сiтуацыя i са шчупаком. Увесь кругаварот жыцця ў рыбы парушаны. Для захавання прамысловай рыбы ў гэтых азёрах трэба на некалькi гадоў забаранiць лоўлю.
- А Iндзеец Боб i жыве, лiчы, адной рыбай, - сказаў Рой. - Яму гэта будзе не даспадобы.
- Вядома, - сказаў Ласон, на iмгненне адчуўшы, як ўсё гэта змрочна. - Ну, Рой, спадзяюся, мы з вамi яшчэ сустрэнемся, - сказаў ён i падаў руку. - На будучы год мы вернемся паглядзець, як тут у вас iдуць справы.
Падышоў i Бэрк.
- Так, мы вернемся. - Бэрк зiрнуў на Роя. - I наступным разам вы не старайцеся абагнаць на возеры вецер.
Рой засмяяўся, але гэта быў толькi адбiтак яго звычайнага смеху.
Ласон узяўся за трос i вывеў машыну на чыстую ваду. Яны залезлi ў маленькую кабiну i селi поплеч. Ласон нешта напампоўваў, турзаў за адзiн рычаг, за другi. Матор забуркатаў i змоўк, затым забуркатаў зноў i нарэшце ўсмактаў лятучую сумесь i запрацаваў як след. Увесь лес адгукнуўся на металiчны голас маленькай машыны. Ласон правёў яе па вадзяной сцежцы, крута павярнуў, адарваў ад вады i амаль iмгненна знiк за хрыбтом, пакiнуўшы дзiўную пустэчу i маўклiвасць.
- Пайду шукаць гэтага махляра Мэрэя, - сказаў Зел i павярнуўся да хацiны. - Здаецца, ён пайшоў без мяне, але я хачу пераканацца, Рой. Я пайду, вiдаць, да Скоцi i Самсона, пагляджу, цi няма яго там. А калi яго няма i там, я пайду за iм у заказнiк.
Рой нарэшце адважыўся на скачок.
- Я пайду з табой, - сказаў ён Зелу.
- У заказнiк? - Зел не верыў сваiм вушам.
- Iменна! - кiнуў яму цераз плячо Рой. - Пройдзеш са мной праз Чатыры Азёры, i там я збяру свае бабровыя пасткi.
- Я спадзяюся, ты разумееш, што робiш? - хутка ўмяшаўся Джэк Бэртан.
- Вядома, разумею, - адказаў Рой. - На гэты раз цудоўна разумею.
- Не, не разумееш! - шырокiмi крокамi даганяючы Роя, крыкнуў Джэк. Нейкi час яны iшлi моўчкi, затым Джэк сказаў: - Няма сэнсу ўцякаць ад гэтага, Рой. Рана цi позна, але табе давядзецца вярнуцца ў Сент-Элен. - Надта занепакоены Джэк не захоўваў межы прыстойнасцi i дадаў: - Усё роўна, будзе там Эндзi цi не.
Рой на гэта не адгукнуўся, як маўчаў ён i на ўсе звароты Джэка да яго розуму. Чым больш распальваўся Джэк, тым больш спакойным станавiўся Рой; калi прыйшлi ў хацiну, ён пачаў збiраць у дарогу правiянт, паказваючы тым самым, што рашэнне яго цвёрдае. Зел аж са скуры вылузваўся, дапамагаючы яму, i Рой нагрузiў у мех Зела ўсё тое, што не ўлезла ў яго ўласны.
Нарэшце Рой поўнасцю адчынiў засланку, каб хутчэй згарэлi дровы, а затым усе яны рушылi ў напрамку Чатырох Азёр; але Джэк пайшоў не толькi дзеля таго, каб закончыць паляванне, але i з надзеяй адгаварыць Роя ад яго неразумнай задумы.
Усю рэшту дня Рой здымаў свае пасткi на Чатырох Азёрах i хоць часам пасмiхаўся, што Джэк ходзiць за iм, як прывязаны, i iмкнецца ўгаварыць, але жарты ў яго неяк не атрымлiвалiся.
- Дарэмна стараешся, - спакойна сказаў ён, калi яны ўладкавалiся на начлег у хацiне на Чатырох Азёрах. - Я мушу iсцi.
- Ты з глузду з'ехаў, - сказаў Джэк.
Рой чуў, як хрыпiць Зел Сен-Клэр.
- На мой розум, дык табе лепш спынiцца ў Сент-Элене, - сказаў Джэк.
- Мо я i не супраць, - з горыччу азваўся Рой, - калi б было за што зачапiцца.
Джэк яшчэ нiколi ў жыццi не чуў такой горычы ў словах Роя, i хоць ён i раней здагадваўся, як падкасiў Роя Сэм, а зараз у дадатак i Эндзi, але толькi цяпер ён раптам зразумеў, як недаацэньваў глыбiню пачуццяў Роя. Цяпер ён ведаў, што на гэтую авантуру Роя штурхаюць менавiта падзеi ў Сент-Элене, але ён таксама ведаў, што апошняй кропляй была размова з Бэркам i Ласонам. Усё гэта турбавала Джэка, i ён не ведаў, як яму падступiцца да даўняга сябра. Упершыню ў жыццi ён не мог зразумець, што з Роем адбываецца.
