навучыцца думаць самастойна, i тады б яна раней цi пазней заўважыла, што ўпрывiлеяваная меншасць не мае нiякае рацыi iснавання, i зрынула б яе. Карацей кажучы, iерархiзаванае грамадства магло грунтавацца толькi на беднасцi i невуцтве.

Зварот да аграрнае мiнуўшчыны, як пра гэта марылi некаторыя мысляры на пачатку дваццатага стагоддзя, не быў бы практычным выйсцем. Ён пярэчыў тэндэнцыi да механiзацыi, якая зрабiлася ва ўсiм свеце амаль iнстынктыўнай. Да таго ж iндустрыяльна адсталая краiна была б бездапаможная ў ваенных адносiнах i хутка падпала б пад панаванне, ускоснае або непасрэднае, сваiх больш iндустрыяльна развiтых супрацiўнiкаў.

Трымаць масы ў галечы, скарачаючы вытворчасць - i гэта было б не найлепшае выйсце. Гэты сродак быў ужыты ў шырокiм маштабе ў фiнальнай фазе капiталiзму, прыблiзна памiж 1920 i 1940 гадамi. У эканомiцы шмат якiх краiн панаваў застой, палi не ўраблялiся, абсталяванне не абнаўлялася i вялiкiя масы насельнiцтва былi пазбаўленыя працы. Дзяржаўныя дабрачынныя арганiзацыi не давалi iм памерцi з голаду. Але i гэткае вырашэнне цягнула за сабою ваенную слабасць. Усе нягоды i беды былi вiдавочна неапраўданыя, што непазбежна спараджала апазiцыю. Праблема была ў тым, каб круцiць колы прамысловасцi, не павышаючы рэальнага багацця свету. Тавары павiнны былi вырабляцца, але не размяркоўвацца. На практыцы адзiным сродкам дасягнення гэтае мэты была няспынная, перманентная вайна.

Галоўнае дзеянне ў вайне - гэта знiшчэнне, не абавязкова людзей, але прадуктаў чалавечае працы. Вайна - гэта сродак знiшчыць, распылiць у стратасферы, патапiць на дне мора матэрыяльныя багаццi, якiя ў iншым выпадку маглi б быць выкарыстаныя на тое, каб зрабiць масы занадта заможнымi, а значыць, урэшце, занадта разумнымi. Нават калi зброя i не знiшчаецца ў вайне, яе вытворчасць ужо сама па сабе з'яўляецца лёгкiм сродкам такога выкарыстання працоўнае сiлы, каб не выраблялася нiчога, што можна было б спажыць. Напрыклад, працоўнае сiлы, выкарыстанае на пабудову адной Плывучай Крэпасцi, хапiла б на тое, каб вырабiць некалькi сотняў грузавых суднаў. Пасля, не прынёсшы нiкому нiякай матэрыяльнай карысцi, яна спiсвалася на пераплаўку. I тады, з яшчэ большымi працоўнымi выдаткамi, будавалася новая Плывучая Крэпасць. У прынцыпе ўсе ваенныя дзеяннi скiроўвалiся на тое, каб знiшчыць дадатковы прадукт, якi мог застацца пасля таго, як самыя пiльныя патрэбы насельнiцтва былi задаволеныя. На практыцы пiльныя жыццёвыя патрэбы насельнiцтва заўсёды недаацэньваюцца. У вынiку адбываецца так, што хранiчна не стае нават паловы таго, што неабходна для жыцця. Але гэта разглядаецца як дадатны факт. Шляхам свядомае палiтыкi ўсё насельнiцтва, у тым лiку i ўпрывiлеяваныя яго групы, трымаецца на мяжы галечы. Усеагульная нястача сапраўды павышае важнасць дробных прывiлеяў i тым самым павялiчвае рознiцу памiж адной групай i другой. Паводле стандартаў пачатку дваццатага стагоддзя, нават сябры Ўнутранай Партыi цяпер працуюць цяжка i жывуць, абмяжоўваючы сябе ва ўсiм. Тым не меней тая кропля камфорту, што яны маюць, iх вялiкiя i добра мэбляваныя кватэры, iх адзенне з лепшае тканiны, добрая якасць iх ежы, пiтва, тытуню, iх двое цi трое слугаў, iх прыватныя аўтамабiлi i верталёты даюць iм магчымасць узвысiцца над светам сябраў Знешняе Партыi. А сябры Знешняе Партыi маюць падобныя перавагi ў параўнаннi са знядоленымi масамi, якiя мы называем 'проламi'. Сацыяльная атмасфера нагадвае абложаны горад, дзе валоданне кавалкам канiны пазначае рознiцу памiж багаццем i беднасцю. Разам з тым усведамленне таго, што iдзе вайна, а значыць, адусюль пагражае небяспека, робiць натуральнай i непазбежнай умовай для выжывання перадачу ўлады ў рукi невялiкае касты.

