- 1
Орлов Владимир (2)
Апэрацыя 'Прусакi' (на белорусском языке)
Уладзiмiр Арлоў
Апэрацыя 'Прусакi'
Сёмыя ўгодкi сьмерцi Ларысы Генiюш
Яшчэ й цяпер у зiмовую ранiцу, у тыя колькi хвiлiнаў сьцiшанага йснаваньня памiж яваю й сном, я магу зьнячэўку ўсьцешана падумаць: перад Калядамi паеду да Бабулi.
Так мы называлi яе мiж сабою ў гаворках, у лiстох i ў тэлефонных перамовах - зь любасьцю, а таксама (уважаючы на 'товарища майора') з асьцярогаю. Зрэшты, мяркую, 'товарнищ майор' цудоўна ведаў, што Бабуля - гэта Ларыса Антонаўна Генiюш.
Мо калi-небудзь я напiшу пра ўсё гэта больш падрабязна. Пра тое, як мы зь Сержуком Сокалавым грэлiся пасьля марознае дарогi ля печкi, i Бабуля, што кагадзе ўзрадавана называла нас 'сакалянятамi i арлянятамi', раптам нядобра блiснула вачыма. 'А хто вас, хлопчыкi, да мяне прыслаў?' Пра бандэролькi зь лекамi для ейнага хворага сэрца, якiя па два месяцы йшлi з Наваполацку ў Зэльву. Пра тое, як пасадзiўшы нас за шчодры стол, яна падымала кiлiшак са сваiм улюбёным цытрынавым лiкёрам i, зьвяртаючыся непасрэдна да электраразэткi, казала: 'Выпьем за нашего дорогого Леонида Ильича!' Пра тое, як праз колькi хвiлiнаў пасьля прыезду гасьцей у хаце неадменна зьяўлялася ўвiшная мэдсястрычка, якая рабiла Ларысе Антонаўне ўколы тых самых (дай Бог!) лекаў i якую ў гэты дзень ужо марна чакалi ўсе астатнiя зэльвенскiя хворыя, бо мэдсястрычка добра разумела, якi адказны ўчастак работы даручылi ёй таварышы.
Калi-небудзь я, вiдаць, напiшу, як зьневажалi яе зэльвенскiя настаўнiкi. Як яна дасылала лiсты Машэраву i якiя атрымлiвала адказы. Як угаворвалi яе прыняць савецкае грамадзянства, а яна ўпарта хацела заставацца грамадзянкаю Беларускае Народнае Рэспублiкi. Як, пахаваўшы мужа, яна жыла са сваiм сабачкам Жуком у абторканай мiкрафонамi i абкружанай сьцяной падазронасьцi й нянавiсьцi хаце. 'Нi адзiн народ так не прынiжаў сваiх паэтаў, сваiх жанчын', - напiсала яна ва ўспамiнах.
Калi-небудзь я распавяду, кiм была яна для нас у тыя гады.
Сёньня ж найперш прыгадваецца iншае: складзеныя на грудзях васковыя рукi, увачавiдкi сьсiвелы ад гора Жук ля труны з гаспадыняю, твары Зянона Пазьняка, мастака Яўгена Кулiка, гiсторыка Мiхася Чарняўскага, якi за год да гэтага, шмат чым рызыкуючы, вывез з Зэльвы Бабулiну 'Споведзь', што цяпер друкуе часопiс 'Маладосць'...
У краiне незалежнай, дэмакратычнай i культурнай разьвiтаньне з адной з найталенавiцейшых яе паэтак сталася б днямi народнага смутку. У нас, у Беларусi, гэтая журботная падзея прайшла непрыкметна, бо амаль нiхто проста ня ведаў нi пра паэтку, нi пра яе сьмерць, а калi б i ведаў, дык большасьцi ўсё адно было б 'да лiхтара'. Ну, а што тычыцца беларускай iнтэлiгенцыi, дык яе ў тыя красавiцкiя i, дарэчы, выхадныя днi апанавала пошасьць раптоўных хваробаў, сумеры якой можна параўнаць хiба што з колькасьцю тэрмiновых камандзiровак, маршруты якiх пралеглi дужа далёка ад Зэльвы.