- Ты ж ведаеш, - нагадаў яму Джэк, - Сэм яшчэ не з'ехаў.
- З'едзе, - абыякава азваўся Рой. - Ён паедзе!
Джэк здаўся. Больш ён не прамовiў нi слова ажно да наступнай ранiцы, калi яны падышлi да хрыбта, па якiм Зел i Рой павiнны былi пайсцi да хацiны Скоцi i Самсона.
- Я пастараюся, каб Сэм застаўся, - сказаў Джэк. Гэта была апошняя безнадзейная спроба затрымаць Роя. - А Эндзi, магчыма, i з'едзе.
- Фермер Джэк! - гукнуў Рой i памахаў вольнай рукой, хутка аддаляючыся ад яго па хрыбце. - Да вясны? - крычаў ён, не азiраючыся i згiнаючыся пад цяжарам заплечнага меха. - Вясной убачымся! - А сам сабе дадаў вельмi спакойна: 'Калi давядзецца!'
Рой павёў Зела па хрыбтах, вольных ад снегу, выбраўшы больш доўгi, але больш лёгкi шлях да Лiтл- Рывера; перабраўшыся цераз раку, яны выйшлi на сцежку да хацiны Скоцi i Самсона. Хутка вечарэла, i Рой убачыў, што яму не ўдалося сэканомiць час. Ён паскорыў крок, i ўсё адно было ўжо зусiм цёмна, калi яны падышлi да разнасцежаных дзвярэй хацiны, з якой клубамi валiў дым.
- Хто гэта там? - сустрэў iх голас Самсона.
Скоцi быў здзiўлены, але Мэрэй вiтаў iх:
- Хэло, Рой, хэло, Зел, - у яго словах не было здзiўлення, толькi звычайнае вiтанне - i нiчога больш.
- Дык ты тут? - напаў на яго Зел. - Чаму ты не зайшоў па мяне? Я чакаў цябе ў Роя цэлы тыдзень.
- А я якраз збiраўся iсцi па цябе, - сказаў Мэрэй, дапамагаючы iм скiнуць мяхi.
- Позна ж ты сабраўся, - разышоўся Зел.
Мэрэй не стаў з iм спрачацца, i ў ягоных вачах можна было прачытаць поўную абыякавасць - цi ўзяць Зела, цi пакiнуць яго, чакаць Зела альбо не чакаць.
- Значыць, i ты сабраўся? - сказаў Скоцi Рою.
- Падобна на тое, Скоцi, - неахвотна адказаў Рой.
- Гэта няправiльна, Рой, - пакруцiў галавой Скоцi.
Рой не спрачаўся, не называў Скоцi прападобным.
- Правiльна цi няправiльна, - сказаў ён, - якая рознiца?
- Што i казаць, падманеш ты iнспектара, - сказаў Самсон.
Мэрэй пазiраў на Роя i бачыў толькi лепшага звералова Муск-о-гi. Але сiтуацыя яму падабалася.
- Гэта праўда, Рой, - сказаў ён, - iнспектар надта здзiвiцца, калi даведаецца, што ты залез у заказнiк! Ён, вядома, перакананы, што ты ловiш больш за норму, але ўсё-ткi лiчыць цябе законапаслухмяным траперам. Вось здзiвiўся б ён, калi б убачыў цябе з намi! Уяўляю! - Яны не ўслухоўвалiся ў няспешную гаворку Мэрэя, i ён не меў прэтэнзiй.
- Адным цудоўным днём не толькi Рой здзiвiць гэтага нягоднiка iнспектара, - гарачыўся ўвесь узбуджаны Зел.
- А чаму ты, Самсон, не iдзеш з намi? - хутка спытаў Рой. Ён не жартаваў, ён быў сур'ёзны, нават занадта сур'ёзны. Яго мускулiсты твар напружыўся, маленькiя вочы схавалiся ў зморшчынах, калi ён здзеклiва зiрнуў на Самсона.
- Спытайся ў Скоцi, - сказаў Самсон. - Калi пойдзе ён, пайду i я.
- Пайшлi з намi, Скоцi, - сказаў Рой; гэта быў не здзек, а проста безнадзейны заклiк. - Чаму ты не iдзеш?
- Каб табе было не сорамна туды iсцi? - сказаў Скоцi.
Роя гэта не кранула, i Скоцi пашкадаваў, што сказаў гэта.
- Я жанаты, Рой, - сказаў Скоцi, каб вылучыць неабвержны аргумент i iстотную прычыну. - Жанаты i Самсон. Мы не можам так рызыкаваць, як рызыкуеце вы.
- А што такое? - умяшаўся Зел. - Сахаты жанаты, i я жанаты.
- Так, - марудна запярэчыў Скоцi, - i калi б вы маглi атрымаць назад вашыя надзелы, вы ўчапiлiся б у iх зубамi i рукамi. Дык навошта ўцягваць Роя ў вашыя неразумныя задумкi?..
- Ладна, Скоцi, - спакойна прамовiў Рой, i больш да гэтай тэмы яны не вярталiся.
- А як жа з тваёй уласнай лоўляй, Рой? - спытаў Самсон. - Калi iнспектар захоча праверыць цябе, ён адразу зразумее, што цябе няма.
Рой кiўнуў.