотна жыве ў маладым лесе, на высечках, таму са знiкненнем лесу аленя становiцца больш.
- А чаму становiцца менш лася?
- Бо лось - насельнiк балот. Ён больш разборлiвы ў выбары месца, Рой. Чалавеку лягчэй дабрацца да яго, таму ён i сыходзiць на поўнач, усё глыбей i глыбей, куды не ступала нага чалавека. Яго, як i мядзведзя, выжылi з такiх цудоўных, вядомых мясцiн, як Муск-о-гi.
- А астатняя дзiчына? - спытаў Рой. - Яна таксама сыходзiць на поўнач?
- Не, - адказаў Бэрк, усведамляючы, што яго адказу напружана чакаюць усе тры паляўнiчыя, асаблiва Рой. - У Муск-о-гi дзiчына знiшчаецца альбо проста вымiрае. На поўначы дзiчыны больш, але не таму, што яна прыходзiць з Муск-о-гi. Не, Муск-о-гi губляе дзiчыну па волi прыроды i паляўнiчага. Яна не можа аднавiць страты. I зараз у яе няма на гэта шанцу.
- А будзе?
Бэрк разумеў, чаму Рой чакае адказу на гэтыя пытаннi, але, зiрнуўшы на яго сваiм вострым позiркам, вырашыў, што нiчога не трэба хаваць.
- Не, - разважна прамовiў Бэрк. - Страты незаменныя. Пэўны час дзiчына яшчэ будзе, але большасць пушнога звера, такога, як бабёр, норка i андатра, будзе змяншацца, пакуль некаторыя з iх не вымруць канчаткова, а iншыя стануць рэдкасцю. Гэта непазбежна, калi, вядома, урад не закрые палову Муск-о-гi для палявання i лоўлi, а затым установiць дзе-небудзь заказнiк для бабра i андатры.
- А цi хочуць гэта зрабiць?
Бэрк устаў i нервова прайшоўся па хацiне, бразгаючы ў кiшэнi нажом i ключамi.
- Не ведаю, што зробiць урад, Рой, - сказаў ён. - Але нешта мусiць зрабiць. Ён можа закрыць усе ўгоддзi альбо толькi палову - я гэтага не ведаю.
- А калi?
Бэрк пацiснуў плячыма.
- Мо ў будучым годзе, а мо праз год. Але, вiдаць, хутка.
- Значыць, паляванню ў Муск-о-гi сапраўды канец? - спытаў Рой.
Рашуча сцiснутыя губы на iмгненне расцiснулiся, выдаючы сумненнi Бэрка.
- Мне хацелася б аспрэчыць гэта, Рой, але вы самi, напэўна, ведаеце.
- Вы спецыялiст, - сказаў Рой. - Вам i кнiгi ў рукi.
Бэрк кiўнуў.
- Вы маеце рацыю. На жаль, гэта так.
Да гэтай пары Рою пагражаў выпадковы капрыз прыроды, але словы спецыялiста пра тое, што паляванне тут скончана, надавалi гэтаму безапеляцыйнасць чалавечага выраку. Хвiлiну Рой памаўчаў. Яны ўсе маўчалi. Рой мелькам акiнуў вокам сваю хацiну. Пасля ён засмяяўся так, як нiколi яшчэ не смяяўся.
- Дык, значыць, усiм нам хана, - сказаў ён.
- Не думаю, - мякка зазначыў Бэрк. - Не забудзьцеся, што iснуюць звярыныя заказнiкi. Прыйдзе час, i яны ўратуюць паляўнiчых.
- А якi толк ад дзiчыны ў заказнiках?
- Рана цi позна ахоўваемая дзiчына заказнiкаў размножыцца i распаўсюдзiцца на суседнiя ўгоддзi. Мо для вашых мясцiн у гэтым i няма сэнсу, але ў рэшце рэшт гэта адзiная надзея для паляўнiчых, Рой.
Рой гэта ведаў, але зараз для яго не было суцяшэння. Ён быў занадта прыгнечаны крахам Муск-о-гi.
- Iдзе працэс, а нам хана! - вось i ўсё, што прамовiў ён напрыканцы.
Iншыя не зразумелi, але Джэк яго зразумеў, i яму гэта не спадабалася. Рой зноў засмяяўся кароткiм злосным смехам, i Джэк ведаў - гэта Рой прызнае, што лес i Сент-Элен, нарэшце, перамаглi яго: лес, Сент- Элен i Эндзi.
Раздзел дзевяты
Ранiцай Джэк, Зел i Рой выправiлiся на возера Пiт-Пiт, каб правесцi спецыялiстаў, якiя адляталi на сваiм маленькiм гiдраплане. Пакуль Зел i Джэк дапамагалi Бэрку грузiцца, Рой разам з Ласонам здымаў з матора падшываны чахол.
- Куды вы кiруеце зараз? - спытаў Рой. - На поўнач?
Ласон зiрнуў на пабялелае возера, якое замерзла амаль да сярэдзiны. Нават вузенькая чорная палоска вады была накрыта ледзяной плёнкай.
- Не, - адказаў Ласон. - Трэба яшчэ наведаць iндзейца на парогах Уош-Уош. Спадзяюся, мне ўдасца пасадзiць самалёт на раку, калi, вядома, яна не замерзла.
- А пасля куды? - асцярожна спытаў Рой.
- Сент-Элен, а затым у Таронта. Калi мы не паспяшаемся вярнуцца туды, нас дзе-небудзь замарозiць. - I ён нагой стукнуў па паплаўку, на якiм стаяў.
- А што вы хочаце ад Iндзейца Боба?
- Нам патрэбна рыба з яго ракi, - патлумачыў Ласон. - Чорны акунь, калi ўдасца яго знайсцi.
- Вы лiчыце, што рыбную лоўлю забароняць, як i паляванне? - спытаў Рой.
Ласон, круцячы вiнт, кiўнуў бялявай галавой.
- Баюся, што так i будзе, - сказаў ён.
- Я разумею, дзiчына сыходзiць, - сказаў Рой. - Але чаму знiкае ў нашых азёрах рыба? Тым больш чорны акунь. Яго ж тут нiхто не ловiць дарэшты, i незразумела, чаму з кожным годам яго становiцца ўсё менш.
- Надта шмат iлу ў гэтых азёрах, занадта густая вада для чорнага акуня, растлумачыў Ласон. - Пакуль навокал былi сасновыя лясы, вада затрымлiвалася ў глебе, яе затрымлiвалi мох i хвоя, усмоктваючы, ахалоджваючы i паступова фiльтруючы ў ручаi цераз балота. А зараз у гэтых аголеных зараснiках без падлеску вада проста сцякае ў азёры, зносячы з сабой шмат прымесяў i захоўваючы высокую тэмпературу. Iл асядае на дно, зацягвае гнёзды акуня i яго iкру. Вось i выводзiцца акуня ўсё менш i менш. Гэткая ж