Тым часам там, дзе трэба, выпiсвалi камандзiроўкi менавiта ў Зэльву. I ўсё-ткi на кожнага, хто прыехаў хаваць Паэтку, прыпала, здаецца, ня больш, чым па двое падсуседзяў. Далiбог, гэта былi неблагiя суадносiны, i няхай выбачаюць тыя, каго я не ўзгадаю.
З Наваполацку прыехаў iнжынэр Вiнцэсь Мудроў, зь Менску - археолягi Iгар Чарняўскi й Валеры Шаблюк, а таксама дырэктар акадэмiчнага Музэю старажытнабеларускае культуры Вольга Церашчатава з каляжанкамi. Вянок ад Саюза пiсьменьнiкаў Беларусi прывезьлi Вольга Iпатава й Адам Мальдзiс. З Гораднi прыехала Данута Бiчэль зь сябрамi, з Жлобiна - былы лягернiк Мiкола Канаш, якога мы зь Вiнцэсем (даруйце нам, Мiкола Iмполевiч) прынялi ў цягнiку за чалавека з канторы.
Сапраўдныя ж людзi ў цывiльным прыбылi на машынах зь менскiмi, гарадзенскiмi й берасьцейскiмi нумарамi. Яны няўтомна шпацыравалi па вулiцы, хадзiлi пад вокнамi, згуртаваным натоўпам стаялi ў часе адпяваньня нябожчыцы ў царкве, перапiсвалi зьвесткi аб прыежджых у зэльвенскiм гатэльчыку. Ня ведаю, чаго ў падсуседзкiх позiрках было болей: удзячнасьцi да нас, 'недобитых националистов', што неяк пацьвярджалi неабходнасьць iхняга йснаваньня i дапамагалi атрымлiваць новыя званьнi i ўзнагароды, гэтае ўдзячнасьцi, або прыкрасьцi, што 'главная националистка' i тут нашкодзiла: памерла акурат так, каб у iх прапалi выхадныя.
Далiкатнасьць падсуседзяў ня ведала межаў. Калi сын Ларысы Антонаўны, беластоцкi лiтаратар Юрка Генiюш прыцiшана чытаў мне зь сябрамi на ганку свой верш 'Чаму я чорны, мама?', двое ў цывiльным падышлi да яго амаль усутыч i сталi за плячыма. Хацелi закруцiць 'выкормышу' рукi й кiнуць у варанок? У аднаго зь iхнiх калегаў, нястомнага фатографа з партрэтным аб'ектывам, Вольга Iпатава запыталася, якi орган друку ён прадстаўляе, i той замест адказу шчоўкнуў i яе.
Цiкава, як называлася ў iх тая апэрацыя? 'Крыж'? Цi мо якая-небудзь 'Незабудка'? Цi 'Прусакi', як назваў бы яе я сам? Але як бы яна нi звалася, увесь плян ейным кiраўнiкам выканаць не ўдалося: спробы ўгаварыць цi змусiць везьцi труну й вялiкi драўляны крыж на машыне былi марныя. Увесь няблiзкi шлях да зэльвенскiх кладоў труну несьлi на руках. Сьледам iшла ўся Зэльва. Бел-чырвона-белых сьцягоў не было. Да iх мы тады яшчэ не дарасьлi.
Над сьвежаю магiлай я прачытаў напiсаны на сьмерць паэткi верш Сержука Сокалава, якi яшчэ не пiсаў песень i ня меў у прозьвiшчы ваярскага прыдомку, але Воюшам ужо быў.
Гучала лера мiлагучным ранкам,
Каб сьпевам вольнай Бацькаўшчыны стаць,
Каб Вашы песьнi вечная Зэльвянка
Магла вякамi голасна пяяць.
Вясновы вецер сьлёзы нам астудзiць,
I зубы сьцяць шчэ прыйдзецца ня раз,
Каб голасна сказаць на поўны грудзi:
Над памяцьцю ня мае ўлады час.
Пасьля нягод, чужыны, ператрусак,
Пасьля таго, пра што маўчаць гады,
Вы здолелi мiж iншых беларусак
Застацца Беларускай назаўжды.
7 красавiка 1990 г.
- 1