зрабiлася няўтульна сядзець моўчкi, да таго ж было занадта холадна, каб сядзець проста так. Яна сказала, што ёй трэба паспець на метро, i ўстала, каб пайсцi.

- Нам трэба сустрэцца зноў, - сказаў ён.

- Так, - адказала яна, - нам трэба сустрэцца зноў.

Ён нерашуча пайшоў за ёй, адстаючы на паўкроку. Яны зноў маўчалi. Хоць яна i не спрабавала пазбавiцца ад яго, аднак iшла якраз так хутка, каб ён не мог iсцi з ёю крок у крок. Ён быў вырашыў правесцi яе да самай станцыi метро, але раптам гэтае бадзянне на такiм холадзе падалося яму бязглуздым i невыносным. Яго ахапiла жаданне не так адчапiцца ад Джулii, як вярнуцца ў кавярню 'Каштан', якая нiколi не здавалася яму такой прывабнай, як у гэты момант. Яму шчымлiва прыгадваўся яго столiк у кутку з газетай, шахматнай дошкай i з джынам, што лiецца няспынным патокам. А галоўнае - там цёпла. Праз момант, не зусiм ненаўмысна, ён даў невялiчкай купцы людзей аддзялiць сябе ад яе. Ён не надта спрытна паспрабаваў яе дагнаць, пасля адстаў, развярнуўся i пайшоў у другi бок. Прайшоўшы метраў пяцьдзесят, ён азiрнуўся. На вулiцы не было надта людна, але ён ужо не мог яе адрознiць. Любая з тузiна паспешлiвых постацяў магла быць ёю. А можа, яе распаўнелы нягнуткi стан ужо болей нельга было пазнаць ззаду.

'Калi гэта адбываецца, - сказала яна, - ты якраз тое i маеш на ўвазе'. Ён якраз тое i меў на ўвазе. Ён не проста сказаў гэта, ён i сапраўды хацеў гэтага. Ён хацеў, каб яе, а не яго аддалi гэтым...

Нешта змянiлася ў музыцы, што лiлася з тэлегляда. У ёй загучалi пранiзлiвыя, з'едлiвыя ноты. I тады - можа, гэтага i не было, можа, проста ўспамiны набылi форму гукаў - голас з тэлегляда заспяваў:

Там, пад раскiдзiстым каштанам

Ты здрадзiў мне, а я табе...

Вочы ў яго налiлiся слязьмi. Афiцыянт, праходзячы мiма, заўважыў, што шклянка ў яго пустая, i вярнуўся з бутэлькай джыну.

Ён падняў шклянку i панюхаў яе. Пойла смярдзела не менш, а яшчэ больш жахлiва з кожным глытком. Але джын стаўся стыхiяй, у якую ён цяпер акунуўся з галавою. Гэта было яго жыццё, яго смерць i яго ўваскрэсенне. Джын знячувальваў яго штовечар, i джын шторанiцы ажыўляў яго. Калi ён прачынаўся, а гэта рэдка здаралася раней за адзiнаццаць нуль-нуль, са злiплымi павекамi, з агнём у роце i спiнай, што, здавалася, зараз пераламаецца напалам, ён нiколi не змог бы нават падняцца з ложка, калi б яшчэ звечара не ставiў побач з ложкам бутэльку i кубачак. Удзень ён сядзеў са шкляным тварам з бутэлькай пад рукою i слухаў тэлегляд. Ад пятнаццацi нуль-нуль i да закрыцця ён быў неадменнай часткай iнтэр'ера 'Каштана'. Нiхто болей не цiкавiўся, што ён робiць, нiякая сiрэна яго болей не будзiла, нiякi тэлегляд яго не дапякаў. Час ад часу, можа, разы два на тыдзень, ён прыходзiў у пыльны, занядбаны кабiнет у Мiнiстэрства Праўды i рабiў дробную працу або тое, што звалася працай. Ён уваходзiў у склад падкамiтэта аднаго iншага падкамiтэта, якi адгалiнаваўся ад аднаго з незлiчоных камiтэтаў, што займалiся дробнымi праблемамi, узнiклымi пад час працы над Адзiнаццатым выданнем Слоўнiка навамоўя. Яны займалiся складаннем нечага, што звалася 'Папярэдняе паведамленне', але пра што ў iм паведамлялася, ён гэтак да канца i не разабраўся. Там было нешта звязанае з пытаннем пра тое, дзе трэба ставiць коску - унутры двукосся цi па- за iм. Разам з iм працавала яшчэ чацвёра, усе гэткiя, як i ён сам. Былi днi, калi яны збiралiся i адразу разыходзiлiся, шчыра прызнаўшыся адзiн аднаму, што рабiць, па праўдзе кажучы, дык i няма чаго. Але былi i iншыя днi, калi яны з ахвотаю сядалi за працу, выяўляючы надзвычайную заўзятасць у пiсаннi дробных нататак i складаннi доўгiх тлумачальных запiсак, якiя пасля нiколi не дапiсвалiся да канца; калi аргументы ў iхнiх уяўных спрэчках рабiлiся неверагодна цьмяныя i заблытаныя, з дробязнымi бойкамi над дэфiнiцыямi, бясконцымi спаўзаннямi на староннiя тэмы, сваркамi i нават пагрозамi звярнуцца да вышэйшага начальства. Але тады раптам iх запал сунiмаўся i яны сядзелi вакол стала i глядзелi адзiн на аднаго згаслымi вачыма, як зданi, што знiкаюць з першым крыкам пеўня.

Тэлегляд на хвiлiну зацiх. Ўiнстан зноў падняў галаву. Навiны! Але ж не, проста памянялася музыка. Уваччу ў яго стаяла карта Афрыкi, на якой схематычна быў пазначаны рух войскаў: чорная стрэлка нястрымна рвецца на поўдзень, белая мкне на ўсход праз хвост першай. Каб супакоiцца, ён падняў вочы на партрэт з непарушным тварам. Цi можна было сабе ўявiць, што другой стрэлкi ўвогуле не iснуе?

Яго ўзрушанасць суцiхла. Ён выпiў яшчэ адзiн глыток джыну, узяў белага каня i зрабiў спробны ход. Шах. Але ход быў вiдавочна няслушны, бо...

У яго ў думках мiжволi ўсплыў даўнi ўспамiн. Ён убачыў асветлены свечкай пакой з вялiкiм ложкам, укрытым белай падшыванай коўдрай, i самога сябе, хлопчыка гадоў дзевяцi-дзесяцi, якi сядзiць на падлозе, трасе скрыначку з кубiкамi i шчаслiва смяецца. Насупраць яго сядзiць мацi i таксама смяецца.

Гэта адбылося прыблiзна за месяц да яе знiкнення. Гэта былi часы прымiрэння, калi галоднае ныццё ў жываце было забыта, а яго колiшняя любоў да яе на нейкi час аджыла зноў. Ён добра памятаў той дзень, пахмурны i дажджлiвы дзень, калi вада цякла ручаiнамi па шыбах i ў пакоi было так цёмна, што немагчыма было чытаць. Дзецям было нясцерпна нудна ў цьмяным цесным пакойчыку. Ўiнстан енчыў i бурчаў, марна просячы есцi, сноўдаўся па пакоi, раскiдваў рэчы, абiваў нагамi шалёўку, пакуль суседзi не пачалi калацiць у сцяну, а малая сястрычка тым часам сядзела i цiха плакала. Урэшце мацi сказала: 'Ну, не плачце, я куплю вам цацку. Прыгожую цацку - вам спадабаецца', i пайшла ў самы дождж у маленькую крамку побач з домам, якая яшчэ час ад часу працавала. Вярнулася яна з кардоннай скрынкай з гульнёй 'Змейкi i лесвiцы'. Ён усё яшчэ памятаў пах мокрага кардону. Гульня была ўбогая. Дошка была патрэсканая, а маленькiя драўляныя кубiкi так кепска вытачаныя, што не клалiся на бакi. Ўiнстан панура i без цiкавасцi глядзеў на падарунак. Але мацi запалiла свечку, i яны селi на падлогу гуляць. Хутка ён ужо ў дзiкiм захапленнi крычаў i смяяўся, калi фiшкi безнадзейна караскалiся па лесвiцах i саслiзгвалi ўнiз па змейках, вяртаючыся на зыходныя пазiцыi. Яны згулялi восем разоў, кожны выйграў па чатыры партыi. Сястрычка, яшчэ занадта малая, каб зразумець сэнс гульнi, сядзела, абапершыся на валiк, i смяялася, бо смяялiся iншыя. I ўвесь вечар яны былi шчаслiвыя разам, як некалi раней.

Ён выгнаў з думак гэты вобраз. Гэта быў фальшывы ўспамiн. Такiя фальшывыя ўспамiны час ад часу яго наведвалi. Але, ведаючы, чаго яны вартыя, можна было не хвалявацца. Нешта калiсьцi адбылося, а нешта не адбылося нiколi. Ён павярнуўся да дошкi i зноў узяў белага каня. I ў тую самую хвiлiну конь выпаў у яго з рукi, грукнуўшыся аб дошку. Ўiнстан здрыгануўся, нiбы ўколаты iголкай.

Пранiзлiвы гук фанфараў прарэзаў паветра. Гэта быў выпуск навiн! Перамога! Фанфары перад навiнамi заўсёды азначалi перамогу. Па кавярнi нiбы прайшла электрычная хваля. Нават афiцыянты здрыганулiся i наставiлi вушы.

Фанфары абудзiлi неверагодны шум. Узрушаны голас ужо нешта балабонiў з тэлегляда, але не паспеў ён пачаць, як патануў у буры радасных крыкаў з вулiцы. Навiна з дзiвоснай хуткасцю разляцелася па горадзе. З таго, што ён мог разабраць у сказаным з тэлегляда, ён зразумеў: адбылося тое, што ён прадбачыў: патаемна сабраная i перакiнутая па моры магутная армада, нечаканы ўдар па супрацiўнiку з тылу, белая стрэлка адрэзала хвост чорнай. Урыўкi радасных сказаў прабiвалiся праз гаману: 'Шырокi стратэгiчны манеўр - дасканалая каардынацыя - канчатковы разгром - паўмiльёна палонных - поўная дэмаралiзацыя - кантроль над усёй Афрыкай - вайна адчувальна наблiзiлася да канца - перамога - найвялiкшая перамога ў гiсторыi чалавецтва - перамога, перамога, перамога!'

Ўiнстанавы ногi мiжвольна торгалiся пад сталом. Ён не зрушыўся з месца, але ў думках ён бег, бег што было моцы, ён быў з натоўпам на вулiцы i аглушальна крычаў ад радасцi. Ён зноў паглядзеў на партрэт Вялiкага Брата. Волат, якi асядлаў планету! Скала, аб якую разбiлiся азiяцкiя орды! Ён падумаў, што яшчэ дзесяць хвiлiн таму - так, усяго дзесяць хвiлiн - ён усё яшчэ сумняваўся ў душы, не ведаючы, якую вестку прынясуць навiны з фронту перамогу цi паражэнне. О, было пераможана штосьцi большае за эўразiйскую армiю! Шмат што змянiлася ў iм з таго першага дня ў Мiнiстэрстве Любовi, але канчатковая, неабходная, збаўчая змена адбылася толькi цяпер.

Голас з тэлегляда яшчэ нешта казаў пра палонных, пра трафеi i пра страты, але крыкi на вулiцы ўжо трохi суцiхлi. Афiцыянты вярнулiся да сваёй працы. Адзiн з iх падышоў з бутэлькай джыну. Ўiнстан, акунуўшыся ў шчасныя летуценнi, не заўважыў, як напоўнiлася яго шклянка. Ён ужо болей не бег i не крычаў. Ён зноў быў у Мiнiстэрстве Любовi, усё было прабачана, душа ў яго была чыстая, як шкельца. Ён быў на лаве падсудных, ён прызнаўся ва ўсiм, ён выдаў усiх. Ён iшоў па калiдоры з белымi кафлянымi сценамi, з адчуваннем, што гуляе пад сонцам, а ззаду iшоў узброены ахоўнiк. Доўгачаканая куля прабiла яму галаву.

Ён паглядзеў на вялiзны твар. Сорак гадоў пайшло ў яго на тое, каб даведацца, што за ўсмешка хавалася за чорнымi вусамi. О, прыкрае недарэчнае непаразуменне! О, упартае самавольнае выгнанне ад дарагога ўлоння! Дзве прапахлыя джынам слязiны скацiлiся па шчоках. Але ўсё было добра, усё было

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату