- Не ўся, - запратэставаў Рой.
- Уся, да адзiнай скуркi! - адрэзаў Скоцi.
- Паслухай, Скоцi, - сказаў Рой. - Не давай ты волi над сабой твайму закону i парадку. Так, яна з заказнiка, але ж пра гэта нiхто не ведае.
Скоцi пакрыўдзiўся.
- Мяне не гэта хвалюе, Рой.
Рой зразумеў, што сказаў не так, але яму трэба было сказаць iм гэта. Ён хацеў аддаць iм пушнiну, але не мог растлумачыць, што аддае iм iхнюю законную долю за тое, што яны жывыя людзi, за тое, што яны яго сябры, за тое, што яны зараз побач з iм. Права на долю здабычы ў заказнiку давала iм само iх iснаванне, але ён не спадзяваўся растлумачыць iм гэта, бо i сам добра не разумеў гэтага. Ён ведаў толькi, што павiнен прымусiць iх узяць пушнiну, i ён угаворваў iх i паасобку, i ўсiх разам, але нiводзiн з iх не згадзiўся.
- Навошта нам браць чужую пушнiну? - спытаў Самсон.
- Дык яна зусiм не чужая, - сказаў Рой.
- А чыя ж?
- У нейкiм сэнсе яна ваша, як i мая.
Скоцi засмяяўся.
- Няма чаго раскiдвацца сваiм дабром, Рой, - сказаў ён.
- Боб! - звярнуўся Рой да iндзейца.
- Пушнiна твая, - сказаў Боб i амаль усмiхнуўся, рэдкi выпадак: прывiд з адзнакай жыцця.
Рой ведаў, што яны адмаўляюцца з тым жа глыбокiм пачуццём павагi, з якiм ён прапануе. Аднак быў момант, калi яму здалося, што Скоцi не хоча браць таму, што ўзяць яе было б несумленна, а Iндзеец Боб таму, што гэта было небяспечна. Але думка гэтая адразу ж знiкла - ён надта добра ведаў гэтых людзей. Пасля ён абвiнавацiў самога сябе, што гэтым падарункам ён iмкнецца частку адказнасцi за браканьерства ў заказнiку перакласцi на iх, але пазней ён адпрэчыў i гэта, бо i зараз ён не адчуваў пакут сумлення. Паляванне ў заказнiку навучыла яго баяцца адзiноты i самазнiшчэння, i закон не меў да гэтага нiякiх адносiн. Затым ён зразумеў, што прапанаваў сваiм сябрам частку самога сябе. Тая ўзаемная павага, якая рабiла неабходным гэты ўчынак, рабiла непазбежным iх адмаўленне, i, радуючыся гэтаму, ён не настойваў.
- А як ты думаеш, што сталася з Сахатым i Зелам? - спытаў у яго Самсон.
- Яны ўзялi курс на Паўночны полюс, - адказаў Рой.
- Ну i пагулялi вы там уволю, - працягваў Самсон. - Шкада, што я не пайшоў з вамi.
Рой хацеў адказаць шчыра, хоць на хвiлiну быць з iмi шчырым. На яго твары можна было прачытаць гэтую праўду, i Скоцi з Бобам прачыталi яе, але Рой толькi ўсмiхнуўся Самсону.
- Праўда? - сказаў ён. - Адзiн раз за год я думаў наведвацца туды для адпачынку. Наступным разам пойдзем са мною, Самсон. Там якраз патрэбен такi чалавек, як ты. Усе звяры там толькi i чакаюць, каб аддаць табе свае скуры.
- Праўда? Гэта мяне задавальняе, - важна адказаў Самсон.
- Мы з табой супраць усяго свету, - падхапiў Рой.
- I супраць iнспектара, - нагадаў Скоцi.
Рой рассмяяўся, як бывала раней, i са шчаслiвым стогнам павалiўся на ложак.
- Ваша вялiкасць, Скоцi Малькольм! - сказаў ён. Так ён ляжаў, маючы асалоду, пакуль яго не напалохала мiнулае. - Калi iспектар усё яшчэ на маiм следзе, - сказаў ён, - мне лепш сысцi на возера Т i прыкiнуцца прыкладным траперам.
- Сёння ты нiкуды не пойдзеш, - сказаў яму Скоцi.
- Табе будзе дрэнна, Рой, - сказаў Боб.
- Ведаю, - адказаў Рой. - Толькi я ўсё адно пайду.
Яны так i не пераканалi яго, паказалi, дзе схавана пушнiна, i прыбралi ў хацiне, пакуль ён адпачываў. Калi яны скончылi, ён апрануў сваю брызентавую куртку i выйшаў.
Самсон спытаў:
- А дзе тваё ружжо, Рой?
- Згубiў! - сказаў Рой.
- А вохцi мне, ён утапiў ружжо ў тым возеры! - загукаў Самсон. - Ён згубiў ружжо!
- Даводзiлася выбiраць: ружжо альбо жыццё, - спрабаваў абараняцца знiякавелы Рой.
Яны засмяялiся, Скоцi i Самсон рагаталi аглушальна, а Iндзеец Боб даволi абыякава назiраў, як белыя людзi разыгрываюць сваю звыклую гульню ў адносныя каштоўнасцi.
- Ну як? Задаволены? - сказаў Рой. - Пайшлi!
Яны развiталiся каля хацiны; Скоцi павёў Роя проста на возера Т, Iндзеец Боб зноў пайшоў на паляванне, а Самсон накiраваўся на захад, да Лiтл-Рывера. Ён пайшоў з хацiны апошнiм i, праводзячы доўгiм позiркам камлюкаваты сiлуэт Роя, не мог стрымаць захаплення, якое межавала з зайздрасцю.
Каб дабрацца да хацiны на возеры Т, Рою i Скоцi спатрэбiлася ўся рэштка дня, i па дарозе Рою, як ён i чакаў, стала блага. Але калi апынуўся ў хацiне, глядзеў на фантан полымя ў печцы, дзе Скоцi рыхтаваў вячэру, Рой адчуваў, што да яго вяртаецца ранейшая сiла. Кожны гук i пах былi для яго гаючым бальзамам, i не было рэчы ў хацiне, якая нездавалася б яму новай i свежай.
- А ў тваю адсутнасць да цябе прыходзiў госць, - сказаў яму Скоцi.
- Мядзведзь з лесу?
- Не зусiм, - запярэчыў Скоцi. - Прыходзiў Эндзi Эндрус, каб убачыць цябе.
- Убачыць мяне?
- Ага.
- А ён не сказаў, чаго хацеў?
Скоцi пакруцiў галавой.
- Сказаў, што зайшоў па дарозе.
- А чаго?
- Не ведаю, Рой. Ён мала гаварыў.
Рою стала лягчэй. Ён доўга моўчкi слухаў, як боўтаюць у кацялок кавалкi бульбы, якую рэзаў Скоцi. Ён ведаў, што Скоцi нiколi не скажа яму, цi гаварыў Эндзi пра Джынi.
- Як ён? Джэк кажа, што патаўсцеў.
- На казённым хлебе. Быў у армii, - сказаў Скоцi.
- Сказаў, што робiць у Сент-Элене?
- Не. Ён наогул гаварыў мала. Яны з Самсонам у той жа вечар напiлiся.
Раней Скоцi любiў Эндзi, як i ўсе яны, але было зразумела, што зараз ён Эндзi не любiць. Рой задумаўся - чаму. I зноў спытаўся ў сябе: а як ён сам адносiцца да Эндзi. Ён ведаў Эндзi такiм, якiм ён быў дванаццаць гадоў таму, i такога чалавека ён не мог не любiць. Але зараз да яго пачуццяў дамешвалася непрыязнасць. Ён усё больш востра адчуваў, што Эндзi не павiнен быў вяртацца ў Сент-Элен. Рой быў яшчэ занадта слабы i не мог выявiць свае сапраўдныя адносiны да Эндруса, але адно было для яго зразумела: ён не стрывае, каб яго ў нечым абвiнавацiлi. Няхай Эндзi сярдуе, хай скарыстае сiлу - гэта яго справа; але любая яго спроба зняважыць Джынi i самога Роя выклiча толькi адпор, гэта ён ведаў дакладна.
- Ведаеш, - задумлiва гаварыў Скоцi. - У нечым Эндзi падобны да Мэрэя. Хоць ён i служыў у армii, але, гледзячы на яго, адразу пазнаеш у iм валацугу. Яму на ўсiх i на ўсё напляваць. Такi тлусты, абыякавы да ўсяго сяржант, да таго ж валацуга.
- I хай бы заставаўся ў армii! - сказаў Рой, знаходзячы iмгненна палёгку ў сваёй незадаволенасцi, але яшчэ больш перакананы, што Эндзi шукае з iм сваркi.
Гэтага Рой ужо не баяўся, але ў думках справiўшыся з Эндзi, ён выявiў, што ў яго ёсць i iншыя, больш страшныя сумненнi. У заказнiку Рой нi разу не сумняваўся ў Джынi таму, што нiяк не мог уявiць сабе нейкiя адносiны памiж ёй i Эндрусам. Калi ён уяўляў сабе яе, дык яе воблiк звязваўся для яго толькi з iм самiм. Гэтую iлюзiю ён прынёс з сабой з заказнiка. Зараз, аднак, усё змянiлася. Так блiзка ад дому i падобна на рэальнасць, ён пачаў думаць пра саму Джынi, i гэта прынясло яму новыя пакуты, новыя пытаннi: як яна ўспрыняла вяртанне Эндзi, цi задаволена гэтым так, як была задаволена дванаццаць гадоў таму? За ўсе гэтыя дванаццаць гадоў яна нi разу не сказала дрэннага слова пра Эндзi, нi разу не крыўдавала на яго за знiкненне i, што важней, нiколi не была пастаўлена перад неабходнасцю выбiраць памiж iмi. Дык што ж яна