Вайна, як мы далей пабачым, не толькi прыносiць неабходныя разбурэннi, але i робiць гэтыя разбурэннi псiхалагiчна прымальнымi. У прынцыпе было б вельмi проста затрацiць збыткоўную працу на пабудову святыняў i пiрамiд, на раскопванне i закопванне ямаў цi нават на вытворчасць вялiзнае колькасцi тавараў, якiя пасля б спальвалiся. Але гэта прыдалося б для стварэння эканамiчных, а не псiхалагiчных падстаў iерархiчнага грамадства. Тут маецца на ўвазе не мараль масаў, думка якiх не мае нiякага значэння, пакуль яны будуць моцна прыкутыя да сваёй працы, а мараль самой Партыi. Нават ад самага простага сябры Партыi патрабуецца, каб ён быў у пэўных вузкiх межах здольны, старанны i нават разумны. Разам з тым неабходна, каб ён быў даверлiвым фанатыкам, галоўнымi пачуццямi якога былi б страх, нянавiсць, лiслiвасць i злараднасць. Iнакш кажучы, ён мусiць мець лад думак, характэрны для стану вайны. Зусiм няважна, была сапраўды абвешчана вайна або не, няважна, iдзе яна паспяхова або не, бо нiякая канчатковая перамога немагчымая. Важна толькi, каб iснавала ваеннае становiшча. Спецыялiзацыя разумовае скiраванасцi, якой патрабуе Партыя ад сваiх сябраў i якая найлягчэй дасягаецца ў атмасферы вайны, цяпер сталася амаль усеагульнаю, але чым вышэйшы ранг, тым адметнейшая гэтая спецыялiзацыя. Якраз ва Ўнутранай Партыi ваенная iстэрыя i нянавiсць да ворага выяўляюцца найбольш яскрава. Пры выкананнi сваёй кiраўнiчай ролi сябру Ўнутранае Партыi часам неабходна ведаць, што той або iншы пункт ваенных навiнаў сфальшаваны, часам яму выпадае даведацца, што ўся вайна - фальшыўка i яе або ўвогуле няма, або прычыны яе абвешчання зусiм не тыя, што паведамлялiся раней. Але гэтае веданне нейтралiзуецца прыёмамi двухдумства. Тым часам нiводзiн сябра Ўнутранае Партыi нi хвiлiны не вагаецца ў сваiм мiстычным перакананнi, што вайна iдзе, што яна мусiць скончыцца перамогаю Акiянii i што Акiянiя стане неаспрэчнай уладаркаю ўсяго свету.

Усе сябры Ўнутранае Партыi вераць у непазбежнасць гэтае заваёвы, як у рэлiгiйны догмат. Яна адбудзецца або праз паступовы захоп новых тэрыторый, што дазволiць пабудаваць магутную неадольную супердзяржаву, або праз вынаходку новае зброi, супраць якой не знойдзецца абарончых сродкаў. Пошук новых вiдаў зброi працягваецца няспынна. Гэта адна з апошнiх ацалелых галiн разумовае дзейнасцi, дзе дух вынаходнiцтва i даследнiцтва мае нейкi ўжытак. Сёння ў Акiянii навука, у старым сэнсе гэтага слова, амаль перастала iснаваць. У навамоўi нават няма слова для паняцця 'навука'. Эмпiрычны метад мыслення, на якiм грунтавалiся ўсе навуковыя дасягненнi мiнуўшчыны, пярэчыць найгалоўнейшым прынцыпам Ангсоцу. I нават тэхнiчны прагрэс адбываецца толькi там, дзе ён можа нейкiм чынам паспрыяць абмежаванню чалавечае свабоды. Ва ўсiх вiдах рамёстваў свет стаiць на месцы або адступае назад. Палi ўрабляюцца конным плугам, а кнiжкi друкуюцца на машынцы. Але ў жыццёва важных галiнах - гэта значыць у ваеннай справе i ў палiцэйскiм наглядзе - эмпiрычны падыход заахвочваецца або, прынамсi, церпiцца. Партыя ставiць перад сабою дзве мэты - заваяваць усю зямную паверхню i знiшчыць раз i назаўсёды ўсялякую незалежную думку. З гэтага аынiкаюць дзве задачы, якiя Партыя мусiць вырашыць: як выявiць, супраць волi чалавека, пра што ён думае, i як за некалькi секундаў знiшчыць без папярэджання сотнi мiльёнаў чалавек. Вось галоўныя мэты Партыi, у меру таго як працягваюцца навуковыя даследаваннi. Сённяшнi навуковец - гэта або гiбрыд псiхолага з iнквiзiтарам, якi з незвычайнай стараннасцю вывучае значэннi выразу твару, рухаў, iнтанацый голасу i даследуе вынiкi ўздзеяння на чалавека наркотыкаў, тэрапеўтычнага шоку, гiпнозу, фiзiчных катаванняў з мэтаю дамагчыся паказанняў; або гэта фiзiк, хiмiк цi бiёлаг, зацiкаўлены толькi тымi галiнамi сваёй спецыяльнасцi, якiя маюць дачыненне да адабрання жыцця. У вялiзных лабараторыях Мiнiстэрства Мiру i ў даследчых цэнтрах, схаваных у бразiльскiх лясах, цi ў аўстралiйскай пустынi, цi на выспах, што губляюцца ў Антарктыцы, нястомна працуюць групы экспертаў. Адны займаюцца распрацоўкаю планаў матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння будучых войнаў, другiя вынаходзяць усё большыя ракетныя бомбы, усё магутнейшыя выбуховыя рэчывы, усё больш непрабiвальную браню; iншыя вышукваюць новыя, больш смяротныя газы або растваральныя атруты, якiя можна было б вырабiць у колькасцi, дастатковай, каб знiшчыць раслiннасць цэлых кантынентаў, або вiды вiрусаў, адпорных на любыя вакцыны; iншыя працуюць над стварэннем механiзму, якi б мог перасоўвацца пад зямлёю, як падводная лодка пад вадой, або над пабудоваю самалёта, гэтак жа незалежнага ад сваёй базы, як пярусны карабель; iншыя ж даследуюць нават самыя далёкiя магчымасцi, як, напрыклад, канцэнтраванне сонечных промняў лiнзамi, падвешанымi за тысячы кiламетраў над зямлёю, або выклiканне штучных землятрусаў цi прылiваў i адлiваў праз уздзеянне на тэмпературу ў цэнтры зямлi.

Але нiводзiн з гэтых праектаў нiколi не наблiжаецца да ажыццяўлення, i нiводная з трох звышдзяржаваў не можа iстотна апярэдзiць астатнiя. Самае важнае тое, што ўсе тры дзяржавы ўжо маюць атамную бомбу - зброю значна магутнейшую за ўсё, што можна вынансцi ў вынiку цяперашнiх даследаванняў. I хоць Партыя, як звычайна, запiсвае гэтую вынаходку на свой рахунак, атамныя бомбы з'явiлiся яшчэ ў 40-я гады i былi першы раз шырока ўжытыя праз дзесяць гадоў. Каля сотнi бомбаў было тады скiнута на прамысловыя цэнтры, асаблiва ў Эўрапейскай частцы Расеi, Заходняй Эўропе i Паўночнай Амерыцы. Гэтыя акцыi мелi на мэце пераканаць кiраўнiчыя колы ўсiх краiнаў, што яшчэ некалькi бомбаў паставiлi б крэс iснаванню чалавецтва, а разам з тым i iх уладзе. У вынiку, хоць i не было нiякiх спецыяльных пагадненняў цi нават прапановаў, болей бомбы не ўжывалiся. Усе тры дзяржавы проста працягваюць вырабляць атамныя бомбы i

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату